Самае свабоднае месца ў ЗША. Кінааператар і фатограф Арсеній Хачатуран, саўдзельнік апошніх серый праекту «Рома едзе», тыдзень пражыў у амерыканскім мястэчку Slab City – непадкантрольным уладам гарадку валацуг і бяздомнікаў у сэрцы каліфарнійскай пустыні Санора. Чытай і глядзі эксклюзіўны рэпорт з аднаго з самых дзікіх месцаў Амерыкі.
Texas
Мы ў аэрапорце Анкорыджа. Вяла развітваемся, Рома з Воляй садзяць мяне на самалёт да Сан-Антоніё, а самі адчальваюць у кірунку Нью-Ёрка. Ужо седзячы ў самалёце, я пытаю сам у сябе: а навошта я наогул лячу ў Тэхас? Я проста ткнуў пальцам у Google Maps і вырашыў гнаць менавіта сюды, проста таму, што ніколі раней у Тэхасе не быў. У мяне ў запасе два тыдні, каб зрабіць шлях ад Сан-Антоніё да Лос-Анджэлеса аўтаспынам. Каўбоі, копы, кантры і каровіны кізякі – я накіроўваюся ў царства рэднэкаў.
Праехаўшы ўсяго толькі 130 міль за два дні, я канчаткова разумею, што гэта была дрэнная ідэя – ехаць аўтаспынам, асабліва ў Тэхасе. Людзі тут не вылучаюцца спагадлівасцю і (як, у прынцыпе, усе амерыканцы) паранаідальна баяцца незнаёмцаў. Пасля васьмі гадзін стаяння на ўзбочыне з выцягнутай рукой мне ўсё ж шанцуе – я заскокваю ў разбіты Civic хлопца з імем Сэм, які пераязджае з Вермонта ў Каліфорнію. З ім я перасякаю 300 міль і завісаю на некалькі дзён у мястэчку пад назвай Марфа, амаль паводле Дастаеўскага.
«Слэб Сіці зрабіўся домам для некалькіх пакаленняў валацуг, бяздомнікаў, злачынцаў, пенсіянераў і расчараваных хіпі»
З’язджаючы, доўга сваруся з мясцовым шэрыфам. Сыходжу з Марфы пешшу, і праз 10 міль мяне падбірае каталіцкі пастар (ён паведамляе, што ў мінулым быў кіраўніком мексіканскага наркакартэля). Ён трымае мяне за рукі і моліцца аб маім падарожжы, а потым купляе мне гамбургер. Ноч праводжу на стаянцы дальнабойнікаў. Усю ноч не сціхае пясчаная бура – раніцай я вытрасаю пясок са свайго ноўтбука і здаюся: на апошнія грошы купляю квіток на аўтобус да Каліфорніі.
Slab City
Слэб Сіці, або The Slabs – гэта велізарны бясплатны трэйлер-парк, размешчаны пасярод каліфарнійскай пустыні Санора. У 1940-х тут была ваенная база і палігон, але пазней іх перанеслі на 10 міль на поўнач, дзе яны месцяцца і цяпер. Штовечар мясцовыя слухаюць гукі стральбы ўперамешку з выццём каётаў.
Ваенныя пакінулі пасля сябе вялікую колькасць бункераў, назіральных пунктаў і шмат іншых бетонных будынкаў, якія і называюцца slabs – адсюль пайшла назва горада. Слэб Сіці зрабіўся домам для некалькіх пакаленняў валацуг, бяздомнікаў, злачынцаў, пенсіянераў і расчараваных хіпі. У Слэб Сіці няма вады, каналізацыі, электрычнасці і адрасоў. Паліцыя сюды не соваецца, а мясцовыя называюць горад апошнім вольным месцам у ЗША.
«У цябе няма нажа? Хлопчык мой, да ты проста ідыёт»
Колькасць сталых рэзідэнтаў – каля 150. Яны жывуць у Slab City круглы год. Летам тэмпература тут дасягае плюс 50 градусаў паводле Цэльсія. На зіму з іншых штатаў сюды з’язджаюцца так званыя snowbirds – праводзяць зіму ў цёплым клімаце, а на лета валяць назад. Узімку тут жывуць каля 500 чалавек. Найбліжэйшы населены пункт Niland месціцца за шэсць кіламетраў, за чыгункай і кукурузнымі палямі, на якія звозяць працаваць зняволеных.
