Змест: яскравыя кнігі і добрыя навіны белліту
- 23.08.2025
- 79
Пры падтрымцы the krama распачынаем серыю аглядаў варушняку ў беларускай літаратуры і вакол яе. Падсвечваем арыгінальныя і перакладныя кнігі, расказваем пра яскравыя ініцыятывы, публікуем анонсы калялітаратурных падзей, шэрым свежыя падкасты пра кніжкі. Не намагаемся ахапіць усё. Намагаемся дапамагчы сустрэчы з кнігай па сэрцы, каб прыадчыніць сусветы, у якіх можна класна прабавіць час ці пашукаць адказы на свае пытанні. Два летнія месяцы прынеслі шмат радаснага – ты толькі паглядзі!
Арыгінальная беларуская літаратура: містыка, псіхадэл, вершы, аўтаэтнаграфія
«Дом» Горвата і Горватаў
Трэцяя кніга Андрэя Горвата яшчэ да тыпаграфіі стала бестсэлерам, а ўжо выйшла некалькімі тыражамі і атрымала купу пазітыўных водгукаў. Чытачы асобна адзначаюць якасць друку і візуальнае афармленне, за аснову якога аўтар, дарэчы, узяў дызайн старой французскай кніжкі з парыжскага сметніка. У «Доме» Горват спалучае гісторыю нараўлянскага палаца са сваёй асабістай гісторыяй, міксуе факты і ўяўленне, старыя і сучасныя фатаграфіі.
Дзве містычныя гісторыі з Беларусі
Трэнд на містыку трымаецца, і для яе аматараў з’явілася добрая нагода раскашэліцца. Пад адной вокладкай томіка «Паспець да цемры» змясціліся дзве аповесці знаных беларускіх аўтарак, якія схаваліся пад псеўданімамі Паўліна Кот і Тафіля Багач. Знаўцы белліту могуць праверыць сваю інтуіцыю і абазнанасць у стылі сучасных літаратарак. А мы дадамо толькі, што месца дзеяння першай гісторыі – Менск, другой – беларуская правінцыя.
Лірыка пра Менск
У музыкі, аўтара песень і паэта Мікіты Найдзёнава выйшаў зборнік «Праспект Нежалезнасці» – вершы пра бесклапотны Менск, каханне, творчыя пошукі і «спрадвечныя праблемы “асобы тонкай душэўнай арганізацыі”». У якасці тызеру дужа раім пачытаць вершы Мікіты на сайце TAUBIN.
Веснік Таццяны Заміроўскай з пекла рытэйлу
З 2019 па 2021 год журналістка і пісьменніца Таццяна Заміроўская працавала ў люксавым буціку свечак у Нью-Ёрку, а каб было не так сумна, занатоўвала свае назіранні за пакупнікамі, супрацоўнікамі і жыхарамі раёна Маленькая Італія ў тэлеграм-блог. Блог «Свечи Апокалипсиса» хутка набраў аўдыторыю ў 10 тысяч падпісчыкаў, а гэтым летам гісторыі пра тое, як людзі ломяцца ў зачыненыя дзверы і напорыста нюхаюць усе свечкі, каб ніводнай не купіць, нарэшце сабраліся ў кніжку.
Нон-фікшан Віктара Марціновіча
Аўтар «Ночы» і «Мовы» выдаў нон-фікшан па-англійску «Belarus in Autoethnographic Narratives The Art of Mercy Against Oblivion». У томіку «Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах» асабістыя гісторыі нашых землякоў пераплятаюцца з калектыўнымі. Сярод іншых у кнізе з’яўляецца і постаць прадзеда самога Віктара Марціновіча – Амяльяна, беларускага селяніна, які быў забіты нацыстамі за тое, што ратаваў яўрэя.
Першае грунтоўнае даследаванне славутага менскага некропаля
Адкрытая перадзамова на кнігу Юрыя Тамковіча і Паўла Каралёва «Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць». Аўтары звярнуліся да архіўных крыніц, перыёдыкі, успамінаў гараджан, каб у дэталях распавесці пра некропаль, дзе пахаваныя Янка Купала і Якуб Колас. Расповед суправаджаецца падрабязным візуалам.
Апавяданні Канстанціна Сцешыка
Індзі-выдавецтва «Лысы чэрап» выпускае яшчэ адну кнігу прозы Канстанціна Сцешыка, слыннага драматурга. «Грязнуля» заяўляецца як вычарпальна поўны зборнік апавяданняў аўтара – «ад ранніх эксперыментальных мініяцюр да паўнакроўнай позняй псіхадэліі».
