Дзмітрый Чоўган і яго новыя Paragraph'ы

На Кальварийской, 5, в Минске появилась свежая вывеска «Paragraph Coffee»: в столицу заходит сеть кофеен, которую знают-любят в Бресте и области. Мы встретились с одним из ее основателей, 41-летним Дмитрием Човганом, чтобы спросить о новых кофейнях, а также о том, как вести бизнес в стрессовые времена, и о том, почему с этим никак не завязать.

 

Дзмітрый Чоўган і Канстанцін Дземідовіч запусцілі Paragraph у 2014 годзе. Першая кавярня адкрылася на тусовачнай Савецкай вуліцы. Пазней з'явіліся новыя лакацыі, сетка выйшла ў Пінск, Кобрын. Улетку Paragraph з'явіўся ў берасцейскім «спальніку». І вось-вось з’явіцца ў Менску: на станцыях метро «Фрунзенская» і «Плошча Перамогі» (а таксама недзе яшчэ). Усе прывыклі, што сталіца ідзе ў рэгіёны, але каб наадварот? 34mag зафіксаваў дзёрзкую змену вектара.

 

 

Як перажылі пандэмію

– З чаго для вас пачалася пандэмія COVID-19?

– За дзесяць дзён мы страцілі каля 80% абароту. Тэрмінова сабралі каманду і пачалі думаць, што можам зрабіць. Перш за ўсё паставілі такую мэту: мы не павінны звольніць аніводнага чалавека. Усе нашы дзеянні былі падпарадкаваныя гэтай мэце, і да сваёй радасці магу сказаць, што ніводнага чалавека мы не звольнілі.

– Але заробкі прыйшлося зрэзаць?

– Мы зрэзалі гадзіны працы і, як вынік, заробак. Гадзіны зрэзалі з дзвюх прычын. Першая – аб'ектыўная: я не бачыў аб’ектаў грамадхарча, якія жывуць з добрай фінансавай падушкай. Другая прычына – клопат пра бяспеку: каб знізіць рызыку заражэння супрацоўнікаў, мы зрабілі так, каб у змену на адным месцы знаходзіўся адзін чалавек. Выключэннем стала адна кавярня, дзе досыць вялікі паток людзей, – там часам выходзілі двое.

– Нейкія новыя фарматы спрабавалі?

– Дастаўка ў нашай сферы не працуе: ніхто не будзе чакаць эспрэса паўгадзіны, калі ён памрэ праз хвіліну. Што тычыцца маркетынгавых рэчаў, то ў сферы грамадскага харчавання свядомы бізнэсмэн сутыкнуўся з канфліктам двух «запаветаў»: з аднаго боку, ты разумееш, што бізнэс тоне і трэба яго ратаваць, з другога – ты не можаш прыцягваць больш людзей туды, дзе яны, магчыма, заразяцца. Таму Paragraph проста працаваў у штатным рэжыме.

«Менск – вельмі цікавы горад з пункту гледжання бізнэсу, але да яго трэба падрыхтавацца»

– Як павялі сябе арэндадаўцы?

– Усе пайшлі насустрач. Хтосьці больш, хтосьці менш. З кімсьці лёгка было дамовіцца, з кімсьці складаней. Але ўсе яны пайшлі на саступкі, і мы вельмі ўдзячныя ім за гэта.

– Калі адчулі, што ўсё вяртаецца на кругі свае?

– Станоўчыя тэндэнцыі прыйшліся на пачатак ліпеня. Я не ўпэўнены, што прычына ў спадзе захворвання. Думаю, людзі проста стаміліся маральна. Але дзякуй Богу, што стомленасць супала з нейкім зніжэннем, інакш мы б убачылі новы пік. Цяпер усё стабілізуецца.

 

 

«Калі кліент не мае рацыі, мне хопіць смеласці сказаць яму пра гэта»

Экспансія ў цэнтр

– І ў гэтай няпростай сітуацыі вы ўсё ж заходзіце ў Менск.

– Мы даўно вядзём рамонт. Калі б не COVID, то, магчыма, ужо б адкрыліся. Амаль усё гатова.

– Раней у інтэрв'ю вы казалі, што Менск – гэта too much.

