Верагодна, усе мы хаця б нейкі перыяд у жыцці марылі пра эміграцыю. Столькі былых аднакласніц і аднакласнікаў з’ехалі вучыцца за мяжу і посцяць крутыя фоткі са ўсялякіх кракаваў і вільняў. Але ці зразумееш па фотках, наколькі чалавек там шчаслівы і да месца? Тры гераіні з розным досведам распавялі нам, што іх штурхнула пераехаць з Беларусі і чым ім гэта сталася.
К., працуе і рыхтуецца да паступлення ва ўніверсітэт
Нарадзілася ў Горадні. Апошнія 5 год жыве ў Ізраілі
Я нарадзілася ў Горадні. І раней я заўсёды распавядала людзям пра тое, што мой горад вельмі прыгожы. Там утульныя спальныя раёны, шмат паркаў і чыстыя вуліцы. Выдатны старадаўні цэнтр. Распавядала, што ў гэтым горадзе калісьці жыў Вітаўт, які пабудаваў адзін з замкаў на беразе Нёмана. Распавядала пра тое, што Нёман раней зваўся Кронанам, таму што ў горадзе знаходзіліся каралеўскія рэзідэнцыі.
Я выдатна скончыла школу, у мяне было шмат сяброў і маса захапленняў накшталт стральбы, верхавой язды і танцаў, якія я сумяшчала з падрыхтоўкай да паступлення ў медунівер і сканчэннем музычнай школы. У мяне была каханая дзяўчына, у мяне былі шчаслівыя і здаровыя бацькі. Вялікая кватэра, машына, лецішча. Маё жыццё было ідэальным.
Мая эміграцыя – гэта вынік жудасных адносінаў з маці. У 11 класе я сустракалася з хлопцам, але гэта было несур’ёзна, і ён мне здраджваў. А яшчэ была Яна. Я не ведала, каму расказаць пра яе. Мой бацька гамафоб, а ўсе астатнія ў сям’і даволі абыякавыя да гэтай тэмы. Я вырашыла распавесці маці. Калі яна выслухала мяне, то расказала ў адказ, як у 17 цалавалася са сваёй лепшай сяброўкай, і гэта было прыкольна, але абраць я павінна абавязкова хлопчыка, таму што хлопчыкі мацнейшыя. Маці параіла спыніць усе адносіны з Янай. Пры наступнай размове, калі я зразумела, што хачу быць толькі з Янай і гатовая да любых наступстваў, маці з дакорам спытала: «Ты маеш на ўвазе, што ў мяне ніколі не будзе ўнукаў?» Яна пагражала мне неразуменнем сям’і, казала, што бабулю, бацьку і цёцю гэтая навіна заб’е. Менавіта тады я і вырашыла, што ніколі не буду нічога ёй расказваць. Я буду хлусіць.
Тым часам адносіны з маці абвастрыліся да немагчымага. 15 хвілін у адным пакоі сканчаліся скандалам. Яна чаплялася да кожнай дробязі, нават да кроплі вады ад кубка, які я толькі што вымыла. Карацей, я была падлеткам, а яна была маці.
Спачатку ў мяне не было ніякага плана наконт Ізраіля. Проста аднойчы ў чэрвені пасля трэніроўкі я выйшла на вуліцу і падумала: трэба нешта мяняць, бо іначай не вытрываю.
Ізраіль. Тата калісьці прыязджаў сюды добраахвотнікам у армію. За паўгода ён паспеў з рабочага на заводзе падняцца да чалавека з апартаментамі ў Яфе. Ён натхняў мяне расповедамі пра тое, якое цудоўнае месца Ізраіль, краіна для жыцця і вялікай будучыні. Ён марыў, што я паступлю ў Тэхніён – прэстыжнае тэхнічнае ВНУ ў Хайфе.
У мяне быў і запасны план, калі я не паступлю, – прызвацца ў армію. Даказаць сям’і, што я няхай і дзяўчынка, але магу быць мацней за любога хлопца.
У мяне была магчымасць пераехаць у Ізраіль па праграме рэпатрыяцыі. Я вельмі храбрылася, рабіла выгляд, што трымаю ўсё пад кантролем. З бацькам мы разам афармлялі дакументы і ездзілі ў Менск на сумоўе. Ад маці гэта трымалася ў сакрэце. Я распавяла ёй толькі тады, калі мяне ўжо прынялі на праграму. Ад яе патрабавалася падпісаць толькі адну паперку. Яна была проста ў шаленстве. Сотню разоў абяцала разарваць мае квіткі і не пусціць мяне. Але ў выніку я паехала.
