«Кантэкст»: «Мы не рэпетуем тое, што будзем граць і маляваць»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.09.2019
- 6668
20 верасня ў НЦСМ адкрываецца выстава «Кантэкст 1.0». Гэта будзе такое падвядзенне прамежкавых вынікаў праекта «Кантэкст», у межах якога мастачка Надзя Саяпіна і музыка Яўген Зыковіч (Electric Poets, The Glitchhh, Afrococoa) два гады робяць сумесныя імправізацыі ў цікавых лакайшэнах: Яўген грае, Надзя малюе. Напярэдадні івэнту 34 распытаў творчы дуэт, што адчуваеш, калі ствараеш арт проста тут і цяпер, яшчэ і на вачах у незнаёмцаў.
– Як усё ўвогуле пачалося?
Надзя: З 2016-га года – мо і крыху раней – я вяла праект «Музыка пэндзля», дзе адлюстроўвала жывую музыку – звычайна такім чынам суправаджаліся выступы музыкаў. Сярод груп, з якімі я працавала, былі праекты, дзе браў удзел Жэня. Так мы пазнаёміліся, я з імі памалявала, а потым у мяне была выстава ў «Кальяннай № 1», на адкрыцці якой мы вырашылі паспрабаваць сумесную працу, дзе не толькі жывапіс адлюстроўвае музыку, але музыка і жывапіс імправізуюць у кантэксце адно аднаго.
Яўген: Для мяне праект пачаўся з Надзінай прапановы музычна аформіць яе выставу і доўгіх размоў пра тое, як бессэнсоўна выглядаюць усе гэтыя дзеянні з мастакамі, якія малююць пад музыку гуртоў, і гуртоў, якія граюць на фоне мастакоў. Мы казалі пра тое, што калі і рабіць нешта падобнае, то вельмі важны дыялог двух бакоў – чулае разуменне таго, што робіць твой «суразмоўца», і лагічны адказ з твайго боку.
Надзя: Пасля таго як адбыўся перформанс, мы зразумелі, што ёсць сэнс папрацаваць з лакацыямі. Таму што калі гэта жывы дыялог, то лагічна, што ў залежнасці ад месца ён будзе мяняцца.
– Як мяняўся фармат live-сесій ад першай да апошняй?
Яўген: Першапачаткова нам было цікава працаваць больш паміж сабой – шукаць унутрымастацкі дыялог, падбіраць гукі і танальнасці пад колер фарбы, манеру вядзення рыскі. Калі гэты момант стаў для нас зразумелы, мы пачалі больш праводзіць дыялог менавіта з месцам.
Надзя: З цягам часу ты, з аднаго боку, напрацоўваеш разуменне і адчуванне адно аднаго. З іншага – у цябе ўзнікае цікавасць эксперыментаваць: калі ў новым перформансе, можа быць, і няма ўзаемадзеяння з месцам, але ёсць нейкая новая форма ўзаемадзеяння паміж сабою.
– А як вы выбіраеце лакацыі? І дзе не сталі б працаваць нават за грошы?
Надзя: Мы загадзя спланавалі спіс, у які ўваходзілі месцы, куды пастаянна прыходзяць людзі, – напрыклад, бар; і месцы тыпу завода – гэта гісторыя не зусім пра нас, але пра нашых бацькоў, мы разумеем гэтую эстэтыку, плюс вялікая частка арт-устаноў цяпер ствараецца на плошчах гэтых заводаў.
Яўген: Цікавяць месцы ў першую чаргу са сваёй гісторыяй, і не важна, будуць гэта нейкія маштабныя будынкі, як завод «Луч» дзесьці на ўскраіне Менска. Магчыма, я б адмовіўся ад лакацый, пустых у плане ўнутранага ўспрымання, нейкіх новых устаноў, хоць увогуле можна расказаць амаль пра любое месца.
Надзя: Складана выступіць, калі няма кантэксту месца. Калі нас паклікалі на Ю-festival, выніковая лакацыя аказалася на вуліцы ў «Ок16». Жэня на сцэне, а я на падлозе перад сцэнай… Тут табе складана казаць пра лакацыю, калі яе, па сутнасці, няма. І ўсё ператвараецца проста ў нейкае шоу.
– Як вы рыхтуецеся?
Надзя: Мы не рэпетуем тое, што будзем граць і маляваць. Але ў нас былі моманты падрыхтоўкі: мы збіраліся і рэпетавалі, прадстаўляючы нейкае месца, – выключна для таго, каб адчуць адно аднаго.
Да апошняга перформансу «Белы куб» падчас Ночы музеяў спатрэбілася адмысловая падрыхтоўка, паколькі ён быў складаней тэхнічна. Да аб'екта, на якім я малявала, былі падлучаныя п'езадатчыкі, што перадавалі гук Жэню. З гэтым трэба было працаваць папярэдне, расставіць пункты, што і за чым будзе прытрымлівацца.
– Цікава, што вы адчуваеце падчас сесій.
