Пралетарская ўрачыстасць, бюргерскае раўнапраўе, анархісцкі дух і гіпнатычны трэмар – далёка не поўны спіс вобразаў, якія нават блізка не змогуць апісаць фенаменальную плынь энергіі, якая штодня генеруецца на першым паверсе легендарнага сталічнага ўніверсама «Цэнтральны». Забугорныя урбан-спецыялісты губляюць розум, трапляючы ў нетры гэтага байцоўскага клуба ў цэнтры Менска. Даследаваць беларускі алкагольны Хогўартс выправіўся наш рэпарцёр Manaxrom разам з мэрам «Цэнтральнага» на foursquare Віцем Контарам.
«Хлопцы, падкіньце грошай, у мяне сын – барэц»
«Ведаеш, хто мой сын? Мой сын Мілеўскі», – гучным голасам праразае рокат пятнічнага натоўпу мужычок у мехаватых нагавіцах і старэнькім плашчовым балахоне. Мы палім на ганку ўніверсама «Цэнтральны» разам з foursquare-мэрам крамы Віцем Контарам. Побач праплываюць барадатыя малойчыкі ў спартовым, мужык перакідваецца на іх: «Хлопцы, падкіньце грошай, у мяне сын – барэц». Пасля невялічкага вакальнага перформансу, чутнага, напэўна, на другім баку праспекта, бацька зорнага сына працягвае збіраць грошы, а мы падаёмся ўнутр.
Інтэр’ер памяшкання сустракае нас высокаю столлю з урачыстымі жырандолямі, арыгінальнай ампірскай ляпнінай, серыяй пано на аграпабытовую тэматыку і, вядома ж, асаблівым тутэйшым цяплом – заўсёднікі надыхалі. Элементы дэкору ствараюць агульнае ўражанне тэатральнага бара падчас антракту, але ўсё ж такі галоўную танальнасць памяшканню задае даўжэзная стойка ад вуха да вуха. Ля яе і адбываецца ўвесь асноўны экшн.
«Элементы дэкору ствараюць агульнае ўражанне тэатральнага бара падчас антракту»
Як і творчы сіндыкат галерэі «Ў», універсам «Цэнтральны» прапаноўвае стос розных актыўнасцяў. Па-першае, гэта галоўны гандлёвы блок на другім паверсе, побач з якім прадаюць хатнія расліны, а ў кішках-праходах да якога маладыя і борздыя медытуюць у свае мабілкі. Па-другое, гэта кавярня «Акварыум», дзе днём можна паабедаць за нядорага шпінатным супцом і пірожкамі «Мядок», а ўвечары прыняць на грудкі «Шапку Манамаха» або лайтовы «Брыз». У левым крыле ўніверсама месціцца іспанскі сток адзення «Душечка», а правае крыло на выхадзе займае аптэка, з грунтоўным асартыментам анальгетыкаў і глогу. Для замежных агентаў у краме размешчаныя два абменнікі.
«Надоечы ўбачыў так Нікаса Сафронава. Ён як Хрыстос праплыў па праспекце»
«Навошта вы мяне здымаеце? Я тут працую. Не трэба мяне здымаць», – злуецца грудастая прадавачка ў алкагольным адсеку, разліваючы нам піўко па пластыкавых стаканчыках. Дарэчы, з разліўнога тут толькі «Крыніца», якая каштуе менш за еўра, у другім баку залі ёсць яшчэ «Златы Базант» і «Баброў». Мы апраўдваемся, што прыехалі як турысты з глыбінкі і ніколі не былі тут. «Здымайце лепей інтэр’ер», – атрымліваем у адказ.
