ДНК валанцёрства: у чым сэнс працы «за дзякуй»?
- 04.12.2019
- 6220
Мы запыталі трох маладых людзей пра іх досвед валанцёрства. Як прыходзяць да ідэі бясплатнай працы; чаму гэта важна – дапамагаць; як выжыць у віры задач і чаму адчуванне прыналежнасці – лепшая ўзнагарода? Нашым героям каля дваццаці гадоў – той самы ўзрост, калі ты пластычны(-ая) на максімалках, можаш зрушаць горы і не спаць па начах. Чытай, натхняйся, а яшчэ лепш – практыкуй.
Раман Янотаў
22 гады. Валанцёрыў на Vulica Brasil
– Так адбылося, што першая Vulica Brasil амаль цалкам прайшла міма мяне – я даведаўся пра фэст толькі напрыканцы, калі рабяты мантавалі заключную выставу ў НЦСМ. Паабяцаў сябе сачыць за афішай падобных івэнтаў больш уважліва, бо вулічнае мастацтва мяне цікавіла ледзь не з дзесяці гадоў і прапусціць такі варушняк у родным горадзе – ганьба яшчэ тая. І вось улетку наступнага года я даведаўся, што праект атрымаў другі выпуск. Я запоўніў анкету, ледзь не забыўся на яе падчас сесіі, а потым р-раз – і ўжо боўтаюся на пад’ёмніку пад гукі рэгі разам з Рымонам Гімараесам, знаёмлюся з Контрам і Ковекам, лётаю на яшчэ паўпустую Кастрычніцкую па сэндвічы ці ў «Тысячу дробязей» па нейкае дурацкае вядро ў рамонкі, шукаю, дзе пасярод вуліцы здабыць электрычнасць, каб падключыць праектар, і паралельна перасякаюся з ачмурэннай колькасцю клёвых людзей.
Далей з кожным годам узровень весялосці (як, адпаведна, і аб’емы працы і адказнасці) расце ў геаметрычнай прагрэсіі: мы разам з сяброўкай робімся куратарамі бразільскага мастака Finok і дапамагаем яму зрабіць мурал, потым я асістую з матэрыяламі і ўжо пасля закрыцця фэсту разам з гуртом такіх жа лёсікаў малюю той вар’яцкі геаметрычны мурал, які відаць, пакуль стаіш у чарзе па сэндвіч, ну і нарэшце сёлета разам з напарніцай адказваю за тэхнічную падтрымку івэнта.
Vulica – гэта заўсёды марафон. Зразумела, валанцёра(-ку) ніхто не можа і не будзе прымушаць працаваць 24/7, але такая патрэба ў фэста ёсць. Сёлета, падаецца, у сутках было куды больш за 24 гадзіны, і кожную хвілінку дзесьці камусьці патрабавалася дапамога: прынесці малярку і чысты валік, перацягнуць урбаністычную інсталяцыю, разабраць сцэну, маляваць мурал з фарбапульта, прыгнаць з Тарасава генератар, распілаваць палету, прыбраць нейкія пуфікі, завесіць вокны цэху МЗКР – пералічаць можна бясконца. Тут працуе спачуванне: калі ты рэальна ўцягнуўся(-лася) у працэс – ты не зможаш кінуць кагосьці з фаміліі [з партугальскага «сям’я». – заўв. 34] у пекле, бо выдатна ведаеш на сваёй скуры, як яно.
«Твой звычайны рэжым на фэсце – вар’яцтва з пункту гледжання нармальнага чалавека»
Цікава назіраць за сабой, калі раптам вынырваеш з гэтага віру ці сустракаеш кагосьці, хто жыве ў іншым рытме, і гэта дае магчымасць глянуць звонку на тое, што адбываецца. У такія моманты разумееш, што твой звычайны рэжым на фэсце – вар’яцтва з пункту гледжання нармальнага чалавека, але вось ты ныраеш назад і зноўку шукаеш, вязеш, ляціш, малюеш, запісваеш у свой смартфон сто пяты кантакт за апошнія два дні. Асабіста для мяне ў гэтым ёсць непаўторны кайф, але трываць такі рытм больш за месяц сапраўды складана.
Удзел у івэнце ў якасці валанцёра дае табе магчымасць уліцца ў суполку людзей, якія, як і ты, захопленыя агульнай ідэяй, і здабыць сабе тузін-другі сяброў і паўсотні карысных кантактаў у розных сферах, а таксама шанец пазнаёміцца з усялякімі крутанамі, якія робяць варушняк у гэтым горадзе.
