У «Бруге» адбудзецца канцэрт памяці Міхала Анемпадыстава
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.02.2018
- 10845
15 сакавіка ў менскім клубе «Бруге» музыкі розных пакаленняў выканаюць песні на вершы беларускага паэта Міхала Анемпадыстава, які сёлета заўчасна пайшоў у іншы свет.
У канцэрце, які пройдзе напярэдадні дня народзінаў Міхала, возьмуць удзел Лявон Вольскі, Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Ракавец з IQ48, гурты MorkvoЦвет і Harotnica. Да іх далучацца музычны склад пад кіраўніцтвам Алеся-Францішка Мышкевіча і віяланчэлістка Юлія Глушыцкая.
Упершыню за доўгі час у арыгінальным гучанні са сцэны будуць зайграныя даўнія хіты гуртоў «Новае Неба», N.R.M., «Бонда» аўтарства Міхала, адносна свежыя песні, а таксама зусім новыя творы.
Афішу імпрэзы зрабіла Алена Дашкевіч, жонка паэта. Весці канцэрт даверылі Аляксандру Памідораву. За арганізацыю адказвае партал TuzinFM. Яго кіраўнік Сяргей Будкін апісвае канцэпцыю івэнта: «Нягледзячы на такую сумную нагоду, хочацца зрабіць не жалобнае мерапрыемства, а добры рокавы канцэрт. Такі, які спадабаўся б самому Міхалу».
Грошы з квіткоў будуць пералічаныя сям’і творцы на помнік. Кошт квітка ў папярэднім продажы: 20 BYN. Набыць можна на Bezkassira.by.
Крыніца: TuzinFM