Аляксандр Беўз
- 26.07.2019
- 4254
Бачыў(-ла) рабят, якія бегаюць па горадзе і адначасова збіраюць смецце? Гэтая на першы погляд дзівацкая, а на другі – карысная справа завецца плогінг. 34mag сустрэўся з Аляксандрам Беўзам – стваральнікам ініцыятывы Plogging Belarus, – каб пабалбатаць пра смецце і экастыль жыцця.
Герой: Аляксандр Беўз, 32 гады, з адукацыі – юрыст, па прызначэнні – арганізатар экстрым-варушнякоў.
Чым займаецца: Заняты ў наступных праектах: экстрым-супольнасць Беларусі ALLRIDE, экстрым-падарожжы за мяжу Nomads.by, некамерцыйная экалагічная ініцыятыва Plogging Belarus.
Сайт Facebook Instagram Telegram
Пра тое, як забегі пачаліся і да чаго вядуць
– Для мяне ўсё пачалося з арганізацыі сноўборд-барахолкі. У сноўбардыстаў дарагі рыштунак, і я хацеў зрабіць маркет для пачаткоўцаў, каб яны маглі купіць нешта танна. Тады я паехаў у лес, набраў галінак і зрабіў з іх стойку для адзення. Далей зрабіў пункт для катання на сноўбордзе: з «Чыжоўка-арэны» звычайна зразаюць снег, выкідваюць ці топяць, а мы вырашылі ім скарыстацца – атрымалася паўторнае выкарыстанне рэсурсаў. А пасля супрацоўніца «Цэнтра экалагічных рашэнняў» Воля Астаповіч напісала пра тое, што прайшла барахолка ў экастылі. Магчыма, менавіта тады я захапіўся экастылем жыцця і тэмай экалогіі, бо мяне натхніў гэты матэрыял.
Вельмі складана зрабіць так, каб людзі ўсвядомілі, наколькі важна знізіць колькасць адкідаў, і яшчэ складаней пераканаць прыбіраць за кімсьці. Бо ўнутрана разумееш, што гэта несправядліва. Напрыклад, у Лошыцкім яры зрэзалі кабелі: людзі без пастаяннага месца жыхарства робяць там гэта ўвесь час – здымаюць медзь і пакідаюць усё астатняе. З аднаго боку, чаму ты павінен за імі прыбіраць? З іншага боку, калі не ты, то, магчыма, ніхто.
Мы стараемся матываваць на прабежку тых, хто прыйшоў дзеля экалагічнай часткі, а тых, хто займаецца спортам, імкнёмся зацікавіць экалагічным стылем жыцця. Асноўная мэта – паказаць, што гэта проста. Калі кожны возьме з сабой пальчатку, пакет і падключыцца да збору смецця падчас прабежкі ці проста шпацыру па парку, то сам жа зробіць чысцей і прыемней месца, дзе ён бавіць час.
«Калі ты займаешся плогінгам увесь час, у цябе з'яўляецца азарт – ты ўжо не можаш проста так прайсці і не сабраць смецце»
Вось тут светапогляд і змяняецца: перад забегамі я, напэўна, менш задумваўся пра тое, наколькі ўсё забруджанае. Калі ты ўжо гэтым займаешся і бачыш усё, што адбываецца навокал, ты не хочаш спыняцца, таму што пачынаеш лепш разумець значнасць таго, што робіш.
Я думаў, што першы год будзе тэставым, мы будзем бегаць сваёй кампашкай – і на гэтым усё. Зараз мяне трымае ў гэтым праекце тое, што падключаюцца многія людзі. Людзям цікава – і ў гэтым ёсць сэнс. Я раблю нешта правільнае.
Для мяне любы праект – камерцыйны ці не – павінен працаваць так, каб чалавек атрымліваў ад яго матэрыяльную дапамогу, затрачваючы свае рэсурсы. Бо рана ці позна ты выгараеш і разумееш, што больш не можаш бясплатна марнаваць час. Мы хочам развіць Plogging Belarus як праект да таго ўзроўню, калі ён існуе за свае рэсурсы, можа іх атрымліваць, правільна размяркоўваць і гэтым матываваць далучацца да ініцыятывы.
«Заўсёды вельмі шмат бычкоў, іх цяжка збіраць, а яны даволі небяспечныя: раскладаюцца на таксічны мікрапластык»
Пра галоўныя праблемы плогераў
– Калі ты займаешся плогінгам увесь час, у цябе з'яўляецца азарт – ты ўжо не можаш проста так прайсці і не сабраць смецце. Калі мы прыязджаем удвох-утрох глядзець новую лакацыю, ёсць жаданне прыбрацца, але мы гэтага звычайна не робім. Лепш адразу пачаць у камандзе.
Мы знаходзім шмат пластыкавых бутэлек ад піва, вады, газіровак, сустракаюцца шкляныя бутэлькі. Плюс гэтых упаковак: калі яны не моцна забруджаныя, мы можам адпраўляць іх на перапрацоўку. Але ёсць агульная маса смецця, якая не перапрацоўваецца. І тут мы знаходзім што заўгодна: ад выкарыстаных вільготных сурвэтак да фотакамер, унітазаў або дываноў. Заўсёды вельмі шмат бычкоў, іх цяжка збіраць, а яны даволі небяспечныя: раскладаюцца на таксічны мікрапластык, які трапляе ў глебу і ваду.