Яўген: Здзіўленне ад таго, наколькі шмат усяго ў кожным месцы вакол нас, чаго мы не заўважаем. І захапленне, калі атрымліваецца ўбачыць і зразумець, наколькі змяняецца месца вакол цябе і што яно спрабуе табе расказаць.
Надзя: Я адчуваю, як раблюся рэтранслятарам музыкі ў жывапісе. Часта гэта такая канцэнтрацыя і дынаміка, што я не паспяваю думаць нават пра тое, пра што б хацелася. Так, калі музыка бяжыць, у мяне няма магчымасці прапусціць гэты фрагмент, падбіраючы пэўны колер, – важней перадаць дынаміку руху, чым яго каляровую афарбоўку.
Калі мы працуем, я сыходжу ў нейкі рэгуляваны транс, а пасля перформансаў пэўны час прыходжу ў сябе і не магу нармальна гаварыць з людзьмі.
– Жывапіс цягнецца за музыкай або музыка за жывапісам?
Надзя: І жывапіс ідзе за музыкай, і музыка ідзе за жывапісам, але ўсё разам ідзе за нашымі суб'ектыўнымі адчуваннямі ад канкрэтнага месца. Тон для мяне задае Жэня, а далей ідзе дыялог, дзе я разумею, што мы гаворым адначасова.
– Які фідбэк атрымлівалі ад гледачоў? Ці падзяляюць яны вашы эмоцыі? Ці не бывае ім нудна, бо яны ж не ўзаемадзейнічаюць з фарбамі і інструментамі?
Надзя: Фідбэк радуе і здзіўляе. Некалькі разоў я чула фразу накшталт: «Звычайна мне незразумелыя любыя перформансы, але тут ты рэальна паглыбляешся ў працэс і пачынаеш яго адчуваць».
Падчас перформансу час расцягваецца: нам здаецца, што прайшло каля паўгадзіны, а мы працавалі 10-20 хвілін. А калі табе здаецца, што адбываецца нешта аднастайнае, ты вымушаны нешта мяняць: рухі, форму. Як у размове: ты не можаш казаць пра адно і тое ж аднолькавымі фразамі, тэма павінна трошачкі рухацца.
Яўген: Для гледача гэта свайго роду медытацыя. Ён слухае нас, слухае, што спрабуе сказаць месца, і часам можа ўлавіць моманты, якія не заўважаем мы самі.
– Раскажыце пра адчуванні ад самага ўдалага сэту. Дзе і як гэта было?
Яўген: Не скажу, што лічу нейкі сэт, вось гэты, проста супер, а ўсе астатнія на яго фоне так сабе. Але калі выбіраць найбольш упадабаны, гэта будзе вечарынка ад #KeepMinskWeird у Музеі Азгура, прысвечаная Іену Кёрцісу. Люблю яе за атмасферу, гэта мой настрой на сто адсоткаў.
Надзя: Тут мы сыходзімся. Вельмі добры сэт атрымаўся. Ён шмат у чым адпавядаў таму, што Жэня робіць у музыцы і што мне цікава ў жывапісе. Адчуванняў дадавала і тое, што гэта такая інтэрвенцыя: над табой навісаюць савецкія скульптуры, гучыць заходняя музыка, у музеі адбываецца вечарынка – усё гэта вельмі пра постмадэрнізм. І мы не былі часткай вечарынкі ў кутку, мы былі на авансцэне, дзе вакол нас збіраліся людзі. Гэта было ўражліва.
– А які сэт даўся цяжка?
Яўген: Было складана пачаць сэт у «Чайной комнате».
Надзя: Той выступ быў падзелены на дзве часткі, дзе былі дзве жывапісныя работы і два музычныя фрагменты. Першая частка прайшла больш-менш удала, а другая ішла цяжка, таму што пра прастору ўжо ўсё было сказана і трэба было ў чымсьці высмоктваць з пальца. Мне падабалася, што ідзе пошук музыкі. З пункту гледжання жывапісу гэта цікава. Але я разумела, што для Жэні гэтае перабіранне было цяжкім.
– Чаго чакаць ад «Кантэксту» ў бліжэйшы час?
Яўген: Добрае пытанне…
Надзя: З аднаго боку, гэта падвешанае пытанне. Любыя планы перабудоўваюцца і мяняюцца. Наша задача зараз – прэзентаваць тое, што мы зрабілі за гэтую пару гадоў. У рамках выставы будзе івэнт, на якім мы пакажам перформанс «Чорны пакой». Гэта другі перформанс з новага цыклу, звязанага не зусім з лакацыяй, хутчэй, тут лакацыя падладжаная пад ідэю.
З іншага боку, у плане лакацыі нам цікава папрацаваць з культурнай спадчынай, і, магчыма, будзе створаны асобны праект на тэму закінутых культурных будынкаў.
Выстава «Кантэкст 1.0» адкрываецца ў НЦСМ 20 верасня. Перформанс «Чорны пакой» адбудзецца 22-га. Сачыць за навінамі мерапрыемства зручней за ўсё на Facebook.
Фота: Даша Лабанава, Лена Катушка
Відэа: Андрэй Мамай + doctape media