Дзе працуюць беларускія філосафы?
- 20.02.2018
- 7522
Адзінае месца ў Беларусі, дзе сёння можна атрымаць філасофскую адукацыю, – факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Ці лёгка філосафу без вопыту прыстасавацца да жыцця і знайсці працу па спецыяльнасці? Пагаварылі з выпускнікамі і выпускніцай філасофскага факультэта пра тое, як выжыць у грамадстве, калі пяць гадоў чэрпаеш веды з кніг мёртвых грэкаў і вучышся пазнаваць свет.
Лiна Мядзведзева
перакладчыца кнігі «Пасля канечнасці. Эсэ пра неабходнасць кантынгентнасці» Квенціна Меясу, у мінулым аспірантка па філасофіі ў Акадэміі навук, каардынатарка кінафестывалю Сinema Perpetuum Mobile
– Навошта вывучаць філасофію?
– У Заходняй Еўропе філасофскую адукацыю атрымліваюць людзі з палітычнымі ці нейкімі іншымі амбіцыямі. Там ёсць тэндэнцыя ўключаць філасофію ў грамадскае жыццё. Відавочны прыклад – новы прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, які працаваў некалькі гадоў памочнікам філосафа Поля Рыкёра. Такая адукацыя – падмурак, які дапамагае разабрацца ў любой праблеме і інтэгравацца ў грамадства, каб даць адказ на сацыяльныя, дзяржаўныя ці палітычныя выклікі.
З іншага боку, філасофія – спецыяльнасць для залатой моладзі. Каб кіраваць людзьмі, дастаткова прачытаць Арыстоцеля і Платона. Не трэба ведаць многае, каб быць міністрам. У першую чаргу патрэбныя сувязі. Напрыклад, прэстыжныя ўніверсітэты Амерыкі маюць традыцыю студэнцкіх брацтваў і клубаў, дзе чалавек завязвае знаёмства з людзьмі, якія стануць банкірамі, дэпутатамі або юрыстамі. Пакуль вы вучыцеся, фармуюцца будучыя палітычныя эліты. Праз шмат гадоў ты можаш успомніць кучу ўплывовых людзей, з якімі гуляў(-ла) разам у тэніс.
– У чым асаблівасць філасофскай адукацыі ў Беларусі?
– У нас робяць упор на метадалогію навукі, а фактычна на выкладчыцкую дзейнасць. Рыхтуюць толькі для таго, каб чытаць лекцыі, але не перакладчыкаў, даследчыкаў, палітычных ці сацыяльных дзеячаў.
Вадзім Францавіч Гігін сумяшчае ролю дэкана на факультэце філасофіі ў галоўным універсітэце краіны з працай вядучым прапагандысцкіх тэлевізійных праграм на АНТ. Гэта Уладзімір Салаўёў і Дзмітрый Кісялёў мясцовага разліву. Супадзенне? Не думаю.
Я веру, што быццё вызначае свядомасць. І беларускія філосафы пачнуць прымаць удзел у грамадскім жыцці, калі з'явіцца рэзкі падзел маёмасці і палітычнае жыццё. Каб у гэтым лепш разабрацца, я вырашыла пайсці працаваць у Нацыянальную акадэмію навук як аспірантка.
– Па якіх магічных законах існуе Акадэмія навук?
– Як і паўсюль у краіне. Напрыклад, з-за недастатковага дзяржаўнага фінансавання Акадэміі трэба было самой зарабіць грошы на прэміі для супрацоўнікаў. Гэтым філосафы і займаліся: рабілі каталогі для птушкафабрыкі імя Крупскай. Пісалі тэксты пра курыныя яйкі, рабілі малюнкі і вярсталі. Іншы праект – каталог для «Кераміну», дзе трэба было апісваць пліткі, унітазы і цагліны.
«Філасофія – спецыяльнасць для залатой моладзі»
Я напісала дыплом па Алену Бадзью і прыйшла ў Акадэмію навук, каб і далей займацца гэтай тэмай. Курсавыя па Бадзью я пісала дзесяць гадоў таму, і тады пра яго ніхто не ведаў. У Акадэміі навук пра яго таксама не ведалі. Навуковым кіраўніком мне параілі жанчыну, якая займалася Жан-Полем Сартрам. Логіка была такая: твой філосаф – француз, яе філосаф – француз: вы падыходзіце адна адной.
