«Грошай я ў руках не трымаў год». Мастак Кірыл Дзёмчаў – пра працу ў шведскім тэатры
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 27.05.2019
- 6119
26-гадовы мастак Кірыл Дзёмчаў, якога ты, хутчэй за ўсё, памятаеш па перформансе «135 часов» на выставе «Имена», нядаўна вярнуўся са шведскай вёскі, дзе працаваў у тэатры Albatross афарміцелем. Цэлы год Кірыл не трымаў у руках грошай. І не ведаў пры гэтым ніякіх клопатаў. Чытай аповед ад першай асобы пра розніцу паміж краінамі, іх жыхарамі і пра стаўленне да людзей мастацтва.
– Я – мастак. Проста мастак. Вучыўся ў дзіцячай мастацкай студыі, мастацкай школе (гэта быў ГУЛАГ нейкі), потым у каледжы, а пасля паступіў у ВДУ імя Машэрава. І зусім нядаўна, недавучыўшыся ўсяго адзін год, забраў дакументы з універсітэта. У суме 19 гадоў вучобы.
Год таму я жыў і вучыўся ў Віцебску, тут жа дагэтуль знаходзіцца мая пастаянная экспазіцыя ў ART PRASTORA (Талстога_7). Аднойчы прыехалі госці са шведскага Тэатра Albatross, убачылі мае працы, зацікавіліся. Праз нейкі час яны прапанавалі мне прыехаць у Швецыю.
Праз галерэю некалькі гадоў таму мяне знайшла і менская куратарка Антаніна Сцебур. Яна прапанавала мне ўдзельнічаць у арт-праекце «Имена».
135 гадзін у ложку на фоне правакацый і слёз
– Гэты перформанс прысвечаны людзям, якія не могуць самастойна перасоўвацца і якім вялікую частку часу прыходзіцца ляжаць. Я прыкаваў сябе да ложка і ляжаў 135 гадзін, па 9 гадзін кожны дзень.
Першыя два дні я ляжаў у памперсе. Надзеў на ўсялякі выпадак. Было нязручна, таму замест гэтага вырашыў трымаць рэжым: менш есці і піць, каб увечары, ужо пасля перформансу, хадзіць у туалет.
Была ідэя не размаўляць з людзьмі, проста ляжаць. Тут звярнуліся хлопцы-вазочнікі: «Гэй, братка! Як што?» – а я на сур'ёзцы. Жанчына падышла, абняла, спрабуе загаварыць са мной. А я маўчу. Яна: «Чаго ты?» Немагчыма не казаць. Я столькі размаўляў! Камунікацыі было больш, чым у маім рэальным жыцці.
Людзі спрабавалі са мной узаемадзейнічаць рознымі спосабамі, да правакацый таксама даходзіла. «Чо ляжыш? Можа, табе цёлку прывесці?» – спытаў нейкі хлопец. Пазней ён прывёў дзяўчыну. А я ўжо адшпіліўся ад ложка, устаў. Ён паглядзеў і проста прайшоў міма – зрабіў выгляд, што нічога не казаў і не бачыць мяне.
«"Чо ляжыш? Можа, табе цёлку прывесці?"– спытаў нейкі хлопец. Пазней ён прывёў дзяўчыну»
На выставу прыходзіла шмат людзей, у некаторых была рэакцыя непадрыхтаваных. Хтосьці плакаў: жанчына з Украіны, у якой сын прыкаваны да вазка, не змагла стрымаць слёз і абдымала мяне. Было шмат моцных момантаў.
Пасля гэтага перформансу сталі пазнаваць ва ўніверсітэце і нават паставілі залік аўтаматам: выкладчык сказаў, што бачыў маю працу і яна яму вельмі спадабалася. Крыху іншы погляд на мяне з'явіўся: творчае асяроддзе зразумела, што гэта ўсё не жарты, а то раней стаўленне такое было – ну, занадта малады…
Пасля выставы ў мяне эмацыйны спад быў. Я вырашыў з універсітэта сыходзіць, а тут шанец: запрашаюць у Швецыю. Узяў акадэмічны адпачынак і паехаў на год.
«Калі займаешся мастацтвам у Швецыі і ў цябе ёсць ідэя, то табе дапамогуць яе ўвасобіць»
Швецыя прымае «неандэртальца»
– Я прыехаў у Стакгольм. У аэрапорце мяне сустрэла жанчына з доўгімі валасамі, сталая. «Ты Кірыл?» – «Так, Кірыл». А далей што? Англійскай мовы я толкам не ведаю. Ну як. Ведаю yes, good, wow, nice. Мой стыль – neanderthal-англійская.
Мы ідзем. Яна мне паказвае горад. Пагулялі, прыязджаем у дом, дзе мяне ўжо чакаюць. А там, чорт, як у фільмах: свечкі, віно, такая тэма. Мы выпіваем, глядзім у акно, неяк размаўляем. Гэта значыцца, яны штосьці распавядаюць, а я махаю галавой.
