Зняць, пабудаваць або назбіраць? Як маладыя вырашаюць пытанне з жыллём
- 23.10.2019
- 5745
Як могуць выглядаць тваё жыллё і твае матывацыі яго памяняць? Некалькі маладых людзей падзяліліся з намі вопытам тулянняў па кватэрах, сваімі пралікамі – каб ты не паўтараў(-ла) – і разважаннямі пра тое, што з усім гэтым рабіць далей.
Дар'я Зiмак
22 гады, журналістка
«Я заўсёды знаходзіла жыллё сама: адкрывала любы сайт, ставіла галачку "без пасрэднікаў" – і ўсё. Бацькі дапамагалі толькі перавозіць рэчы.
Калі скончыўся першы навучальны год, быў вялікі скачок даляра, і кватэра, якую я здымала, стала нявыгаднай. Дзесьці ў ліпені мы з сяброўкай вырашылі з'язджаць. І тады я ўспомніла пра адну жанчыну: яна неяк падышла да мяне на прыпынку, прадставілася і сказала, што здае пакой, папрасіла запісаць яе нумар тэлефона.
Карацей, я ёй патэлефанавала, мы пад'ехалі з бацькамі. Бацькам усё спадабалася: “прыбрана, прыстойная жанчына". Хоць мне адразу здалося: нешта тут не так (каб я яшчэ раз не паслухала сваю інтуіцыю!). Мы пакінулі ёй заклад – 100 даляраў. І – вялікая памылка – не ўзялі распіску.
Бацькі з'ехалі, я пакінула рэчы – і выправілася з сябрамі гуляць па горадзе. Праз пару гадзін адкрываю кватэру – чую голас гаспадыні, яна мяне кліча. Заходжу да яе ў пакой: яна ляжыць на ложку п'яная. Вакол жудасны бардак: маленькія паперкі па ўсім пакоі, быццам абадраныя шпалеры, выпітая бутэлька віна. Я заходжу ў свой пакой, збіраю рэчы, якія магу панесці (цікава, што яна расклала мае рэчы сама), тэлефаную бацькам.
На наступны дзень прыехаў тата, мы выклікалі міліцыю, бо аддаваць грошы гэтая жанчына не захацела. Але патрэбныя былі доказы – распіска, а распіскі не было. У міліцыі склалі пратакол, і праз некалькі тыдняў прыйшоў афіцыйны ліст: ім не ўдалося апытаць гэтую жанчыну – яны прыходзілі, дзверы былі зачыненыя. У завядзенні крымінальнай справы наконт махлярства было адмоўлена, нам сказалі, што мы можам звярнуцца ў суд, – усё.
У гэты час я тэлефанавала знаёмым, якім маглі быць патрэбныя суседзі. Дзяўчынка, з якой я здымала пакой на першым курсе, жыла тады ў шматдзетнай сям'і. Мы дамовіліся з гаспадарамі гэтай кватэры, што мы пажывём там разам. Сям'я была вельмі "цікавая".
Маці не працавала, толькі падзарабляла рэпетытарствам. Бацька з'яўляўся рэдка: ён працаваў у маршрутным таксі кіроўцам. Старэйшая дзяўчынка была хваравітым дзіцем, якое ўвесь час ляжала ў бальніцах і на якога маці вельмі моцна насядала размовамі пра тое, як трэба жыць. І былі два падлеткі – 11 і 12 гадоў, хлопчык і дзяўчынка. Не было ні дня, каб на хлопчыка не крычалі. Ён зачыняўся за дзвярыма ваннай – нашай ваннай, – яго спрабавалі выцягнуць адтуль сілай. Дзіця плакала, усе крычалі – жыць было складана. Гаспадыня час ад часу залятала да нас і крычала, каб мы аддавалі грошы толькі ёй, а не яе мужу.
