У «Ок16» экспануюць работы рэзідэнтаў легендарнага сквота «Тахелес»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.08.2019
- 6987
З 15 жніўня па 28 верасня ў культурным хабе «Ок16» праходзіць арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя». Тут варта пабываць і тым, хто хоць бы краем вуха чуў пра легендарны берлінскі сквот «Тахелес», і тым, хто пакуль не чуў (а дарма).
Што такое «Тахелес»?
Гэта самы вядомы арт-сквот Берліна. Ён размяшчаецца на рагу Араніенбургерштрасэ і Фрыдрыхштрасэ, мае ў вышыню шэсць паверхаў і быў засквочаны незалежнымі мастакамі з 1990 па 2012 год. Цяпер закрыты.
Самы цымус у тым, што сярод мастакоў з усяго свету, якія тут тварылі і выстаўляліся, вельмі актыўна выступалі беларусы. У «Тахелесе» ладзіўся фестываль беларускага мастацтва «Дах». У «Тахелесе» 13 гадоў меў сваю экспазіцыю мастак з Баранавічаў Алесь Родзін (таксама вядомы як Алесь Родзім).
Хто такі Алесь Родзім?
Беларускі мастак-эксперыменталіст, які вельмі рэдка выстаўляецца ў Беларусі. Да 2012 года рэзідэнцтваваў у «Тахелесе», пакуль яго працы не арыштавалі невядомыя ў балаклавах. Цэлы год спатрэбіўся для таго, каб вызваліць творы і вярнуць іх Алесю. Падчас фэсту «Міфалагема тысячагоддзя» можна будзе ўразіцца бачаннем свету гэтага мастака.
Што будзе на арт-фестывалі ў «Ок16»?
Цвік праграмы – палатно Алеся Родзіма «Міфалагемы тысячагоддзя» памерам 15 на 4 метры. Гэты opus magnum мастак ствараў цягам пяці гадоў.
На выставе будуць і іншыя працы рэзідэнта «Тахелеса», а таксама яго калег па цэху. Тахелесаўцы Барбара Фраганья, ZV Davis і Мірыям Вутке прыедуць у Менск усяго на тры дні, каб прадэманстраваць сваё мастацтва.
У рамках фестывалю плануюцца сустрэчы з мастакамі, перформансы, выставы. Сачыць за раскладам і напаўненнем фэсту прасцей за ўсё праз івэнт на FB. А даведацца больш пра «Тахелес» і Алеся Родзіма дапаможа вось гэты матэрыял.
Калі: з 15 жніўня па 28 верасня.
Дзе: хаб «Ок16» (Кастрычніцкая, 16).
Колькі: 5 BYN (уваход на асноўную экспазіцыю).