У Менску распачынаецца серыя творчых майстэрняў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 03.09.2024
- 1080
Жанчын* і q-персон запрашаюць на арт-майстэрні goodgirlsclub у Менску. Сустрэчы запланаваныя на 21 верасня, 5 і 19 кастрычніка, 2 лістапада.
Падчас майстэрняў можна будзе паспрабаваць сябе ў розных відах творчасці, пазнаёміцца з людзьмі, якія таксама любяць рабіць нешта рукамі, аднавіць страчаны ўнутраны рэсурс. На кожнай сустрэчы арганізуюць чатыры тэматычныя прасторы з матэрыяламі для розных відаў творчасці. Напрыклад, можна будзе сабраць калаж ці сплесці ўпрыгожванне з бісеру. Чакаюць і людзей з ужо пачатымі творчымі праектамі, якія хацелі б працягнуць працу над імі ў сяброўскай атмасферы. Можна нават прыйсці і не рабіць нічога, калі ёсць жаданне чыста пачыліць. Або, калі зусім нічога не рабіць няёмка, расфарбаваць карцінку па нумарах ці антыстрэс-размалёўку.
«На арт-майстэрнях вы можаце знаходзіць новыя цудоўныя знаёмствы, а таксама праводзіць час сам-насам у прыемным асяроддзі – абапірайцеся на свой камфорт і рэсурс у кожным канкрэтным моманце, а мы вас у гэтым падтрымаем», – абяцаюць у goodgirlsclub.
Кожная сустрэча запланаваная на пяць гадзін, але можна прыйсці і сысці, калі зручна. Удзел бясплатны. Каб патрапіць на майстэрні, трэба зарэгістравацца – сачыць за абвесткамі можна праз інстаграм праекта.
Майстэрні goodgirlsclub пазіцыянуюцца як бяспечная прастора, у якой можна быць сабой. Назва праекта абыгрывае стэрэатыпны вобраз «добрай дзяўчынкі», якому нібыта мусяць адпавядаць усе, каго грамадства пад дзяўчынкамі разумее. «А што, калі мы хочам забраць моц і ўразлівасць самавызначэння сабе? – пытае каманда праекта. – Хочам быць прынятымі ў сваёй рознасці, незалежна ад гендарнай прыналежнасці, без неабходнасці адпавядаць абраным замест нас ролям і нормам. Хочам узмацняцца і вяртацца да сваёй самасці ў коле аднадум_ак, быць побач і нагадваць сабе, што “з намі ўсё ок”».