Кроплі для каменю

  • 26.08.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 8121

Пра новую беларускую драматургію кажуць часта і з задавальненнем: рабіліся круглыя сталы, дыскусіі, чыткі, ёсць цэлыя даследаванні і абароненыя дысертацыі. Ставяць не так ахвотна і ўсё больш у Расіі, але кропля точыць камень. Найлепшым спектаклем пазамінулага года крытыкі і журналісты назвалі вербатым «Мабыць» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, на «Опіум» пра вайну ва Украіне гледачы сабралі грошы праз краўдфандынг, а ў чэрвені ўпершыню прайшоў беларускі фестываль драматургіі «Writebox». Трымай пяць новых цікавых п’есаў – асалоду для мазгоў і сэрца, – якія можна пачытаць, пакуль іх яшчэ не паставілі.

 

 

 

 

 

#Сцешык #Ларына #рэальнасць #казка

Канстанцін Сцешык напісаў гэты тэкст у межах лабараторыі Цэнтру беларускай драматургіі (ЦБД), і ўжо гэта цікава, бо драматург вядомы сваім скепсісам у дачыненні да беларускага тэатральнага працэсу. Ягоныя спектаклі ў Свабодным тэатры можна ўжо смела называць вехамі для беларускага тэатральнага андэграўнду пачатку стагоддзя, а самы свежы прыклад: у супрацы з ім рыхтаваўся тэкст вербаціму для выпускнога праекту тэатральнай канцэнтрацыі ECLAB.

Фішка «Запалак» у тым, што гэта якраз рэпертуарны тэкст, які можна і трэба браць і ставіць на вялікай сцэне з добрымі артыстамі. У ім ёсць усё, чаго нам так не стае, − сімпатычны герой, загадка, тэма смутку і тэма клопату. Бацька расказвае свайму дзіцяці на ноч казкі (гэта выглядае такімі інтэрмедыямі), пакуль, па хадзе дзеяння, ён сам спрабуе разабрацца ў сваім жыцці ды са сваёй смерцю, у якой за бачнаю нармальнасцю схаваны вывіх рэальнасці.

Калі нарэшце?

Маладая рэжысёрка Таццяна Ларына пасля вучобы ў Маскве шукала матэрыял для рэалізацыі ў Беларусі. Яна зрабіла рэжысёрскі эскіз гэтай п’есы ў Купалаўскім, ён спадабаўся ўсім, і кіраўніцтва пагадзілася ставіць п’есу. Дакладнай даты няма, дамоўленасці непадпісаныя, на гэтым этапе – сплюнем і пастукаем.

 

 

 

 

 

 

 

#Трылер #Карняг #багаслаўскі

Гэты тэкст таксама з лабараторыі 2015 года. Вялікім сюрпрызам быў удзел у п’есе рэжысёра Яўгена Карняга, які дагэтуль яшчэ не працаваў з беларускаю драматургіяй. У супрацы з ім Дзмітрый Багаслаўскі стварыў свой самы скандальны тэкст.

Чацвёра дзяўчат зачыненыя ў прасторы 1,5х1,5х1,5 м. Целы і месца зададзеныя, гэта і ёсць гісторыя. Перш за ўсё, раскрываецца тэма канфлікту з жыццём, з сабой, са сваёй цялеснасцю. Пра гэта ўласна ўсе спектаклі Карняга, ды і п'еса напісаная так, што ў ёй нават адгадваюцца канкрэтныя выканаўцы роляў.

Але змест адкрывае цэлы космас для магчымых трактовак. Твор названы гэтаксама, як атручаная сабака Гітлера, у якой было чатыры шчанюка, пры гэтым у п’есе гучыць песня аднайменнага гурта «Die young, stay pretty».

Ну і калі нарэшце?

У межах моладзевага тэатральнага форуму краінаў СНД гэты тэкст, у якасці навучальнага, зрабілі, здаецца, усе. Асабліва ўразіў эскіз самага моднага маладога рэжысёра постсавецкай прасторы Владаса Барэйкіса, які ў той час чакаў прапаноў для пастаноўкі. Але калі яны і будуць, то не ў Беларусі, бо абсалютна лагічна, што ў нас гэты твор мусіць паставіць Яўген Карняг. Сам Дзмітрый Багаслаўскі, ва ўсялякім разе, адназначна пацвярджае права першай пастаноўкі за Карняг-тэатрам. Калі яна ўсё ж такі мае адбыцца – невядома. І менавіта цяпер, падобна да таго, што пакуль немагчыма.