– Мы першапачаткова планавалі адкрыць 50 кавярняў па рэспубліцы. Пытанне было толькі ў тым, калі. Натуральна, Менск – вельмі цікавы горад з пункту гледжання бізнэсу, але да яго трэба падрыхтавацца. Таму першыя пасля Берасця кавярні мы адкрывалі ў Кобрыне і Пінску – гэта бліжэйшыя гарады з адэкватнай колькасцю людзей і сучаснай публікай. Цяпер, калі ўсе працэсы працы з іншымі гарадамі адладжаныя і мы ведаем, як рэагаваць на збоі, мы выходзім у сталіцу.

– Чым будзеце чапляць менскага кавамана?

– На гэтае пытанне адкажуць хутчэй менчукі, якія бывалі ў Paragraph. Мне вельмі прыемна, калі пішуць: «калі едзеш у Берасце, то Paragraph – must visit».

Paragraph цікавы ў першую чаргу атмасферай. Для нас вельмі важна, каб гэта было не проста месца, дзе можна заліцца порцыяй кафеіну. Хай людзі прыйшлі на тры гадзіны, хай яны ўзялі адну каву, хай нават не ўзялі – не праблема. У нас быў дзядуля, які года паўтара-два хадзіў кожны дзень проста пасядзець у інтэрнэце з тэлефона, і ён ні слова папроку не пачуў – да таго часу, пакуль не абмацюкаў нашых гасцей. Тады я падышоў да яго асабіста і папрасіў больш не прыходзіць. Гэта называецца «звольніць кліента».

– Часта даводзіцца «звальняць кліента»?

– Не. Але я не прыхільнік ідэі «кліент заўсёды мае рацыю». Калі кліент не мае рацыі, мне хопіць смеласці сказаць яму пра гэта. Дарэчы, слова «кліент» мы ў сябе не выкарыстоўваем. Толькі «госць».

– У чым прынцыповая розніца?

– Розніца ў тым, што да вас дадому кліенты не прыходзяць, а госці прыходзяць. І калі барыста абслугоўвае чалавека, ён яго павінен абслугоўваць так, як быццам той прыйшоў да яго дадому. Я не сустракаў людзей, якія хамілі б гасцям у сябе дома.

– Многія хочуць стаць «трэцім месцам», а ў Paragraph атрымалася. Чаму?

– Анёл хаваецца ў дробязях. Напрыклад, у «трэцім месцы» разетка для зарадкі тэлефона ніколі не будзе пад столлю [у кавярні, дзе мы гутарым, разетка якраз у такой «дасяжнасці». – заўв. 34mag]. Мы наогул стараемся, каб кожны столік, калі гэта магчыма, быў абсталяваны разеткамі. У адну кавярню нават закупілі USB-разеткі, але ў далейшым ад гэтай ідэі адмовіліся, таму што такая разетка нармальнага зараду не дае.

Іншы прыклад: размаўляю па тэлефоне з таварышам, ён якраз заходзіць да мяне ў кавярню, заказвае каву на вынас, і раптам на выхадзе кубак падае ў яго з рук. Я кажу: «Падыдзі да барыста і дай ёй трубачку». Але яшчэ да таго, як ён дайшоў да барнай зоны і перадаў тэлефон, барыста ўжо набрала яму кубак такой жа кавы. Вось такія рэчы і робяць з кавярні «трэцяе месца» – месца, дзе цябе разумеюць і дзе ніхто не паглядзіць на цябе коса, калі ты праліў каву.

 

 

«Думаю, менчукі ацэняць нашы дэсерты»

– Але гэта здаецца не занадта бізнэсовым: прыходзіць чалавек, да яго прыходзяць сябры, яны тры гадзіны сядзяць з адной кавай, хтосьці пралівае каву і атрымлівае новую.

– Не праблема. Потым гэты чалавек прыйдзе і скажа: «Хачу правесці ў вас вяселле». Гэта ж вышэйшы камплімент – вяселле ў кавярні, безалкагольным месцы, дзе няма абедаў. А ў нас такое бывала.

– Як даўно пачалася праца над тым, каб адкрыцца ў Менску?

– Год таму. Усё пачалося з месца. Нам прапанавалі пляцоўку на Кальварыйскай. Мы прыязджалі, глядзелі, спрачаліся. Нягледзячы на тое што я Менск ведаю вельмі добра, я ўсё ж не да канца адчуваю тутэйшыя вуліцы. Калі ў Берасці вы мне назавяце месца, я адразу скажу, будзе там кавярня або не. У Менску даводзіцца раіцца з моладдзю, улічваць фактар блізкасці метро, універсітэтаў. Але ў Менску нам ужо лягчэй, таму што нас крыху ведаюць.

