Навошта размаўляць пра смерць з незнаёмцамі(-камі) у Death Cafe?

Ужо некалькі гадоў у свеце існуе «сацыяльная франшыза» Death Café («Кавярня смерці»), у межах якой людзі сустракаюцца ва ўмоўленым месцы з адзінай мэтай – пагутарыць пра смерць за гарбатай з пірожкамі. Нядаўна Death Café дакацілася да Менска, першая сустрэча адбылася ў канцы лістапада. Мы хуценька сустрэліся з яе арганізатаркамі – Кацярынай Зыкавай, Аляксандрай Сяргейчык і Настассяй Багранцавай, – каб распытаць, навошта гэта патрэбна ўсім, і асабліва – жыхарам(-кам) вялікага горада.

 

 Кацярына Зыкава 

 Аляксандра Сяргейчык 

 Настасся Багранцава 

 

Фармат Death Café прыдумаў брытанскі вэб-распрацоўшчык Джон Андэрвуд, натхніўшыся ідэямі швейцарскага сацыёлага і антраполага Бернарда Крэта. Першыя сустрэчы пад такой «лэйбай» Андэрвуд арганізаваў у 2011 годзе. Цяпер Death Café дзейнічаюць у 69 краінах. Сустрэчы не прывязваюцца да пэўнага месца і графіку, яны праходзяць у рэжыме pop-up на любой зручнай пляцоўцы, хай то будзе кавярня, культурны хаб, чыйсьці дом або нават могілкі (было і такое ў сусветнай практыцы). Галоўная місія Death Café – зняць табу на размовы пра смерць і напоўніць такім чынам сваё канчатковае жыццё вялікім сэнсам.

 

 

Як Death Café даехала на Свіслач

– Як вы даведаліся пра франшызу?

 Кацярына:  Выпадкова, з паста на Facebook. Быў яшчэ артыкул на «Медузе», Саша Сулім пісала пра Death Café ў Маскве. Ну і ўвогуле тэма даволі вядомая. Знаёмыя рабяты распавядалі, як яны хадзілі на сустрэчы ў блізкім замежжы, і мне заўсёды імпанавалі гэтыя гісторыі. Года паўтара я выношвала ў сабе ідэю Death Café, не рызыкуючы да яе дакрануцца. У нейкі момант нарэшце вырашылася, і мне захацелася падзяліць адказнасць з блізкімі па духу людзьмі. Імі сталі Саша і Насця.

– Як людзі вакол рэагавалі на тое, што вы рыхтуеце праект, прысвечаны размовам пра смерць?

 Кацярына:  Па-рознаму. З блізкімі сябрамі мы супадаем у многіх каштоўнасцях, таму яны мяне падтрымалі. Але былі людзі, якія ставіліся да праекта насцярожана. Мы з цяжкасцю знайшлі пляцоўку – я пісала ў тры месцы да таго, як трапіла да «Ок16», усюды адмаўлялі. Можа, гэта звязана з тэматыкай праекта, але я не ведала дакладныя прычыны адмовы.

 Настасся:  Я распавяла пра праект сваёй бабулі. Яна англійскай не ведае, таму я пераклала для яе назву – «Кафе смерти». Рэакцыя ў бабулі была цудоўная: «Насця, справа добрая, але ці сапраўды трэба так яе называць? Гучыць непрыемна». Мне самой зразумела, што па-руску гэта гучыць мацней, чым «Death Café», таму што сувязь з рускай мовай у мяне мацней, чым з англійскай. І калі я прамаўляю «Кафе смерти», то як быццам выкарыстоўваю мацюкальнае слова ў размове, дзе мат – табу.

– Былі нейкія боязі перад запускам праекта?

 Кацярына:  Як «сапраўдны беларус», я баялася, як бы чаго не выйшла. А калі без жартаў, то турбавалася, што на сустрэчу могуць прыйсці людзі, якія не чытаюць правілы. Гэта было самай вялікай бояззю. Правілы ў нас простыя, але важныя. У нас не псіхатэрапеўтычная група і не група гаравання, таму мы не падыдзем людзям, якія знаходзяцца ў вострай стадыі пасля страты.

«Death Café не падыходзіць людзям, якія не гатовыя да дыялогу і маюць “адзіна слушнае ўяўленне” пра канцэпцыю памірання і смерці»

– А можна яшчэ падрабязней аб правілах?

 Кацярына:  Удзельнікі павінны быць 18+ і не знаходзіцца ў стане змененай свядомасці – пад уздзеяннем алкаголю і гэтак далей. Акрамя таго, кожны ўдзельнік сам нясе адказнасць за свой псіхічны стан. На сустрэчы можна маўчаць, можна ўстаць і выйсці. Калі вы адчуваеце, што ваш стан пагаршаецца, магчыма, гэтая тэма ўсё ж такі занадта моцна вас кранае. Таксама мы прытрымліваемся правілаў прыватнасці і не расказваем трэцім асобам пра тое, што адбываецца на сустрэчах. Ну і папярэдняя рэгістрацыя абавязковая.

