«Трэба рабіць кантэнт пра тое, што ты ведаеш і ў што верыш»: размова з рэжысёркай Алінай Мазавец
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 06.02.2025
- 157
Чаго бракуе беларускаму YouTube? Чым зацікавіць маладых беларусак і беларусаў? Як зрабіць беларускіх артыстак і артыстаў больш медыйнымі і цікавымі па-за бурбалкай іх кам’юніці? Чым беларуская культура можа зацікавіць людзей з іншых краін? Задалі гэтыя пытанні рэжысёрцы Аліне Мазавец.
Аліне Мазавец – 24. Пра сябе яна кажа найперш як пра фатографку, хоць за апошнія гады спектр яе прафесійных ідэнтычнасцяў уражальна пашырыўся. У 2022 годзе яна разам са сваім хлопцам запусціла музычны праект «КЛІК». Цяпер рабяты працуюць у камандзе з 10 чалавек, расказваючы пра беларускіх артыстак і артыстаў, арганізуючы ім класныя фотасесіі і нават здымаючы кліпы. У 2023 годзе Аліна пачала працаваць з YouTube – і першы ж праект, дзе яна прымерала ролю рэжысёркі, стаў адным з самых папулярных у беларусак і беларусаў – гаворка пра «О(б)суждаем», шоу пра масавую культуру з яскравымі гасцямі, жартамі і ўспамінамі пра дзяцінства ля тэлевізара. Пазней Аліна далучылася да праекта «Максимально», а затым з'явілася ў кадры гэтага шоу, якое распавядае гісторыі класных беларусак.
Як стаць папулярнымі і папулярнымі заставацца
– У мяне не было амбіцый на YouTube і на працу з відэа ў цэлым, проста ў Вані і Глеба [вядучыя «О(б)суждаем». – заўв. рэд.] была ідэя шоу, і ім патрэбны быў чалавек, які зробіць прыгожую карцінку. Яны вырашылі, што калі я файна фатаграфую, то, мусіць, і відэа зніму файна. Тут важна разумець, што гэтае шоу не рабілася як прэтэнзія на нешта. Ні перад кім ніякай справаздачнасці не было. Ніхто не прыйшоў да мяне як кліент і не наймаў мяне на працу. Таму мне было крыху прасцей пагадзіцца на творчасць у абсалютна новай для мяне сферы, бо канкрэтных чаканняў ад мяне не было. Мы сабраліся на роўных і на сяброўскіх вайбах разам прадумвалі, як і што хочам рабіць. Першы выпуск знялі ў кватэры прыяцеля, які пагадзіўся паўдня недзе пагуляць. Такім чынам разам пачыналі, разам раслі, і гэта атрымалася арганічна.
Цяпер будзе ўжо пяты сезон. І кожны раз імкнешся нешта прыдумляць – нібыта ўвесь час гуляеш з самой сабой у спаборніцтвы. Ніхто ад мяне гэтага не патрабуе, але я патрабую ад сябе сама. Трэба адкапаць у сабе яшчэ патэнцыял, пра які я не ведала. Гэта, калі шчыра, крыху фруструе. Але, з іншага боку, не дае расслабіцца і спачываць на лаўрах.
«Важна не занадта выдасканальвацца і ўсё яшчэ рабіць шчыра»
Важна не занадта выдасканальвацца і ўсё яшчэ рабіць шчыра, але пры гэтым імкнуцца і самой у гэтай шчырасці развівацца. Мая шчырасць у 16 гадоў і мая шчырасць у 24 – гэта розныя ступені пазнання самой сябе і, адпаведна, рэпрэзентацыі самой сябе. За гэты час адбылося вельмі шмат усяго ў маім жыцці, што дало мне лепей зразумець, хто я такая. І калі раней у мяне было вельмі шмат пра сябе перадузятасцяў – напрыклад, я заўсёды лічыла, што я творчы хаос, – то цяпер я разумею, што на мне вельмі шмат менеджарскай працы і людзі кажуць, што са мной спакойна і камфортна, бо здаецца, што ўсё заўжды пад кантролем. То-бок мне здавалася, што мая асоба такая, а паспрабаваўшы сябе ў новых кірунках і ў новых умовах новай краіны, я сябе адкрываю па-новаму.