+1 кніжная серыя
Добрая навіна для тых, хто любіць шыхтаваць кнігі на паліцах прыгожымі шэрагамі: з’явілася серыя дзіцячых кніг «Ветрачок». У ёй ужо выйшла вершаваная казка аўтара бэнгера-«Калыханкі» Генадзя Бураўкіна «Зай і яблынька» з ілюстрацыямі Валерыі Вілкінай, гісторыя Андрэя Налівы пра прыгоды Вожыка і сяброў «Адважныя вандроўнікі» з ілюстрацыямі Марыны Рудчык, «Падслуханая казка» Андрэя Федарэнкі, якая «развівае творчае мысленне і выхоўвае любоў да прыроды», з ілюстрацыямі Кацярыны Яфрэмавай.
А дарослым чытачам нагадаем таксама пра свежую серыю «Акно ў прозу», дзе перавыдаюць знакавыя творы 1990—2010-х.
+2 выдавецтвы
Адзін з новых гульцоў – нішавае выдавецтва для візуалаў: TAMAKA будзе выдаваць кнігі па выяўленчым мастацтве, фатаграфіі, дызайне і архітэктуры. Першынцам у партфелі TAMAKA стала першая персанальная кніга фотамастачкі Машы Святагор «Everybody Dance!» – яе можна замовіць па-беларуску або па-англійску.
Таксама праз выдавецтва можна набыць аўтарскія прынты «Пацалунак» і «Маладыя».
А ў Вільні тым часам запускаецца кніжная марка Surma, якая плануе выдаваць творы і прызёраў літаратурных прэмій, і дэбютантаў, а таксама перакладную літаратуру. Першай ластаўкай тут стала аповесць літоўскага пісьменніка Гінтараса Граяўскаса «Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі». Па сюжэце рыцар выпраўляецца ў шлях з мэтай забіць дракона, але, сустрэўшыся з ім, пачынае размаўляць. Граяўскас упершыню выходзіць па-беларуску, пераклад рабіла Сабіна Брыло.
Пераклады
З англійскай – «Таямнічы сад» Фрэнсіс Элізы Ходжсан Бёрнэт
У перакладзе Алены Пятровіч, з ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч у «Папуры» выйшла класічная дзіцячая кніжка англа-амерыканскай пісьменніцы Фрэнсіс Элізы Ходжсан Бёрнэт. «Таямнічы сад» («The Secret Garden») распавядае пра 10-гадовую Мэры, разбэшчаную і нелюбімую дачку заможных бацькоў, якая воляй лёсу застаецца адна і вымушана самастойна шукаць сваё прызначэнне. Упершыню тэкст быў выдадзены ў 1911 годзе, але і праз 100 гадоў «Таямнічы сад» стабільна ўваходзіць у топы найлепшых кніг для дзяцей. Нарэшце яго можна пачытаць і па-беларуску.
З рускай – «Гопнікі» Уладзіміра Казлова
Справа перакладаў беларускіх аўтараў на беларускую мову таксама не спыняецца. Чарговая пазіцыя – раман пісьменніка і рэжысёра Уладзіміра Казлова пра Магілёў сярэдзіны 90-х. Выдавец папярэджвае, што кнігу не варта браць у рукі чуллівым да брутальных сцэн. Астатнім – вэлкам на «антрапалагічны атракцыён», дзе задзейнічаныя «нармальныя пацаны і нефармалы, свой раён і чужы, хаза і хабза, дыскач і апорка, Гарбачоў і Рэйган, будзённае жыццё і раптоўная смерць».
Са славацкай – «Шаптухі» Алены Сабухавай
Раман «Šeptuchy» славацкай пісьменніцы і сцэнарысткі Алены Сабухавай выйшаў у 2019 годзе і атрымаў галоўную літаратурную прэмію Славаччыны ў галіне прозы – Anasoft litera. Даволі хутка гэты тэкст быў пераствораны па-беларуску Кацярынай Квалеўскай-Ахматавай і трапіў на беларускія палічкі не без прычыны: у «Шаптухах» аўтарка распавядае пра зусім не чужое беларусам Падляшша: «Пад крылом Белавежскай пушчы прытаіліся вёскі, жыхары якіх па-свойму глядзяць на вакольны свет, па-свойму памінаюць продкаў, захоўваючы і працягваючы адметныя традыцыі».
Калі шукаеш беларускія кнігі за мяжой – зазірні ў the krama. Яна працуе анлайн з дастаўкай па Еўразвязе. Разам з кнігамі можна прыдбаць файны магніт на лядоўню, настальгічныя паштоўкі, новенькую вокладку на пашпарт, цішотку ці яшчэ якія прыемныя рэчы.
У каталогу маюцца кнігі розных выдавецтваў для дзяцей і дарослых, сур’ёзная літаратура і чытво для адпачынку, фікшан і нон-фікшан, «Пан Тадэвуш» і смешны дэтэктыў Камілы Цень. Знойдзецца нешта і сабе, і на шчыры падарунак.