«Гэта самая шкадлівая цёця», – ужо ля стойкі каментуе Віця выпад жанчыны. Да нас пад’язджае кабетка ў фартуху і з руплівасцю робата Валлі зграбае смецце, пакінутае папярэднімі наведнікамі. Хвілінная паўза: мы, нібы прамерзлых сінічак, грэем у руках свае стаканцы з духмяным півасам і заліпаем у вітражы. З велічэзных арачных праёмаў відаць усё ажыўленае жыццё цэнтральнага пятачка праспекта, нутро яго арганізму. Назіраючы за тым, як апускаецца на горад лагодны вечар, пачынаеш атаясамліваць сябе з манекенамі, якія штодня сочаць за паўсядзённай мітуснёй з вітрын буцікоў і ў адказ ловяць зацікаўленыя позіркі мінакоў. «Надоечы ўбачыў так Нікаса Сафронава, – вяртае да рэальнасці Віця. – Ён як Хрыстос, млява, але з годнасцю, праплыў па праспекце».
Мы спрабуем першыя глыткі самага папулярнага лагера краіны і раптам заўважаем, як у дзверы на выхад праскоквае ці то з сумкай, ці то з дыпламатам пісьменнік Адам Глобус. «Дарэчы, так і ёсць, – ківае Віця. – Тут часцяком можна сустрэць каго-небудзь з культурнай праслойкі Менска. Брат Халезіна вісне з сябрамі ў “Акварыуме”, Памідораў па каве з каньячком прапускае. А вунь і мясцовая знакамітасць».
«Запісвайце нумар. Завуць мяне Руслан Зголіч. Так-так, як князя ВКЛ»
Побач праходзіць мужчына з сівой барадой і разумнымі жвавымі вачыма. Позірк выпадкова супыняецца на нас, і ён адразу падграбае. «Прыходзьце на наступным тыдні на прэзентацыю майго кіно ў Малой залі, – сходу і неяк асабліва выразна запрашае незнаёмец. – Будзе Мясніковіч, паслы… У галоўнай ролі Лукашэнка. Нават ААН пра гэта пісала, не ведаеце? А калі жадаеце паўдзельнічаць у фільме, яшчэ ёсць магчымасць. Запісвайце нумар. Завуць мяне Руслан Зголіч. Так-так, як князя ВКЛ». Як потым высвятляецца, Руслан Зголіч – гэта скандальны беларускі рэжысёр, які, паводле легенды, скраў з «Беларусьфільма» незакончаную стужку «Госці», рэжысёрам якой ён сам і быў. З той пары мужчына намагаецца даздымаць сваё кіно.
Народу паціху прыбывае, мы заканчваем па першай і вывальваемся на вуліцу, каб глынуць паветра і папаліць. Прастора перад барам таксама шматлюдная. Фасад будынка аблеплены раварыстамі розных масцей. Яны нешта жлукцяць з непразрыстых папяровых кубачкаў і віртуозна выпісваюць піруэты пальцамі на тачскрынах. Да нас падлятае дзяўчынка з фіялетавымі вяснушкамі і мутным позіркам і страляе некалькі цыгарэт. «Аўтаспынніца з Піцера, – паведамляе Віця. – Ужо, мабыць, з год не можа з’ехаць. Напэўна, прыкіпела да гэтага месца».
Унутры мы сустракаем Віцевых сяброў, гутарка пакрысе разганяецца і больш не губляе тэмпу. Праз высокую шчыльнасць наведнікаў наша купка мае вузенькі доступ да стойкі, таму даводзіцца стаяць у самым турбулентным месцы, амаль у нетрах цыркуляцыі народу. Адчуваю, як юнацтва паціху накатвае алкагольнымі хвалямі. «Мне падабаецца, што сюды прыйдзеш у любы вечар і заўжды сустрэнеш знаёмых, – заўважае мой настрой Віця. – Нават можна тэлефонамі не абменьвацца». І, быццам у пацверджанне яго словаў, адразу ж заўважаю ў натоўпе частку гурта «Разбітае Сэрца Пацана», а потым і спартсменак з «Бабьего бунта».
«У іх тут нават сферы ўплыву падзеленыя. Цыгарэтная мафія, карацей...»