Як вытрываць хэйт у інтэрнэце
– Калі Макс [аўтар і вядучы шоу «Максимально». – заўв. рэд.] запрасіў мяне ў кадр, я быў вельмі здзіўленая. У мяне не было такіх амбіцый. Але я заўсёды была актыўная ў сацсетках, здымала відэа, ціктокі. Мабыць, Макс падумаў, што калі я магу вольна гаварыць у рылсах, то і на ютуб атрымаецца.
«Максимально» ўсё яшчэ знаходзіцца ў бурбалцы аўдыторыі, якую я разумею не да канца. Напрыклад, я рабіла выпуск без Макса на тэму таго, што баюся выходзіць замуж. Мяне гэта палохае, і аказалася, што не толькі мяне. Я запрасіла гасцей, мы абмеркавалі гэтую тэму. І было шмат каментароў аб тым, якое глупства мы абмяркоўваем: «Што ты вылузваешся, проста выйдзі замуж і не выдумляй ціску, якога няма!» Але такія каментары акурат паказваюць, што ціск, відавочна, існуе.
У каментарах можна часта заўважыць ачарненне жаночых страхаў, перажыванняў і праблем, але мяне гэта не кранае. Я прыняла той факт, што многія мужчыны не гатовыя пра іх чуць і не гатовыя зразумець, што гэтыя праблемы для нас рэальныя. Жанчыны таксама могуць адключыць сваю адчувальнасць да лёсу іншых жанчын. Я не прымаю гэта на свой рахунак, і таму мяне гэта не абражае. Але каментары ў асабістых сацсетках часам могуць зачапіць, бо гэта адрасна і з нянавісцю.
«Так феномен хейту і працуе: ён не толькі ў хейтарах, але часам і ў цябе самой»
Наогул тэма хэйту складаная. У мяне быў сумны перыяд, калі я цалкам закінула TikTok праз хэйт і больш да яго не вярталася. З аднаго боку, я гатовая рваць хейтараў і жорстка з імі змагацца, даводзячы, што фемінітывы – гэта крута; з іншага боку, у рандомны момант мне могуць напісаць не самы жудасны каментар, проста ў непадыходны момант – і я засмучуся. Гэта абсалютна некіравальныя рэчы. Але я думаю, так феномен хейту і працуе: ён не толькі ў хейтарах, але і ў цябе самой часам, і ў нейкім асяроддзі, у рэаліях, ва ўсім, што заўгодна.
Спойлер! Госця чарговага выпуску «О(б)суждаем» – украінская артыстка Луна
Чаго бракуе беларускаму YouTube
– Нібыта многія сышліся ў меркаванні, што ў беларускім ютубе не хапае забаўляльнага кантэнту. Я збольшага з гэтым згодная, але бачу наступную праблему. Людзі пачулі, што забаўляльнага кантэнту не хапае, і спрабуюць з вывучанымі патэрнамі незабаўляльнага кантэнту рабіць кантэнт забаўляльны. Нібыта калі мы зробім нешта ў фармаце гульні, то гэта адразу стане забаўляльным кантэнтам. Але яно не зусім так працуе.
Мяркую, беларускаму ютубу не хапае, каб крэатаркі і крэатары рабілі для сябе. Многія кажуць, што рабіць прадукты пад сябе – гэта няправільная стратэгія, трэба аналізаваць рынак і гэтак далей. Але мне падаецца, што варта рабіць прадукт, які вы самі хацелі б бачыць.