 

 

 

 

 

 

 

#Дасько #Шчэрбань #СТ #Кунцаўшчына #сторытелінг

Максім Дасько з новенькіх, але ўжо паспяховы настолькі, што заслугоўвае, каб яго не параўноўвалі з кім бы там ні было. Напрыклад, у межах конкурсу «Writebox» ва ўмоўны шорт-ліст увайшлі ажно два ягоныя тэксты, і абедзве чыткі п’есы выклікалі шырокі рэзананс. Але менавіта на прыкладзе «Оніксу» хочацца ўсё ж такі сказаць пра традыцыю, якую пачаў у Беларусі Павел Пражко, а менавіта скрупулёзную ўвагу да маўлення герояў, пагарду да тэатральнасці формы, цікавасць да гарадскіх ускраінаў. Пражко даўно піша зусім у іншым ключы, а Дасько працягвае распрацоўваць гэтую тэму, і яна здаецца невычэрпная.

У «Оніксе» ад першай асобы начытваюць гісторыі цяжкага жыцця падлеткаў Кунцаўшчыны пад завадныя рытмы адных з самых вядомых рэпераў east-coast. Гангста-стайл амерыканцаў адбіваецца на жыцці менскага панэльнага гета, часам камічна, часам трагічна.

Ну і калі?

Уладзімір Шчэрбань, рэжысёр «Свабоднага тэатру», сказаў, што прэм’еру «Оніксу» можна чакаць ужо ўвосень. І гэта вельмі цікава.

П’еса Дасько «Лондан» пасля прэм’еры ў «Свабодным тэатры» была пастаўленая Бабруйскім імя Дуніна-Марцінкевіча – і гэта настолькі неверагоднае спалучэнне, што нельга ўтрымацца згадаць гэты факт. З намёкам, што і «Онікс» цікава было б убачыць, скажам, у Слоніме або Маладзечне.

 

 

 

 

 

 

 

#Каралёў #масква #эмігранты

Яшчэ адзін цудоўны дэбютант беларускай драматургіі – Віталь Каралёў. Ягоную п’есу «Участковыя» паспелі сыграць у Музеі МУС і на прыватнай кватэры, ягоны «Опіум» сабраў дзве з паловаю тысячы долараў на Ulej. Нядрэнна для рэзюмэ драматурга, які пачаў пісаць гады два таму.

«Масква тэатральная» − не самая свежая п’еса са спісу, напісаная ў драматургічнай лабараторыі ЦБД яшчэ ў снежні 2014 года. Першае, што ў ёй кідаецца ў вочы, – гэта фармальны прыём (аповед пра сустрэчу аўтара з маскоўскаю міліцыяй са шчаслівым канцом, але падзеі размешчаныя з канца да пачатку). Раптам звяртаеш увагу, што ўвогуле гісторыя пра беларуса ў Маскве ў нас па-мастацку не засвоеная. Гэта азначае, што тэма існуе на ўзроўні бульбасрачу, беларусаў у Залатагаловай вельмі шмат, а вось тэма працоўнай міграцыі ў тэатры, калі і гучала, то на прыкладзе ірландцаў Макдонаха, якія працуюць у Лондане. У простай замалёўцы Каралёва ёсць тое, што спрабуюць ухапіць ў гэтай тэме, – разгубленасць ад збою сістэмы свой-чужы.

Калі нарэшце?

Рэжысёрка Вольга Саратокіна, з якою Каралёў пісаў п’есу ў драматургічнай лабараторыі ЦБД, выказала цікавасць да пастаноўкі пра Маскву, але чамусьці менавіта «Масква тэатральная» яе не зацікавіла.. І ў гэтым спісе п'еса прысутнічае проста таму, што паставіць яе прасцей паранай рэпы і нават танней за яе.

 

 

 

 

 

 

 

#Чыканас #крылыхалопа #брэст

Лёха Чыканас напісаў злы і надзённы тэкст, які выклікаў вялікую цікавасць на фестывалі «Writebox».

У п’есе апавядаецца гісторыя пра сядзелку, якая займалася сэксам са сваім падапечным, чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі. У драматурга не проста атрымліваецца ёміста, у форме суда над гэтаю самаю сядзелкай, пераказаць гісторыю, але і даць эффект dolby suuround усяго суправаджальнага медыйнага шуму. У выніку п’еса атрымалася пра тое, як мы кормім троляў.

Калі?

Аўтар узяў ініцыятыву ў свае рукі. Разам са сваймі калегамі з берасцейскага тэатру «Крылы халопа» арганізоўвае чытку на сваёй малой радзіме. Ёсць добры шанец, што яна стане рэгулярная і з яе атрымаецца паўнавартасны спектакль. Таксама пару дзён таму прэзентацыя п'есы прайшла ў Інтэрнаце №3.

 

 

 

 

Тэкст by Аляксей Стрэльнікаў
Фота dverifest.wordpress.com