«Я жыла ў клёвым месцы»: Алена Пятровіч – пра сваю love-hate з Віцебскам

Лінгвістка і перакладчыца Алена Пятровіч выдала кнігу «Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска». Кніга не прэтэндуе на навуковае даследаванне, гэта персанальная гісторыя сталення ў горадзе Шагала. Места і яго людзі дадзеныя тут без прыкрас, не як турыстычная «жамчужына». Мы распыталі Алену, чаму яна вырашыла напісаць пра горад, у якім даўно не жыве, і чаму напісала менавіта так.

 

Найлепшы горад на свеце?

– Мяне неяк пазнаёмілі з чалавекам, які казаў: «Віцебск – найлепшы горад на свеце». Я так сказаць не магу. Віцебск – важны для мяне горад, але найлепшым на свеце яго не лічу.

У мяне не было задачы «прадаць Віцебск». Нам, міленіялам, усё хіханькі-хаханкі, мы намагаемся сур’ёзнае схаваць за жарцікамі. Гэтым я ў кнізе і займалася. Ёсць дзеячы мастацтва, якія кажуць: «Я раблю гэта для вас, чытачы, гледачы, слухачы». Веру, што хтосьці сапраўды робіць для кагосьці. Але я рабіла для сябе – каб мне самой прыкольна было чытаць. І я намагалася ўсё рабіць па часнаку.

Большую частку свядомага жыцця я жыла не ў Віцебску. 17 гадоў – Віцебск, 17 – Менск, далей – Варшава. І калі я, ужо дарослая, прыязджала ў Віцебск, многія рэчы мяне засмучалі. Ён стаў выглядаць як нейкі губернскі горад, куча сэканд-хэндаў, жудасная рэклама. Таму я не магу сур'ёзна гэта прадаваць і казаць, што ўсе вашыя Марсэлі перад Віцебскам адпачываюць. Не. У Віцебска свая атмасфера, але ёй не купіш тых, хто пабывалі ў Еўропах.

 

 

Клёвае месца

– Мае адносіны з Віцебскам – odi et amo, люблю і ненавіджу. Але дадам такое назіранне. Калі я прыехала вучыцца ва ўніверсітэт у Менск, то на патоку беларускага аддзялення філфака з Віцебска была я ды яшчэ адна дзяўчына. І калі нас дзесьці запытвалі, мы з гонарам казалі, што з Віцебска. А вось людзі з іншых месцаў казалі «прыехаўшы» ці называлі найбліжэйшы вялікі горад. Было адчуванне, што яны не хацелі пра гэта гаварыць. «Не важна, адкуль я». А я лічу, што важна, адкуль я, таму што гэта ў вялікай ступені паўплывала на тое, якой я стала.

 

«Я лічу, што важна, адкуль я, таму што гэта ў вялікай ступені паўплывала на тое, якой я стала»

 

У мае першыя дні ў Менску я неяк убачыла, як жанчына выбегла з крамы каля стадыёна «Дынама», зняла штаны і пачала сікаць проста на ганак. У яе яшчэ так кінематаграфічна рассыпаліся спагеці, якія яна толькі што купіла. І я падумала: «Ого, а вы тут яшчэ сцыцеся ад сваёй сталіцы…» Не кажу, што ў Віцебску ўсе такія культурныя і не сцуць на ганак, але ў мяне проста не было захаплення Менскам, як у маіх аднагрупнікаў. І я гэта спісвала на тое, што, раз я так не захапляюся, значыць, я сама жыла ў клёвым месцы.

 

 

Факты і выдумка

– Я пішу пра горад, якога больш няма, бо ў ім няма мяне. Толькі некаторыя моманты трапілі ў кнігу пазнейшыя, з тых часоў, калі я не жыла ў Віцебску: пра перафарбоўку Сіняга дома, пра помнікі Альгерду і Аляксандру Неўскаму. Астатняе – мае паўуспаміны ды паўфантазіі з дзяцінства. Напрыклад, ёсць раздзельчык пра тое, як разлілася рака і сямнаццаты аўтобус змяніў маршрут. Калі я гэта напісала, то падумала: трэба праверыць успамін. Пачала гугліць – нічога не знайшла. Можна было папрасіць маці схадзіць у бібліятэку, пашукаць у газетах, але я не памятала нават, у якім годзе тое было. І я падумала: раптам даведаюся, што гэта ўвогуле плён маёй фантазіі? І што? Выкідаць з кнігі мае любімыя гісторыі пра горад? Не, херушкі.

