EMERGE: падглядзець за будучыняй
- 15.05.2018
- 4422
На гэтым тыдні (17-18 траўня) у ОК16 адбудзецца тэхналагічная канферэнцыя EMERGE, якая на два дні збярэ прадстаўнікоў tech-індустрыі: ад фэйсбуку з майкрасофтам да стартапаў, якія захапляюць планету проста цяпер. На канферэнцыі стартапы будуць змагацца за фінансаванне, дзяліцца досведам з разных бакоў IT-індустрыі і распавядаць пра тое, як тэхналогіі змяняюць звыклую рэчаіснасць. Мы абралі для цябе 5 выступаў, на якіх ты даведаешся пра тое, што тэхналогіі падкінуць нам у бліжэйшай будучыні.
Оскар Кнэперс (Oscar Kneppers)
Заснавальнік акселератара Rockstart
Запусціўшы некалькі паспяховых бізнэсаў у Нідэрландах, Оскар Кнэперс вырашыў дапамагаць астатнім зрабіць тое ж самае. Так з’явіўся акселератар Rockstart. Туды адбіраюць праекты, якія працуюць над тым, каб зрабіць будучае жыццё лепей. Зыходзячы з таго, што нас хутка будзе 10 мільярдаў і нам дзесьці трэба будзе браць ежу і электрычнасць, акселератар прымае стартапы, якія працуюць у сектарах digital health, food & agro tech, smart energy.
17 траўня, 17:00
Галоўная сцена
Віталь Лапцёнак (Vital Laptenok)
Genesis Media з’явіўся ў 2009 годзе, калі ўкраінскія чувакі, не пакідаючы краіны, заснавалі першы партал у Сярэдняй Азіі. Потым былі захоплены медыярынкі краін Афрыкі і Філіпін. Словам «партал» цяпер ужо ніхто не карыстаецца, а навіновыя і забаўляльныя сайты, якія стварылі ў Genesis Media, наведвае каля 200 мільёнаў чалавек. Разам з Віталём абмяркоўваць сучасныя медыя і тэхналогіі ў іх будуць: Герман Паляшчук (заснавальнік Tigermilk) і Оскар Кнэперс (заснавальнік Rockstart).
17 траўня, 17:40
Галоўная сцена
Марылііс Хольм (Mariliis Holm)
Заснавальніца Nonfood, даследчыца і выпускніца NASA Singularity University
Эстонка Марылііс Хольм даследуе ежу ўжо каля дзесяцігоддзя на прасторы ад Сінгапура да ЗША. Марылііс цікавіць, як будзе выглядаць ежа будучыні: дзе знайсці столькі ежы, як зрабіць так, каб яе хапіла ўсім, як захаваць асалоду ад ежы і, нарэшце, як мы будзем карміць свае калоніі на Марсе ў 2050-м? Ужо два гады Марылііс развівае стартап у галіне future food і распавядзе пра яго на канферэнцыі EMERGE.
17 траўня, 18:00
Future Food Section
Бэй Маклафлін (Bay McLaughlin)
Заснавальнік акселератара Brinc
Сінгапурскі акселератар Brink працуе выключна са стартапамі ў галіне інтэрнэту рэчаў. І пакуль мы павольна набліжаемся да таго, што кожная мікрахвалёўка будзе перадаваць пра нас дадзеныя ў інтэрнэт, Бэй знаходзіцца ў авангардзе гэтага працэсу. У сваёй прэзентацыі ён распавядзе пра будучыню, калі ўсё апынецца падключаным да сеціва і звязаным паміж сабой. Тэхналагічным параноікам строга рэкамендавана.
18 траўня, 14:30
Галоўная сцена
Цьяга Карэя (Tiago Correia)
Менеджар па глабальнаму дыджытал бізнэс-дэвелапменту Warner Music
Ужо больш за 8 гадоў Цьяга працуе ў індустрыі медыя і забаў ды асабіста назірае, як музычны рынак амаль захліснула пірацтва, а потым – стрымінг. У сваім выступленні Цьяга паведаміць, як цяпер складваюцца адносіны тэхналогій і музыкі, чаго чакаць у будучыні і як ад гэтага выйграюць (ці не?) самі музыкі.
18 траўня, 11:55
Галоўная сцена
Але гэтым кантэнт канферэнцыі не абмежаваны. На трох сцэнах адначасова эксперты ў сваіх сферах будуць распавядаць, як будаваць прылады для мільёнаў карыстальнікаў, як пітчыць свой праект, як прасоўваць свой стартап за мяжой і гэтак далей. Падрабязную праграму знойдзеш тут. А калі вырашыў(-ла) ісці, спяшайся, бо квіткі прадаюцца толькі па 15 траўня ўключна.