– Гэй, хлопец, цябе падвезці? Давай, варушыся!
Я кідаю свой заплечнік у багажнік і заскокваю ў стары Dodge. За стырном Дэйв, а побач з ім – Мэры.
– Ну і як там у вас, у Расіі?
– Я з Беларусі...
– Ну дык як там у вас? Народ любіць Пуціна? Ох, як мы баяліся рускіх, Хрушчова баяліся. Добра, што тады не пачалася вайна. Цяпер усё змянілася – цяпер усім на ўсё пасраць.
Мы едзем па галоўнай вуліцы, праязджаем Гару Выратавання і царкву. Людзей не відаць, зрэдку прабягаюць ачмурэлыя ад спёкі сабакі.
– Вось што я табе скажу: мне 76, і я пражыў складанае жыццё, – Дэйв нясецца па бруку, пацягваючы піва і падымаючы хмары пылу. – Я працаваў з 15-гадовага ўзросту, а цяпер я на пенсіі. Шмат хто ў маім узросце тупа ўтыкае ў тэлік, а я проста бухаю, і мне гэта, чорт вазьмі, падабаецца!
Дэйв і Мэры жывуць у Слэб Сіці ўжо шэсць гадоў. Мэры распавядае пра сваю першую дачку, якая памерла ў 18-гадовым узросце. Другая дачка згарэла жыўцом, калі ёй было 23. З тых часоў Мэры не можа доўга сядзець на адным месцы і ўвесь час пераязджае.
«Можаш страляць з драбавіка па жалезных бочках, займацца мастацтвам, падрываць самаробныя бомбы, ездзіць на кані, спяваць на ўвесь голас і хадзіць голым»
Яны падвозяць мяне да горада, уручаюць паўбутэлькі піва і адчальваюць. Сёння – субота, а гэта значыць, што ў Слэб Сіці будуць граць музыку да самай раніцы. У паветры вісіць хмара канаплянага дыму, старыя пацягваюць піва на падраных на шматкі канапах, хто маладзейшы – паліць метамфетамін. На сцэне – Біл. Ён спявае пра старыя добрыя часы, пра сваю былую і пра тэхаскія прэрыі.
Я так стаміўся, што не магу звязаць два словы па-англійску. Сыходжу кудысьці за кусты, у цемры раскладваю намёт і, увесь ліпкі і брудны, засынаю.
– Не надта добрае месца ты абраў для лагера, хлопец! А ну ўставай, я ведаю, дзе ёсць кава. Дарэчы, можаш жыць са мной пад адным дрэвам.
Я высоўваюся з намёту і ўтыкаюся галавой у морду Рок-н-рола. Так клічуць асла Cuervo, і ён ужо пачаў жаваць мой тэнт. Аказваецца, я спаў на шкле і абгарэлых дошках, проста за сцэнай. Толькі пачынае віднець, і вакол з’яўляюцца заспаныя асобы – хтосьці спаў у канаве, хтосьці – пад кустом, а хтосьці там, дзе ўчора вырубіўся і ўпаў.
– Cuervo – як тэкіла? – пытаюся я.
– Cuervo як Cuervo. Чорт вазьмі, ты не ведаеш, хто я такі? Я апошні каўбой, я – легенда!
Куэрва замешвае гліну, ваду і конскі гной проста на зямлі, а потым мы разам топчам гэта нагамі і як след змешваем. Атрыманай субстанцыяй ён пакрывае сцены сваёй халупы.
Куэрва распавядае пра тое, як сядзеў у турме, пра Аўстралію і Бразілію, пра мексіканскіх шлюх і сваіх мулаў. Раней у яго іх было два, але другога прыйшлося аддаць. Зіму ён збіраецца правесці ў Слэб Сіці, а летам перасекчы Мексіку ў кампаніі з Рок-н-ролам.
– Часам я езджу на ім у Санта-Моніку, – працягвае Куэрва, – багатыя жанчыны там вар’яцеюць ад гэтага. Я іх катаю на муле, яны ўсе аж мокранькія ад адчування такой жывёльнай моцы паміж ног!