Калі я вучылася ва ўніверсітэце, я ўжо надта не заганялася пошукамі інфармацыі пра Віцебск. Але калі мне было 14–16, я чытала пра яго ўсё, што гарэла. Гэта быў перыяд звіхнутасці па Віцебску, і асноўныя веды пра горад у мяне – з таго часу.

 

«Калі мне было 14–16, я чытала пра Віцебск усё, што гарэла»

 

У кнізе я паўсюль раблю агаворку: як было ў маёй галаве – так я і напісала. Многія рэчы я не прачэквала, таму што ў мяне не было мэты напісаць навуковае даследаванне. Гэта «маё жыццё, мае дзевяностыя і мой гімн суб’ектыўнасці».

 

Ліхія

– 90-я – гэта «спасіба, што жывой». Памятаю, у Менску ў цягніку выпадкова сустрэла знаёмага па летніку. Мы ледзь пазналі адно аднаго. Я спрабавала ўспомніць людзей, з якімі мы тусілі разам, і тут ён кажа: «Гэты сядзіць. Нанёс трыццаць нажавых».

Я вырасла ў даволі цяплічных умовах і вучылася ў нармальнай школе, але куча людзей майго пакалення, якія са мной па жыцці перасякаліся, скончылі не зусім весела. Або не скончылі, але жывуць сумнеўнае жыццё, на якое я б не хацела памяняцца.

Але міленіяльскі досвед – гэта яшчэ і досвед ранняй самастойнасці, таму што многія бацькі вымушаны былі круціцца на некалькіх працах і пакідаць дзяцей адных дома. Мы рабілі, канешне, кучу ўсякага трэшу, але трошкі прывыкалі да самастойнасці ў прыняцці рашэнняў.

 

 

Савок

– Савок многае сапсаваў у іміджы горада. Канешне, і раней быў «рускі вайб», але калі б у ХХ стагоддзі ў нас быў час незалежнасці, гэта магло перамяніцца. Калі цяпер замежнікі хочуць мяне ўразіць, кажучы «здравствуй-привет», мне не кайфова. І ў тым, што за мяжой не ў курсе пра існаванне беларускай мовы, я вінавачу савок.

У кнізе я пішу, колькі архітэктуры было сапсавана за саветамі, і ўзгадваю, як дзіцёнкам накапала кніжкі, дзе ўбачыла, як было раней. У школьныя гады я нікуды далей за ўсходнюю Украіну не выязджала і ўсялякую еўрапейскую архітэктуру ўяўляла па казках Андэрсана ды ілюстрацыях з кніг. І вось, калі гадоў у чатырнаццаць я ўбачыла, што Віцебск некалі выглядаў гэтаксама, як я ўяўляла сабе «сапраўдную Еўропу», мне стала крыўдна.

 

 Каб як у Швейцарыі

– Што б магло стаць брэндам горада? Глабальна, каб далёка на хадзіць, я б пазіцыянавала Віцебск як горад культуры. Варта было б падсвяціць тры сферы. Першая, вядома, віцебская мастацкая школа. Не толькі Шагал. У кнізе ёсць кавалачак пра Лазара Хідэкеля. У яго крутое візіянерства, канцэпцыі пра гарады будучыні, але інфармацыі мала.

Другое – музыка. Можна было б перарабіць «Славянскі базар» у нейкі прыкольны фестываль у амфітэатры. Трэцяе – танцы. Я пра гэта не пісала, бо мяне яно цалкам абышло, але калі мне было гадоў дванаццаць, то ў Віцебску ладзіўся ледзь не першы ў СНД фестываль брэйкдансу, і там было крута. Ёсць за што зачапіцца.

Канешне, усімі рукамі і нагамі я за дэцэнтралізацыю. Мне не падабаецца сітуацыя, што людзі – і я сама сярод іх – з'язджаюць у Менск і ўсё з сабой, умоўна кажучы, звозяць. Не я вывозіла карціны Пэна, але было б справядліва іх вярнуць. Юдаль Пэн – віцебскі мастак, але ў Віцебску яго цяпер няма.

 

«Не я вывозіла карціны Пэна, але было б справядліва іх вярнуць. Юдаль Пэн – віцебскі мастак»

 

Дэцэнтралізацыя спрыяе турызму. Трыста кіламетраў паміж гарадамі, нармальны цягнік, які за гадзіну гэтыя трыста кіламетраў праязджае, і вось прыпёрла табе паглядзець Пэна – з'ездзі ў Віцебск, паглядзі.

