Як годна сустрэць восьмага сакавіка?
- 03.03.2020
- 5550
Калі восьмага сакавіка ты святкуеш жаночую незалежнасць, а не свята вясны і кветак, то лаві падгон на наступныя два тыдні. Сабралі івэнты, што будуць праходзіць у Беларусі напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы за права жанчын: ад вечарынак і лекцый да кінапраглядаў і дыскусій пра жанчын у IT.
Хакатон Women Hack: ад ідэі да рэалізацыі
4 сакавіка
Imaguru Startup HUB (вул. Фабрыцыуса, 4)
Калі ў цябе ёсць ідэя, якая зробіць жыццё людзей лепшым, але ты не ведаеш, як яе рэалізаваць, – зазірні на хакатон, дзе каманда вопытных ментараў дапаможа прапампаваць тваю ідэю. Абяцаюць шэсць гадзін брэйншторміць ідэі, ствараць бізнэс-план, працаваць над маркетынгам свайго прадукту, рабіць пітч. Аўтаркі самых перспектыўных і цікавых праектаў атрымаюць у якасці прыза сертыфікаты на навучанне ў бізнэс-школе. Да ўдзелу ў хакатоне запрашаюцца не толькі дзяўчаты, у якіх ёсць уласная бізнэс-ідэя, але і тыя, хто гатовы дапамагаць і мае досвед у сферах маркетынгу, дызайну, пітчынгу.
Уваход: вольны, па рэгістрацыі
Дыскусія «Жанчыны ў IT»
5 сакавіка
Камп'ютарная акадэмія «ШАГ» (вул. К. Маркса, 32)
Па статыстыцы, у ІТ працуе 19,2% жанчын. Дыскусія закліканая прыцягнуць увагу да праблемы гендарнай роўнасці ў сферы інфармацыйных тэхналогій ды абмеркаваць, як бачыць у працы новыя магчымасці, не спыняцца на дасягнутым і працягваць расці як экспертцы. Удзельнічаюць Алена Шкаруба, заснавальніца міжнароднага сэрвісу для падарожнікаў MeetnGreetME, Наталля Атаманюк, sales and account manager у SoftTeco, і Кацярына Мазанік, QA-інжынер у SoftTeco.
Уваход: вольны, па рэгістрацыі
Дыскусія «Чаму не было знакамітых мастачак УНОВІСа?»
6 сакавіка, 17.45
Музей гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4)
Ала Пігальская, аўтарка часопіса «Мастацтва», разгледзіць пытанне мастацкай адукацыі для дзяўчат у Віцебску (што дае разуменне агульнай карціны жаночай адукацыі ў Беларусі таго перыяду) і раскажа пра Хаю Каган і Яўгенію Магарыл – дзвюх удзельніц групы УНОВІС. Яўгенія Магарыл была ў даследчай групе Міхаіла Мацюшына ў рамках групы КОРН (калектыў пашыранага назірання) і як прафесійная мастачка працавала з тэхнікай літаграфіі. Хая Каган стварала супрэматысцкія кампазіцыі і кераміку. У дакладзе паспрабуюць адказаць на пытанне, чаму, нягледзячы на значную прысутнасць дзяўчат у Віцебскай мастацкай вучэльні (каля траціны) і актыўны ўдзел у групе УНОВІС, напрыклад, Хаі Каган і Яўгеніі Магарыл, у гістарычным наратыве іх роля застаецца недастаткова асветленай.
Уваход: па квітку ў музей
Месяц жаночага кіно
6—27 сакавіка
Берасце, прастора КХ (вул. Халтурына, 2/1)
Увесь сакавік раз на тыдзень у прасторы будуць паказваць жаночае кіно і абмяркоўваць яго з мадэратаркамі. Фільмы будуць на мове арыгіналу з субцітрамі. Першы фільм – «Сакрэтнае дасье» – абмяркуюць з філосафкай Вольгай Шпарагай.