– Як вы запускаліся і як хутка вам прыйшлося закрыць рэгістрацыю на сустрэчу?

 Кацярына:  Абмеркавалі ўсё з Сашай і Насцяй. Далей я зрабіла пост у Facebook, дзяўчаты яго расшарылі, і пра нас тут жа напісалі ўсе гарадскія парталы. Мабыць, таму, што людзям цікавае ўсё новае, ды й тэма смерці прыцягвае шмат каго.

У першы дзень пасля таго, як пра нас напісалі ў навінах, прыйшло амаль 300 заявак, і мы закрылі рэгістрацыю, таму што нам трэба ўсяго 25 чалавек. Цяпер пішуць шмат людзей, якія хочуць зарэгістравацца на наступную сустрэчу. Але мы вырашылі зрабіць для ўсіх роўныя ўмовы, таму проста загадзя аб'явім, калі будзе адкрытая рэгістрацыя, і праз нейкі час яе закрыем. Наступная сустрэча ў нас запланаваная ў канцы снежня, таксама ў «Ок16». Пакуль будзем сустракацца раз на месяц, а далей паглядзім.

 

 

«У першы дзень пасля таго, як пра нас напісалі ў навінах, прыйшло амаль 300 заявак»

Як прайшла першая сустрэча

– Якіх людзей зацікавіла Death Café?

 Кацярына:  У нас былі заяўкі ад людзей з 18 гадоў да 60+, з рознымі поглядамі на жыццё, рознай адукацыяй, асабістым вопытам узаемадзеяння са смерцю.

 Настасся:  Мне здаецца, сустрэчы заўсёды будуць непрадказальнымі. Больш таго, нават калі б мы ўзнавілі дакладна такую ж сустрэчу з такімі ж людзьмі, яна атрымалася б іншай.

– І наколькі людзі былі гатовыя размаўляць пра смерць?

 Настасся:  Тыя, хто прыйшлі на сустрэчу, былі сапраўды гатовыя. Бліжэй да сярэдзіны сталі наогул гучаць даволі глыбокія думкі, і гэта яскрава дэманстравала, што людзям ёсць што прамовіць па тэме. Мы не маўчалі пра смерць дзве гадзіны, хоць фармат гэта таксама дазваляе.

– Чаго чакаць чалавеку, які(-ая) прыйдзе на Death Café ўпершыню?

 Кацярына:  Гэта дыскусія, якая асабліва не абмежаваная. Напэўна, можна казаць пра спантаннасць, але ва ўмовах рамак, зададзеных правіламі.

 Настасся:  Варта чакаць таго, што там будуць іншыя людзі і ў іх будзе іншы вопыт. Магчыма, у іх будзе нават такі погляд на тэму смерці, які кардынальна адрозніваецца ад вашага. Што адбываецца з чалавекам пасля смерці? Як трэба абыходзіцца з усёй гэтай абрадавай часткай? У кожнага ёсць свой, вельмі асабісты, погляд на гэтую тэму. Таму можна чакаць вялікай разнастайнасці суб'ектыўнасцяў і дыялогу паміж імі.

– То-бок атрымліваецца гісторыя пра прагаворванне?

 Кацярына:  Так, але, напэўна, і пра асэнсаванне, і нават пражыванне.

 Аляксандра:  Магчыма, нават пражыванне іншых досведаў, таму што ты чуеш гісторыі іншых людзей.

 Кацярына:  Так, не абавязкова нават прамаўляць. Калі чалавек сядзіць і проста слухае, гэта ж не значыць, што ён не набывае вопыт.

 Настасся:  Калі мы дзве гадзіны сядзім і слухаем пра досвед іншых людзей, то гэта нешта мяняе ўнутры. Пры ўмове, што наша мэта – менавіта пачуць, а не перапыніць і выказаць сваё меркаванне.

 

 

У чым сэнс гэтай «смяротнай» задумы

– А людзі па-за мінулай сустрэчай, якія выраслі ў рамках нашай культуры, ці гатовыя яны, на вашу думку, абмяркоўваць смерць?

 Кацярына:  Наўрад ці. У нашай культуры тэма смерці больш-менш табуяваная, так было і ў маёй гісторыі жыцця, і гэта адна з асабістых прычын, чаму я ўзялася за Death Café. Зноў жа, у гарадскім асяроддзі тэма смерці знаходзіцца на перыферыі. Калі чалавек жыве ў вёсцы, ён назірае натуральны ход жыцця, нараджэнне і смерць. У горадзе смерці як быццам няма. Таму калі людзі з ёй сутыкаюцца – а гэта непазбежна, – могуць узнікаць розныя пытанні.

– Гэта значыць, галоўны сэнс у тым, каб праявіць тэму.

