Гарадскі партал CityDog прыйшоў у Чэхію

Каманда папулярнага менскага сайта CityDog запусціла чэшскамоўны аналаг у Празе. City-dog.cz працуе пакуль у тэставым рэжыме.

 

Чэшскае акцыянернае таварыства CityDog Media мае капітал амаль 5 мільёнаў крон (больш за 250 000 $). Дырэктарка кампаніі Ірына Віданава кажа, што гэта грошы «анёлаў-інвестараў» і ўсё гэтыя «анёлы» – выхадцы з Беларусі, пераважна былыя менчукі.

Рэдакцыю пачалі падбіраць яшчэ год таму. Яе касцяк склалі спецыялісткі з вобласці піяру.

У інтэрв’ю «Радыё Свабода» Ірына Віданава кажа, што CityDog – прынцыпова новы інтэрнэт-рэсурс для пражан і пражанак: «Тут не было менавіта такога выдання, як CityDog, у якім ёсць якасная афіша, рэкамендацыі, куды схадзіць, што з’есці, дзе што набыць, і якое разам з тым было б пляцоўкай для гарадскога актывізму».

На заўвагу, ці не лагічней было б пашырацца ўнутры Беларусі, Ірына адзначыла, што такія думкі ў «гарадскога сабакі» былі, але абмежаванасць беларускага рынку не дазваляе зрабіць гэта з камерцыйнай выгадай. Таму ўплыў CityDog на беларускія рэгіёны застанецца чыста адукацыйным: «Мы актыўна дзелімся ўсімі сваімі здабыткамі, праводзім майстар-класы. Я вельмі радая назіраць рост нішавых гарадскіх выданняў у абласных гарадах, і думаю, што CityDog да гэтага прыклаў лапу».

Пражскі CityDog будзе адрознівацца зместам ад менскага, і ў канчатковым выніку кантэнт залежыць ад саміх жыхароў горада.

Цікава, што беларускі праект ідэальна ўпісваецца з назвай: усе ведаюць, што чэхі – заўзятыя сабачнікі. З гэтай нагоды ў City-dog.cz нават плануюць зрабіць адмысловую рубрыку, прысвечаную гараджанам і іх тузікам.

 

Крыніца: Радыё Свабода

КАМЕНТАРЫ (2)

Улад
Улад | 2.03.2018 15:45

>"Тут не было менавіта такога выдання, як CityDog"
А как же http://aroundprague.cz ?

0 0
Томаш
Томаш | 4.03.2018 00:34

Можно ли ситидог сравнивать с арраундпраг, где очень поверхностные новости, которые постятся редко, часто без каких-либо деталей и с тоннами, тоннами, тоннами рекламы, которая выскакивает перекрывая весь экран?

0 0