«Нібыта калі мы зробім нешта ў фармаце гульні, то гэта адразу стане забаўляльным кантэнтам. Але яно не зусім так працуе»
Мне вельмі не падабаецца, калі людзі, якія самі сябе не адносяць да маладой аўдыторыі (і яны самі так вырашылі: гэта не пытанне ўзросту, а пытанне самавызначэння), думаюць: «А што там маладыя людзі? Яны вось такія. У іх кліпавае мысленне. У іх адны ціктокі». Гэта гульня ў маскі, і гэта ніколі не патрапіць у рэальную маладую аўдыторыю. Бо трэба рабіць кантэнт пра тое, што ты ведаеш і ў што верыш, што табе цікава, што табе класна. А калі ты разумееш, што ты не маладая аўдыторыя, але хочаш рабіць для маладой аўдыторыі – тады рабі для тых, каго хочаш зацікавіць: для сваіх сяброў і сябровак, прыяцеляў і прыяцелек.
Яшчэ ёсць такая тэма, калі думаюць: «А які кантэнт трэба зрабіць, каб было цікава беларускам і беларусам унутры краіны?» Ды такі ж, як і любым беларускам і беларусам! У той момант, калі мы перастанем думаць за іншых, што ім трэба, і пачнём разумець, што гэта такія ж людзі, і не будзем аддзяляць сябе ад сваёй аўдыторыі, прадукты стануць нашмат жывейшымі.
«У той момант, калі мы перастанем думаць за іншых, што ім трэба, і пачнём разумець, што гэта такія ж людзі, прадукты стануць нашмат жывейшымі»
Інакш адчуваецца пагардлівае стаўленне і стэрэатыпізацыя аўдыторыі. То-бок робіш «моладзевы праект» – ён абавязкова павінен быць са словам «краш». Ці робіш для «аўдыторыі ўнутры краіны» – ён абавязкова павінен быць пра аграрныя тэмы ці адключэнне вады. Але ж людзям не толькі гэта цікава.
Чым можна натхніцца і дзе шукаць візуальныя ідэі
– Нагледжанасць я па большай частцы чэрпаю з фатаграфіі. Але яна можа быць адкуль заўгодна. Напрыклад, як працуе святло – вельмі добра падглядаць на вуліцы. У Варшаве часам вельмі прышпільнае афармленне вітрын, і гэта таксама класная крыніца візуальных фішачак. Неяк у рылсах я ўбачыла лайфхак, як прыкольна аформіць ніз ёлкі з паперы для запякання, і такая: папера класна фактурна працуе, запомню! А аднойчы ўбачыла ў студыі брудны фон, які паставілі ў падсобку, каб выкінуць. Ён быў вельмі прыгожа скамечаны, і я месяц мурыжыла адміна студыі, каб ён не выкідваў гэты падраны фон, і потым мы зрабілі з яго горы ў фотаздымцы для Леры Дэле.
Для мяне выдатна працуе шырокае ўспрыманне свету вакол. Але важна не паўтараць, а браць нейкую частку і інтэрпрэтаваць па-свойму. І лепш браць гэтую частку не з суседняга відэа YouTube, а наогул з іншага сусвету.
Не магу сказаць, што мой варшаўскі досвед моцна адрозніваецца ад беларускага. Як у Беларусі я хадзіла па ўсякіх курчах і звалках, шукаючы лакацыі для фотасесій, так і тут іду ў курчы, бачу прыгожую палку, забіраю і нясу дадому. У мяне паўгода ў кватэры стаяў пень, і я потым яго вельмі файна адфоткала, бо гэта вельмі прыгожы пень.
«Важна не паўтараць, а браць нейкую частку і інтэрпрэтаваць па-свойму»
Кадр з фотасэту Sw@da x Niczos – падляшскага дуэта, які прэтэндуе на ўдзел у «Еўрабачанні» ад Польшчы
Што можна ўзяць з адукацыйнай паездкі ў ЗША
– Мэтанакіравана для ўдзелу ў International Visitors Leadership Program (IVLP) мы нічога не рабілі, бо праграма працуе так, што людзей на яе адбіраюць самі амерыканскія амбасады. Беларуская амерыканская амбасада вылучыла «КЛІК», і нам заставалася толькі запоўніць некаторыя асабістыя дадзеныя.
