Human Constanta запрашае стаць лічбавымі назіральнікамі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.06.2020
- 7082
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta запрашае ўсіх жадаючых паспрабаваць сябе ў ролі лічбавага(-ай) назіральніка(-цы). Сэнс задачы ў тым, каб прасачыць, ці не парушаюцца правы чалавека па частцы вольнага доступу да інтэрнэту на мірных сходах беларусаў.
19 чэрвеня ў беларускіх гарадах, дзе людзі сталі ў ланцужкі салідарнасці, назіраліся праблемы з выхадам у сетку з мабільных. Прыкладна з 16:00 было вельмі цяжка падключыцца праз мабільную сетку аператара A1. Абаненты МТС і Life:) таксама сігналізавалі аб праблеме доступу да інтэрнэту ў месцах збору людзей. У А1 патлумачылі, што «пазаштатная сітуацыя была выкліканая часовым збоем некаторых сэрвісаў па абслугоўванні сеткі», і паведамілі, што непаладкі ліквідавалі да 17:40. Тым не менш выйсці ў сетку ў многіх абанентаў не атрымлівалася і пазней.
Незалежныя назіральнікі адзначаюць: пакуль у іх няма падстаў сцвярджаць, што адбылося наўмыснае адключэнне доступу ў пэўных лакацыях. Значыць, пра інтэрнэт-шатдаўн казаць не даводзіцца. Але цяпер Human Constanta збірае экспертаў і валанцёраў, якія падключыліся б да даследавання праблемы ў далейшым.
Ведай: шатдаўн – гэта паўнавартаснае парушэнне правоў чалавека (права на доступ і распаўсюд інфармацыі замацаванае ў той жа Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ААН, арт. 19). Проста калі незнаёмцы ў цывільным скручваюць грамадзян, якія гуляюць па праспекце, – гэта парушэнне, якое можна зафіксаваць вачыма і камерай. Шатдаўн жа – гісторыя не наглядная, таму тут патрэбная складаная метадалогія ды інструменты. Аднак пасільны ўнёсак у назіранне можа зрабіць кожны(-ая), у каго ёсць смартфон.
Калі табе цікава паспрабаваць сябе ў ролі лічбавага(-ай) назіральніка(-ніцы), далучайся да адпаведнага чату ў тэлеграме. І, калі ласка, распавядзі пра магчымасць тым, хто шарыць у сетках. Маніторынг правоў чалавека і анлайн, і афлайн – цалкам легальная гісторыя.