Са Стакгольма мяне адвезлі ў Атран, у тэатр Albatross. З гэтага моманту я год працаваў мастаком-афарміцелем. Рыхтаваў дэкарацыі да пастаноўкі аб Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі. За працу мне не плацілі. Ды і я быў не супраць, таму што прыехаў туды не дзеля заробку, а каб займацца мастацтвам. Грошай я ў руках не трымаў цэлы год. Жыллё мне далі, ежа заўсёды была, кудысьці паехаць – падвязуць. Я напляваў на кар'еру і грошы – проста жыў.
У Швецыю мяне запрасілі Роберт, дырэктар тэатра, і яго жонка Аса, арганізатарка пастановак. Яна спакойны чалавек, але вось Роберт... У яго столькі энергіі, нягледзячы на тое што яму 70 гадоў. Сядзіць, друкуе, а потым пабяжыць і ў белых штанах на каленках падлогу чысціць. Можа талерку аблізваць у рэстаране. Пытаецца: «Цябе гэта напружвае? Проста Асу гэта вельмі напружвае». Або ідзем па вуліцы, а там валацуга просіць грошай. Роберт яму пакідае дробязь і чэсць аддае. Ён ва ўсім такі.
Калісьці ён выкупіў будынак былой школы, зрабіў тэатр з дзвюма пляцоўкамі і асобны блок, дзе цяпер жывуць акцёры, музыкі і госці тыпу мяне. Усе мы жылі пад адным дахам, кожны ў сваім пакоі, у вялікай хаце каля лесу. Каб трапіць у саму вёску – Атран, – я праязджаў уздоўж лесу і поля на ровары, гэта 10-15 хвілін. А ў цэнтры вёскі ўжо варушняк: людзей шмат і крамы ёсць.
Новы побыт: Дастаеўскі, танцы пад Высоцкага, медытацыя
– Мужчын і жанчын у нашым доме было прыкладна пароўну. Але я асабліва не меў зносінаў з імі. Я не з тых, хто імкнецца завесці знаёмствы. Толькі са Свэнам – такі стары хіпі, сядзеў, цыгарэткі курыў. Ён па-руску крыху разумеў, і мы часцяком абмяркоўвалі рускую літаратуру. Бібліятэка рускамоўных кніг у яго была што трэба. Калі я быў не заняты працай, то ладзіў сабе літаратурную высылку – браў кнігі ў Свэна: Крапоткіна, Дастаеўскага, Евангелле міксаваў з Ніцшэ.
Мне нядаўна тэлефанавалі, сказалі, што Свэн памёр. Вельмі круты быў мужык. У доме толькі мы са Свэнам жылі на пастаянцы. Астатнія прыязджалі, каб папрацаваць, і назад – дадому.
«Мне далі жыллё, ежа заўсёды была, кудысьці паехаць – падвязуць. Я напляваў на кар'еру і грошы – проста жыў»
Гэты тэатр – асаблівае месца. Калі толькі прыехаў, адразу трапіў на канцэрт бразільскай музыкі, і там усе танцавалі. Трэба сказаць, што танцы для тутэйшых пастаяльцаў – гэта абавязкова. Дзень пачынаўся менавіта з танцаў, пад розную музыку, нават пад Высоцкага. Потым мы медытавалі, трымаліся за рукі, распавядалі, што бачылі падчас медытацыі. Займаліся гімнастыкай, ёгай.
Пасля гэтага ўсе браліся за свае справы. Дапусцім, Роберт рэпетаваў, а я альбо займаўся сваім мастацтвам, альбо дапамагаў рабіць пастаноўкі, альбо проста гуляў па лесе, плаваў. Я любіў легчы ў поле, гадзіны дзве ляжаць на гэтай прыгожай траве, назіраць за коньмі. Часта з лесу выбягалі зайцы або казулі. Там як у казцы: прырода прыгожая, дамы прыемныя і людзі простыя – не трэба выпінацца.
«У нас з вёскамі асацыяцыя якая? Бабулі ў хустках і дзядулі на лаўцы. А там пажылая жанчына скача ў кабрыялет да свайго дзядулі, а з салона музыка на ўсю валіць»
Пра мясцовых і пра сэкс
– Атран – вёска. У нас з вёскамі асацыяцыя якая? Бабулі ў хустках і дзядулі на лаўцы. А там я быў сведкам такой сітуацыі: пажылая жанчына скача ў кабрыялет да свайго дзядулі, а з салона музыка на ўсю валіць. Вось такія рабяты. І пажылых у Атране не болей, чым маладых. Большасць мясцовых, з якімі я пазнаёміўся, працуюць кіроўцамі, шмат мяснікоў, нямала мастакоў – розныя людзі.
Я заўважыў, што шведам не трэба парыцца пра тое, што паесці сёння. Самы просты рабацяга мае дом, дзе свечкі на падваконніках, каля парога ў яго газонакасілачка, і ўсё так ладна зроблена. Для іх грошы – гэта не праблема, яны ёсць і ёсць. А ў нас трэба пастарацца іх здабыць. Наш рабочы ходзіць на працу, каб потым заплаціць за кватэру і купіць сабе штосьці. Такая вось шараціна. Шведам іх становішча дазваляе быць пазітыўнымі і пасля працоўнага дня не думаць пра тое, як хутчэй дабрацца дадому, паесці чаго і легчы спаць.