«Калі б мне цяпер сказалі, што трэба пераехаць у іншае месца, то я б панервавалася толькі пару гадзін. Потым для мяне гэта было б новай прыгодай»
У нас у пакоі размяшчаўся выхад на балкон, які па дамоўленасці павінен быў быць нашым, але гаспадыня пастаянна вешала там бялізну, праходзячы праз наш пакой. У нас мусіла быць уласная ванная, але яна ўвесь час аказвалася кімсьці занятая. На кухню мы не выходзілі. Там гаспадары лаяліся і палілі, а мы абедзве не палім – і проста стараліся мінімізаваць сутыкненні з імі, гатавалі ў пакоі ў мульціварцы. Так мы пражылі тры месяцы.
Сур'ёзнай падставай з'ехаць стала чарговае ўмяшанне чужога сямейнага скандалу ў наша жыццё. У аднакурсніцы здарыліся праблемы з бацькамі, ёй не было дзе пераначаваць, а ў нас былі тры спальныя месцы і мы першапачаткова атрымлівалі дазвол на тое, каб у нас заставаўся на ноч хтосьці з сяброў або сваякоў. Аднак гаспадыня на эмоцыях пасля сваіх разборак з мужам пачала крычаць: "Каб больш не было такіх знаёмых! Ніякіх начлежак у маёй кватэры! Я за такое вашы рэчы выстаўлю з кватэры – і будзеце шукаць новае жыллё!”
Мы знайшлі жыллё і з'ехалі за 12 гадзін – ужо ў кватэру (больш ніякіх пакояў!) да гаспадара, з якім на наступную раніцу заключылі дагавор. Усе праблемы, якія ўзнікалі, гаспадар вырашаў адразу ж: калі нас залівала ноччу, ён прыязджаў ноччу.
А праз нейкі час я вырашыла з'ехацца з хлопцам. Кватэру знайшлі ў тым жа раёне. Я люблю Малінаўку, і за тры кватэры ў гэтым раёне мы ўжо пазнаёміліся з усімі супрацоўнікамі ЖЭСа. Пакуль я планую здымаць жыллё, і мы з хлопцам думаем зрабіць касметычны рамонт у гэтай кватэры. Тут я цяпер прапісаная, і наш дагавор называецца бестэрміновым.
Калі б мне цяпер сказалі, што трэба пераехаць у іншае месца, то я б панервавалася толькі пару гадзін. Потым для мяне гэта было б новай прыгодай. Мне лёгка прывыкаць да новых умоў, я ніколі не адчувала дыскамфорт ад пераездаў.
Чыста тэарэтычна можна выйсці замуж, стаць на чаргу, але максімум, на што можна разлічваць, – гэта гарады-спадарожнікі. А ў гарадах-спадарожніках занадта шмат праблем. Тое, што там паставілі тры дамы, яшчэ не значыць, што там камфортна жыць. Усё роўна там павінна быць нешта, дзе можна бавіць свой час, акрамя кватэры. І, вядома, набор гандлёвых сетак.
Мне не хочацца адзіноты, і мяне не бянтэжыць вялікі горад».
«У мяне няма свайго пакою. І з дзяцінства адчуваецца сверб займець свой кут. Каб у мяне быў стол, на які я нешта пакладу, пайду, вярнуся, а яно там працягне ляжаць»
Аляксей Корзун
22 гады, праграміст
«Калі мне было шэсць гадоў, я пераехаў з вёскі Каралёва ў Менск – даходжваць свой апошні год садка і вучыцца казаць "до свидания" замест "да пабачэння". Тады мама атрымала працу настаўніка ў горадзе, і ёй прапанавалі інтэрнат.
З таго часу я жыву ў інтэрнаце. Калі студэнтам гэтыя памяшканні здаюць як два пакоі, то для настаўнікаў зробленая перапланіроўка блока: адзін жылы пакой застаецца пакоем, а другі становіцца кухняй. Плюс у нас ёсць свой санвузел. Атрымліваецца своеасаблівая аднапакаёвая кватэра з усімі выгодамі.
Я бываў у многіх дамах сваіх сяброў і кожны раз бачу: людзі жывуць у сваіх каморках, абсалютна ненавідзячы свой дом. Вось у іх ёсць свая кватэра, а ўсё астатняе засрана, засцана, размалявана, усюды бруд. У нас жа ва ўсім будынку чысціня, светлая плітка ўсё яшчэ светлая, на сценах вісяць карціны, няма ніякіх характэрных пахаў і паштовых скрынь, заваленых рэкламкамі. І мы камунікуем з суседзямі.
