У галерэі «Ў» адкрываецца выстава маладых мастачак «Лес дзяўчыны»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.01.2019
- 8168
Заўтра, 17 студзеня, у 19:00 у малой зале галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адкрываецца выстава маладых мастачак «Лес дзяўчыны» (менавіта «лес», пра лёс, магчыма, іншым разам). Тут табе раскажуць-пакажуць, як можна прад’яўляць сябе свету ў 17-23 гады, і прадэманструюць, як выглядае маладое беларускае мастацтва проста цяпер.
Удзельнiцы: Палiна Скачкова / Алена Кучка / Варвара Суднiк / Лiдзiя Куршук / Ульяна Каленiк / Таццяна Ларына / Крысцiна Шчэмелева / Ганна Агеева / Дар'я Раўтовiч.
Каб даследаваць праблемныя пытанні, мастачкі на нейкі час пагрузіліся ў густыя лясы і чыстыя воды блакітных азёр. «У лесе няма дзвярэй і вокнаў, яго нельга зачыніць, і немагчыма схавацца ў лесе ад самога сябе. Сыход ад сучаснай гарадской культуры, прасякнутай і насычанай электрычнасцю і інтэрнэтам, ад культуры, якая часта вызначае нашы маскі, але хавае нас саміх, зрабіў магчымым даследаваць сябе праз прыроду», – тлумачыцца ў прэс-рэлізе праекта.
Падчас пленэру было зададзена шмат важных пытанняў, для якіх рэдка ёсць прастора ў нашай сістэме адукацыі. Напрыклад, ці магу я называць сябе мастачкай у 17-18-19-20 гадоў? як працуе сучаснае мастацтва? у свеце шмат праблем і шмат болю, але што я магу з гэтым зрабіць? як прыняць тое, што немагчыма змяніць? У сваіх працах мастачкі даследуюць пытанні сацыяльнай інклюзіi, табуяванасці ў грамадстве, права на ўласнае «я», унутраныя і знешнія межы. Што атрымалася – пабачыш у малой зале «Ў».
Выстава «Лес дзяўчыны» будзе доўжыцца па 30 студзеня. Прыйсці сюды можна кожны дзень з 12:00 да 20:00.