Дарэчы, наконт крутаноў: падчас сумеснай працы часцяком высвятляецца, што яны – звычайныя дзяўчаты ды хлопцы, якія проста робяць тое, што хочуць бачыць вакол сябе, і табе не трэба быць нейкім касманаўтам ці праходзіць спецыяльныя таямнічыя абрады, каб ладзіць велічэзныя маркеты, афігенныя вечарыны, міжнародныя фэсты на шмат кірункаў.
Другі карысны момант – гэта прапампоўка разнастайных і часам нечаканых скілоў: ад умення весці дыпламатычныя перамовы, шукаць кампрамісы і мірна вырашаць канфлікты да здольнасці працаваць з фарбапультам, кіраваць пад’ёмнікам на вышыні пяціпавярховіка ці шпакляваць сцяну ўначы пад светам ліхтароў.
Ну і такі пункт трэба згадаць: валанцёрства дае адчуванне, што ты становішся часткай велічэзнага механізму. Ты прыкладаеш рукі – запэцканыя ў фарбе, акалелыя ад холаду – да таго, што змяняе гарадскую прастору, устоі ў галовах людзей ці нешта іншае, але стоадсоткава вялікае і важнае.
«Калі б не валанцёры, шмат якіх падзей, што здаюцца нам ужо нечым звычайным, проста не існавала б»
Аліна Бурая
23 гады. Валанцёрыла на «Лістападзе», DOTYK, SPRAVA
– Момант маёй «ініцыяцыі» як валанцёра здарыўся на трэцім курсе вучобы. Тое, што адбывалася са мной у акадэмічным асяроддзі, аказалася мне няблізкім, а лакальныя аб’яднанні талентаў душу не грэлі. Гэта і падштурхнула мяне запоўніць першую валанцёрскую анкету. Да таго ж я заўсёды была трошку нонканфармісткай. То-бок знайсці «нармальную» працу, вучыцца зарабляць грошы? Не, вы што! Скокнуць у бясплатнае невядомае, кіруючыся ідэяй: «YOLO, я гэтакага яшчэ не рабіла»? Так, безумоўна! Гэтым валанцёрствам стаў фестываль «Лістапад».
Тады я не ведала, на што здольная, але на «Лістападзе» я пабачыла, што чалавек можа прыкладаць свае сілы да чаго заўгодна, і – калі правільна пабудаванае ўзаемадзеянне з каардынатарам – атрымаецца ўсё. Мабыць, галоўнае, што мяне зачапіла і павяло далей, – гэта разуменне, што ў валанцёрстве вельмі файна чамусьці вучыцца. Для мяне гэта не праца без аплаты, а бясплатная вучоба.
Часам я думаю, што, калі б не валанцёры, шмат якіх падзей, што здаюцца нам ужо нечым звычайным, проста не існавала б – яны не працавалі б у той якасці, у якой мы прывыклі іх бачыць. Валанцёры – гэта сапраўдныя скаўцкія атрады талентаў. Талентаў, якія бясплатна або за нейкія арганізатарскія плюшкі жывуць два тыдні ў намёце або завісаюць цэлымі днямі на пад'ёмніку з вядром фарбы ў руках. Ненармальныя нейкія, праўда? Не бяруся параўноўваць, бо лічу, што ўсякая праца патрэбная, але, магчыма, умоўная «праца на працы», адкуль многія з нас родам, нешта ў працоўнай эфектыўнасці прапускае.
У маёй скарбонцы – два гады валанцёрства на «Лістападзе», адзін сезон DOTYK і двухтыднёвае валанцёрства на SPRAVA гэтым летам. Восенню я таксама прымала ўдзел у здымках кароткаметражнага фільма SAMPLE (калі адштурхоўвацца ад ідэі бязвыплатнага супрацоўніцтва, то гэта таксама лічыцца за валанцёрства).
Лепшы вопыт валанцёрства я атрымала на SPRAVA. Адназначна і на 110% «так». Два лепшыя рашэнні гэтага лета – сысці з працы ў офісе і паехаць у Белую Царкву. Гучыць адчайна, але гэта тое самае адчуванне «right time – right place». Да паездкі жартавала, што «ну, тры дні чухаешся, на чацвёрты звыкаешся». А ў працэсе прыйшла да высноваў, што для шчаслівага побыту патрэбна няшмат. Ежа з палявой кухні або прыгатаваная на агні – самая смачная, спаць у намёце часам зручней, чым дома, а мыцца ў возеры можна і ў 15 градусаў цяпла.