 Кацярына:  Так, у тым, каб зняць табу з тэмы і неяк яе асэнсоўваць. Для мяне размовы пра смерць – гэта размовы пра жыццё, таму што смерць і нараджэнне – дзве канстанты чалавечага жыцця. Смерць непазбежная, і размовы пра яе могуць дапамагчы знаходзіць нейкія важныя рэчы ў жыцці, пражываць яго больш свядома.

 Настасся:  Зразумела, што гэта грамадска важная тэма. Ёсць табу, і добра, калі ёсць прастора для абмеркавання. Але да самага канца першай сустрэчы ў мяне не было поўнага разумення, у чым сэнс праекта асабіста для мяне. Толькі потым з'явілася адчуванне, што ўсё гэта – нешта накшталт добрага спосабу бавіць вечар. Сабраліся вельмі розныя людзі, з якімі ў іншай сітуацыі размовы магло і не атрымацца (ці размова атрымалася б павярхоўная). Калі шмат людзей сядзяць у коле і дзве гадзіны абмяркоўваюць смерць – гэта на дзіва прыгожая магчымасць зазірнуць у нешта вельмі асабістае, даступнае звычайна толькі для блізкіх.

«Калі чалавек жыве ў вёсцы, ён назірае натуральны ход жыцця, нараджэнне і смерць. У горадзе смерці як быццам няма»

 Аляксандра:  Для мяне Death Café – гэта магчымасць глыбей вывучыць тэму. Яшчэ ў ВНУ я зацікавілася трансцэндэнтнай псіхалогіяй, тым, што крыецца за нашымі бытавымі перажываннямі. Пазней гэта перарасло ў любоў да экзістэнцыяльнай псіхалогіі. Таксама я вывучала стаўленне бацькоў анкахворых дзяцей да смерці – куды ўжо бліжэй? Да смерці свайго дзіцяці ставяцца практычна як да сваёй уласнай смерці. Калі скончыла з гэтай навуковай працай і наогул з псіхалогіяй, стала больш вывучаць будызм і будысцкае стаўленне да смерці. І цяпер, калі Каця прапанавала паўдзельнічаць, я ўспомніла пра сваю вучобу і вырашыла ўсё гэта працягнуць.

– Чым Death Café, акрамя тэмы, прынцыпова адрозніваецца ад іншых дыскусійных клубаў?

 Настасся:  Думаю, сам фармат вельмі прыгожы. Збіраецца куча народу, ёсць магчымасць свабоднай дыскусіі. Ніхто не кажа, як правільна і як няправільна, але ёсць рамкі той тэмы, на якой мы сканцэнтраваныя. Можна паслухаць іншага і нешта сфармуляваць самому, такія магчымасці наогул выпадаюць не так часта. Я б наведала такія сустрэчы не толькі пра смерць, але і пра каханне, хваробу, тэрапію і нейкія яшчэ тэмы, якія мяне турбуюць.

Настолькі ўдалы фармат не так проста арганізаваць у рэальным жыцці, часта абмеркавання падобных тэм ператвараюцца ў дэбаты. З'яўляецца азарт, жаданне даказваць. А калі ўсім адразу зразумела, што мы не шукаем ніякіх адказаў, усё атрымліваецца неяк па-асабліваму.

«Death Café – гэта не толькі пра смерць, але і пра чалавечыя адносіны. Пра раўнапраўе, уменне пачуць іншага і даць яму быць такім, які ён ёсць»

 Кацярына:  Часта сустракаюся ў дыскусіях з жаданнем неяк пераканаць чалавека, у якога іншая рэальнасць, таму што яна не суадносіцца з тваёй. А тут аказваецца, што мы ўсе розныя, няма ніякіх «насамрэч». І таму Death Café – гэта не толькі пра смерць, але і пра чалавечыя адносіны. Пра раўнапраўе, уменне пачуць іншага і даць яму быць такім, які ён ёсць. Для мяне ў гэтым фармаце яшчэ важная роўнасць кожнага з удзельнікаў. Мы ўсе памром, у кожнага будзе сутыкненне са сваёй уласнай смерцю, але пакуль яшчэ яно не адбылося. І вось мы сабраліся разам, і ў гэтым плане мы ўсе роўныя.

 Настасся:  А яшчэ гэтая рэальнасць, якой з табой на сустрэчы дзеляцца іншыя, – гэта нібы вартае артхаўснае кіно. Ты атрымліваеш магчымасць убачыць нешта, што ніяк не можаш атрымаць інакш.

 Кацярына:  Нейкая фенаменалогія: на дзве гадзіны ты набіраешся мужнасці зняць акуляры, праз якія глядзіш на свет, і ўбачыць нешта іншае. Гэта значыць, ты пашыраеш свой погляд. Так, у нас не псіхатэрапеўтычная група, але сустрэчы могуць мець тэрапеўтычны эфект для тых, хто захоча яго атрымаць.

 

Сачы за крутымі івэнтамі горада ў тэлеграм-канале Lost in Minsk.