Якія фільмы зноў пакажуць на «Паўночным ззянні»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 24.04.2018
- 10645
На кінафестывалі «Паўночнае ззянне» ўжо здарылася тры солд-аўты, і з такой нагоды арганізатары і арганізатаркі вырашылі прадубляваць паказы гэтых карцін. Сам фестываль будзе доўжыцца да 26 красавіка, так што ў цябе яшчэ ёсць шанец паглядзець фільмы Паўночных краін і краін Балтыі – у 2018-м падборка асабліва добрая. Глядзі поўную афішу тут.
Расклад паўторных паказаў
Мары каля мора
(Фарэрскія астравы, Данія)
Галоўная гераіня Эстэр жыве на адным з Фарэрскіх астравоў і вымушана падпарадкоўвацца ладу жыцця рэлігійных бацькоў. Аднойчы ў горадзе яна знаёміцца з дзяўчынай на імя Рагна, і на час непрацяглага паўночнага лета іх жыццё змяняецца. Гэты фільм пра барацьбу, каханне і пошук сваёй ідэнтычнасці ад асобы дзяўчынкі-падлетка.
Жахлівая жанчына
(Фарэрскія астравы, Данія)
Гісторыя пра Расмуса і Мары: спачатку ён лічыць яе каханнем усяго свайго жыцця, але з часам пачынае заўважаць яе маніпулятарскія схільнасці. Мары перабудоўвае жыццё Расмуса пад сябе, захоплівае яго прастору, прымушае мяняць звычкі, распрадае яго асабістую маёмасць. Фільм паказаны з мужчынскага пункту гледжання.
Былая жонка
(Швецыя)
Сатырычны фільм пра чалавечыя адносіны з трох пунктаў гледжання: сяброўкі, жонкі і былой жонкі. Ад закаханасці да разводу, ад кармлення дзіцяці да немагчымасці адпусціць партнёра – прыкладна такая палітра перажыванняў.
У 2018-м у афішы кінафестывалю «Паўночнае ззянне» прадстаўлены 18 стужак з дзевяці краін: Літва, Латвія, Ісландыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Фінляндыя, Эстонія, Фарэрскія астравы (аўтаномны рэгіён, які ўваходзіць у склад Каралеўства Данія).
Фестываль праходзіць пад слоганам «Змяні вугал зроку». Гэта заклік глядзець на ўсё з аналітычнага пункту гледжання, ставіць сябе на месца іншых і бачыць сітуацыю вачыма маці, дзіцяці, каханых людзей, ворагаў і сяброў. Пасля многіх фільмаў праходзяць абмеркаванні з рэжысёрамі, дыскусіі і майстар-класы. Падрабязнасці шукай на сайце «Паўночнага ззяння».