Гадавіна забойства, якое не заўважылі
- Рубрыка: РЭПОРТЫ
- 29.10.2018
- 6825
27 кастрычніка ў галерэі «Ў» прайшоў дзень памяці Міхаіла Пішчэўскага. Рабяты са «Справы Пі_» запрасілі ўсіх неабыякавых паглядзець дакументалку супраць гамафобіі і паўдзельнічаць у сеансе калектыўнай арт-тэрапіі – чытцы лістоў, адрасаваных Мішы. На жаль, пустых крэслаў у галерэі было значна больш за занятых.
Хто такі Міхаіл Пішчэўскі?
Прадпрымальнік Міхаіл Пішчэўскі быў збіты ноччу 25 траўня 2014 года пасля гей-паці. Нападнік, Дзмітрый Лукашэвіч, і яго таварышы ініцыявалі слоўны канфлікт фразай: «Вось під**асы ідуць!» – пасля чаго Лукашэвіч напаў на Пішчэўскага. Каля месяца пасля гэтага Міхаіл правёў у коме, яшчэ некалькі месяцаў – у стане, блізкім да вегетатыўнага.
Дзмітрыя Лукашэвіча судзілі за хуліганства і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, матыў гамафобіі судом не ўлічваўся. Лукашэвіча прысудзілі да 2 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі. Ён выйшаў па амністыі.
Міхаіл Пішчэўскі памёр 27 кастрычніка 2015 года.
Прычым тут Мэт Шэпард?
Мэцью Шэпард – амерыканскі студэнт, гей, жорсткае забойства якога ў 1998 годзе выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Мэту прысвячалі песні і фільмы, а яго бацькі заснавалі спецыяльны фонд, каб заахвочваць тых дзеячаў мастацтва, якія закранаюць у сваёй творчасці тэму талерантнасці.
Пасля смерці Мэта актывісты(-кі) дамагліся ўключэння сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці ў лік матываў, па якіх здзяйсняюцца злачынствы на глебе нянавісці (гуглі «Акт Мэцью Шэпарда і Джэймса Бёрда – малодшага»).
Фільм «Мэт Шэпард: Мой сябар» («Matt Shepard Is a Friend of Mine») – гэта гісторыя забойства «маленькага» чалавека ў маленькім горадзе, замяць якое не ўдалося – як бы некаторым таго ні хацелася.
У чым сэнс арт-тэрапіі?
Падчас паказу і перапынку, калі ў «Ў» запусцілі гарматы-абагравальнікі і жадаючыя сышлі на перакур, можна было паўдзельнічаць у мерапрыемстве больш актыўна, напісаўшы ліст Мішу ці нават змайстраваўшы тэматычны калаж. Частка лістоў была тут жа зладжаная.
«Адзіны ліст, які я пісаў раней, быў ліст сабе: мне было трынаццаць і я прасіў бога пазбавіць мяне ад маёй негетэрасэксуальнасці, – распавядае Яніс Саар, удзельнік чыткі. – Цяпер, калі я чытаў свой ліст да Мішы, я падумаў: мне вельмі важна, што вы ўсе тут сабраліся і што, у адрозненне ад чалавека, які забіў Мішу, і ў адрозненне ад большасці людзей, якія мяне атачаюць, вам гэта важна».
«Гэта можа падацца нязначным крокам, але арт-тэрапія і арт-актывізм – гэта тое, чым можна і трэба займацца, – кажа арганізатар івэнту Андрэй Завалей. – Нават калі мы не ўмеем маляваць, мы можам зрабіць калаж, і ў гэты калаж мы змяшчаем сваю злосць, мы змяшчаем сваю энергію, якая можа трансфармавацца ў нешта іншае. Гэта простыя рэчы, якія могуць мяняць якасць твайго жыцця».
Свой ліст таксама прачытала спявачка Руся з гурта Shuma.
Як можаш дапамагчы ты?
Напісаць свой ліст да Мішы і запабліць яго ў сацсетках. Юзай хэштэг #дело_пи, каб зрабіць праблему больш прыкметнай.
Замовіць цішотку з партрэтам Мішы. Яе можна фіналізаваць на свой густ – нашыўкай, фарбай, маркерам. На Symbal.by падкрэсліваюць: «Да цішоткі можна дадаваць сваю боль, сваю любоў і павагу, якія выражаюцца праз мастацтва і творчасць пры дапамозе арт-тэрапеўтычнай практыкі».
Стаць агентам ці агенткай «Справы Пі_».
Фота: Вiялета Саўчыц