Уваход: free donation
Morning recharge: сняданак з бізнэсвумэн
7 сакавіка
пр. Машэрава, 11, корпус 1
Добрая ідэя напярэдадні свята – натхніцца гісторыямі поспеху і проста правесці час з задавальненнем на сняданку з беларускімі бізнэсвумэн. Зможаш пагутарыць з Аленай Шыянок, сузаснавальніцай Dreva Consulting Group, заснавальніцай ITMAS.CLUB, Надзеяй Кандрусевіч-Шыдлоўскай, перакладчыцай дзіцячай літаратуры, заснавальніцай выдавецтва Koska, і Вольгай Каваленка, заснавальніцай event-агенцтва Ekler.
Уваход: вольны, патрэбная рэгістрацыя
Прасунуты курс Wen-Do
7–8 сакавіка
Мінск, дакладнае месца паведамяць зарэгістраваным удзельніцам
Wen-Do https://34mag.net/post/shlyakh-samurajjki – гэта заняткі па жаночай самаабароне і асертыўнасці. Калі ты ўжо была на першай ступені больш за два месяцы таму, хочаш працягнуць працаваць над сваёй упэўненасцю, пабыць у коле падтрымкі і сястрынства, даведацца новыя тэхнікі фізічнай і псіхалагічнай абароны – гэта адзін з лепшых падарункаў, якія ты можаш для сябе зрабіць на 8 сакавіка. Заняткі будуць праходзіць з 10 да 16, абавязкова ўдзельнічаць у двух днях. Аплата за два дні трэнінгу – 55 рублёў, частка грошай пойдзе на працу прытулку для жанчын, пацярпелых ад гвалту, ГА «Радзіслава».
Уваход: 55 рублёў, колькасць месцаў абмежаваная
«Не вінаватая фэст» у Менску
7 сакавіка
«Другі паверх» (пр. Машэрава, 9/8)
«Не вінаватая фэст» – гэта міжнародная дабрачынная diy-акцыя супраць хатняга гвалту. Яна праводзіцца другі год запар у многіх гарадах Беларусі, Расіі ды іншых краін, каб прыцягнуць увагу да праблемы гвалту над жанчынамі. У Менску праграма будзе вельмі насычаная: увесь дзень 7 сакавіка будзе праходзіць адукацыйная праграма, а 8 сакавіка фэст працягнецца кінапраглядам і вечарынкай. Удзельнічаюць «Яе правы», DOTYK, Human Constanta ды іншыя. DOTYK правядзе варкшоп-перформанс «Рэфлексія ў воблака», сузаснавальніцы фемінісцкага падкасту FemFM раскажуць пра экафемінізм, Human Constanta зробяць інтэрактыўную гульню пра прывілеі і стэрэатыпы. Будуць таксама лекцыі пра вікцімблэймінг, унутраную мізагінію і трывожныя разлады. Карацей, чэкай праграму і рэгіструйся на абраныя лекцыі і варкшопы – колькасць месцаў абмежаваная. Увесь прыбытак з мерапрыемства будзе накіраваны ў прытулак для жанчын і дзяцей, якія перажылі гвалт.
Уваход: free donation
«Не вінаватая фэст» у Баранавічах
7 сакавіка
Баранавічы, RollerCrew (вул. Чырвонаармейская, 18а)
На фэсце ў Баранавічах будзе варкшоп (практыка калажу праз фемінісцкую оптыку «Як нашы ідэнтычнасці нас фармуюць?»), лекцыі і канцэрт. Удзельнічаюць Homan, Kain XVIII, Dj Zorka. Увесь прыбытак з мерапрыемства будзе накіраваны ў прытулак для жанчын і дзяцей, якія перажылі гвалт.
Уваход: free donation
«Фемініны»
7 сакавіка
Берасце, прастора КХ (вул. Халтурына, 2/1)
«Фемініны» – гэта два ў адным: дзень нараджэння тэатра «Крылы халопа» і святкаванне 8 сакавіка. Для каманды КХ 8 сакавіка – гэта дзень жаночага самасцвярджэння, салідарнасці, адстойвання сваіх правоў і святкавання таго, што жанчыны крутыя, моцныя, крэатыўныя. У праграме прэзентацыя альманаха сучаснай беларускай культуры pARTizankA, майстар-клас ад актывістак, адкрыццё выставы «Забароненыя зоны», танцавальнае караоке, прагляд фільмаў.
