Юля Малькова

  • 04.05.2016
  • Аўтар: 34mag
  • 4899

Актывістка Юля Малькова пераехала з Украіны ў Беларусь улетку 2015 года і адразу ж запусціла ў Менску сацыяльны праект, якога ў нас яшчэ не было. ProWomen By – гэта супольнасць дзяўчат, якія хочуць распачаць свой бізнес. Як стартануць праект адной, без грошай і сяброў, і што такое сапраўдная дзявочая салідарнасць, расказвае Юля.

 

 Гераіня:  Юля Малькова, 32 гады, заснавальніца праектаў ProWomen By і Botanika, маркетолаг і брэнд-стратэг, спецыялістка па камунікацыях. Прыехала ў Беларусь з Украіны тры гады таму.

 Чым займаецца:  бясплатнымі адукацыйнымі мерапрыемствамі ды онлайн-часопісам для дзяўчат, якія хочуць пачаць свой бізнес.

Сайт  |   Facebook  |  VK

 

 

Гісторыя Юлі

– Калі я пераехала ў Беларусь, то зразумела, што не хачу больш працаваць у карпарацыі. Вырашыла адкрываць у Менску маленькі бізнес у сферы моды і прыгажосці: хацелася рабіць штосьці для дзяўчат. У той жа час я сутыкнулася з поўным непаразуменнем з боку людзей навокал, якія казалі, што адкрыць сваю справу ў Беларусі нерэальна і не трэба нават спрабаваць. Самае дзікунскае ў гэтым было тое, што казалі гэта людзі, якія працавалі ў бізнесе – але не ў сваім, а «на дзядзю». У той момант я падумала: «Божа мой, пэўна ж ёсць такія дзяўчаты, якія хочуць адкрыць свой бізнес, але не рашаюцца, бо не знаходзяць падтрымкі». І пачала прыдумляць праект, які мог бы аб’яднаць тых, хто хоча займацца прадпрымальніцтвам, але баіцца пачаць праз недахоп ведаў, навыкаў і кампетэнцыі. Так з’явілася ProWomen By.

 

Што такое ProWomen By?

– ProWomen By – гэта супольнасць дзяўчат, якія хочуць распачаць сваю справу, але не ведаюць, як гэта зрабіць. У праекту два раўназначныя кампаненты – онлайн і офлайн. Онлайн – гэта сайт ProWomen.by, а офлайн – рэгулярныя бясплатныя сустрэчы.

Наагул праект пачынаўся з Women Talk – бясплатных сустрэчаў з прафесіяналамі, на якія магла трапіць кожная. Фармат: жанчыны – жанчынам. Я хацела паказаць, колькі сярод дзяўчат ёсць паспяховых топ-менеджараў, уладальніц бізнесу. Экспертамі звычайна выступаюць тыя, у каго ёсць малы бізнес, ці прафесіяналы карпаратыўнага сегменту. Тэматыка розная: краўдфандынг, стварэнне фінансавага плану, праектны менеджмент, дызайн. Збіраюцца звычайна ад 25 да 100 чалавек. Ёсць нават спікеры, якія першыя заявілі пра сябе як эксперты на маім праекце, а пасля пачалі выступаць і на іншых пляцоўках. У нас жа шыкоўны асяродак – жаночы, камфортны, тут вельмі лёгка гаварыць, нават калі ў цябе зусім няма досведу.

 

 

«Дзяўчаты-бізнесоўцы сустракаюцца з вялікаю колькасцю стэрэатыпаў, напрыклад, калі мужчыны просяць пазваць “галоўнага” для падпісання кантракту»

 

Дзяўчаты ў бізнесе

– Чаму дзяўчатам патрэбная дапамога ў тым, каб зрабіць першы крок на шляху да свайго бізнесу? Жанчыны звычайна больш адказна ставяцца да пытання запуску свайго ўласнага праекту. Мы рэдка рызыкуем. Таму адважыцца на адкрыццё свайго бізнесу больш складана. Важна таксама памятаць пра двайную нагрузку. Як правіла, хатнія абавязкі ў сям’і не падзяляюцца. І, калі прымаеш рашэнне пра запуск сваёй справы, трэба ацаніць, ці дастаткова моцы цягнуць працу, хатнія справы і сям’ю.

Не магу сказаць, дрэнна гэта ці добра, але жанчын у бізнесе небагата.

Калі працаваць на кагосьці – гэта выбар самой дзяўчыны, калі ёй не цікавае прадпрымальніцтва, то ўсё ок. Але калі дзяўчына імкнецца да самарэалізацыі, арганізацыі сваёй справы, але сутыкаецца з пэўнымі бар’ерамі ды стэрэатыпамі, якія замінаюць ёй пачаць, – гэта праблема.