Калі я сыходзіла з Акадэміі, больш за ўсё запомніла канферэнцыю для амбасады Ірана пад назвай «Жанчына ў сучасным грамадстве».
– Раскажы, як спалучаецца навука і мусульманскае ўяўленне пра жанчыну.
– У іх ёсць свае планы на дзесяць канферэнцый у год і ўяўленні аб тым, як прасоўваць мусульманскую ідэалогію. Яны думаюць: «Мы супрацоўнічаем з Беларуссю, і калі мы правядзем канферэнцыю пра жанчын у сучасным грамадстве, то раскажам беларусам, што такое жанчына».
На канферэнцыю ўпісваюць «мёртвыя душы» філосафаў Ірана і Беларусі. Дасылаюць традыцыяналісцкія артыкулы, дзе распавядаюць пра тое, якое становішча мусіць займаць жанчына ў сучасным грамадстве. Людзі з Акадэміі навук зачытваюць артыкулы. Складаюць зборнік. Канферэнцыя адыграная. Амбасада плаціць грошы Акадэміі навук за арэнду памяшкання. У Іранскай амбасады з'яўляюцца навуковыя публікацыі. Усе задаволеныя. Зборнік распаўсюджваюць па бібліятэках.
– А што насамрэч адбываецца на канферэнцыі?
– Тры супрацоўнікі Акадэміі прыходзяць нешта расказаць. Астатнім дзесяці ўдзельнікам з іранскімі прозвішчамі не ўдалося прыляцець.
– Філасофія сёння і аблічча жанчыны ў кантэксце ісламскага фундаменталізму. Гэта нейкі апагей.
– Мала хто можа ацаніць гэты размах. Шмат у чым з-за таго, што ніхто не чытае гэтыя зборнікі. Мне пашанцавала, таму што на маёй кафедры быў такі чалавек. Гэта адзін з самых вытанчаных троляў, якіх мне ўдалося сустрэць. Магчыма, ён нават лепшы сярод тых, хто размаўляе на рускай мове.
Напрыклад, у зборнік пра жанчын у сучасным грамадстве ён напісаў артыкул «Залатое сячэнне ў жаночых палавых органах». Ён не імкнецца да вядомасці і займаецца мастацтвам дзеля мастацтва. Але я яго вельмі паважаю. Гэта пажылы чалавек з доктарскай ступенню па філасофіі. Яго тэма – гармонія. Ты можаш уявіць сабе чалавека, які піша пра гармонію?
«Гэтым філосафы і займаліся: рабілі каталогі для птушкафабрыкі імя Крупскай, пісалі тэксты пра курыныя яйкі і вярсталі»
Пра яго хадзіла гісторыя, як у 90-х ён абараніў доктарскую ступень у адну асобу, таму што не было рэцэнзентаў і саветаў. Акрамя яго ў Беларусі ніхто не разбіраўся ў гарманічных сістэмах Піфагора. У Інстытут філасофіі прыйшоў запыт на экспертную ацэнку доктарскай дысертацыі па гармоніі. А ён быў адзіным супрацоўнікам, які мог зрабіць такую экспертную ацэнку.
– Ты пераклала кнігу «Пасля канечнасці. Эсэ пра неабходнасць кантынгентнасці» Квенціна Меясу. Можаш распавесці, пра што гэтая кніга, у двух словах?
– Яна крытыкуе навукова-папулярныя канцэпцыі, таму што яны спрашчаюць сапраўдныя звесткі пра рэальнасць. Да прыкладу, калі вы прачыталі ў нейкай кнізе, што паводле тэорыі струн ёсць мноства рэальнасцяў і ў адной з гэтых рэальнасцяў вы можаце зараз сядзець і піць кока-колу, то гэта няправільны пераказ. Такія метафары не працуюць. У Меясу ёсць крытыка агульных рэлігійных уяўленняў і матэрыялістычных. Гэта распрацоўка ў галіне філасофіі, навукова-метадалагічны падыход, які можа зразумець кожны студэнт і распаўсюдзіць на сваё поле дзейнасці ў выглядзе фізікі, хіміі або біялогіі.
– У якім становішчы цяпер знаходзіцца сучасная філасофія?
