Netflix выклаў 10 дакументалак у адкрыты доступ

Netflix выклаў некалькі адукацыйных дакументальных фільмаў і серыялаў на YouTube. Так стрымінг-платформа вырашыла падтрымаць настаўнікаў і студэнтаў у час каранціну ў сувязі з каранавірусам.

 

Да кожнага фільма падрыхтаваныя дадатковыя матэрыялы, напрыклад інтэрв’ю з яго стваральнікамі. Пакуль фільмы даступны на англійскай, але хутка абяцаюць дадаць субцітры яшчэ на некалькіх мовах.

 

Вось якія фільмы можна паглядзець бясплатна:

 

 «13th»  – дакументальны фільм Авы Дзювернэй, намінаваны на «Оскар», адсылае да 13-й папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая забараняе рабства, калі толькі гэта не пакаранне за злачынства. Дзювернэй апісвае вынікі менавіта гэтага ўдакладнення, што прывялі да разрослай амерыканскай турэмнай індустрыі. У фільме прадстаўлены архіўныя кадры і інтэрв'ю з актывістамі, палітыкамі, гісторыкамі, а таксама былымі зняволенымі жанчынамі і мужчынамі.

 

 «Abstract: The Art of Design»  – серыял пранікае ў розумы найвялікшых дызайнераў свету, дэманструючы самых натхняльных празорцаў з самых розных дысцыплін, чыя праца фармуе нашу культуру і будучыню.

 

 «Babies»  – знакавы серыял, які здымаўся на працягу трох гадоў. Гэта назіранні за 15 сем'ямі па ўсім свеце ў першы год жыцця іх дзяцей з каментарыямі вядучых навукоўцаў.

 

 «Chasing Coral»  – дакументальны фільм паказвае жыццё каманды (тут рэкламіст, самаабвешчаны каралавы гік, першакласныя дызайнеры камер і вядомыя марскія біёлагі), якая вынаходзіць спецыяльную камеру для запісу падзей выцвітання каралавых рыфаў.

 

 «Explained»  – серыял у партнёрстве з Vox, што даследуе бягучыя падзеі і сацыяльныя тэндэнцыі ў палітыцы, навуцы, гісторыі і поп-культуры.

 

 «Knock Down the House»  – рэжысёрка Рэйчэл Лірс даследуе прамежкавыя выбары 2018 года ў ЗША праз погляд чатырох жанчын з працоўнага класа, якія балатуюцца ў Кангрэс, уключаючы Александрыю Акасіа-Картэс.

 

 «Our Planet»  – васьмісерыйны дакументальны серыял ад стваральнікаў «Planet Earth» дае магчымасць паглядзець на дзікія рэгіёны планеты і жывёл, што іх насяляюць. Серыял зняты ў 50 краінах на ўсіх кантынентах свету, тэкст чытае Дэвід Атэнбора.

 

 «Period. End of Sentence»  – кароткаметражны фільм распавядае гісторыю жанчын у вёсцы за межамі Дэлі ў Індыі, якія вучацца вырабляць і прадаваць свае ўласныя гігіенічныя пракладкі.

 

 «The White Helmets»  – кароткаметражны фільм назірае за трыма добраахвотнікамі-ратавальнікамі ў Алепа, Сірыі і Турцыі ў пачатку 2016 года. Яны спрабуюць выратаваць мірных жыхароў, што пацярпелі ад вайны.

 

 «Zion»  – кароткаметражны фільм-партрэт Сіёна Кларка, што нарадзіўся без ног і вырас у прыёмных сем'ях, для якога спорт (барацьба) стаў адзінай нязменнай рэччу ў жыцці.

 

 Глядзець фільмы