Яшчэ адзін спектакль Купалаўскага тэатра пакажуць анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.04.2020
- 5591
14 красавіка ў 19.00 на відэасэрвісе VOKA адбудзецца сусветны анлайн-паказ спектакля-канцэрта Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Вельтмайтстар-акардэон». Пастаноўку можна бясплатна ўбачыць у любой кропцы Беларусі і па-за яе межамі ў рамках спецыяльнага праекта да 100-га сезона тэатра.
У траўні 2015 года Купалаўскі тэатр падрыхтаваў спецыяльную канцэртную праграму «Другая сусветная» паводле песень барда Марка Мермана ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Спектакль увайшоў у рэпертуар пад назвай «Вельтмайстар-акардэон» – гэта адна з песень, што гучаць са сцэны ў аранжыроўцы Уладзіміра Кур'яна і ў жывым суправаджэнні тэатральнага аркестра.
Васямнаццаць музычных гісторый, прысвечаных асобам і падзеям Другой сусветнай вайны, расказваюць акторы і актрысы Купалаўскага тэатра: Вікторыя Чаўлытка, Марта Голубева, Зоя Белахвосцік, Юлія Шпілеўская, Ігар Сігоў, Валянціна Гарцуева, Павел Харланчук-Южакоў, Аляксандр Казэла, Віктар Манаеў, Святлана Анікей, Алена Сідарава, Антаніна Дубатоўка. Усе канцэртныя нумары, кожны з якіх уяўляе з сябе асобны спектакль, выконваюцца на мове арыгіналу – па-руску.
Прамы эфір 14 красавіка будзе даступны ў мабільным дадатку VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі ды іншых краін свету нават без аўтарызацыі. Паказ пачнецца а 19-й гадзіне. Гэта будзе шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці з розных ракурсаў.
Легендарная «Паўлінка» ў анлайн-трансляцыі ў рамках праекта «Купалаўскі online» сабрала каля 20 000 гледачоў з Азербайджана, Арменіі, Бельгіі, Германіі, Грузіі, ЗША, Ізраіля, Іспаніі, Казахстана, Канады, Латвіі, Літвы, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Японіі ды іншых краін. Праект «Купалаўскі online» праходзіць пры падтрымцы генеральнага партнёра – кампаніі А1.