– Гэй, рускі, твой намёт відаць за дзве мілі. Я хацеў з цябе паздзекавацца – спіздзіць усё тваё дабро, закінуць да сябе ў машыну і паглядзець, што ты тады будзеш рабіць. Ты думаеш, што ты, ціпа, адзін пасярод пустыні? Ха-ха, як бы не так!
Генры ўручае мне вядро, паўпачкі рысу, галон вады і вучыць навыкам выжывання.
– У цябе няма нажа? Хлопчык мой, да ты проста ідыёт.
З правага боку на поясе ў Генры вісіць пісталет, з левага – мачэтэ.
– Схадзі ў Walmart, купі мачэтэ. Шэсць баксаў – і гэтай хернёй ты можаш секчы дровы, можаш выкарыстоўваць замест лыжкі, разразаць мяса, адкрываць кансервы, абараняць сябе і адбівацца ад каётаў. Пачувацца будзеш больш упэўнена, гэта дакладна.
Генры жыве ў Санта-Моніцы ў сваім джыпе і падпрацоўвае фотамадэллю.
– Дарэчы, мы сёння варым аяўаску, – кажа ён. – Прыходзь, як сядзе сонца.
– Ты чуў, што здарылася з гэтым прыдуркам Кігенам? – Нэйт пацягвае ром з горла і шчэрыць зубы. – Мы ўчора напіліся, ён пабіўся з Джэні, а потым сышоў ноччу ў пустыню. Мы спалілі яго заплечнік з усім барахлом. Уначы ён вярнуўся і заснуў ля вогнішча, а прачнуўся ад таго, што яго рука па локаць абгарэла!
Міма мяне праносіцца пажарная машына з мігалкамі, за ёй – хуткая, і яшчэ праз хвіліну – копы.
– Кіген патэлефанаваў 911, – абураецца Нэйт. – Прыехала 12 чалавек, каб яго забраць. Нават копы і пажарныя прыцягнуліся. Ненавіджу вырадка.
У Слэб Сіці я пачуваюся як дома. Тут я – гэта я. Упершыню за ўвесь час у Штатах я магу цалкам расслабіцца і хоць на тыдзень забыць пра тэлефанаванні, вельмі важныя е-мэйлы, крэдытную гісторыю, працу, грошы і падаткі.
Я высадзіўся ў Нью-Ёрку два гады таму. Амаль не гаварыў па-англійску, не ведаў, што такое фрыўэй і што Галівуд месціцца ў Лос-Анджэлесе. Смешна, але я не мог нават каву ў «Старбаксе» замовіць. Два гады я сядзеў на дыеце з макароны і вады, аддаваў апошнія грошы на аплату пакоя ў самых чорных раёнах, эканоміў на тым, на чым наогул нельга эканоміць, і здымаў вельмі дрэнныя фільмы.
Сярод насельніцтва постсавецкай прасторы існуе міф пра тое, што Амеррэйх – краіна свабоды. Але калі ўважліва прыгледзецца – свабоды тут ні на грам больш, чым у той жа Расіі. Адрозненне ў метадах абмежавання – у Расіі быкі з дубінкамі, а ў ЗША – Вялікі Брат, які запусціў свае тэнтаклі ва ўсе сферы твайго асабістага жыцця.
Я быў ва ўсіх буйных гарадах ЗША, але сапраўдную свабоду знайшоў толькі ў Слэб Сіці. Хочаш бухаць – бухай. Можаш страляць з драбавіка па жалезных бочках, займацца мастацтвам, падрываць самаробныя бомбы, ездзіць на кані, спяваць на ўвесь голас і хадзіць голым. Хочаш паліць гашыш – палі на здароўе. Нікому да цябе няма справы.
«У пустыні час ідзе зусім па-іншаму»
Пустыня працуе як магніт – яна прыцягвае да сябе ўсіх, каму няўтульна ў вялікіх гарадах. Калі ты ад чагосьці бяжыш – хутчэй за ўсё трапіш у пустыню. Пустыня велізарная, але ў ёй можна знайсці ўсё – проста трэба ўважліва прыгледзецца.