– Усё 20-е стагоддзе адзначанае лінгвістычным паваротам. Усе казалі пра мову, і што яна вызначае тое, што мы робім. Пасля ўвядзення практыкі «дэканструкцыі» аказалася, што гэтыя тэарэтычныя схемы нельга выкарыстоўваць бясконца, і што ў дэканструкцыі ёсць мяжа. Так пачаўся анталагічны паварот, то-бок вяртанне ад мовы да быцця. Усе сталі спрабаваць адказаць, як звязаныя мова, быццё і свядомасць. Напрыклад, які-небудзь Латур кажа пра гібрыдныя рэальнасці, дзе частка можа быць ахутаная мовай, а частка з'яўляецца чымсьці сапраўдным. Я жартую, слова «сапраўднае» нельга выкарыстоўваць.
– Як адчувае сябе філосаф на рынку працы?
– Пасля філасофскага факультэта чалавек можа лёгка разабрацца ў даволі складаных рэчах. Напрыклад, калі я займалася тэмай матэматыкі Алена Бадзью, мне прыйшлося працаваць з матэматычнымі артыкуламі. Я змагла разабрацца з нуля ў доказе тэорыі мностваў без дадатковага вывучэння матэматыкі. Але гэта, вядома, не матэматычнае веданне, а філасофскае.
Калі ты прачытаў(-ла) асноўныя працы Шэлінга і нешта ў іх зразумеў(-ла), то ты зможаш зразумець што заўгодна, але працадаўцу гэты ўніверсалізм даказаць няпроста. Працадаўцу не патрэбныя твае звышздольнасці, яму патрэбны досвед працы. Пасля таго як мяне адлічылі за непаспяховасць з Акадэміі навук, я працавала ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі і ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Я каардынавала фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile, перакладала філасофскія артыкулы і кнігі. Цяпер перакладаю кнігу «Філасофіі прыроды пасля Шэлінга».
Руслан
выпускнік філасофскага факультэта, працуе ахоўнікам у начным клубе Маскоўскай вобласці
(імя зменена па просьбе героя)
– Ты хацеў выкладаць філасофію ў БДУ, але працуеш ахоўнікам у начным клубе ў Падмаскоўі. Як так атрымалася?
– Спатрэбіліся грошы. Калі б нашым лектарам плацілі, як у Заходняй Еўропе, то ўсё магло б скласціся па-іншаму.
– Раскажы, як для цябе патрапіць у гэты свет?
– Калі казаць пра клубы і рэстараны, то самы час узгадаць культуролага Гі Дэбора: «Спектакль – гэта стадыя, на якой тавару ўжо ўдалося дабіцца поўнай акупацыі грамадскага жыцця».
У начным клубе абсалютна ўсё становіцца таварам: афіцыянты, адміністратары, дыджэі, прыбіральшчыкі, наведвальнікі – нават калі гэта алігархі з «Раснафты». Ахова ў начным клубе – гэта, па сутнасці, пітбулі, гэта значыць той жа тавар. Адзінае адрозненне ахоўніка ад астатняга персаналу ў тым, што ахова – не клоўны. Калі астатні персанал у Маскве зарабляе грошы крывадушнасцю або лізаннем дупы багатага кліента, то ахова разводзіць іх на грошы: адціскае, патрабуе або крадзе. Але гэта прыходзіць з вопытам.
Можна хоць пяць разоў выводзіць чалавека з клуба і патрабаваць аплату за паўторны ўваход. Ты можаш прад'явіць за знешні выгляд на фэйс-кантролі, за паводзіны ў зале, за сэкс у прыбіральні і гэтак далей. Багатыя кліенты ў клубах пакідаюць да пяці тысяч даляраў. Астатнія хочуць мець сімвалічнае дачыненне да такога ладу жыцця і марнуюць апошняе, што ў іх ёсць.
«Начны клуб – найбольш поўны выраз культурнай логікі позняга капіталізму»
Так ці інакш усё апасродкавана філасофіяй Маркса, яго таварным фетышызмам і таварна-грашовымі адносінамі, якія інтэграваныя ў сферу сімвалічнага. Людзі спрабуюць кампенсаваць эканамічны і сімвалічны недахоп выгод, знаходзяцца ў перманентным неўрозе, як яго разумелі фрэйд-марксісты. Насамрэч вялікае поле для прыкладных даследаванняў якога-небудзь гуманітарыя. Ахоўнік з вопытам атрымлівае прыкладна як спецыяліст у IT.
– Няўжо як праграміст?
– Я шмат дзе працаваў і ведаю, колькі плацяць, напрыклад, у журналістыцы. У ахову я пайшоў не проста так. За паўгадзіны працы я атрымліваю больш чаявых, чым хтосьці за дзень. Калі я вяртаюся ў Менск, то быццам у санаторый трапляю.
