Хто такі Макс Шчур?

Учора ў Менску вызначалі пераможцу прэміі Гедройца – галоўнай літаратурнай узнагароды Беларусі за лепшы празаічны тэкст. Гэтым разам € 5000 за першае месца атрымаў пісьменнік і перакладчык Макс Шчур, які ўжо амаль 20 гадоў жыве ў Празе. Ягоны раман «Завяршыць гештальт» быў надрукаваны ў выдавецтве «Крок» (Тэрнопаль, Украіна). Аляксандра Дорская на просьбу 34mag наведала афтэрпаці прэміі Гедройца і распытала беларускіх літаратараў пра тое, што яны ведаюць пра Макса Шчура.
 

 

 

 

 

  Андрэй Адамовіч, пісьменнік:

– Мы бухалі разам з Максам Шчуром у Празе, паб такі быў у цэнтры, недзе каля Влтавы. Я не запомніў яго ні ў твар, ні што ён распавядаў, толькі памятаю, што піў ён светлае.

 


  Павал Анціпаў, пісьменнік, арганізатар прэміі Гедройца:

– Мы некалі з сябрамі прыехалі ў Прагу, з раніцы прайшлі па пустынным Карлавым мосце, і першы адрас, па які мы прыйшлі, – гэта была кватэра Макса Шчура (ён перадаваў нам ключы, ну, гэта неістотна). Ён падаўся мне такім эмігрантам, які вельмі сумуе па Беларусі, дэманстраваў нам усю сваю творчасць, якую толькі мог. Граў на гітары, голасам Лукашэнкі спяваў рэпакі. У сваіх кніжках ён такі тыпу цынічны, а тут ён быў вельмі адкрыты і намагаўся спадабацца. Большасць часу я прасядзеў у фатэлі, чытаючы ў «Дзеяслове» нейкі ягоны аповед, думаючы: «Ну і гаўнішча ты напісаў, чувак». Перад тым ён удзельнічаў у Гедройцы, і я намагаўся чытаць ягоны раман, і мяне проста ванітавала. Нейкая метафізічная муць. Таму, калі зразумеў, што сёлета журы праяўляе да яго прыхільнасць, я з вялікім сумневам узяў ягоную кніжку і здзівіўся, як пісьменнік, які раней мне не падабаўся, цяпер напісаў класную кніжку, якую мне цікава чытаць.

 


  Ціхан Чарнякевіч, літаратурны крытык:

– Усё, што ведаю? Макс Шчур нарадзіўся ў Берасці, у самым цэнтры Палесся. Пісаў вершы па-руску, потым па-беларуску, чытаў усялякіх хармсаў-шмармсаў. Пачаў пісаць прозу. Потым стусаваўся з анархістамі, напісаў п’есу «Смерць тырана», анархісты яе паставілі, тут жа яго ўзялі камітэтчыкі, гэта быў недзе 1997 год. Яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, шылі яму справу. Ён у той жа дзень сеў у цягнік і з’ехаў у Прагу. І фактычна гэтыя дваццаць гадоў ён правёў у Празе як палітуцякач. Спачатку жыў у лагеры для ўцекачоў у такіх не вельмі вясёлых умовах. Але ўрэшце атрымаў статус, што не так проста зрабіць. Цяпер ён працуе над кнігамі перакладаў, паэзіі, прозы, эсэістыкі, крытыкі, перакладае фільмы і мульцікі. Піша таксама па-чэшску, тусіць з нейкімі сюррэалістамі, сварыцца там з усімі. Тут таксама з усімі сварыцца, але віртуальна. Кніг у яго выйшла цэлая куча, можа, штук сем – прычым у Менску мо ўсяго адна, астатнія ў Познані, у Стакгольме, у Празе, у Тэрнопалі. А яшчэ ён атрымаў прэмію (імя Янкі Юхнаўца – заўв. 34mag) за раман «Там, дзе нас няма», які не выйшаў, бо сайт ляснуўся і раман знік разам з ім. У мяне, праўда, ёсць тэкст, збіраюся зараз пачытаць.

 

 
 

  Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, старшыня Пэн-цэнтра:

– Макс Шчур – класны перакладчык паэзіі і прозы, цудоўны эсэіст левага толку. Кожны ягоны тэкст на мяжы сацыялогіі, эканомікі і літаратуры. Макс Шчур атрымлівае не першую літаратурную ўзнагароду – ён лаўрэат важнай эмігранцкай прэміі імя Янкі Юхнаўца за сваю першую празаічную кнігу. Макс Шчур – яскравая з’ява новай постберасцейскай мафіі (разам з Сяргеем Прылуцкім і Уладзімірам Глазавым яны робяць часопіс «Літраж»). Макс Шчур – годны фактар, які зрабіў Гедройца міжнародным з пункту гледжання выдаўцоў, бо ён аўтар кніжкі, выдадзенай ва Украіне. Нават калі б я лічыў ягоны раман кепскім, а я так не лічу, я б падтрымаў гэты праект, ужо толькі каб заахвоціць надалей выдаваць ва ўкраінскім Тэрнопалі беларусаў. Мне здаецца, украінцы таксама парадуюцца сёлетняй прэміі.

 

  Уладзь Лянкевіч, паэт:

– Я пра Шчура не ведаю ўвогуле нічога, але акурат цяпер чытаю ягоную кнігу, і яна мне падабаецца.

 


  Таня Скарынкіна, пісьменніца:

– Максу Шчуру падабаюцца мае вершы. Ён аднойчы напісаў мне ў «ЖЖ», што хоча надрукаваць іх у вельмі старым сюррэалістычным папяровым чэшскім часопісе. І ён пераклаў на чэшскую мову мае вершы і нават адзін сон пра чарэшневае мяса. І таму я радуюся, што яму далі прэмію, толькі ягоную кнігу я не чытала, таму не магу радавацца на сто адсоткаў.

 


  Павал Касцюкевіч, пісьменнік, працуе ў выдавецтве «Логвінаў»:

– Зараз прадэкламую, што Шчур пераклаў:
У нядзелю тупа
Мне балела дупа,
Гэта ўсё праз тое,
Што я піў спіртное.

Гэта быў такі чэшскі дысідэнт Эган Бонды, і мы цэлую таміну выдалі ягоных твораў у перакладзе Макса Шчура, пераклад быў, канешне, афігенскі. У нас выходзіла адна кніжка і самога Шчура, але прадавалася кепска, ну, мабыць, хто не тусуецца, той не прадаецца.

 

 

 

Фота by sputnik.by, svaboda.org
 

КАМЕНТАРЫ (4)

Vera
Vera | 18.10.2016 03:06

Чтобы понять что пишет Антипов нужно быть человеком и немного Чеховым.

0 0
Воўчык
Воўчык | 15.10.2016 16:30

Макс Шчур ачумела піша й перакладае, гэта факт. Мова ў яго вытанчаная, крысталічная. Віншую! Увогуле не разумею, якога ліха пра яго пытаюць такіх сысункоў як Анціпаў ці Адамовіч (для рэзкага слоўца?), знайшлі мне пісакаў. У Шчура, бляха, глыбіня. А гэным усё срацца ды над гаўном узвышацца.

3 4 -1
Лежик
Лежик | 14.10.2016 19:13

Так антипов же пишут спошной унылый кал как школьница. Хуле он рот открывает

3 6 -3
Gu Aleksasha | 13.10.2016 15:09

гэта топ!

10 0 +10