У невялікай па плошчы Швейцарыі некалькі цэнтраў, дзе можна паглядзець мастацтва. Музей Ганса Рудольфа Гігера, які візуал «Чужога» рабіў, – у Груеры, недалёка ад Жэневы. У тым самым рэгіёне – музеі Чарлі Чапліна, музей-студыя Queen, але усе яны ў розных мястэчках. А яшчэ ёсць Базэль і Цюрых з вялікімі крутымі музеямі, і яшчэ няясна, які з іх круцейшы. Няма такога, што ты павінен у адзін нейкі горад з'ездзіць, як у Парыжы. У Францыі таксама мастацтва цэнтралізавана, таму ўсе французы Парыж і не любяць. Вядома, штосьці значнае ёсць у іншых гарадах, але ў Парыжы яго аж зашмат.

 

 

Водгукі на мапах

– Калі я пісала кнігу, мне было цікава, як адную і тую ж рэч успрымаюць іншыя людзі, і я звярталася да каментароў у інтэрнэце.

Мая дысертацыя была пра стаўленне да моў, і адзін раздзел базаваўся на аналізе каментароў, датычных беларускай мовы, рускай, трасянкі. Тады яшчэ існавалі форумы, і, чытаючы іх, я прышчапілася ад любых эмацыйных узрушэнняў. Але пасля ў мяне засталося гілці плэжа – чытаць каментары. Гэта сацыялогія, а сацыялогію я люблю.

З адным сябрам я актыўна ездзіла па Беларусі. Ён пра кожную цагліну мог нешта распавесці, ведаў усю гісторыю. Падчас адной з вандровак ён знайшоў на мапе невялічкі вадаспад: прыкольна, трэба паехаць паглядзець! І вось мы ўжо ідзём ад машыны на той вадаспад, а я чытаю каментары на Google мапах. Самы класны быў такі: «Ну, водопад, конечно, отстой, но шашлычки пожарить место норм». Шкада, што гэта не пра Віцебск, а то ўзяла б у кнігу эпіграфам.

 

Вобраз моцнай жанчыны

– У кнізе я пішу, што марыла стаць першай жанчынай-касманаўткай. Потым я марыла стаць перакладчыцай, але не такой, якая кніжкі перакладае, а такой, якая ездзіць па свеце. Цяпер я б марыла быць пісьменніцай, якая ездзіць па свеце і піша пра розныя краіны ў які-небудзь National Geographic. Але ўжо позна пра такое думаць.

Гераіня маіх тэкстаў заўсёды прамалінейная і не вельмі шукае эўфемізмы. Яна заўсёды была такой. Мне здаецца, што, як любы чалавек, я многае хаваю ў сабе, не кажу пра прыватныя рэчы, і таму дазваляю сабе быць шчырай там, дзе магу, – хоць бы ў стылі.

Што тычыцца іншых персанажак: да працы над «Сінім домам» я ніколі не чула пра Алену Агінскую, а яна была агонь-жанчына! Зразумела, куча міфаў, але яна, відавочна, не была пяшчотнай кветачкай, раз слава такая, што яна перамагала мужчын. У фільме Шахназарава «Кур’ер» была такая сцэна, дзе мужык распавядае пра сына: «І вось ён бярэ малако канцэнтраванае, і вось так смокча, смокча, а потым кажа: “А ты вось так можаш?” – і сціскае бляшанку». Уяўляю, як Алена Агінская сціскае бляшанку з глыбоцкай згушчонкай.

 

«Уяўляю, як Алена Агінская сціскае бляшанку з глыбоцкай згушчонкай»

 

 

Віцебск Алены Пятровіч

– Калі б трэба было паказаць чытачу мой Віцебск, я б павяла яго на мой мікрараёнчык, дзе я расла, тусавалася і лазіла па гаражах. Потым – на раку, дзе «Тры штыкі». У мой час там былі зарасці і можна было глядзець на раку ледзь не з лесу. Цяпер там нежывая ўзбярэжная, каменем закладзеная, але адтуль усё адно прыгожы від на розны Віцебск: і завадскі, і пафасны.

А трэцяе месца – заапарк, пра які я пісала. Схадзіць праверыць, ці застаўся там хоць адзін яшчэ не здохлы звер. І паказаць, што нельга рабіць з жывёламі і з горадам.

 

Фота: з архіва гераіні, 2005–2007 гг.