У Менску адзін раз пакажуць аскараносны фільм «Скура»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.09.2019
- 7280
20–22 верасня ў Менску ў чацвёрты раз пройдзе фестываль кароткаметражак Kinosmena. Сёлета яго варта наведаць як мінімум дзеля аскараноснага фільма і пісьменніка з Расіі, тэксты якога ў чытанні зорак кіно набіраюць мільёны праглядаў.
Галоўнае пра Kinosmena 2019 года
Пакажуць 28 фільмаў, якія адабралі з амаль 5000 стужак.
Цвік праграмы – уладальнік узнагароды Oscar Best Short Film 2019 фільм «Скура» Гая Нэціва і Джэймі Рэя Ньюмана з бліскучым акцёрскім складам. Карціну пакажуць у Менску толькі адзін раз.
Прыедуць рэжысёры з Расіі, Украіны, Германіі, Іспаніі.
А яшчэ прыедзе Аляксандр Цыпкін – пісьменнік, апавяданні якога выдаюць стотысячнымі накладамі, перакладаюць на англійскую і кітайскую, чытаюць са сцэны топавыя акцёры расійскага кіно. Таксама паводле тэкстаў Цыпкіна здымаюць добрыя фільмы. У Менску Аляксандр дасць майстар-клас і пакажа сваю «Эўтаназію».
Фільмы на фэсце растасаваныя па трох блоках. Можна паглядзець усе стужкі за два дні або проста прыйсці на цырымонію закрыцця і паказ фільмаў-пераможцаў. Беларускай праграмы сёлета няма.
Асобным блокам пракруцяць хорары. Страшна становіцца ўжо ад назваў: «Абрэзкавая дзяўчынка», «Пакладзі іх роўна», «Хутар», «Не сысці».
Галасаваць за лепшы фільм традыцыйна будуць і эксперты, і простыя гледачы (што прыемна).
Квіткі на паказы Kinosmena прадаюцца на сайце кінатэатраў Silver Screen.