– А лакацыя на Перамогі адкуль узялася?

– Я ехаў міма, убачыў аб'яву, патэлефанаваў. У пачатку чэрвеня мы падпісаліся і пачалі рамонт. Ёсць яшчэ адно месца, але пакуль пра яго не скажу, таму што дамова яшчэ не падпісаная [пакуль артыкул ішоў «у друк», дамову падпісалі: лакацыя – на Карла Маркса. – заўв. 34].

– У менскіх кавярнях застанецца нешта ад берасцейскага Paragraph?

– Душа! Будзе цікавы дызайн ад берасцейскага дызайнера Ігара Канючка, які працаваў над усімі нашымі кавярнямі. Будзе цікавая мэбля і свяцільні, у выбары якіх я прымаў самы непасрэдны ўдзел.

Кава – наша стандартная. Думаю, менчукі ацэняць дэсерты. У нас свой кандытарскі цэх, дзе мы робім дэсерты з таго, што любы чалавек можа знайсці ў краме, гэта значыць усё максімальна натуральна, без кансервантаў. З-за гэтага вельмі маленькія тэрміны прыдатнасці, але раз мы хочам, каб наш дэсерт быў такім, мы павінны на гэта ісці. Спецыяльна набылі мікрааўтобус з халадзільнай устаноўкай, каб вазіць дэсерты ў Менск. Яны заўсёды будуць свежымі. Плюс у нас будзе магчымасць замаўляць торты.

 

 

Пра асабістыя дасягненні

– Ёсць адчуванне, што вы паспяховы чалавек?

– Калі б мяне спыталі пра гэта да 2012 года, калі я валодаў швейнай фірмай, дзе працавалі сто чалавек, я б дакладна сказаў: так, я паспяховы. Але ў 2012-м з-за крызісу і праз свае памылкі я страціў бізнэс, і наступствы банкруцтва разграбаю да гэтага часу. Цяпер не магу сказаць, што я паспяховы, а можа быць, і не хачу так мовіць. У Бібліі напісана: Бог ганарлівым пярэчыць, а пакорным дае ласку.

– Якое дасягненне ў жыцці лічыце найбольшым?

– Адназначна сям'я. Гэта дасягненне насуперак майму характару – першапачаткова я не быў добрым сем'янінам, але мы з жонкай прайшлі доўгі шлях будаўніцтва такой сям'і, якую мы хочам.

– Свежы пост у Facebook – пра паездку з дачкой у Еўропу. Дзе былі?

– Ездзіў па працы. Дачка жыве ў Варшаве, прапанаваў паехаць разам. Я не вельмі шмат часу праводжу дома. Таму стараюся максімальна браць з сабой дзяцей – на рыбалку, на гандбольныя матчы, у паездкі. Нават калі яны проста спяць у машыне – ужо прыемна.

«Вышэйшы камплімент – вяселле ў кавярні, безалкагольным месцы, дзе няма абедаў»

– Старэйшым бізнэс-жылка перадалася?

– Дачка скончыла SGH [Szkoła Główna Handlowa. – заўв. 34] у Варшаве па менеджменце, і ёй гэта вельмі падабаецца. Калі мы ехалі ў машыне і размаўлялі, яна зрабіла шэраг прапаноў, як удасканаліць працу ў нашым офісе. Сын працуе ў нас у кавярні як барыста. Мне б хацелася, каб аднойчы ён атрымаў у спадчыну мой бізнэс, але гэта яго выбар і ён павінен прыняць рашэнне сам.

Я бачыў шмат людзей, якія выбралі прафесію пад бацькоўскім ціскам. Прыходзіць дзяўчынка на сумоўе, кажа, што скончыла юрыдычны тэхнікум, зразумела, што гэта не яе, і хоча быць барыста. Пытаеш яе, ці хоча яна ва ўніверсітэт: «Так, паступаю на юрыста». – «Але чаму? Гэта ж не тваё». – «Ну трэба ж працягваць...» Гэта трагедыя сучаснага пакалення.

– Мне здавалася, гэта больш пра пакаленне за трыццаць.