Сутнасць праекта ў тым, што яны бяруць з розных краін па адным чалавеку як прадстаўніку ці прадстаўніцы, катаюць па розных штатах Амерыкі і распавядаюць пра досвед выбудовы музычных кам'юніці і музычнай індустрыі. Гэта больш не пра навучанне, а пра натхненне: падзяліцца досведам, даведацца пра магчымасці, рэсурсы, калабарацыі.
Удзельнічалі краіны Еўропы, Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, вельмі шмат. Тры тыдні, чатыры штаты, усё вельмі насычанае. Вашынгтон, Дэтройт, Канзас-Сіці, Лос-Анджэлес. Вельмі розныя гарады, і ў кожнага свая музычная фішка. У Дэтройце была цікавая гісторыя: раней горад быў даволі багатым і развіваўся, а потым надышлі цяжкія часы, і ён стаў небяспечным, а ўсё, што будавалася, пачало разбурацца і дэградаваць. У плане культуры таксама часы былі складаныя, але там былі ініцыятыўныя людзі, якія вельмі любілі свой горад, і яны на нейкі час з'язджалі набірацца досведу ў гарадах тыпу Лос-Анджэлеса, заводзілі сувязі, а потым вярталіся ў Дэтройт, каб адбудоўваць яго нанова. І я такая: «Паслухаю, мне гэта спатрэбіцца». У іх, напрыклад, быў стары мюзік-хол, дзе гучала джазавая, класічная музыка, праходзілі ўрачыстыя выступы, але ў новых рэаліях гэта перастала сябе акупляць. І вось на даху найстарэйшага мюзік-хола адкрылі начны клуб, гэта стала прыносіць класныя грошы, туды клікалі андэграўндных дыджэяў з розных раёнаў горада. Гэта і пра класнае бізнэс-рашэнне і адпаведнасць часу, і пра тое, што можна абсалютна спакойна спалучаць на ніжніх паверхах пампезныя класічныя выступы і на верхніх начны клуб з якой-небудзь лацінаамерыканскай музыкай.
Я разумела, што не ва ўсіх ёсць такая магчымасць – паехаць у Штаты і распавесці пра беларускую музыку канкрэтна гэтым людзям, якія працуюць у музычнай індустрыі. І, рыхтуючыся да паездкі, крыху перажывала, ці правільны гэта выбар з боку амерыканскай амбасады. Ці змагу я выканаць гэтую велізарную місію, што я сабе прыдумала?
Высветлілася, што ў Амерыцы выдатна ведаюць, куды ісці па досвед лацінаамерыканскай музыкі, афрыканскай, афраамерыканскай, нават еўрапейскай і азіяцкай. Але славянская культура і славянская музыка – гэта для іх рэальна экзотыка. Адчуць сябе экзотыкай было хвалююча, але прыкольна, таму што я няблага зразумела, як глядзець на нашу гісторыю і культуру збоку. І гэта не пра нейкія стэрэатыпы кшталту «нас лічаць маленькай краінай», а пра тое, як шчыра зацікаўленым людзям расказаць усё ў сціслыя тэрміны і зацікавіць, каб яны паглядзелі яшчэ, і папярэдзіць, што яны хутка яшчэ шмат разоў пра гэта пачуюць.
У Варшаве я спяваю ў хоры Spievy z-pad mosta. І калі ў Канзас Сіці ўдзельнікі і ўдзельніцы праграмы ладзілі вялікі канцэрт, дзе мы выконвалі сваю музыку, то на першай рэпетыцыі я выканала беларускі спеў «Страла». І рабятам так спадабалася, што з кожнай нашай рэпетыцыяй усё новыя людзі прапаноўвалі мне навучыць іх, каб яны далучыліся да майго выступу. Ім вельмі спадабаліся беларускія песні, іх сэнс і сімвалізм, яны знайшлі шмат новага, але таксама шмат агульнага з іх народнай музыкай (асабліва афрыканскай). У выніку ў Канзас Сіці беларускі спеў спявала я, на бэках – Мэндзі з Кітая, Йінка з Нігерыі і Дон з Нікарагуа, электронных нот дадаў Самані з Судана, а на фано граў Кенэт з Уганды.