«Замкнёным людзям з іншай сэксуальнай арыентацыяй там несалодка»
Мая праграма «Сэла» была разлічана на 9 месяцаў і ўключала ў сябе вывучэнне мовы, экскурсіі па краіне, атрыманне стыпендыі і ізраільскага грамадзянства. Я жыла ў маленечкім горадзе на поўначы, цалкам рускім. Ёсць праграмы, дзе людзей выпускаюць за межы інтэрната два разы на тыдзень, але мая дазваляла выходзіць у горад. Менавіта там я ўпершыню даведалася, хто такія сапраўдныя гопнікі. Людзі сабраліся з усяго былога Саюза, але абраслі ізраільскім нахабствам, і гэта была горшая сумесь з магчымых.
Нас пастаянна прымушалі размаўляць адно з адным: жыццё па тры чалавекі ў пакоі, пастаянныя мерапрыемствы, экскурсіі. Увогуле ўяві сабе летні лагер, але з дарослымі людзьмі. І гэтыя выхавальнікі, мадрыхі, амаль нашы аднагодкі, часам нават маладзейшыя, але спрабуюць камандаваць і вучыць жыццю, усё загадным тонам.
Мая праграма «Сэла» – самая жорсткая. А менавіта мой год – гэта быў кашмар, пра яго дагэтуль, напэўна, расказваюць. Там былі оргіі, там гандлявалі наркотыкамі, разгром, вэрхал. Мне трэба рабіць намаганне, каб зараз сказаць хоць нешта добрае. Такая праграма можа падысці людзям, якія вельмі лёгка сацыялізуюцца, абаяльным, смяшлівым і вясёлым. Замкнёным людзям з іншай сэксуальнай арыентацыяй там несалодка.
Я думаю, што рашэнне з'ехаць трэба прымаць толькі тады, калі ты ведаеш пра краіну ўсё, што магчыма. Прычым ад людзей, якія тут жывуць. Новыя знаёмыя, сваякі, сябры сяброў – пытайся ў іх пра побытавыя дробязі, пра атмасферу, пра тое, як яно тут насамрэч. Страхоўка, пенсія, стыпендыі, інтэрнаты, кватэры, рыэлтары, кошты на малако – усё гэта вельмі-вельмі важна.
Не варта паступаць так, як я. Я спадзявалася на гісторыі свайго бацькі, які распавядаў мне пра тое, што бачыў у 2002 годзе. З тых часоў сітуацыя кардынальна змянілася. Ехаць з Беларусі так далёка ў краіну з абсалютна іншым менталітэтам – гэта наогул так сабе ідэя.
Пасля майго пераезду ў Ізраіль усё змянілася. Ад Беларусі засталіся толькі ўрывачныя канстанты неверагоднай любові да квітнеючага бэзу пад вокнамі ў бабулі і ўспаміны пра самыя прыгожыя ў свеце захады.
Д., студэнтка
Нарадзілася ў раённым горадзе на Гарадзеншчыне. Апошнія пяць год вучыцца за мяжой – спачатку ў Нідэрландах, зараз у Польшчы
Горад, дзе я нарадзілася, проста дазваляе жыць. Абмежавацца адпаведнымі вітальнымі функцыямі. У 13 гадоў я адчула, што знаходжанне там трэба проста «перачакаць». Яшчэ ў дзяцінстве мае бацькі вырашылі, што я буду вучыцца ў Германіі. Але ўсё гэта было вельмі далёкім і асабліва не хвалявала. Я не верыла, што здолею вывучыць мову, і менскія студэнты падаваліся «такімі класнымі» (еўрапейскіх я тады яшчэ не бачыла). А вось у 13 я адчула розніцу паміж жыццём там і ў нас і зразумела, што будучыні тут не хачу. Пасля гэтага ўсё тут стала чужым. Гэта было як стаяць на прыпынку і чакаць аўтобуса.
Спачатку я вучылася ў Нідэрландах на спецыяльнасці, якая мяне не цікавіла. Абіраць іншую там было дорага. Я падавала дакументы ў Германію, але там не прымаюць наш школьны дыплом. Давялося ехаць у Польшчу. Для мяне – таксама прыпынак на шляху. Кракаў – вельмі прыемны прыпынак, але ён таксама ўжо вычэрпвае сябе.