Калі глядзець глабальна, пытанне павелічэння ролі жанчын вельмі важнае. Толькі ўявіце: паводле статыстыкі McKinsey, 28 трыльёнаў долараў можна дадаць да глабальнага ВВП у 2025 годзе, калі жанчыны пачнуць адыгрываць такую ж ролю на рынку працы, як і мужчыны.

Дзяўчаты-бізнесоўцы кажуць, што сустракаюцца з вялікай колькасцю стэрэатыпаў. Напрыклад, калі мужчыны просяць жанчыну-бізнесоўца пазваць «галоўнага» для падпісання кантракту. Яны таксама гавораць пра тое, што ім неабходна суадносіцца з вобразам лідара, да якога прызвычаілася грамадства. Мамы таксама скардзяцца на адсутнасць добрай інфраструктуры для дзяцей (напрыклад, наяўнасць дзіцячых садкоў ці ясляў), каб яны маглі больш часу аддаваць працы.

На адным з беларускіх парталаў чытала гісторыі мамаў у дэкрэце. І вось адная з іх, PR-адмыслоўца расказала пра тое, што яна бярэ дзіця на перамовы. На што ў каментах да артыкулу мужчына напісаў, што не ўспрыняў бы сур’ёзна жанчыну як прафесіянала ў сваёй сферы, калі б яна прыехала на сустрэчу з дзіцём. Мне вельмі сумна такое чытаць.

Мы намагаемся павысіць бачнасць жанчын у медыя і публічнай сферы. Сярод многіх арганізатараў бізнес-мерапрыемстваў ёсць меркаванне, быццам сярод жанчын экспертаў няма. Між тым мы не адчуваем недахопу жанчын-спікераў, больш за тое – у нас ёсць ліст чакання з жадаючых выступіць. На сайце даступная форма намінацыі, праз якую можна намінаваць сябе або любую іншую экспертку. Мы таксама працуем з жанчынамі-аўтарамі, прапаноўваючы ім пляцоўку для публікацыі артыкулаў. У нас дзейнічае рэдакцыйны савет, які дапамагае дапрацаваць артыкул у выпадку неабходнасці. А раз у некалькі месяцаў мы праводзім бясплатныя варкшопы для аўтарак па тэхніцы і стылістыцы ліста.

 

 

«Не імкнуцца да ідэалу, засунуць глыбей перфекцыянізм, а запусціць тэставы прадукт, каб пабачыць водгук»

Цяжкасці

– Самая вялікая цяжкасць, з якою я сутыкалася, калі праект набіраў абароты, гэта негатыўная рэакцыя з боку мужчын. Вось да гэтага я не была падрыхтаваная, калі ацэньвала рызыкі. Маўляў, мой праект дыскрымінуе мужчын. Праект адкрыты, таму мужчыны прыходзілі, ды я не магла ім забараніць гэта рабіць. Хоць заўсёды імкнуся зарганізаваць відэазапіс, які можна потым паглядзець у інтэрнэце, і заклікаю пакінуць месца ў зале для дзяўчат. Дарэчы, я заўважыла, што, калі ў аўдыторыі няма мужчын, размова атрымліваецца больш давяральная. Напрыклад, закранаюцца тэмы мацярынства, адносінаў, сям’і, якія нікуды не дзяюцца, калі дзяўчаты пачынаюць займацца бізнесам.

Калі мяне абвінавачваюць у дыскрымінацыі, я магу адказаць толькі адно: жанчынам бізнес адкрыць больш складана. Ім трэба ведаць больш, каб рашыцца. Статыстыка Асацыяцыі арганізацый аптовага гандлю кажа, што сярод беларускіх бізнесоўцаў толькі 25 % дзяўчат, але адкуль узяліся гэтыя лічбы – сказаць цяжка.

Яшчэ адзін важны момант пра ProWomen By – з самага пачатку я вырашыла, што мерапрыемствы мусяць быць бясплатныя. Гэтым я таксама ў нейкай ступені загнала сябе ў пастку, але існуе перадузятасць, што бясплатнае не можа быць добрае. Тое, за што не трэба плаціць, гэта нешта бескаштоўнае. У сацыяльных сетках сустракаліся такія каменты: «Чаго ісці, гэта пэўна нейкі “Арыфлэйм”». Тым не менш, я не мяняю гэтай пазіцыі. Я ўпэўненая, што кожная дзяўчына мусіць мець доступ да ведаў, незалежна ад матэрыяльнага стану. І гэта пазіцыя абсалютна не знаходзіць водгуку: усе навокал упэўненыя, што ў некамерцыйнага праекту няма будучыні.

Мяне часта пытаюць: які профіт для цябе ў тым, што ты робіш, калі фінансавы бок адсутнічае? Я шмат разоў намагалася кінуць праект, але кожны раз мяне нешта спыняла: з’яўляўся спікер, якога я шукала, ці нехта прапаноўваў супрацу. Такія сітуацыі бадзёрылі, я брала сябе ў рукі ды працягвала працу.