Аўдыякнігі
Гераічная класіка
На YouTube цяпер можна ўключыць «Абеліск» Васіля Быкава. «Ёсць тры важкія прычыны, каб паслухаць гэтую невялікую аповесць, – пішуць аўтары агучкі. – Па-першае, каб не згубіць веру ў сапраўдных настаўнікаў, якімі багатая наша зямля ва ўсе часы. Па-другое, каб яшчэ раз упэўніцца, што сапраўдны герой – не той, хто геройствуе, а той, хто застаецца сабой у самых кепскіх абставінах. Па-трэцяе, каб адчуць сябе часткай супольнасці добрых людзей, якія, нават гінучы, робяць свет лепшым».
Пра маладога Багдановіча
У аўдыяфармаце стала даступная аповесць «Паэт» Паліты Качатковай – колішняй супрацоўніцы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Менску. Тэкст напісаны ў 1996 годзе і прысвечаны часу навучання песняра ў гімназіі ў Яраслаўлі. Фактычнай базай сталі дакументы з музея, а таксама ўспаміны сяброў, братоў і бацькі аўтара «Слуцкіх ткачых».
E-book
Літаратурная казка пра кліматычную катастрофу
Зборнік апавяданняў «Самасейкі» Дамінікі Словік цяпер даступны і для кіндлаў ды смартфонаў. У свеце герояў «Самасеек» «няма дакладных правіл, а мяжа паміж светам людзей і прыродай становіцца ўсё больш размытай», чытача выбіваюць з зоны камфорту і запрашаюць паразважаць пра новыя выклікі. Апавяданні разнапланавыя, але іх яднае адчуванне абсурднасці навакольнай рэчаіснасці.
Падзеі
Экскурсія ў музеі-дачы Васіля Быкава
Менскі раён, 24 жніўня
Падрабязней
Куратака музея Ірына Князева запрашае на экскурсію па лецішчы народнага беларускага пісьменніка ў Ждановічах. У тамашняй экспазіцыі «кожны прадмет нагадвае пра тое, што калісьці тут кіпела жыццё, напоўненае любоўю і радасцю». Бонусам ідуць інтэлектуальныя размовы пра творчасць Быкава, а таксама сувеніры.
Спектакль «Шэпт»
Гданьск – 28 верасня, Варшава – 2 кастрычніка
Падрабязней
Пастаноўка па аднайменнай кнізе антраполага і фатографа Сяргея Лескеця, які дзесяць гадоў сустракаўся з людзьмі, якія захоўваюць беларускую традыцыю лекавання словамі. Сабраныя ім гісторыі шаптух спачатку перайшлі з аўдыя ў тэкст, а потым былі адаптаваныя для сцэны: містыцызм ды інтымнасць рытуалаў захаваныя, але асобная ўвага нададзеная стварэнню жывых персанажаў. Атрымаўся аповед не толькі пра шэпт, але і пра лёсы людзей.
Прызы
Лаўрэатам літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2024 год стаў паэт і перформер Віктар Жыбуль – за кнігу вершаў «Аранжавы».
Прэмію ўручаюць штогод, звычайна – за канкрэтную кнігу, толькі летась было зроблена выключэнне: Юрыя Станкевіча ўганаравалі пасмяротна за агульны ўклад у беларускую літаратуру. Атрымаць «Глінянага Вялеса» можна толькі аднойчы. Узнагарода сімвалічная, але якая: гэта стод апекуна мастацтва.
У доўгі спіс прэміі Ежы Гедройца сёлета ўвайшлі 19 кніг. Сярод намінантаў – «Самы цымус» Алеся Белага, «Гульні Цырцэі» Змітра Дзядзенкі, «Залатое зерне» Мечыслава Яна Супрона, «Стрыжэ і піша» Сяргея Календы.
Талака
«Маленькі прынц» «па-свойму»
У Польшчы збіраюць грошы на выданне хіта Антуана дэ Сэнт-Экзюперы пра тое, што «мы ў адказе за тых, каго прыручылі» на падляшскім дыялекце, ці, як кажуць мясцовыя, «па-свойму». Падляшская мікрамова пакрысе знікае, і пераклад папулярнага твора на яе – гэта спроба захаваць моўны феномен Падляшша ў фізічным аб’екце, які можна патрымаць у руках і перадаць нашчадкам.
Падкасты
Максім Хлябец грутноўна пагутарыў у «Natatnik» з літаратаркай Марыяй Мартысевіч пра паэзію, пераклады, беларускі рэп, паэтычныя слэмы і падлеткавую літаратуру. Кгіну Марыі Мартысевіч «Водападзел» можна набыць тут.
Сяргей Дубавец у чарговым выпуску сваіх «Літаратурных зацемак» падзяліўся ўражаннямі ад прачытання рамана Югасі Каляды «Перамена месцаў»: «Дзясятак першых старонак – і адарвацца ўжо немагчыма». Што праўда, то праўда.
Каб не застацца без ідэй, чым папоўніць хатнюю чытальню, падпісвайся на Instagram і Facebook the krama. На старонках крамы з адэкватнай рэгулярнасцю выходзяць пасты пра беларускія кнігі, а таксама з’яўляюцца ідэі падарункаў.