Мне цяжка сярод тых, хто хоча нешта будаваць. Я не хачу будаваць. Ведаеш пра тыпы чалавека Баўмана? Па ім я валацуга. З Польшчы я таксама збіраюся з’ехаць. Туды, дзе магчымасцяў яшчэ больш. Пажадана з мовай, якая стала маёй, то-бок Англія, Амерыка. Лепшыя ўніверсітэты. Я не хачу ствараць магчымасці, я хачу іх мець.
«Я не хачу ствараць магчымасці, я хачу іх мець»
Я амаль нічога не ведаю пра Беларусь. Нават мовы не ведаю. Для мяне Беларусь – гэта мая кватэра, некалькі членаў сям’і і пара знаёмых, якія засталіся. Калі я прыязджаю, мяне цяжка выцягнуць нават у кавярню ці на канцэрт. Мне проста нецікава. І справа не ў краіне – ува мне. Я люблю новае, і пажадана хутчэй. Змагацца за нешта? Не, я адмаўляюся пакутваць. І нават калі б усё само змянілася, я б не вярнулася. Калі раптам краіну прынялі б у нейкую унію, змянілася ўлада – я б не вярнулася. Савецкае мінулае не змыць. Але не толькі ў ім справа. Я з’еду адусюль.
У мяне зусім няма тугі. Хіба што ў снежні звычайна хочацца на вячэру да бабулі.
Ганна Шадрына, пісьменніца і даследчыца
Нарадзілася ў Менску, апошнія тры гады жыве ў Вялікабрытаніі
Для мяне «з'ехаць» – слова з мінулага, калі эміграцыя была чымсьці фатальным і незваротным. Сёння з'ехаць кудысьці назусім можна толькі пры наяўнасці вельмі вялікіх грошай. Усе, з кім я зараз рэгулярна маю зносіны (а гэта ў асноўным акадэмікі), жывуць там, дзе ёсць праца, і яны гатовыя пераязджаць пры неабходнасці. Ідэя асталявацца дзесьці гучыць як мара, у выкананне якой цяжка паверыць.
Што тычыцца мяне, я не з'язджала, я паехала пажыць дзесьці яшчэ. Большую частку часу я жыву ў Лондане. Зараз я ў Менску на вакацыях, наведваю маму. У верасні паеду ў Нью-Ёрк на тры месяцы, а потым зноў у Лондан, дзе на працягу яшчэ двух гадоў буду працаваць над маёй дысертацыяй. Пасля я б хацела затрымацца ў Брытаніі, у мяне там цудоўнае інтэлектуальнае жыццё. Але аднаго майго жадання недастаткова. Працоўных месцаў у акадэміі мала, а канкураваць трэба з наймацнейшымі прафесіяналамі планеты.
Я не імкнулася знайсці сабе новы дом – у Менску ў мяне быў цудоўны дом, і я была яго адзінаасобнай уладарніцай. А ў Лондане даводзіцца дзяліць жыллё з іншымі людзьмі. І часта гэта не тыя людзі, якіх я выбірала сабе ў кампанію. Я не ўяўляла сабе, што ў 40 гадоў мне давядзецца весці студэнцкі лад жыцця і жыць у камуналцы. Але асобнае жыллё ў Лондане недаступна ні студэнцтву, ні, як гэта там называецца, «маладым прафесіяналам».
Для мяне жыць у Лондане – як знаходзіцца ў цэнтры сусвету, але пры гэтым ахвяраваць бытавым камфортам і рэгулярна чытаць пра тэракты на суседняй вуліцы. Я спраўляюся таму, што я сама сабе дом, куды б ні прыехала.
Я не магу сказаць, што я сумую па Менску, таму што маё несвядомае не ў курсе, што я пераехала. У Лондане мне даволі часта здаецца, што я ў Менску. Напрыклад, раён на Паўднёвым беразе Тэмзы паміж Брытанскім інстытутам кінематаграфіі і Нацыянальным тэатрам мне вельмі нагадвае тэрыторыю вакол кінатэатра «Масква». Я не адчуваю ніякай асаблівай страты ў сувязі з пераездам. Я сумую па маме, але з інтэрнэтам жыць можна.