– Не-не, паверце. У нас не так, як на Захадзе, дзе з ранняга ўзросту дзецям дапамагаюць вызначыцца. Калі хтосьці там працуе токарам, то ён, хутчэй за ўсё, марыў быць токарам. І мне здаецца, агульны ключ да шчасця чалавека ляжыць у дзвюх рэчах: гэта сям'я і адпаведнасць свайму пакліканню. Трэцяе для мяне – вера, але гэта ўжо маё асабістае, суб'ектыўнае.

 

 

«У нас ёсць вельмі таленавітыя людзі, якія могуць моцна паўплываць нават на сусветную кававую індустрыю»

Пра славалюбства

– Вы не славалюбівы чалавек?

– Думаю, кожны чалавек славалюбівы. Пытанне ў тым, падабаецца яму гэта ці не. Я лічу, што славалюбства перашкаджае развівацца. Незадаволенасць самім сабой – вось рухавік для развіцця. Гэта не такая незадаволенасць, калі ты проста ныеш «я ні фіга не дасягнуў у гэтым жыцці», а такое, калі ты незадаволены і выпраўляеш тое, чым незадаволены.

– Летась вы арганізавалі сабе чэлендж з пахуданнем. Скінулі больш за 50 кілаграм – вельмі крута. Пра гэта пісалі розныя СМІ. Цікава, чаму вы вырашылі вывесці гэтую гісторыю ў медыйнае поле.

– Я не планаваў, але чалавек, які распрацоўваў мне дыету, рабіў гэта бясплатна, і я паабяцаў папіярыць гэтую справу. Потым з'явілася спартзала, якая дала мне бясплатнага трэнера і бясплатны ўваход.

– Карацей, вы халяўшчык?

– Я халяўшчык, 100%. Мне гэта не каштавала літаральна нічога. Потым мы з жонкай палічылі, і да таго ж аказалася, што здаровае харчаванне танней за нездаровае.

– Начальнік, які худзее, – злы начальнік?

– Не. Жаданне схуднець было абсалютна натуральным, і я пастараўся атрымаць кайф ад гэтага. Заўсёды з захапленнем глядзеў на дзядулю, які ў 70 гадоў скокнуў з парашутам. Я хачу быць такім дзядулем, а для гэтага трэба нешта кардынальна вырашаць, а не сядзець на таблетках у 40 гадоў.

– У нас чамусьці рэстаратары часта становяцца настолькі медыйнымі, што ў іх просяць каментар з любой нагоды.

– Здаецца, у мяне ёсць тлумачэнне: рэстаранны бізнэс – гэта вельмі няпросты бізнэс, і ён звязаны не столькі з лічбамі, колькі з людзьмі, а людзі, якія здольныя кіраваць такім бізнэсам, – яны як мінімум рознабакова развітыя, яны манітораць сучаснае жыццё. З імі заўсёды цікава пагаварыць.

– Рэстаратар-мэр – добрая ідэя?

– Нядрэнная. Але я ўсё менш думаю пра значэнне асобы. Кіраваць сёння горадам, вобласцю, краінай лепш за ўсё можа той, хто можа сабраць каманду. Але наогул калі Шварцэнэгер стаў губернатарам Каліфорніі, то чаму рэстаратар не можа стаць мэрам Менска?

– Ці Зяленскі – прэзідэнтам Украіны.

– Пакуль занадта мала часу прайшло, але мне вельмі хочацца, каб «праект Зяленскі» скончыўся станоўча, перш за ўсё таму, што я на 50% украінец. Мой бацька родам з Івана-Франкоўска.

– Па частцы кававай культуры мы ўсё яшчэ адстаём ад Украіны?

– Так. Але калі браць краіны вакол, то мы ўпэўнены сярэднячок з вялікім патэнцыялам. У нас ёсць вельмі таленавітыя людзі, якія могуць моцна паўплываць нават на сусветную кававую індустрыю. Зараз Беларусі не хапае бізнэс-клімату. Калі бізнэс стане больш свабодным, то ён прыцягне больш творчых людзей, якія змогуць развіцца і складаць добрую канкурэнцыю.

– Ніколі не было жадання сысці ў нешта менш рызыкоўнае?

– Мне падабаецца бізнэс. І я вельмі люблю ўплываць на грамадства, хай нават на невялікую лакацыю вакол сябе.

– Наступны мэр Берасця?

– Не, дакладна не дзяржаўныя органы. 

