Кінафэст «Паўночнае ззянне» абвясціў беларускую праграму
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.11.2022
- 6454
Кінафестываль «Паўночнае ззянне» эксперыментуе з праграмай і фарматамі, але галоўнае застаецца нязменным: штогод беларускія гледачы атрымліваюць магчымасць пабачыць актуальнае кіно з Беларусі, краін Балтыі і Паўночнай Еўропы. Днямі арганізатары абвясцілі склад беларускай праграмы, якую будзе ацэньваць міжнароднае журы. З гэтай нагоды падсумуем, што ўжо дакладна вядома пра сёлетні фэст.
У беларускі конкурс адабраныя 11 фільмаў.
Беларуская праграма і трэйлеры змешчаныя тут. Сярод канкурсантаў ёсць і прызёры значных кінаглядаў свету (так, «Пераможнік» Паўла Мажара стаў лаўрэатам IDFA, «Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага ўзяў прыз Doclisboa), і зусім андэграўнднае кіно на аматара (напрыклад, рэжысёра «Domum» Максіма Сіры шырокая публіка ведае хутчэй па кліпах для J:морс і «Без білета», чым па доўгім метры).
У кола тэм, якія асвятляюць аўтары, патрапілі грамадскія, сямейныя і асабістыя драмы. Недахопу ў актуальны сюжэтах не адчуваецца: кінаробаў цікавяць моцныя жанчыны, эміграцыя, пераадоленне траўмаў, будаванне новага дому. Дарэчы, слоган «Паўночнага ззяння – 2022» – «Як дома».
Фестываль пройдзе афлайн і анлайн.
На тэрыторыі Беларусі фільмы можна будзе паглядзець анлайн: згодна з раскладам, доступ да кожнай стужкі адкрываецца на 24 гадзіны. Для тых сінефілаў, якія цяпер знаходзяцца ў краінах Балтыі, некаторыя стужкі затранслююць на вялікія экраны – у Вільні і Таліне. Расклад глядзі тут.
Пачнецца кінаварушняк 20 лістапада і працягнецца да 30-га.
Анлайнавыя паказы пройдуць бясплатна.
На сеансы ў Сеціве беларусы сёлета змогуць патрапіць бясплатна. Спатрэбіцца толькі рэгістрацыя на сайце фестывалю (яна адкрыецца ўжо вось-вось – сачы за навінамі ў інсце).
Free доступ – гэта крута, але фестываль – гэта вялікая праца, вартая падзякі.
Кожны(-ая) можа падтрымаць «Ззянне» на тую суму, якая яму(ёй) будзе камфортная. Цісні сюды, каб кінуць еўра-другі.
Фільм адкрыцця – пра дзявочую баскетбольную каманду.
Склад міжнароднай праграмы будзе агучаны пазней, але фільмы адкрыцця і закрыцця ўжо названыя.
Дакументальная стужка Гвюд'ёна Рагнарсана «Уздымі планку» распавядае аб тым, як былы форвард ісландскай баскетбольнай зборнай Брын'яр Карл Сігурдсан бярэ пад крыло каманду дзяўчынак 8-13 гадоў. Ён практыкуе даволі жорсткі стыль кіравання на пляцоўцы, спалучаючы яе з амаль сямейнай мадэллю па-за гульнёй. Тым часам баскетбольная асацыяцыя Ісландыі забараняе жаночым камандам удзельнічаць у мужчынскіх лігах. Што чакае дзяўчат і іх трэнера?
А закрываць фэст будзе «“Эйфарыя” па-фінску» – гісторыя сталення трох школьніц «Дзяўчаты, дзяўчаты» рэжысёра Алi Хаапасала.
У асобную праграму сёлета былі вылучаныя фільмы з Украіны, якія былі створаныя пры ўдзеле паўночна-еўрапейскіх краін ці краін Балтыі: «Гэты дождж ніколі не скончыцца» Аліны Горлавай, «Звонку» Вольгі Журбы, «Дом з аскепкаў» Сымона Лерэнга Вільмонта.