Жывём утрох: я – 22-гадовы, практычна двухметровы хлопчык, сястра, якой нядаўна здарылася сямнаццаць, і мама.
У мяне няма свайго пакоя. І з дзяцінства адчуваецца сверб займець свой кут. Каб у мяне быў стол, на які я нешта пакладу, пайду, вярнуся, а яно там працягне ляжаць!
Над гэтым памяшканнем у мяне нуль улады. Неяк я пайшоў з дому раніцай, а вярнуўся – дома пераклееныя шпалеры. З часам развіваецца пачуццё гаспадарчай імпатэнцыі: ты разумееш, што гэта тваё памяшканне, ты разумееш, што ты раўнапраўны ўдзельнік сям'і, але калі табе нешта не падабаецца, то табе даводзіцца з гэтым мірыцца. Таму адзін з моцных матываў вырашаць нешта з жыллём – пачаць рабіць тое, што я хачу: самому выбіраць і клеіць шпалеры, самому выбіраць мэблю.
Я думаў наконт арэнды жылля, але ў той момант я не мог гэтага зрабіць: дзесьці быў занадта вялікі перагруз па працы і вучобе, дзесьці былі ментальныя цяжкасці. Я банальна перажываў, што калі я застануся адзін у кватэры, то я не вывезу і скачуся ў дэпрэсію. Да таго ж з маім графікам працы вельмі камфортна, што ў мяне амаль няма бытавых клопатаў: мыццё, прасаванне і гатаванне бяруць на сябе мама з сястрой, а я проста пастаўляю грошы. Не тое каб я не хацеў займацца домам, але я гэтага не паспяваю фізічна.
Потым атрымалася так, што сума сабраных грошай пераваліла за тую суму, калі можна ўдзельнічаць у долевым будаўніцтве – я сабраў першапачатковы ўзнос, і ўжо не было сэнсу марнаваць грошы на арэнду кватэры. Калі ёсць грошы і ёсць магчымасць пачатку будаўніцтва кватэры, то трэба за гэтую магчымасць хапацца. Пры цяперашнім росце коштаў на кватэры ў Менску сабраць нерэальна нават з маім заробкам: ты адкладаеш, а кошты працягваюць расці. Хай ты закрэдытуешся і пераплаціш, але па крэдыце ты пераплаціш менш, чым калі будзеш гнацца за інфляцыяй, збіраючы грошы ў шкарпэтку.
У адзін момант я нават знайшоў кватэру сваёй мары: ідэальная планіроўка, выдатнае месца, будынак. Усё было добра, але ў мяне на працы скончыўся праект, са мной скасавалі кантракт, а праз месяц перакупілі назад для новага праекта. І я працягваў працаваць, але ў мяне месяц не было зарплаты, а банк патрабаваў зарплатную выпіску за тры месяцы. Прыйшлося чакаць тры месяцы, кватэра маёй мары сышла, а шукаць нешта новае ў мяне не было часу: праца, сям'я, вучоба...
Як бы абсурдна гэта ні гучала, лепш бы на мне быў крэдыт. Праблема ў тым, што я ўтрымліваю сям'ю, і, хоць у мамы таксама ёсць даход, усе буйныя пакупкі робяцца з майго рахунку, а гэтыя буйныя пакупкі здараюцца пастаянна. Менавіта здараюцца, а не адбываюцца.
Мама і сястра "любяць" разбіваць тэлефоны. Ты ж не будзеш купляць ім тэлефанавалку за пяць рублёў. Трэба нешта нармалёвае – трацімся. І гэта толькі адзін прыклад. За гэты год мы адклалі грошай менш, чым за папярэднія, хоць мой заробак значна вырас. Таму лепш крэдыт быў бы: ён дысцыплінуе і стымулюе як мага хутчэй аддаваць грошы, каб быў меншы выніковы працэнт».