Зараз мы адчуваем востры недахоп ва уласным памяшканні. Нашы мерапрыемствы вельмі запатрабаваныя, нам часта даводзіцца закрываць рэгістрацыю за суткі пасля анансавання, але нават нягледзячы на тое, што спікеры гатовыя выступаць часцей, нам складана знайсці прастору бясплатна.

 

 

Як стартануць?

– Калі ты праводзіш адукацыйныя мерапрыемствы ці запускаеш рэсурс для бізнесу, трэба максімум увагі надаваць кантэнту. Oкей, эстэтыка таксама важная: паркоўка, лакацыя, кава-паўзы на мерапрыемстве, юзабіліці ды адаптыўнасць сайту. Але, калі вы зафэйліце напаўненне, нічога з гэтага вас не выратуе. У найлепшым выпадку да вас болей не прыйдуць. У горшым – падзеляцца негатывам з сябрамі.

Для тых, хто пачынае праект, я раю ўсё добранька пралічыць. Не імкнуцца да ідэалу, засунуць глыбей перфекцыянізм, а запусціць тэставы прадукт, каб пабачыць водгук. Бо можна доўга дапільноўваць прадукт, а пасля наагул не выпусціць яго на рынак. Ці гэта хутчэй за цябе зробіць нехта іншы – у каго болей рэсурсаў. Яшчэ адная парада: заручыцца падтрымкай сяброў і знаёмых. Сацыяльны капітал для малога і мікрабізнесу можа быць важнейшы за фінансы.


 
Праз тры гады

 

– За тры гады існавання праекта мы так і не здолелі прыцягнуць фінансаванне з боку, але выйшлі на самаакупаемасць. Каб падтрымліваць праект, ладзім платныя івэнты, але бясплатныя застаюцца таксама. Гэта лекцыі Women Talk і варкшопы «За дело!». З усімі мерапрыемствамі можна азнаёміцца тут.

Усяго мы правялі больш за 50 івэнтаў для больш за 2000 чалавек. За гэты час мы двойчы з'ездзілі ў тур па абласных цэнтрах Беларусі з бясплатнымі мерапрыемствамі па запуску бізнесу.
 
У камандзе з'явіўся наёмны супрацоўнік, але я па-ранейшаму не магу казаць, што мы прапануем годныя заробкі. За 3 гады мая зарплата вырасла з 50 да 70 рублёў у месяц. Для свайго даходу мне давялося адкрыць другі камерцыйны праект Botanika. Адна з маіх мэтаў на будучыню – забяспечыць камандзе годную узнагароду за працу.

 

 

Дзень жаночага прадпрымальніцтва: цяпер і ў Беларусі
 
– У 2016 годзе я стала Амбасадорам Сусветнага дня жаночага прадпрымальніцтва, што дазволіла прывезці ў Беларусь гэтае свята. Яно праходзіць у лістападзе, адначасова ў 144 краінах, каб адзначыць дасягненні жанчын-прадпрымальнікаў і натхніць іншых на стварэнне сваёй справы.

У 2018-м свята пройдзе 16 лістапада. Мы ўпершыню вязем на гэтае мерапрыемства спікера з-за мяжы за свой кошт. Для нас гэта важная падзея, бо для некамерцыйнай арганізацыі гэта даволі незвычайна.


 
Як падтрымаць ProWomen By?

– Мы прыступілі да фарміравання апякунскага савета. Гэта людзі, якія падзяляюць нашы каштоўнасці і гатовыя дапамагаць праекту на пастаяннай аснове – фінансамі або сваёй экспертызай. У нас гэта яшчэ не так распаўсюджана, як у ЗША, дзе быць членам апякунскага савета некамерцыйнай арганізацыі вельмі прэстыжна. А самі НКА часта карыстаюцца гэтым, каб папячыцелі прадстаўлялі інтарэсы арганізацыі перад донарамі або кампаніямі, у якіх працуюць. Для нас гэта ў першую чаргу яшчэ адзін паказчык устойлівасці.

Таксама ў праекце ёсць опцыя «Падтрымаць нас», пералічыўшы нейкую суму ў праект. У першы год справы ішлі зусім дрэнна: нам удалося сабраць усяго $ 20 за год. У наступным годзе мы сабралі $ 200. Сёлета нам дакладна ўдалося павялічыць суму ў два разы, а ў лістападзе мы атрымалі рэкордную суму ахвяраванняў за месяц – 225 рублёў. Нашы падпісчыцы зараз атрымліваюць штомесячныя лісты-справаздачы, у якіх мы расказваем, што зрабілі за месяц, колькі прайшло мерапрыемстваў, наколькі госці засталіся задаволеныя кантэнтам і якую суму нам удалося сабраць. Гэта наш першы маленькі крок да публічнай справаздачнасці.