1 траўня стартуе Minsk Design Week
- Рубрыка: УЛОЎ
- 24.04.2019
- 6607
Сёлета арганізатары MDW абяцаюць «больш інтэнсіўны і насычаны фармат». Усе 10 дзён у Верхнім горадзе будуць праходзіць выставы, варкшопы, лекцыі і абмеркаванні таго, як зрабіць Менск лепшым.
З 1 па 10 траўня ў Менск вяртаецца Тыдзень дызайну. На працягу 10 дзён у Верхнім горадзе будуць усталяваныя адразу 13 пляцовак для розных івэнтаў: ад інсталяцый да лекцый і варкшопаў.
Аб'екты, створаныя ў рамках MDW, застануцца ў Верхнім горадзе як мінімум да канца летняга сезона.
Галоўнай тэмай івэнту гэтага года назвалі «папулярызацыю і папулізм». У рамках выступаў і адкрытых дыскусій сярод іншага будуць абмяркоўваць матывацыю людзей пры прасоўванні ўласных ідэй і межы паміж «перакананнем і эксплуатацыяй».
Сярод удзельнікаў выстаў – польская каманда Menthol architects, дызайнеры з Арменіі Skillshop, а таксама ірландскі тандэм з павільёнам Shou-Sugi-Ban. Ад Беларусі – Monogroup, ШЦ-architects і Мінская ўрбаністычная платформа, якая прадставіць новае бачанне Зыбіцкай.
З лекцыямі і варкшопамі выступяць архітэктары МАРХИ і Рэйнска-Вестфальскага тэхнічнага ўніверсітэта, беларускае бюро ZROBYM architects і Мацвей Сабураў, арганізатар фестывалю Sprava.
Падрабязная інфармацыя аб усіх лекцыях і варкшопах – на FB і ў VK. Там жа можна зарэгістравацца на патрэбны табе адукацыйны івэнт.
Наведванне іншых мерапрыемстваў MDW – бясплатнае.
Яшчэ больш дэталяў – на сайце Minsk Design Week.