Мы раскочваем другі куфаль і вырашаем падсілкавацца. Безумоўна, лідарамі суб’ектыўнага рэйтынгу робяцца яйкі пад маянэзам за Br 4400, але Віця раіць іншую знакавую страву – бутэрброд «Запечаны» за Br 12 400, ноткамі начынкі ён падобны на златку, але трошкі саступае ў смаку каралеве фастфуду. «"Цэнтральны” днём і ”Цэнтральны” ўвечары – гэта зусім розныя месцы, – адзначае Віця. – Удзень людзі заходзяць сюды па шпінатную слойку, піту або проста папіць кавы з пірожкай. Але пасля заканчэння працоўнага дня бар пераўтвараецца ў сапраўд…»
Скончыць мэр універсама не паспявае. «Хлопцы, паштучна Captain Black не жадаеце? Ёсць шакаладны», – гарэзліва заглядвае ў вочы невысокая жанчына ў белых красоўках. «Гэта Валянцінаўна, – хутка дакладвае Віця. – Яна заўжды тут ходзіць. У іх тут нават сферы ўплыву падзеленыя. Цыгарэтная мафія, карацей... Дык вось, завёў я аднойчы сюды аднаго нямецкага ўрбаніста. Ён умомант прыхуеў ад гэткага сквоту. Вочы гараць. “Гэта ж унікальнае спалучэнне савецкага ўнівермага, брытанскага паба і нямецкай піўнухі! Віця, такое трэба захоўваць!” – кажа».
«Удзень людзі заходзяць сюды па шпінатную слойку, піту або проста папіць кавы з пірожкай»
Спрачацца цяжка. Сапраўды, пярэдняя ўніверсама «Цэнтральны» – гэта вельмі ўдалая метафара беларускага грамадства, дзе абсалютна натуральным чынам суіснуе ўсё грэшнае і святое, што засяляе цэнтр Еўропы. Гэта апошні чэк-пойнт, дзе ў ліслівым макабры сышліся фігуранты карцінаў Босха, патомкі персанажаў з тутэйшых жа савецкіх пано, героі незалежнай Беларусі і самы што ні ёсць youth of the nation. Жыццё тут кіпіць так, што можна абварыцца.
На трэцім куфлі піўка мы вырашаем спыніцца, усё ж такі вечар пятніцы – гэта яшчэ не прысуд. Напаследак я акідваю вокам прастору залі. Побач з намі хлопец важна разгортвае аркушы з партытурай. Непадалёк бялёсы дон Карлеонэ абдымае свайго падапечнага. У іншым кутку буйная кампанія панкаў у касухах рагоча так, што дрыжаць кандэлябры над прылаўкамі. А побач інтэлігентнага выгляду бабуля з дзядулям няўпэўнена нясуць гарбату да бяспечнага месца. І ўсё ва ўсіх атрымліваецца зладжана і гарманічна. Я сузіраю падмурак дэмакратычнага грамадства.
Потым цісну руку мэру «Цэнтральнага» і растаю ў падземных жылах мегаполіса.
Дата арыгінальнай публікацыі – 17 красавiка 2014 года
Як наша аўтарка ў якасці перакладчыцы амаль тыдзень пратусіла з легендай – спадаром Эніё Марыконэ.
Сямейныя каштоўнасці, адсутнасць феміністак і салдацікі на школьных дыскатэках. Рэпартаж з адзінай у краіне жаночай гімназіі (якая ўжо не існуе).
Што ты можаш ведаць пра сябе, калі ніколі не біўся? Кантрыбутару 34mag разбілі твар на сустрэчы менскага «байцоўскага клубу».
Мы наведалі «бар для сваіх», зроблены ў хаце пад знос непадалёк ад Ждановічаў.
Ад продажу першых вырабаў – да ўдзелу ў галоўных біенале.
Новыя выклікі ад ШІ-навінак і карысных платформ.
«Дыскатэка для самотнага сацыяпатычнага нарцыса з заніжаным эга».
КАМЕНТАРЫ (1)
водар там на першым паверсе надта спецыфiчны.
дакладней - пах