Васіль Клімовіч
- 23.09.2016
- 2292
Адзін з заснавальнікаў Альянсу «Грамадзянская Гарадзеншчына» Васіль Клімовіч расказвае, як без адпаведнай адукацыі вырашаць экалагічныя праблемы, чаму варта развіваць грамадзянскую супольнасць і як супрацоўнічаць ці не супрацоўнічаць з уладамі.
Чым займаюцца: развіццё рэгіянальных ініцыятываў, грамадскі кантроль, вырашэнне лакальных праблем у Гарадзенскай вобласці.
Дата заснавання: 2011 год.
Арыгінальная дата публікацыі – 23.09.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
Гісторыя Васіля
– Пасля заканчэння школы я паступіў у хіміка-тэхналагічны каледж у Гародні, дзе атрымаў спецыяльнасць «электратэхнік». Пасля навучання пачаў працаваць звычайным электрыкам на хлебакамбінаце. Я мог працягваць працу на хлебазаводзе і рабіць там кар’еру. Але заробак на той момант быў настолькі малы, што матывацыі працаваць там з часам было ўсё меней і меней. Так пайшоў памочнікам да знаёмага прадпрымальніка. Хутка я зацікавіўся малым і сярэднім бізнэсам, атрымаў пэўны досвед і пазней распачаў уласную справу.
Ужо ў якасці ІП у 2007 годзе далучыўся да дзейнасці грамадскай ініцыятывы ў Мастах. Маім першым мерапрыемствам у межах той супольнасці стала талака па добраўпарадкаванні Мастоўскага дэндрапарку. Мы прыбралі смецце, адрамантавалі і пафарбавалі лавачкі, аднавілі шыльду ў гонар заснавання. Такім чынам мы хацелі прыцягнуць увагу лакальнай супольнасці да праблемы занядбання парку і з часам дамагчыся яго рэканструкцыі.
«Праз нашыя грамадскія поспехі і паразы я адчуваў, што мы разам змяняем мясцовае мастоўскае асяроддзе да лепшага»
Улада таксама займаецца праблемамі, гэта яе прамы абавязак, але ж праз адсутнасць мясцовага самакіравання яна далёкая ад людзей і не звяртае ўвагі на іх патрэбы. Уладам галоўнае выканаць план. Як па інструкцыі. Ні табе грамадскага абмеркавання, ні табе шырокай дыскусіі, усё тапорна, па-савецку і без крэатыву. Ну вось, напрыклад, людзі пратапталі сцежку, а сцежка там, таму што ім зручней хадзіць так. Калі няма плана пакласці там асфальт – ніхто гэтага рабіць не будзе, бо ж плана няма! А запатрабаванне жыхароў ёсць.
Сваёй дзейнасцю мы прыцягваем людзей да супольнай супрацы і крок за крокам змяняем іх патэрналісцкую мадэль паводзінаў: калі мы будзем пасіўнымі і бяздзейнымі, нашае жыццё не будзе лепшым і моцная грамадзянскай супольнасць не паўстане, асабліва ў рэгіёнах.
«Раней часта не верылі, што вада дрэнная, казалі нашым актывістам: “Як яна можа быць дрэннай, яна ж такая смачная”»
Ад Плошчы да Альянсу
– «Грамадзянская Гарадзеншчына» з’явілася пасля падзей 19 снежня 2010-га і хвалі ператрусаў і рэпрэсій 2011-га супраць грамадзянскай супольнасці. Мяне і маіх калегаў выклікалі ў КДБ і запалохвалі. Тады ў кожным з гарадоў мы былі паасобку, хаця больш-менш ведалі адзін аднаго. Калі стала паспакайней, пераадолеўшы пэўны страх і апатыю, мы сабраліся разам з іншымі актывістамі Гарадзеншчыны.
У кожным раёне нас было па некалькі чалавек, і, каб адчуваць сябе мацней, быць больш эфектыўнымі, мы вырашылі стварыць Альянс. Нашая задача − развіваць міжрэгіянальныя сувязі, дзяліцца досведам і ведамі, падтрымліваць адно аднаго і такім чынам узмацніць трэці сектар у рэгіёнах Гарадзенскай вобласці.
У дадатак у гарадоў і вёсак нашага рэгіёну існуе шмат агульных праблем. Напрыклад, забруджаная нітратамі пітная вада – супольная праблема для Слоніма, Ваўкавыска і Мастоў. Нават быў смяротны выпадак – праз яе ў вёсцы Правыя Масты колькі год таму загінула немаўлятка.
Альянсаўцы манітораць гэтую праблему. Мы вядзем перапіску з дзяржаўнымі ўстановамі і ўладамі, інфармуем насельніцтва аб дадзенай праблеме праз улёткі, плакаты, абвесткі на сайце. Важна, каб людзі даведаліся, пачалі абмяркоўваць. Праблема актуальная не толькі для нашага раёна.
У выніку мы дамагліся, каб санэпід праверыў ваду на наяўнасць нітратаў, а на публічных студнях павесілі шыльды, якія інфармуюць, што вада ў гэтых раёнах забруджаная. Нашыя дзеянні прывялі да таго, што мясцовыя ўлады былі вымушаныя арганізаваць гарачую лінію з галоўным доктарам Мастоўскай санэпідэмстанцыі. Да таго моманту, пакуль мы не сталі ініцыятарамі гэтай кампаніі, многія жыхары нават не ведалі, што праблема забруджанай вады існуе.