Уваход: вольны, вітаецца ежа для сумеснага абеду
«Не вінаватая фэст» у Горадні
7 сакавіка
Горадня, бар RockStar (вул. Цітова, 9) – вечарына, пра месца правядзення адукацыйных мерапрыемстваў паведамяць зарэгістраваным удзельнікам.
У праграме вялікі адукацыйны блок: трэнінг «Як і чаму сэксуальнасць звязаная з гендарам», лекцыя-дыскусія «Як зразумець, што ў адносінах прысутнічае гвалт?» і лекцыя-дыскусія «Што не так з 8 сакавіка?». За музычную частку будуць адказваць Crucial Features з Літвы і Depit з Польшчы. Увесь прыбытак з мерапрыемстваў будзе накіраваны ў прытулак для жанчын і дзяцей, якія перажылі гвалт.
Уваход: 7 рублёў за вечарыну, 4 рублі за вечарыну, калі наведаеш таксама і лекцыі
«Не вінаватая фэст» у Магілёве
8 сакавіка
Магілёў, лофт «Нефармат» (Мінская ш., 2Б)
У адукацыйнай праграме – лекцыі пра хатні гвалт у Беларусі, правы жанчын у кантэксце правоў чалавека і вікцімблэймінг і два творчыя варкшопы на тэму асэнсавання сваёй цялеснасці. Яшчэ зможаш паглядзець на фотапраекты «Кожная трэцяя», «Артэфакты гвалту», «Выжылая» і відэапраект «(Не)пустое месца». У канцэртнай частцы ўдзельнічаюць гурты «Труд», LAVA & Velvia, «гражданин земли», sla. Таксама будзе dj-сэт ад Pogodina. Увесь прыбытак з мерапрыемстваў будзе накіраваны ў прытулак для жанчын і дзяцей, якія перажылі гвалт.
Уваход: free donation ад 1 рубля
«Не вінаватая фэст» у Берасці
8 сакавіка
Берасце, краўдфанд-кафэ «Грунтоўня» (пл. Свабоды, 18/1)
Пакуль у афішы мерапрыемства ёсць інфа толькі пра канцэрт, дзе пачуеш Moon Boletus, JJ.OK, TRAVVMA, «Объект». Калі цябе больш цікавіць адукацыйная частка, сачы за інфой ад арганізатараў. Увесь прыбытак з мерапрыемства будзе накіраваны ў прытулак для жанчын і дзяцей, якія перажылі гвалт.
Уваход: free donation ад 5 рублёў
Кінапрагляд ад «ФотаСквота»
8 сакавіка
«ФотаСквот» (вул. Куйбышава, 22)
Яшчэ адно мерапрыемства ў рамках «Не вінаватая фэст». Глядзець будуць фільм Дэніз Гамзе Эргювен «Мустанг». Гісторыя пяці сясцёр з вёскі ў Турцыі – гэта пранікнёнае, далікатнае і ўніверсальнае выказванне пра жаночае сталенне, свабоду і месца ў сучасным свеце. Мадэратаркай будзе Дар’я Дабравольская – кінааматарка і вядучая кінапаказаў.
Уваход: вольны, патрэбная рэгістрацыя
Кінапрагляд ад MAKEOUT
8 сакавіка
Пра месца паведамяць зарэгістраваным удзельнікам(-цам)
У кінаклубе MAKEOUT будуць глядзець і абмяркоўваць «Па палавой прыкмеце». Фільм распавядае пра маладую адвакатку Рут Бадер Гінзбург і яе барацьбу за роўныя правы мужчын і жанчын. Гераіня пераадольвае ўсе цяжкасці на шляху, каб стаць Вярхоўнай суддзёй ЗША. Паказ пройдзе сумесна з праектам Nailed It – Англійская для ЛГБТ + актывістак(-аў). Фільм будзе дэманстравацца на англійскай і з англійскімі субцітрамі. Дыскусія пасля фільма таксама пройдзе на англійскай. Але не палохайся! Прыходзіць можна з абсалютна любым узроўнем мовы. Пасля рэгістрацыі на паказ табе будзе высланы невялікі слоўнічак да фільма, а падчас дыскусіі можна будзе ў любы момант папрасіць растлумачыць незразумелае слова ці проста паслухаць.
