Напрыканцы мінулага года ў менскую тату-майстэрню Good Sign Tattoo наведаўся Herman IX, малады, але досыць вядомы ў вузкіх колах мастак з Цюмені. Па традыцыі аўтарка 34mag Agatha Poison вырашыла зрабіць сабе татуіроўку і пагутарыць з майстрам.
Walk-in-day – досыць папулярная практыка ў тату-культуры: майстар з іншага горада ці краіны завітвае на пару дзён у мясцовую майстэрню, размалёўвае ўсіх жадаючых, дзеліцца ўласным досведам і сам набіраеца вопыту. Гэтую магчымасць выкарыстаў малады дызайнер і татуіроўшчык Herman IX з Цюмені – разам з аператарам Сцяпанам Веташнікавым ён некалькі месяцаў вандраваў па Расіі з мэтай знайсці адрозненні ў стылях татуіроўкі ў залежнасці ад геалакацыі, традыцый, звычаяў і суседства з іншымі краінамі. Вынікам так званай камандзіроўкі павінен стаць фільм – пакуль аўтары прэзентавалі толькі трэйлер і кароткія відэа ў «Інстаграме», але фул-версію абяцаюць хутка дарабіць.
«Адшукаць выдатную тату-майстэрню ў правінцыйным горадзе досыць складана, я ўбіваў у гугл “Тату-студыя ва Улан-Удэ” і ад убачанага ў мяне вочы на лоб лезлі, я разумеў, што наогул няма сэнсу туды ехаць», – распавядае Гера.
Тады мастак пачаў шукаць глыбей, падключаць знаёмых і такім чынам тату-прытулак знаходзіўся. Зараз майстар радуецца, што гэтае падарожжа прынесла яму шмат новых прыемных знаёмстваў, цікавы досвед, але той запаветнай аўтэнтычнасці знайсці не атрымалася: «У кожным горадзе ўсё больш-менш аднолькавае, чым далей ад Масквы – тым горш».
Я вырашаю скарыстацца нагодай і, пакуль Герман у Менску, зрабіць наколку са словам «Маладосць», каб паглядзець, ува што ператварыцца мая маладосць у сталасці. Слова напісанае ў тэхніцы, цесна звязанай з графіці, – менавіта такі след пакідае насадка «фэткэп» на балоне з фарбай: кожная кропля – адзіны дотык іголкі. Раней я бачыла словы, напісаныя такім чынам, толькі ў гэтага майстра.
Герман, як гэта нярэдка бывае, пачынаў выпрацоўку свайго стылю і набіваў руку з дапамогай графіці. З часам праца і больш глыбокае пранікненне ў мастацкую сферу адціснулі вулічныя забавы на задні план, але першыя водгукі, аўдыторыя прыхільнікаў і знаёмствы застаюцца назаўсёды. «Графіці – гэта больш эгаістычная справа, – разважае Гера. – У татуіроўцы дзейнічаюць як мінімум два чалавекі. Наогул гэта досыць інтымны працэс, пабудаваны на даверы».
Працы Германа ІХ цікава разглядваць: кожная нагадвае гравюру, выкананую з асаблівай клапатлівасцю. Мастак амаль ніколі не выкарыстоўвае колер, яму хапае чорнай фарбы і вытанчанага падыходу. Работы Германа могуць навеяць думкі аб матывах турэмнай татуіроўкі, але аўтар мае на гэта іншы погляд.
«Вядома, зараз кожны можа зрабіць сабе тыя ж купалы і да яго ніхто не дакалябецца, то-бок, калі захочуць дакалябацца, зробяць гэта і без купалоў. Але для мяне мае вагу непасрэдна культура татуіроўкі. Такія наколкі павінны рабіцца ў тых умовах, у якіх яны нарадзіліся», – кажа Герман.
Ён наогул шмат увагі надае менавіта чароўнасці моманту: аднойчы да яго прыйшоў кліент, які прасіў перабіць каляровага тыгра на прадплеччы, але калі майстар даведаўся, што татуха была зроблена струной у хатніх умовах, то адмовіўся рабіць кавер, патлумачыўшы, што ўспаміны – гэта галоўнае.
Тым часам Герман грае на тату-машынцы фінальную партыю на маёй скуры, а я разважаю, як кожная з маіх татуіровак у будучыні будзе распавядаць гісторыю пра майстра, які яе набіваў, а таксама пра ўмовы, спантаннасці і прычыны, з якіх яна была зроблена.
INFO
Instagram | VK | Сайт | Сайт туру па Расіі | Tumblr
Video by Tracy Hip-Hop, photo by Gustav Goodstuff
Заходні свет фатаграфіі ўжо колькі гадоў калоціць ад «архіўнай ліхаманкі». Навошта варушыць старыя здымкі – чытай у нашым даследаванні трэнду.
Цяпер у Кіеве праходзіць эпахальная выстава ZBOR, якая падводзіць вынікі развіцця беларускага мастацтва за апошнія 30 гадоў. Адмыслова для беларусаў мы стварылі гайд па гэтым віртуальным музеі.
Сабралі яшчэ восем яркіх пуцяводных зорачак у свет візуалу.
Казуркі, чэрці ды іншыя міфічныя істоты – у выставе харкаўскіх фотамастакоў Андрэя Рачынскага і Данілы Рэўкоўскага.
Выгараць нельга захоўвацца.
Светлая туга, каханне, настальгія.
Постмемкіберпанк у дэкарацыях Усходняй Еўропы.
Выдавецтва для візуалаў, містыка, «Маленькі прынц» на мікрамове.