У 2008 годзе ў мяне была вельмі цікавая паездка ў Кітай. Мяне агаломшваў размах усяго, што там адбываецца, і адзін з тамтэйшых прафесараў растлумачыў: кітайцы думаюць глабальна, а дзейнічаюць лакальна. Гэта значыць мараць пра нешта вялікае, але робяць тое, што ім пад сілу. Так адна сям'я будуе два метры Кітайскай сцяны, а ў выніку атрымліваецца збудаванне амаль на дзесяць тысяч кіламетраў.

Я разумею, што я не вялікі чалавек. У мяне ёсць, вобразна кажучы, 3000 знаёмых. 500 з іх мяне паважаюць, на 100 я магу ўплываць. Усё, я буду рабіць гэта.

Ідэя з Асацыяцыяй рэстаратараў – утопія?

– Заклік Вадзіма Пракоп'ева – гэта сяброўства супраць, такое сяброўства заўсёды адбываецца лягчэй, чым проста сяброўства. У рамках кароткатэрміновай перспектывы Асацыяцыя – гэта асацыяцыя дзеля асацыяцыі, але яе адназначна трэба рабіць і ў яе адназначна трэба ўступаць. Тут ёсць вялікі патэнцыял у рамках доўгатэрміновай перспектывы.

 

 

Што такое быць бізнэсмэнам

– Няма адчування, што беларусы ў цэлым выхаваныя ў духу «не высоўвайся, ты сам нічога не можаш»?

– Упэўнены, што не кожны чалавек можа стаць бізнэсоўцам. Але ёсць 5% людзей, якія будуць займацца бізнэсам заўсёды і ўсюды. Яны займаліся бізнэсам у Савецкім Саюзе (і сядзелі за гэта), яны будуць займацца бізнэсам у Паўночнай Карэі, і – тым больш – яны будуць займацца бізнэсам у Беларусі. Гэта іх пакліканне – па-іншаму яны не могуць. Калі Інгвара Кампрада, заснавальніка IKEA, спыталі, чаму ён не займаецца элітнай мэбляй, бо ў яго так класна атрымліваецца прадаваць танную, ён адказаў: «Я да гэтага не закліканы». Крута – рабіць тое, да чаго ты закліканы.

– Тры рысы бізнэсу, да якога вы закліканы.

– Прыгажосць. Шмат людзей. Этыка.

– Што такое этычны бізнэс?

– Свядомы. Некаторыя кажуць: «Мы не плацім падаткі, таму што не давяраем дзяржаве, сродкі пойдуць кудысьці не туды». Але гэта не твая справа. Твая адказнасць – плаціць падаткі, а куды яны пойдуць – гэта ўжо адказнасць людзей, якія іх размяркоўваюць. Думай глабальна, дзейнічай лакальна.

«Галоўная якасць бізнэсмэна – здольнасць “рызыкаваць сваёй шкурай”»

– Як чалавек, які вядзе бізнэс у краіне рызыкоўнага бізнэсу, дайце параду: як не баяцца?

– Чытаў даследаванне аб тым, што бізнэсовец заўсёды адчувае страх перад пачаткам новага праекта. І чым больш вопытны бізнэсмэн, тым больш страху ён адчувае. Страх ёсць заўсёды, але страх не павінен быць падставай для прыпынку. Галоўная якасць бізнэсмэна – здольнасць «рызыкаваць сваёй шкурай» (я нядаўна перачытваў Насіма Талеба). Гэта калі ідзеш, робіш, губляеш, банкрутуеш, у цябе нараджаецца новая ідэя, ты пачынаеш яе раскручваць, магчыма, зноў губляеш, а магчыма, чагосьці дасягаеш.

– Атрымліваецца, сэнс у адрэналіне?

– У Евангеллі сказана: дзе вашы грошы – там і сэрца ваша. Тут у адваротны бок: калі вы па-вар'яцку закаханыя ў нейкую ідэю, калі вы гатовыя паставіць на кон усё, то, хутчэй за ўсё, вы разаўяце гэтую ідэю так, што яна стрэліць. Бізнэсмэны – вар'яты, якія вераць у тое, чаго не існуе. Як будаўнік глядзіць на катлаван і бачыць дом, так бізнэсмэн глядзіць на ідэю і ўяўляе, як яна маштабуецца, як людзі ідуць на працу і прыносяць зарплату. Гэта вельмі крута.

 

Фота: 34mag.net