Уваход: вольны, па рэгістрацыі
Afterparty «Кожныя сорак хвілін»
8 сакавіка, 19.00 – 23.00
Modul Art Platform (вул. Кастрычніцкая, 16/3, 3 паверх)
Танцы-абдыманцы ад мясцовых dj: Fera Ledyaeva (RNB/поп-балады), Дэпутат (эклектыка), Vylinski (танцавальная электроніка), Sumliennie (hardcore continuum), Uhead (post-punk). Гэта частка акцыі «Не вінаватая», тут таксама ўсе сродкі з мерапрыемства будуць накіраваныя ў прытулак для жанчын і дзяцей, якія перажылі гвалт.
Уваход: free donation
Кінафестываль Tricky Women
8 сакавіка, 16:00 – 19:00
Менск, кінатэатр «Піянер» (вул. Энгельса, 20)
Фестываль жаночага анімацыйнага кіно ад Амбасады Аўстрыі Tricky Women («Вынаходлівыя жанчыны») – гэта кінематаграфічнае падарожжа без абмежаванняў. Тэмы фільмаў – ад пошуку любові да сабак да розных перажыванняў мацярынства, іранічныя назіранні ва ўстанове па доглядзе за дзецьмі і летуценныя вобразы Вены, сабраныя ў музычны кліп. Акрамя ўласна кіно, можна будзе пагутарыць з беларускімі ды аўстрыйскімі рэжысёрамі і рэжысёркамі.
Уваход: вольны
Сустрэча з украінскай мастачкай Марыяй Прашкоўскай
9 сакавіка, 19:00
Менск, ZAL#2 (вул. Казлова, 3)
Украінская мастачка Марыя Прашкоўская працуе з тэмамі сэксуальнасці, цялеснасці ды самаідэнтыфікацыі. На artist talk яна пакажа сваю мастацкую практыку ў развіцці, раскажа пра актуальныя праекты, пра тое, як пачаць займацца мастацтвам у якасці асноўнай дзейнасці пасля 30 гадоў, пра сіндром самазванкі і як з ім змагацца, пра тое, як усе папярэднія досведы напаўняюць мастацкую практыку і чаму іх не трэба саромецца, а, наадварот, можна выкарыстоўваць сабе на карысць.
Уваход: вольны
Прэзентацыя нумара pARTisanka
15 сакавіка, 16:00 – 18:00
Менск, Галерэя Ў (вул. Кастрычніцкая, 19)
Чарговы нумар вядомага беларускага арт-часопіса – гэтым разам пад назваю pARTisanka – прадстаўляе рэдактарская каманда мастачак, куратарак, даследчыц і актывістак, якія прапануюць сваю візію таго, хто такая беларуская (арт) партызанка. Падчас прэзентацыі рэдактарская каманда і аўтаркі распавядуць пра ідэю часопіса і прэзентуюць свае тэксты. Акрамя таго, адбудзецца размова, прысвечаная ролі жанчыны ў беларускім мастацтве, умовам працы і перспектывам на будучыню.
Уваход: вольны
Women in Technology Week
16–20 сакавіка
Imaguru Startup HUB (вул. Фабрыцыуса, 4)
Women IT Week – гэта тыднёвы інтэнсіў для ўсіх, хто хоча ўмацаваць свае веды і навыкі ў ІТ, стартапах і венчурным свеце і наладзіць новыя цікавыя кантакты. У праграме трэнінг для ўмацавання лідарскіх якасцяў і прасоўвання сябе ў кар'еры, апавяданні пра венчурныя інвестыцыі ад запрошаных інвестараў з розных краін, разбор папулярных напрамкаў і перспектыўных прафесій у ІТ, майстар-клас па гнуткіх методыках кіравання праектамі, fuck up night ад заснавальніц вядомых стартапаў і іншае.
Уваход: вольны, па рэгістрацыі