Нядаўна я ўладкаваў знаёмага афіцыянтам. У нашых афіцыянтаў чаявыя бываюць $ 200-300 за змену. Шкадую, што не пайшоў у ахову раней. Цяпер закінуў бы грошы на дэпазіт або ў крыптавалюту і чытаў бы ва ўніверсітэце лекцыі па філасофіі для сябе. Мне ўсё-ткі ўжо 27 гадоў, а я разбіраюся з п'яным быдлам.
– Бываюць неадэкваты, якія лезуць праз цябе ў клуб?
– Вядома, бываюць, але гэта самыя плацежаздольныя людзі. Быдла, неадэкватны, п'яныя – гэта ўсё наша мэтавая аўдыторыя. Чым больш неадэкватны чалавек, тым больш грошай ён можа заплаціць. Горш за ўсё сярэдні клас: яны не захапляюцца алкаголем і паводзяць сябе сціпла. Магчымасцяў і жадання развесці іх на грошы няма.
– Што агульнага ў філасофіі і працы ахоўнікам у начным клубе? Як ты знайшоў гэтыя агульныя падыходы ў сваім жыцці?
– Начны клуб – найбольш поўны выраз культурнай логікі позняга капіталізму, канцэпцый таварнага фетышызму, сімулякраў, сімуляцыі, транссэксуальнасці, самаадчужэння, гендарнай дыскрымінацыі, бартаўскага міфа, пасціша, шызафрэніі Джеймісана і гэтак далей.
Гэта выдатнае поле для практычных даследаванняў якога-небудзь юнага гуманітарыя, які захапляецца Бадрыярам, Бартам, Жыжэкам. Кропак судакранання я не шукаў. Працаваць у Менску педагогам або журналiстам за трыста альбо шэсцьсот рублёў не хачу. Патрэбныя былі грошы, і рынак працы так «вырашыў» – я сеў на цягнік у Маскву.
– Што думаеш пра сучаснае беларускае грамадства?
– Як сказаў адзін беларускі палітолаг: «У нас ёсць два народы: мы і Дразды». Гэта можна назіраць у многіх сферах жыцця. Цяпер беларускае грамадства ўяўляе сабой бюракратычны неапатрыманіялізм. Для яго характэрная дзяржаўна-бюракратычная манапалізацыя ва ўсіх сферах грамадства, напаўпрымусовая цэнтралізацыя, значная роля сілавых структур, аўтарытарызм. Можна назіраць курс на неалібералізацыю, і гэта няправільна.
– Якія асаблівасці беларускай філасофскай адукацыі?
– Шмат з таго, што складае сучасны філасофскі дыскурс, не вывучаецца і нават не разглядаецца. У лепшым выпадку адзін з неабыякавых энтузіястаў-выкладчыкаў у нефармальных зносінах са студэнтамі закранае пытанні дыскурс-аналізу ці арыенталізме.
«Філасофскі факультэт забіты заслужанымі пенсіянерамі і сямейнымі кланамі»
Калі ў савецкія гады на філасофскіх кафедрах існавала дыктатура марксізму-ленінізму, то цяпер гэта дыктатура асабістых сімпатый кіруючага складу кафедры. Філасофскі факультэт забіты заслужанымі пенсіянерамі і сямейнымі кланамі.
– Навошта вывучаць філасофію?
– Працытую Эцьена Балібара: «Галава чалавечай эмансіпацыі – філасофія». Не варта мець ілюзіі наконт філасофскай адукацыі ў Беларусі. Калі вельмі хочацца, то раю пакапацца ў інтэрнэце. Сёння на Youtube процьма тэматычных каналаў.
Алег
выпускнік філасофскага факультэта, займаецца продажам мёду ўласнай вытворчасці
– Як у грамадстве ставяцца да філасофіі?
– Прадузята.
– У якім сэнсе?
– На філасофію часта спасылаюцца ў паўсядзённай размове. Гэта значыць філасофію часта згадваюць, нават бяруць на сябе нахабства казаць ад яе імя, але пры гэтым абсалютна з ёй не знаёмыя.
– Гэта значыць звычайны чалавек наўрад ці ўяўляе сабе, што такое сапраўдная філасофія?
– Так.
– Ты не шкадуеш, што паступіў на філасофскі?
