Карэн Мельян
- 21.10.2016
- 2956
Кожнае лета на працягу дзевяці гадоў Берасце паглынае музычная атмасфера фестывалю «Горад святла». Мы пагутрылі з адным з арганізатараў фэсту Карэнам Мельянам пра тое, як аб’яднаць артыстаў з некалькіх краін, падтрымаць маладых выканаўцаў і за некалькі гадоў пашырыць аўдыторыю да дзесяці тысяч.
Герой: Карэн Мельян, 27 гадоў. Займаецца вытворчасцю хлебабулачных вырабаў ва ўласнай пякарні, музыкант, грае на клавішных.
Чым займаецца: папулярызуе здаровы лад жыцця праз музыку.
Арыгінальная дата публікацыі – 21.10.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мяняўся герой і яго актывізм праз гады.
Як пачынаўся «Горад святла»?
– Усё пачалося ў 2009 годзе, калі мы з сябрамі стварылі музычны гурт Ushuaia і пачалі актыўна ездзіць па вялікіх музычных фестывалях Расіі, Украіны і Беларусі. Канцэпцыя тых фэстаў была завязана на тэме здаровага ладу жыцця. Але пасля канцэртаў мы часта бачылі, як тыя, хто нядаўна агітаваў са сцэны за здаровы лад жыцця, пасля распівалі алкаголь ды закідваліся наркотыкамі ў грымёрцы. Нас адолела вялікае жаданне зрабіць у нашым горадзе фестываль, на якім будзе захаваны прынцып «здаровай сцэны», каб на нашым мерапрыемстве артысты паказвалі на ўласным прыкладзе, што можна адрывацца класна, нічога не ўжываючы.
Задумалі мы ўсё гэта цэлай групай, але арганізацыяй заняліся я, Аляксей Высоцкі і Дзмітрый Кухарчук. Мы адправіліся ў гарвыканкам з ідэяй арганізаваць у Дзень моладзі канцэртную праграму з назвай «Горад святла». На нас паглядзелі з насцярожанасцю, але пасля ўсё-такі далі дазвол, за што дзякуем начальніцы аддзела па справах моладзі, якая паверыла ў поспех.
«Нас адолела вялікае жаданне зрабіць у нашым горадзе фестываль, на якім будзе захаваны прынцып “здаровай сцэны”»
Калі мы арганізавалі першы канцэрт, на ім прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, якім імпрэза прыйшлася даспадобы. Я дагэтуль не бачыў яшчэ, каб у брэсцкім парку збіралася такая колькасць людзей – каля трох тысяч. У наступным годзе нам зноў дазволілі правесці фестываль і прапанавалі ўжо плошчу Леніна, каб павялічыць памеры і аўдыторыю. І пасля гэтага да нас прыйшла ідэя зрабіць нешта буйнейшае – поўнамаштабны канцэрт да Дня горада.
«Некаторыя noname'ы могуць паказаць значна больш, чым знакамітыя артысты»
Наперад!
– Што тычыцца ўзаемадзеяння з мясцовай уладай, то нам далі ўсё, што мы прасілі. Ну, вядома, у межах таго, што можа сабе дазволіць гарвыканкам. Паслугі, абсталяванне, бюджэт – усё гэта мы атрымалі.
Вялікай складанасцю стаў выбар артыстаў. Ёсць выканаўцы, якія вельмі файна гучаць у запісе, у якіх моцныя кліпы, але калі яны выступаюць на open air'ы, не ствараецца належнага ўражання. Некаторыя noname'ы могуць паказаць значна больш, чым знакамітыя артысты.
Складана рушыць наперад у арганізацыйным плане, бо хочацца здзівіць публіку, а не таптацца на месцы. Гарвыканкам нам дае практычна ўсё, што мы просім, але трэба памятаць пра тое, што калі нам нешта даюць, то мы за гэта нясем адказнасць. Быць адказным няпроста. Аднак самая вялікая цяжкасць – ажыццявіць складзены план, бо прыдумаць можна шмат чаго, але…
Пра лайн-ап
– Першыя два гады мы ўзаемадзейнічалі з брэсцкімі творцамі: The Fraiz, танцавальнай студыя M.A.Y. і іншымі. Першым госцем, запрошаным з-за мяжы, быў Дэні Блэт (у яго цікавы поп-стайл). Затым да нас прыязджалі Octoberlight з Харватыі, Аляксандр Патліс са сваім гуртом, Jesse Campbell, пасля – LZ7 і Kutless.
Перамовы з замежнымі артыстамі вядуцца каля паўгода. У іх абавязкова ёсць райдар, але калі яны даведваюцца, што гэта сацыяльны праект, тады весці перамовы становіцца нашмат прасцей. Ім крыху складана зразумець, што ў нас усё робіцца на добраахвотных пачатках, таму што ў Штатах амаль усе падобныя ініцыятывы аплачваюцца – гэта расказалі артысты, якія працуюць у тых рэаліях. Калі мы запускаем іх у нашу рэальнасць, яны кажуць: «Ладна, хлопцы, згодныя» – ганарары падаюць ледзь не ў тры разы і райдар спрашчаецца.
«Я мару аб тым, каб аднойчы запрасіць U2. У іх, праўда, ганарар 1 млн даляраў»
Калі шчыра, успамінаючы першы «Горад», думаю: «Як мы маглі такую лажу рабіць?» Але, вядома, гэта была не лажа, гэта быў узровень, на якім мы знаходзіліся ў той момант. Ёсць людзі, якія з асуджэннем ставяцца да нашай ініцыятывы, але я рады, што ёсць тыя, хто гатовы чымсьці дапамагчы. Мы перакананыя ў тым, што наведванне якасных open air’аў суадносiцца з наведваннем балета. Такія мерапрыемствы фармуюць густ.
Я мару аб тым, каб аднойчы запрасіць U2. У іх, праўда, ганарар 1 млн даляраў. Я нават не ведаю, колькі булачак трэба прадаць.
Круцей – з кожным годам
На фэсце 2016 года арганізатары «Горада святла» ўпершыню праводзілі кастынг удзельнікаў, таму што папулярнасць праекту вырасла. У 2018-м на кастынг прыйшло ажно 80 заявак, з іх адабралі толькі адну – ад маскоўскай групы Miro https://vk.com/miro_group. Таксама на «Горадзе святла – 2018» выступілі Plum Bum, Naviband, Octoberlight ды нават экс-вакаліст Deep Purple Джо Лін Цёрнер.
Фестываль эвалюцыянуе. Простыя лічбы: на першым канцэрце прысутнічала каля трох тысяч чалавек; у 2018-м ён сабраў каля дзесяці тысяч. Калі цікава, як гэта было сёлета, чэкай фотарэпорт нашых калег з «Бинокля”».
«Успамінаючы першы “Горад”, думаю: “Як мы маглі такую лажу рабіць?”»
Рэзюмэ
– «Горад святла» – цалкам валанцёрскі праект, ніякай камерцыйнай скіраванасці ў ім няма. Многiя на працягу года нават эканомяць на булачках і снікерсах, каб у канцы года ўнесці сваю частку. Наогул я думаю, што важна аддаваць. Нам значна прыемней дарыць падарунак, чым прымаць. Наша каманда ад гэтага атрымлівае задавальненне.
«Горад святла» – гэта моладзевы фестываль. Яго мэта – аб'яднаць і выхаваць моладзь. Мы хочам паказаць прыклад. Тыя, хто на сцэне, маюць уплыў, таму мы хацелі б скiроўваць у добрым напрамку.
Тэкст by Вольга Кухарэнка
Фота by Раман Чмель