«Славянская культура і славянская музыка – гэта рэальна экзотыка»
Размаўляючы з людзьмі з іншых краін, трэба поўнасцю выкінуць з галавы стэрэатыпы, якія ёсць як аб сваёй краіне, так і аб краіне тых людзей. Бо стэрэатыпы вельмі замінаюць. Я ехала і думала: вось зараз мне скажуць, што ў мяне маленькая краіна, а я ім: «Гэта самая вялікая краіна Еўропы без выхаду да мора!» Але ў выніку, калі ты пачынаеш размаўляць пра нешта важнае, і чалавек вельмі перажывальна адказвае: «Ну я чуў, што гэта невялікая краіна недзе ў тым кірунку…» І я разумею, што калі я адкажу «У сэнсе "невялікая"?», то яны спалохаюцца, што мяне пакрыўдзілі, а яны не хочуць мяне пакрыўдзіць. Яны не гавораць, што мая краіна невялікая, таму што няважная. Яны таксама з невялікай краіны, якая меншая за маю ў тры разы. Трэба проста размаўляць шчыра. І калі ты кажаш, што ёсць такі стэрэатып, і я праз яго сумую, яны такія: «Так, я разумею, у мяне таксама ёсць такі стэрэатып пра краіну». Усё, канэкт усталяваны.
І многія краіны перажываюць вельмі падобны досвед. Канешне, са сваімі ўмоўнасцямі. Але раней мне здавалася, што я такая самотная ў гэтым свеце, у мяне такія праблемы, якія немагчыма перажыць. А потым я сустракаюся з вельмі класным чуваком з Нікарагуа ці дзяўчынай з Кітая – яны распавядаюць аб сваіх праблемах, і я разумею, што яны мяне могуць зразумець, няма ніякай прорвы, і я не самотная. Думала, туды прыедуць людзі з гэтых Еўроп, дзе ўсё крута, музычная індустрыя працуе, грошы ёсць, – але ва ўсіх свае складанасці.
Як прасунуць беларускую музыку ва ўсе тэлефоны
– У «КЛІК» мы імкнёмся, каб беларуская музыка гучала з кожнага праса. Каб людзі атрымлівалі асалоду ад гэтай музыкі, і яна была даступная. Сама музыка класная, матэрыялу прыгожага шмат. Напрыклад, вельмі крутая выйшла іпішка «Зубранятка» і кліп у Леры Koob і SW@DA, і мне вельмі сумна, што там не мільярды праслухоўванняў ды праглядаў, бо гэта вельмі якасны праект як з музычнага пункту гледжання, так і з візуальнага. Вельмі раю зацаніць.
Пытанне – у наладжванні працэсаў і выбудоўванні індустрыі. Зразумела, што мы зараз музычную індустрыю з нуля не пабудуем, але мы хаця б спрабуем гэта зрабіць. І зрабіць беларускую музыку дасяжнай. Вельмі шмат артыстак і артыстаў выпускаюць крутую музыку на якім-небудзь Bandcamp, але, на жаль, аўдыторыі складана яе знайсці. Вось мы імкнёмся збудаваць масток.
Агулам проста хочацца папулярызаваць беларускую культуру і для сябе, і для іншых. Мы з рабятамі зараз робім відэапрадакшн, і тут рыхтык такое ж жаданне, толькі ўжо праз відэа. Проста браць і рабіць класны кантэнт. Каб беларускія праекты – музыка, відэа, што заўгодна – былі ў кожным тэлефоне.
«КЛІК» з музычнымі навінамі ў тэлеграме
Платформа «КЛІК», дзе можна паслухаць беларускія рэлізы
Фота прадастаўленыя гераіней матэрыялу