– Не. Магу сказаць, што кожны, хто сапраўды ўнікаў у філасофію, ніколі ад яе не адмаўляўся і не шкадаваў, што паступіў на гэтую спецыяльнасць.
– У чым асаблівасць навучання ў БДУ?
– Далёка не ўсе выкладчыкі на кафедрах «хварэюць» на філасофію. Многія проста адседжваюць гадзіны без мінімальнага запалу да прадмета. Калі б я стаў дэканам, то звольніў бы вялікую частку выкладчыкаў. На ФФСН можна атрымаць неацэнны досвед зносін з сапраўды нефармальнымі людзьмі. Гэтага востра не хапае пасля выпуску.
– Але што цябе першапачаткова прыцягвала ў філасофіі?
– Вялікае падабенства філасофіі з мастацтвам, як прадстаўленнем ужо вядомага, але невядомым дагэтуль чынам.
«Гегель лепш падыходзіць для падрыхтаваных»
Велічэзная і незаменная функцыя філасофіі – у абвастрэнні і ўвазе, якая пазбаўляе абыякавасці. Гэта дазваляе казаць пра этычнасць як пра філасафічнасць.
– Ты лічыш, што грамадская этыка можа развівацца дзякуючы філасофіі?
– Так. Пры гэтым гаворка ідзе не пра нейкую скончаную ідэалогію накшталт марксізму ці лібералізму, а, хутчэй, пра некаторую творчую этыку. Гэта значыць я не паказваю пальцам на якога-небудзь філосафа і не кажу, што гэта ўсё – што нам проста дастаткова рухацца ў пэўным кірунку. Хутчэй, я кажу пра тое, што філасофія заўсёды знаходзіць нешта яшчэ там, дзе іншыя больш нічога не бачаць.
Адсутнасць непарушных аксіём для тэарэтызавання дазваляе раскрываць і перажываць наш вопыт множнасці, вылучаць новыя праблемы і прапаноўваць новыя рашэнні. Якім нам паказаў чалавека Маркс, Дастаеўскі ў «Братах Карамазавых» або «Бесах», як тонка адчуваў Бярдзяеў аб'ектыўнасць і як спрабаваў суаднесці сябе са сваім целам Габрыэль Марсэль? Што гэта, калі не спробы паказаць на большае, што ў нас ёсць, і тым самым не заклікаць да больш гуманнага стаўлення?
– Што табе цяпер цікава з усяго багацця філасофскіх плыняў?
– Калі казаць пра напрамкі, то мне цікавая руская філасофія з яе пафасам антысцыентызму, крытыкай матэрыялізму і пераходам ад сацыялізму да рэлігійнага ідэалізму. У рускай філасофіі Срэбнага веку бачу вялікі патэнцыял, а менавіта новую рэфармацыю хрысціянства. Акрамя таго, мне блізкі Хайдэгер, Сартр, Дэлёз і, вядома ж, Гегель.
– У філосафаў з Гегелем асоблівая гісторыя?
– Хутчэй, я меў на ўвазе фундаментальнасць яго мовы, ён старанна і сістэматычна збудаваў сваю анталогію. Мысленне Гегеля можна назваць мысленнем на мяжы магчымага. Але і яго ўплыў на наступную філасофію нельга пераацаніць, яго думкі сталі падставай для станаўлення многіх філасофскіх школ і напрамкаў.
«Мне заўсёды была нудная матэматыка, як нейкі адзін вялікі калькулятар, дзе ўсё загадзя вядома»
– Увогуле калі хочаш праверыць сябе на інтэлектуальную трываласць, то адкрываць яго?
– Гегель лепш падыходзіць для падрыхтаваных. Проста так пачынаць чытаць яго творы не варта, інакш будзе шмат злосці і непахвальных выказванняў пра яго і пра філасофію ў цэлым.
– Чым цяпер займаешся?
– Займаюся пчалярствам. У мяне ёсць свая качавая пасека. Мёдазборны сезон ужо завершаны, і, акрамя продажаў прадуктаў пчалярства, спрабую сілы ў digital-агенцтве. Я люблю філасофію і да гэтага часу чытаю ўсялякага роду тэксты і нават пішу сам. Мне заўсёды была нудная матэматыка, як нейкі адзін вялікі калькулятар, дзе ўсё загадзя вядома. Гэты абыякавы фаталізм мяне стамляў, рэчаіснасць, якую я перажываў, ніколі не змяшчалася ў набор пэўных формул і схем.
Тэкст і фота by Яўген Сувораў