Калі бываю ў Менску, большую частку часу я альбо працую, альбо стасуюся з мамай. Калі здараецца выйсці ў горад, я не адчуваю, што знаёмыя ставяцца да мяне паблажліва. Ніхто з іх не бярэцца тлумачыць мне, што тут адбываецца, ніхто не дэманструе, што я больш сюды не прыналежу. Але, напэўна, я сама стала весці сябе па-іншаму. Напрыклад, я не дазваляю сабе ўдзельнічаць у нейкіх лакальных дыскусіях у сацсетках. Мне здаецца, што ў мяне на гэта стала менш правоў, хоць я і бываю ў Беларусі тры разы на год. Я адхінаюся не таму, што мне не хочацца выказвацца, а таму, што памятаю, як мяне раней раздражняла, калі пра жыццё ў Беларусі выказваліся тыя, хто тут не жыве пастаянна.
«Для мяне жыць у Лондане – як знаходзіцца ў цэнтры сусвету, але пры гэтым ахвяраваць бытавым камфортам і рэгулярна чытаць пра тэракты на суседняй вуліцы»
Я заўсёды пакідаю Лондан неахвотна. Але, знаходзячыся ў Менску, я не сумую па ім. У Беларусі я даволі хутка забываю, што на свеце ёсць іншыя краіны. Кожны раз з'язджаць ад мамы – разрыў сэрца...
Я не адчуваю, што павінна выбраць паміж Менскам і Лонданам. Частка гераінь маёй дысертацыі кажуць, што, памяняўшы краіну жыхарства, яны адарваліся ад радзімы і не змаглі ўбудавацца ў новы кантэкст. Іншая частка кажа: «Cool жа, што мы адначасова можам прыналежыць больш чым да аднаго месца». Я таксама імкнуся так думаць – што я не паміж, а і там, і там адначасова.
Я хачу развівацца як даследчыца. У Беларусі той навукі, якой я займаюся, няма ад слова «зусім». Таму ў прафесійным сэнсе я цалкам шчаслівая ў Брытаніі. Але калі б мне давялося вярнуцца ў Менск, я б прыдумала сабе працоўнае месца. Да пераезду ў Лондан я 4 гады пісала кнігі. Мабыць, я знайшла б спосаб працягваць у тым жа рэчышчы. Але пакуль я хачу пажыць у Лондане. У мяне там утварыўся круг зносін, мяне, нарэшце, сталі запрашаць на дні нараджэння. Я ў поўным захапленні ад магчымасці працаваць з маімі навуковымі кіраўнікамі. Са студзеня я пачынаю выкладчыцкую дзейнасць у вельмі добрым універсітэце. Але так было не заўсёды. Дзесяць месяцаў з майго першага, нетурыстычнага года ў Англіі я рыдала кожны дзень. Мне было вельмі страшна і самотна.
Толькі зараз мне становіцца лягчэй мець зносіны. Я навучылася ніштавата фліртаваць на англійскай і ўжо іншы раз магу ўдала пажартаваць. Да гэтага я была засяроджаная толькі на тым, каб пабудаваць граматычна правільны сказ.
Палітычны кантэкст Беларусі нікуды не знікае, калі жывеш за мяжой. Грамадзянства і яго палітычны сэнс асабліва востра перажываецца ў сувязі з несвабодай перамяшчэння. У Беларусі людзі выхваляюцца ў сацсетках атрыманнем доўгатэрміновай замежнай візы як доступам да прывілеям. У Брытаніі неабходнасць атрымліваць візы ў іншыя краіны азначае, наадварот, адсутнасць прывілеяў. Калегі з краін ЕС глядзяць на мяне са здзіўленнем, калі я расказваю ім пра шэнгенскія візы, неабходнасць рэгістравацца ў паліцыі і інфармаваць адміністрацыю ўніверсітэта пра свае паездкі.
Мне і хочацца пэўнасці, і не хочацца. Я не сустракала ў Лондане людзей, якія маглі б сказаць: «Я тут назаўсёды». Што заўгодна можа змяніцца ў любы момант. Добра, калі ёсць дом. Але, можа, не так ужо і дрэнна, калі іх некалькі на працягу жыцця?
Фота Наста Кiт
Разбираемся, как жить дальше, когда накрывает волна отчаяния, и как в такой ситуации правильно подобрать психотерапевта(-ку).
«Через день на счет студии перевели € 14 000».
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.