Калі паглядзець на людзей, якія жывуць у Слэб Сіці, то незнарок задасі сабе пытанне: а што, калі так і трэба жыць? Што, калі поспех, сацыяльны статус і назапашванне матэрыяльных каштоўнасцяў, навязаныя нам намі ж створаным грамадствам, мне нафіг не патрэбныя? Тым не менш, пайшоўшы па гэтым шляху, ты назаўжды застанешся для грамадства ізгоем, для ўласных бацькоў – чужым, і ў лоб сутыкнешся з даволі высокай сцяной неразумення з боку сяброў. Бо калі ты не ходзіш на працу і не жывеш у доме – атрымліваецца, што ты бяздомны і беспрацоўны!
Я валяюся ў гамаку, ем бабы, мыюся ў гарачай крыніцы і чытаю. Раз на пару дзён выбіраюся ў горад па пітную ваду і кансервы. У пустыні час ідзе зусім па-іншаму – я кладуся спаць пасля захаду сонца, прыкладна а шостай вечара. Прачынаюся – а чацвёртай раніцы, як толькі пачынае світаць.
Па начох тут вельмі ціха. Калі раптам нехта вырашыць зайсці да мяне ў госці – я пачую яго крокі за паўмілі.
– Я – касмічны прышэлец. Можаш мне не верыць – мне пляваць. Акрамя таго, гэта дапамагае мне атрымліваць талоны на ежу. Бо касмічныя прышэльцы не могуць хадзіць на працу, як усе.
Мы пляцёмся праз пустыню ўздоўж канала ў пошуках кактусаў чола. Дэні распавядае, што ў яго ёсць дзядзька-мультымільянер, які жыве ў Лос-Анджэлесе. Але яны, зразумела, не падтрымліваюць зносін.
Яшчэ ў Дэні ёсць сабака Хэйл і Ford Mustang GT, які не заводзіцца.
Salvation Mountain
Леанард Найт быў адным з першых, хто пасяліўся ў Слэб Сіці і пачаў будаваць сваю Гару Выратавання. Да таго часу ён ужо быў досыць вядомым мастаком. Удзень ён замешваў раствор з гліны, вады і саломы, ляпіў гэта на гару, усё гэта за дзень высыхала, а потым распісвалася фарбамі самых дурацкіх колераў.
Першае, што ты бачыш пры ўездзе ў Слэб Сіці, – вось гэтая самая гара, і яна – велізарная. Пухлыя літары на ёй паведамляюць: «Бог любіць цябе».
Я трапіў на дзень нараджэння Леанарда – 1 лістапада яму споўнілася 82 гады. Нядаўна яму ампутавалі нагу, ён жыве ў доме састарэлых. Тым не менш, перыядычна Леанард прыязджае распавядаць пра сваю гору турыстам, якія, аднак, не рызыкуюць праехаць яшчэ паўмілі і трапіць у сам Слэб Сіці.
SMS
Мне пара вяртацца ў Лос-Анджэлес. Збіраю заплечнік, спальнік аддаю Мелісе, рондаль – Роберту, рэшткі рысу дастаюцца Дэні. За дзень дабіраюся да Палм-Спрынгс. Незапланавана трапляю ў гей-бар і ўсю ноч адбіваюся ад барадатых мужыкоў з бліскаўкамі на вейках.
Не паспявае прайсці і двух дзён, як я атрымліваю SMS ад Генры: «Рускі, я заўтра вяртаюся ў Слэб Сіці. Падвезці?»
«Як выглядае сапраўдная свабода?» – на гэтае і іншыя пытанні легендарны гітарыст Neuro Dubel адказаў нам аднойчы на мове цела. Узнавілі матэрыял у памяць пра цудоўнага чалавека.
Гісторыя беларускай транссексуалкі Кіры, якая зрабіла аперацыю для змены полу.
34mag спусціўся ў падземны пераход на Якуба Коласа, каб пагандляваць сваім мерчам ды пазбіраць гісторыі людзей, якія зарабляюць там на жыццё.
Што ты можаш ведаць пра сябе, калі ніколі не біўся? Кантрыбутару 34mag разбілі твар на сустрэчы менскага «байцоўскага клубу».
Далёка не толькі палац у Косава.