Кацярына Захарэвiч
25 гадоў, рэдактарка
«З дома бацькоў мяне выставіла паступленне: трэба было пераязджаць з Докшыц у Менск. Першы курс я жыла ў сваякоў: штомесяц плаціла ім невялікую суму – камуналку. З аднаго боку, пашанцавала, таму што не спатрэбілася з першага курса шукаць кватэру, а з другога боку, жыць са сваякамі – гэта цяжка. Калі ёсць гаспадар, якому ты плаціш грошы, то ты за гэтыя грошы можаш патрабаваць пэўных умоў. Калі ты жывеш са сваякамі, трэба прыцірацца: дзесьці прамаўчаць, дзесьці пацярпець.
На другім курсе я дамовіліся са знаёмай дзяўчынкай, што мы будзем жыць разам. Потым я зразумела, што жыць са знаёмымі або з тымі, каго лічыш сябрамі, таксама памылка. Калі гэта незнаёмы чалавек, табе прасцей выказаць прэтэнзіі.
Мы шукалі кватэру ў апошнія дні жніўня, і гэта было пекла: пяць хвілін таму аб'ява размешчана на сайце, тэлефануеш – кажуць, што ўжо здалі. І мы пагадзіліся на варыянт, на які ў іншых умовах не пайшлі б.
Гэта была трохпакаёвая кватэра: пенсіянеры здавалі адзін пакой. Яны сказалі, што часам да іх прыязджае іх дачка з трохгадовым унукам, але потым выявілася, што дачка з унукам не "часам прыязджаюць", а жывуць тут заўсёды. Унук пастаянна плача, дачка пастаянна сварыцца з бацькамі, а бацькі пастаянна сварацца паміж сабой.
Гаспадыня сказала, што мы можам заключыць дагавор, але "грошы ў падатковую выплачвайце самастойна". Пакой і так каштаваў 80 даляраў з носа, плаціць яшчэ ў падатковую пры такіх умовах – такое сабе. Мы падумалі, што калі здымаць не па дамове, то праблемы будуць у гаспадара, а не ў нас. І заехалі.
Гаспадыня запатрабавала, каб нашы пашпарты захоўваліся ў яе. Я так разгубілася: другі курс, я яшчэ не ведаю, на што маю права, а на што – не. Тэлефаную маці. Яна паразмаўляла з гаспадыняй па тэлефоне: "Вось, прабачце, Каці вельмі патрэбны пашпарт". Гэта я зараз разумею: навошта прасіць прабачэння перад чалавекам, які хоча забраць тваю рэч, і ты гэтую рэч не аддаеш? Цяпер вельмі няёмка з-за той няўпэўненасці ў сваім праве.
Гаспадыня была вельмі патрабавальная ў плане чысціні. Калі мы раз'язджаліся на выходныя і ў суботу, не вымыўшы падлогу, то па вяртанні пасярод пакоя нас чакалі некалькі кропель сродку для мыцця – такі відавочны намёк. Яшчэ нам не дазвалялі прыносіць у пакой верхнюю вопратку, таму што "несяце бактэрыі ў пакой". Каб мы не апраналі курткі ў пакоі, гаспадыня забрала люстэрка.
«Калі ёсць гаспадар, якому ты плаціш грошы, то ты можаш патрабаваць пэўных умоў. Калі ты жывеш са сваякамі, трэба прыцірацца»
Але на кухні – на агульнай тэрыторыі – маглі быць рассыпаныя і некалькі дзён не прыбірацца крупы. Там ляжалі рэчы, якім на кухні наогул няма месца: туалетная папера ці дзіцячыя цацкі, прынесеныя з вуліцы.
Пратрымаліся мы каля паўгода. Калі я з'язджала, то даведалася, што на час канікул наш пакой з нашымі рэчамі – у мяне там ноўтбук ляжаў – здалі іншым людзям на два тыдні. Прытым, што мы за гэтыя два тыдні заплацілі.
Я знайшла аб'яву ад дзяўчынкі, якая шукала сабе суседку, у суполцы сваёй ВНУ. Я ёй напісала, мы разам паглядзелі жыллё, спадабаліся адна адной, нам адносна спадабалася кватэра – і за пару дзён я вырашыла праблему з пераездам.