Самая вялікая праблема – у людзях. Можна казаць, што ёсць вытворцы, ад якіх усё ідзе, але, калі мы выкарыстоўваем іх рэчы, гэта менавіта мы падсаджваем вытворцаў на тое, каб больш вырабляць. Трэба неяк мяняць свядомасць – і гэта пакуль што цяжка.
Мы вядзём статыстыку па сабраным і раздзеленым смецці, па відах адкідаў, якія мы здалі на перапрацоўку. І назіраем, якога смецця больш за ўсё знаходзім у парках і лясах, каб потым напісаць інфармацыйны ліст вытворцам такой упакоўкі і звярнуць іх увагу на гэтую праблему. Зразумелая справа: не іх віна ў тым, што іх тару так выкідаюць, але яны маглі б неяк паўплываць на гэтую сітуацыю – падтрымаць праект або іншую ініцыятыву.
Яшчэ адна праблема – вываз смецця. Калі ў Лошыцкім яры пункт прыёму другаснай сыравіны і кантэйнеры былі побач, то ў тым жа Яблыневым садзе нам прыйшлося цягнуць гэта ўсё на адну далёкую кропку. Магчыма, будзем неяк заручацца падтрымкай Зелянбуда або ЖКГ, каб вырашыць гэтую праблему: дамаўляцца з імі, каб вывесці смецце хоць бы да пунктаў прыёму, альбо наймаць транспарт, калі ў праекце з'явіцца нейкі бюджэт.
У аддаленых, неакультураных і нячаста наведвальных месцах заўсёды знойдзецца звалка бытавых адходаў. Чалавек збірае дзесьці ў сябе на дачы смецце, а потым звозіць туды. І ўсе чамусьці думаюць, што яно некуды дзенецца, калі яго там кінуць або закапаць.
Мы збіраем дадзеныя і, магчыма, па выніках сезона напішам зварот не толькі вытворцам, але і органам ўлады, на тэрыторыі якіх мы ладзілі забегі. Ёсць акультураныя грамадскія паркі, а ёсць месцы, як Лошыцкі яр або Яблыневы сад, куды людзі прыходзяць на пікнік, але тут няма сметніц. Магчыма, з гэтым звязана тое, што смецце пакідаюць на месцы. І мы можа абмеркаваць гэта з органамі ўлады.
Пра «зялёны» стыль жыцця
– Мая мэта ў першую чаргу не перапрацаваць смецце, а максімальна пазбавіцца ад яго. Таму купляю на Камароўцы на россып, на разліў усю бытавую хімію: парашкі, мыйныя сродкі, мыла. У супермаркеты бяру з сабой заўсёды торбачкі для гародніны і садавіны. Пакеты я выкарыстоўваю мінімальна, толькі калі мне яго выпадкова ўцюхаюць, а сэнсу вяртаць ужо няма, таму што ён ужо з налепкай. Бяру кубак з сабой у кавярні. Зараз я абсалютна не карыстаюся аднаразовым посудам, таму што гэта вельмі небяспечная рэч: яна не перапрацоўваецца.
Калі я працаваў у офісе, мы збіралі асобна накрыўкі для праекта «Крышарыкі». Я звольніўся, але прыемна, што рабяты да гэтага часу іх збіраюць і здаюць. Калі пачаць збіраць іх у кожным офісе, гэта будзе каласальны аб'ём.
Зараз я, на жаль, не магу доўга хадзіць пешшу праз траўму калена, але стараюся абыходзіцца без машыны. Падчас падарожжаў, калі дазваляюць магчымасці, карыстаюся цягнікамі замест самалётаў. Нядаўна быў у Італіі – і ў іх на квітках ёсць куточак, дзе напісана «Дзякуй, што ты скарыстаўся цягніком», і інфаграфіка з выкідам CO2, які робіць за адну паездку цягнік, машына і самалёт. Прышпільная штука, калі табе паведамляюць, што сваім выбарам ты зрабіў нешта карыснае.
«У Італіі на квітках ёсць куточак, дзе напісана “Дзякуй, што скарыстаўся цягніком”, і інфаграфіка з выкідам CO2, які робіць за адну паездку цягнік, машына і самалёт»
Так з’яўляецца адчуванне, што робіш нешта важнае, бо інакш навошта парыцца – падзяляць смецце, выносіць па розных кантэйнерах. Ты робіш гэта, разумеючы, што смецце адправіцца на перапрацоўку і з яго нешта зробяць, а не закапаюць у зямлю, дзе яно будзе знаходзіцца яшчэ 500 гадоў.
Ці, напрыклад, я і раней апранаўся ў сэкандах: разумеў, што абутак з сэканду праносіцца даўжэй, чым новы з кітайскай крамы. А зараз я ўжо задумваюся над тым, што, купляючы адзенне ў сэкандзе, я памяншаю адходы.
Калі з'явіліся гэтыя кантэйнеры паасобнага збору смецця, многія бачылі карціну: прыязджае машына і загружае ўсё – паперу, пластык, шкло – у адзін кузаў. І некаторыя знаёмыя казалі, што не бачаць сэнсу падзяляць смецце: усё роўна вывозяць усё ў адной кучы. Гэта памылковае меркаванне: калі мы правільна сартуем смецце, то мы памяншаем галаўны боль людзям, якія сартуюць смецце на стужцы. І да экастылю жыцця прыходзіш, калі ўсведамляеш, што адбываецца нешта ненармальнае. Можа, пра гэта трэба проста больш казаць людзям?
Фота: Віялета Саўчыц