Як зладзіць івэнт «для ўсіх»?
- 07.12.2018
- 4826
Нярэдка ў анонсах мерапрыемстваў можна сустрэць фразу «Будзем рады ўсім!», а на паверку аказваецца, што камусьці тут не рады ані на грам. Калі ты ў курсе, што людзі – розныя, і хочаш, каб ад твайго івэнту атрымалі задавальненне, натхненне або карысць як мага больш чалавек, прымі да ведама гэтыя простыя рэкамендацыі.
1. Раскажы пра сваё мерапрыемства ў падрабязнасцях і пастарайся атрымаць максімум інфармацыі пра тых, хто мае намер яго наведаць.
У апісанні івэнту важна адказаць па максімуме на пытанні, якія могуць узнікнуць у наведвальнікаў і наведвальніц. Дзе пройдзе івэнт? На якім паверсе? Ёсць там паркоўка? Ці атрымаецца наведаць мерапрыемства на інвалідным вазку?
У форме рэгістрацыі важна прадугледзець пункт «Дадатковыя патрэбы»: тады ты падрыхтуешся да візіту, напрыклад, госця з сабакам-павадыром. Не забывай таксама пра тое, што дзяліць людзей на М І Ж – гэта каменны век, так што, калі ўжо пытаеш пра гэта, то не абысціся без радка, які дазволіць наведвальніку/наведвальніцы самому(-ой) пазначыць свой гендар (на крайні выпадак хоць бы пакінь варыянт «іншае»).
Добрая практыка – усталяваць правілы камунікацыі на мерапрыемстве, агучыць іх перад івэнтам і прасачыць за іх выкананнем падчас яго.
Калі плануецца эмацыйна складаны кантэнт, паведамі пра магчымыя трыгеры.
2. Выберы годную пляцоўку і падрыхтуй яе так, каб тут камфортна адчувалі сябе самыя розныя людзі.
Каб на тваё мерапрыемства мог трапіць чалавек у інвалідным вазку, трэба, каб на яго (яе) шляху не паўсталі прыступкі і парогі. Калі памяшканне не абсталяванае пандусам, можна ўзяць партатыўны пандус на пракат. Важна ацаніць усе дзвярныя праёмы: у сярэднім шырыня інваліднага вазка ўкладваецца ў паўметра, але бываюць варыянты складанейшыя. Туалет для людзей на вазку таксама патрэбны асаблівы, а туалетныя прыналежнасці павінны размяшчацца ў ім на адпаведным узроўні.
Асобны плюс – гендарна-нейтральныя прыбіральні. Павер, зусім не прышпільна чуць: «Малады чалавек, гэта жаночы!» – калі ты зусім не «малады чалавек». У выпадку, калі табе «дасталася» прастора з бінарным санвузлом, ты можаш лёгка з гэтым справіцца: дастаткова заляпіць «палавыя» таблічкі і заблакаваць пісуары.
Зарэзервуй месцы для людзей з дадатковымі патрэбамі: з парушэннямі слыху, зроку, нізкага росту, на вазку і гэтак далей.
Паклапаціся аб навігацыі. Калі будзеш рабіць указальнікі, аддай перавагу вялікім шрыфтам без засечак, высокакантрасным колерам, матавай паперы. Інфармацыйныя шыльды і раздатка павінны размяшчацца на такім узроўні, каб іх лёгка было ўспрымаць і браць у рукі ўсім.
3. Зрабі так, каб змест мерапрыемства адпавядаў чаканням гасцей, счытваўся максімальна поўна і без скажэнняў.
Прааналізуй склад спікераў. На жаль, бывае і так: збіраецца круглы стол на тэму абортаў, а за ім – выключна эксперты-мужчыны. Не трэба так. Важна даць голас прадстаўнікам(-цам) той групы, на якую мерапрыемства ў асноўным і арыентуецца.
Калі ты даеш нейкаму чалавеку голас (чытай: мікрафон), значыць, ты паважаеш вопыт гэтага чалавека. Зразумела, пункты гледжання могуць быць розныя, але сэксісцкія шпількі або жарты пра габрэяў не робяць гонару ніводнаму мерапрыемству. Сумняешся ў спікеры – не кліч яго.
Тое, што адлюстроўваецца на экране, павінна добра счытвацца з розных кутоў залы. Шрыфт прэзентацый мусіць быць чытэльным. Добра, калі спікер хоць бы сцісла агучвае тое, што паказвае: фатаграфіі, схемы, графікі.
Субцітры да відэаматэрыялу – гэта выдатна. Яны дапамагаюць і тым гледачам, хто слаба чуе, і ўсім, хто разявіў(-ла) рот і згубіў(-ла) нітку аповеду.
4. Прадумай усе нюансы: ад сустрэчы наведвальнікаў і наведвальніц да ўражання, якое пакіне твой івэнт, калі скончыцца.
Хэлперы спросцяць жыццё ўсім. Аднак важна, каб гэтыя людзі былі карэктныя і тактоўныя: сачылі за мовай, не казалі знарочыста гучна, не дакраналіся да людзей, калі ў гэтым няма рэальнай неабходнасці, прасілі дазволу на ўзаемадзеянне з жывёлай, разумелі, з аднаго боку, што некаторыя асаблівасці нябачныя, а з другога – што за відавочнымі асаблівасцямі трэба бачыць у першую чаргу чалавека.
Жорстка, калі з прапанаванай ежы немагчыма з'есці рашуча нічога. Паклапаціся аб тым, каб перакус быў разнастайным і ежа знайшлася для ўсіх: вегетарыянцаў, веганаў, людзей з непераноснасцю лактозы, тых, хто сілкуецца халяльнай або кашэрнай ежай.
Ежа павінна размяшчацца зручна для людзей на вазку і людзей невысокага росту. Калі прапануецца «шведскі стол» з самаабслугоўваннем, трэба, каб ля сталоў усё роўна быў хэлпер, інакш на тваім івэнце прыйдзецца нялёгка, напрыклад, чалавеку з мыліцамі.
Крута, калі ты даеш людзям альтэрнатыўныя крыніцы доступу да інфармацыі пасля мерапрыемства. Гэта могуць быць прэзентацыі на адпаведных сайтах, аўдыя- і відэазапісы, раздаткавыя матэрыялы з буйным шрыфтам або шрыфтам Брайля.
5. Дай шанец атрымаць каштоўную інфармацыю тым, хто да яе цягнецца, але не мае дастаткова сродкаў, каб купіць білет.
Мерапрыемствы з бясплатным уваходам або free donation ідэальныя, але калі твой івэнт не пра дабрачыннасць, ты можаш хоць бы прадугледзець зніжкі для пэўных катэгорый наведвальнікаў(-ц) або разыграць некалькі квіткоў у сацыяльных сетках.
Фота: Таня Капiтонaва, palasatka