Кватэра таксама была з гаспадыняй. Гаспадыня-пенсіянерка ўвесь час сядзела дома, але два гады з ёй было камфортна. За гэты час у мяне змяніліся тры суседкі, і апошняя гаспадыні катэгарычна не спадабалася, а паколькі мы з той дзяўчынай былі ў добрых адносінах, то вырашылі з'язджаць разам.
У новым пакоі мы пражылі год, і я сутыкнулася з той жа праблемай, калі жывеш з чалавекам, якога лічыш калі не сябрам, то добрым знаёмым. Высветлілася, што ў нас розныя графікі жыцця: я рана ўставала на працу, потым пасля працы ехала ва ўнівер. Увечары мне хацелася прыйсці і заваліцца спаць. Суседцы хацелася пагаварыць. У яе была другая змена, яна не працавала, магла сабе дазволіць да 2-3 гадзін ночы сядзець з уключаным святлом у нашай агульным пакоі. Я таксама была дурная: не ўмела казаць пра тое, што мне штосьці не падабаецца. Таму цярпела, пакуль цярпелка не скончылася. А калі скончылася цярпелка, то наступная кватэра прыйшла да мяне сама: яе здавала сваячка маёй знаёмай.
З той гаспадыняй у нас склаліся вельмі добрыя адносіны. Яна магла на ўсё лета з'ехаць на дачу, і я заставалася адна. Гэта была мая самая любімая кватэра, і адтуль я з'ехала толькі таму, што да мяне ў Менск павінен быў пераехаць хлопец – я шукала асобнае жыллё, дзе мы маглі б жыць разам.
«Калі ты плаціш за месяц наперад, то стабільнае жыллё ў цябе ёсць толькі на месяц. А далей можа здарыцца што заўгодна»
Калі я пераехала ў кватэру без суседак і гаспадароў, я проста з’язджала з глузду ад шчасця: ніхто не глядзіць, што ты робіш, як ты апранаешся, што ты гатуеш сабе на вячэру. Выйсці на кухню, калі там ёсць гаспадыня – нават добрая гаспадыня, – для мяне ўсё роўна было маленькім стрэсам, бо з ёй даводзілася пра нешта размаўляць. А тут ты выходзіш на кухню – і можаш пагаварыць з катом, а можаш не размаўляць з катом.
Адзіным мінусам гэтай кватэры было тое, што яна была не мэбляваная, але гэта добра акуплялася яе нізкім коштам – 120 даляраў на той момант.
Мы з гаспадаром бачымся раз на месяц, калі я перадаю яму грошы. За два гады ён ні разу нас не патурбаваў – ніякага кантролю з яго боку няма. І паабяцаў: пакуль ён будзе здаваць гэтую кватэру, ён будзе здаваць яе нам.
Я вельмі спадзяюся на тое, што наступнае месца, куды мы з'едзем, – гэта сваё жыллё. Не трэба будзе баяцца, што нас змогуць выселіць і нам зноў давядзецца быць у пошуку, зноў на валізках. Або што рэзка пачнуцца праблемы з грашыма і мы не зможам аплачваць арэнду. Або што прыйдзецца звяртацца па дапамогу да бацькоў.
У нашай "раёнцы" мама ўбачыла матэрыял пра жыллёва-назапашвальны ўклад. Можна на працягу трох, пяці або сямі гадоў назапасіць 25% ад меркаванага кошту кватэры, а потым на астатнія 75% банк выдасць крэдыт пад выгадныя працэнты. Мы з мужам скарысталіся гэтай магчымасцю, адкрылі ўклад і збіраем грошы.
Плануем набываць нешта менавіта ў Менску. Разглядалі варыянты тыпу Фаніпаля, Лагойска, Дзяржынска, Смалявічаў. Але і ў мяне, і ў мужа праца такая, што трэба рана быць на месцы і вельмі не хочацца позна дабірацца дахаты.
Я вельмі хутка і вельмі моцна прывязваюся да месца. І прыстасоўвацца да новых рэчаў мне цяжка. Чым менш рухаў, тым лепш. Усё роўна гэта стрэс, прыемны або непрыемны, але стрэс».
Фота: palasatka