Яшчэ да пераезду, у Беларусі, скончыліся мае апошнія стасункі. Я ехаў у Швецыю як манах, але атрымалася так, што сэкс у мяне там быў. Мінімальна. Я мог бы знайсці сабе дзяўчыну і застацца, але мне гэта нецікава. Так, мы класна размаўлялі на любыя тэмы, было добра, але праблема ў тым, што складана накіраваць каханне на аднаго чалавека. Гэта не кажа аб тым, што ў мяне не можа быць стасункаў. Проста тыя прыклады, якія я бачу, – ад іх тхне мяшчанствам, рабаўладальніцтвам, а я лічу, што ў стасунках людзі павінны дапамагаць адно аднаму.
Як прайшлі гастролі
– Я хутка зрабіў дэкарацыі, і мы ўсе паехалі ў мікрааўтобусе на гастролі па Швецыі і ў Расію, у Смаленск. Перад выступам я дапамагаў расстаўляць дэкарацыі і, калі нешта пашкоджвалася, рэстаўраваў.
Усе ролі выконваў Роберт. Гэта быў монаспектакль-фантазія: што было б, калі пасля Леніна да ўлады прыйшоў Троцкі? А яшчэ Роберта цікавіла тэма Лютаўскай рэвалюцыі, калі рускія мастакі і паэты паверылі ў перамены – Малевіч, Татлін, Лісіцкі, Маякоўскі. Іх вера дапамагла стварыць шмат новага ў мастацтве, а Роберта прыцягвае ўсё новае, рэвалюцыйнае.
На сцэне – шэрая тканіна з рэвалюцыйнымі лозунгамі таго часу, рэпрадукцыі Малевіча, чарапы на каруселі, якая калісьці стаяла ў псіхіятрычным шпіталі ў Італіі – яе паставілі пад вуглом, і чарапы на ёй пастаянна круціліся.
«Наш рабочы ходзіць на працу, каб потым заплаціць за кватэру і купіць сабе штосьці. Такая вось шараціна»
Калі мы паказвалі пастаноўку ў смаленскім тэатры, на тварах гледачоў чыталася: «Што гэта за адстой?» – але ніхто не сыходзіў. Былі нават тыя, каму спадабалася. На апошні дзень, адыграўшы пастаноўку, мы пайшлі ў бар, раніцай загрузілі дэкарацыі ў мікрык і з'ехалі.
У Швецыі мы гралі не ў тэатрах, а ў арт-прасторах. Гледачы былі зацікаўленыя: квіткі практычна ўсе раскуплялі, залы былі запоўненыя. Так мы ездзілі з трупай, пакуль мая віза не скончылася. І я вярнуўся ў Беларусь.
«Калі мы паказвалі пастаноўку ў смаленскім тэатры, на тварах гледачоў чыталася: “Што гэта за адстой?" – але ніхто не сыходзіў»
Пра беларускі агарод з пустазеллем
– Калі я вярнуўся – увесь час сустракаўся з сябрамі і гаварыў, гаварыў. Праўда, уся наша тусоўка рассыпаецца: многія ствараюць сем'і, а я так, на крэсле сяджу.
Вось ужо месяц прайшоў, і я разумею, што калі займаешся мастацтвам там, у Швецыі, і ў цябе ёсць ідэя, то табе дапамогуць яе ўвасобіць, калі ты творчая асоба, табе дапамогуць раскрыцца. У нас наадварот. І гэта не толькі розніца паміж краінамі, але і паміж нашымі гарадамі. Для той жа выставы «Имён», якая праходзіла ў Менску, у Віцебску трэба было б доўга дамаўляцца, і, магчыма, ніхто б так і не пагадзіўся на такую тэму. Што казаць, тут на ўніверсітэцкім праглядзе некалькі гадоў таму мая скульптура ў выглядзе фаласа нарабіла шмат шуму.
Калі я прыносіў свае працы, каб удзельнічаць у супольнай выставе ў Віцебску, мне адмаўлялі з такім пасылам: студэнт, ідзі вучыся, што ты лезеш сюды? А бывала такое, што працы бралі на выставу, але потым прыбіралі. Я на такое не рэагую. Ёсць ранімыя асобы, якім пару разоў скажуць, што іх працы – адстой, і яны наогул перастануць займацца мастацтвам. Я не такі.
Нягледзячы на ўсе гэтыя нюансы, для мяне без розніцы, дзе я знаходжуся. У Швецыі жыў бы шыкоўна: не думаў пра тое, што паесці, папіць, – прысвячаў бы час мастацтву і самаадукацыі. Але я захацеў вярнуцца сюды. Тут неаранае поле. Многія з'язджаюць туды, дзе глеба гатовая. А тут жа – цэлы агарод з пустазеллем: бяры і рабі.
Фота: Аляксандра Ткачова, архіў Тэатра Albatross.