#KeepMinskVamp
- Рубрыка: УЛОЎ
- 11.12.2019
- 9037
Тусоўка #KeepMinskWierd працягвае радаваць канцэптуальнымі вечарынамі і прыдумляннем легенд слаўнаму гораду герояў. Гэтым разам у рэдакцыю 34 прыляцела фотадакументацыя «аднаго дня з жыцця вупыра». Публікуем – пяшчотна парэзанае рэдактарскім скальпелем, зразумела.
#KeepMinskVamp:
«Фотамастачка гарадскіх тусовак Лена Катушка настолькі зблізілася з сямействам менскай нежыці, што атрымала дазвол на здымку “аднаго дня з жыцця вупыра”.
У здымцы прынялі ўдзел некаторыя насельнікі Дома менскіх вупыроў – правадырка сямейства Люцыя Фер, панк-дварэцкі Аль Пачылі і крошка Алісія. Сямейства дзякуе ганаровай госці Дома Ганне-Марыі за суправаджэнне ў месцы вольнага часу смяротных.
За дзень здымак героі паспелі прайсці прафілактычны агляд у зубнога (укус у сталіцы павінен быць вострым і хуткім); зазірнуць у метро, дзе халоднае святло вагонаў прыхарошвае натуральную бледнасць; панастальгаваць у “Цэнтральным” – для імітацыі ранейшага жыцця сямейства ходзіць у буфет піць таматны сок і падтрымліваць сацыяльныя сувязі. Каб спатоліць смагу, героі адправіліся ў менш асветленыя бары і клубы горада. Катушку папрасілі скончыць здымку і сысці».
Пачытаць падрабязней пра Дом і беларускіх крывасмокаў можна ў інсце KeepMinskWeird. Тэлега ў гэтых разумнікаў таксама ёсць.
14 снежня ўсіх жывых і не вельмі запрашаюць на Баль крывасмокаў у Lo-Fi Customs. Будуць танцы, маскарад і нават квэст. Аснова праграмы – канцэрт з удзелам берлінца Крыса Імлера (Oum Shatt, Peaches) і лакальнымі музыкамі: дарк-кабарэ Miss Chambertale, Арцёмам Атрашэўскім з тэрменвоксам, dark-wave-праекта Uhead. Дэталі – у Facebook.
І пачытай інтэрв'ю з галоўным ідэолагам руху #KeepMinskWeird Людмілай Пагодзінай.
Фота: Лена Катушка