Я перакананы: нашая грамадская праца наблізіла да ўсведамлення маштабу і вырашэння праблемы. Цяпер людзі задумваюцца, што п’юць. Раней часта не верылі, што вада дрэнная, казалі нашым актывістам: «Як яна можа быць дрэннай, яна ж такая смачная». Але факты паказваюць адваротнае: з 15–20 выбарачных студняў Мастоўскага толькі ў дзвюх вада адпавядае ўсім санітарным нормам.
Ініцыятывы і кампаніі
– Іншая праблема Альянсу – забруджванне навакольнага асяроддзя выкідамі ў атмасферу і Нёман шкодных рэчываў. Мы ўсе ж такі дамагліся ўсталявання ачышчальных фільтраў і праводзім грамадскі маніторныг шкодных выкідаў прадпрыемства. Раней ад сажы, якая ляцела з трубаў дрэваапрацоўчага завода, кожную зіму снег навокал станавіўся чорным. І гэта было ў самым цэнтры горада!
Кіраўніцтва не мяняла ачышчальныя фільтры – эканоміла. Праз гэта адбывалася моцнае забруджванне паветра і навакольнага асяроддзя, павялічвалася колькасць захворванняў дыхальных шляхоў. У гэтай сітуацыі мы дзейнічалі па такой жа схеме, як і з нітратамі ў пітной вадзе, – спачатку інфармавалі насельніцтва, рабілі звароты, збіралі подпісы ў грамадзян. У выніку мы перамаглі: у гэтую зіму снег ужо не быў чорным.
Ёсць у нас кампанія аб Малым памежным руху з Польшчай і Літвой, робім яе ўсёй грамадой з сямі раёнаў Гарадзеншчыны. Вынік: 10-дзённы бязвізавы ўезд у Гародню, і не толькі па Аўгустоўскім канале.
«Ад сажы, якая ляцела з трубаў дрэваапрацоўчага завода, кожную зіму запар снег навокал станавіўся чорным»
Багата чаго можна ўзгадаць: капітальны рамонт на вуліцы Зялёнай у Мастах, мерапрыемствы па ўшанаванні памяці выбітных жыхароў Гарадзеншчыны, інтэграцыйныя летнікі. Для мяне самае важнае, што нашая дзейнасць скіраваная на развіццё рэгіёнаў і лакальных супольнасцяў вобласці. Без гэтага грамадскага фундамента на месцах мы ніколі не збудуем сапраўды грамадзянскую Беларусь з еўрапейскім абліччам.
Мы ўсе жыхары сваіх рэгіёнаў, таму добра ведаем мясцовыя праблемы. Напрыклад, я еду па двары на машыне і бачу, што з’явілася ямка. Я ведаю, што, калі яе зараз не адрамантаваць, праз пару месяцаў іх будзе некалькі і прыйдзецца рамантаваць кавалак дарогі.
Каб трымаць руку на пульсе, мы праводзім пакватэрныя анкетаванні, падчас якіх атрымліваем інфармацыю пра тое, што больш непакоіць жыхароў, і пасля супольна займаемся вырашэннем. Задача трэцяга сектара – прышчапляць людзям добрыя практыкі ды заахвочваць да самастойнай дзейнасці і абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў.
«Калі ты становішся грамадскім актывістам у правінцыі – жыццё дакладна перастае быць нудным»
Грамадскі актывізм і мясцовыя ўлады
– Супрацоўніцтва з уладамі бывае рознае. Часам залежыць ад чыноўнікаў, а часам ад так званай генеральнай лініі партыі ў Менску. Калі нашая прапанова выгадная ўладзе і нічога для яе не каштуе, нам не перашкаджаюць і часам могуць ісці насустрач. Галоўнае, каб без крытыкі і палітыкі. Гэтага баяцца як агню. Але ж вельмі часта, калі іх не крытыкаваць, яны бяздзейнічаюць. Як у нас кажуць: «На тое і шчупак у сажалцы, каб карась не спаў». Вось і атрымліваецца, што прадстаўнікі грамадскага сектара – своеасаблівыя шчупакі.
Супрацоўніцтва патрэбнае і неабходнае, толькі часам здаецца, што беларускі правінцыйны чыноўнік гэтага не разумее.
Праца з прадстаўнікамі лакальных супольнасцяў паказвае, што часцей жыхары не ведаюць сваіх мясцовых дэпутатаў, бо тыя прызначаюцца па загадзе зверху і пасля «абрання» нічым не займаюцца.
Жыхары Гарадзеншчыны пазітыўна ставяцца да нашых інфармацыйных і грамадскіх кампаній, таму што ў правінцыйных гарадах нічога не адбываецца і жыць, у параўнанні з абласнымі гарадамі ці сталіцай, даволі нудна. Таму ярка візуалізаваныя, каляровыя і пазітыўныя ініцыятывы прыцягваюць увагу.
У райцэнтрах нялёгка прывабіць маладых людзей да грамадскага ўдзелу. Моладзь заканчвае школу і едзе вучыцца ў Гародню ці сталіцу. Усе шукаюць годную працу і перспектывы. У цяжкія моманты і ў нас узнікалі такія думкі – з’ехаць у вялікі горад. Але ж дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Таму ладзім больш адкрытых акцый і мерапрыемстваў, прыцягваем новых людзей і будуем планы на будучыню. У грамадскім асяроддзі насычанае і разнастайнае жыццё, гэта зацягвае. Калі ты становішся грамадскім актывістам у правінцыі – жыццё дакладна перастае быць нудным.
Тэкст by sokol_mlody
Фота by Leah Skuridina