Шмат хто кажа пра неверагодную атмасферу паўвострава, але я ведаю, што любое месца, сэнсы і каштоўнасці ствараюць людзі. У нас склалася каманда, дзе ты кожны дзень працуеш побач з людзьмі, якія здзіўляць цябе і выклікаюць усмешку. Сярод прыкладна 70 валанцёраў гэтага года – людзі з Менска і Віцебска, некалькі чалавек прыехалі з Чашнікаў і Новалукомля – можна сказаць, што далучэнне лакалаў адбылося. Былі таварышы з Германіі, Украіны, Францыі. Былі дзеці і сабакі. Былі сталяры і тэатралы. А я была электрыкам.
Сёлета фестываль шмат каму запомніўся казачнай арт-сцежкай. Напачатку гэта былі дзікія зараснікі са зграямі камароў-людажэраў і распоўзлай гліністай глебай. Працы было нямерана, але праз тыдзень нашых спробаў пасябраваць са стыхіяй лес змяніўся. Адчуванне гэтых змен з думкамі, маўляў, «дык гэта ж я спаяла вось гэту вось гірлянду!», адчуванне таго, што ты частка працэсу, а не вінцік у ім, і разуменне, што іншыя адчуваюць тое ж самае, напэўна, і ёсць для мяне той самы «пяты элемент».
Калі казаць пра негатыўны вопыт валанцёрства, то, на шчасце, яго было няшмат і гэта было нешта кароткачасовае. Здараліся сітуацыі, калі ў актыве мерапрыемства – дзве сотні чалавек, а на задачу ніхто не адгукаецца, таму што яна ці дрэнна сфармуляваная, ці груба пастаўленая, ці проста неабгрунтаваная. Здаецца, што валанцёр для некаторых каардынатараў – проста бясплатны чалавечак на ножках, не абавязкова памятаць нават яго імя, ужо не кажучы пра тое, на што ён або яна здольныя. Часам, канешне, справа ў самім чалавеку, але сітуацыю трэба разбіраць.
Правільнае, карыснае, узаемна насычанае валанцёрства для мяне – арганізаванае на прынцыпах неабыякавасці і ўзаемнага супрацоўніцтва. Калі ты бачыш, што гэты «твой чалавечак» хоча (і можа) сам прымаць рашэнні, што ён гатовы прыкласці максімум намаганняў да работы, таму што разумее, навошта гэта трэба – і табе, і яму.
Ганна Наумоўская
18 гадоў. Валанцёрыла на Vulica Brasil, SPRAVA, івэнтах «Корпуса», Гарбатных чэмпіянатах
– Першы досвед валанцёрства быў выпадковым. Мама сяброўкі арганізавала другі Гарбатны чэмпіянат, і мне было цікава пабачыць мерапрыемства знутры. Валанцёрства выявілася лёгкім: мне было 14 і мяне асабліва не напружвалі. Гэта быў добры першы досвед, хаця і не вельмі свядомы. Дзякуючы яму я задумалася пра валанцёрства як пра магчымасць спазнаць нешта новае, а далей спрацавала жаданне не сядзець на месцы. Я вельмі хацела апынуцца ў якім-небудзь больш рэальным творчым наваколлі сярод больш вопытных людзей, паглядзець, як яны працуюць, набрацца знаёмстваў, чаму-небудзь навучыцца.
На першым курсе каледжа мы ездзілі з аднагрупнікамі ў Маскву на DesingProsmotr, тады я ўпершыню пабачыла творчае кам’юніці. Мне вельмі захацелася апынуцца ў падобнай атмасферы, і я пачала шукаць магчымасці. За апошні час мне давялося паваланцёрыць на Гарбатных чэмпіянатах, на Vulica Brasil 2017 і 2019, на ўсіх фестывалях SPRAVA і ў культурным цэнтры «Корпус».
Маім першым сур’ёзным валанцёрствам была Vulica Brasil: мы дапамагалі скульптарам з «ЭХО», і усё троху нагадвала летнік. Плялі скульптуру цэлымі днямі. Нас было чалавек дваццаць, навокал увесь час пахла лазой. Калі ж мяне занесла маляваць мурал – упершыню ў жыцці, ужо пасля закрыцця фестывалю, – я была крыху ў шоку, але ведала, што будзе цікава. Асабліва прыемны момант: калі ты ўжо скончыла маляваць і проста ходзіш ля сцяны – цешышся вынікам.
«Гэта файная магчымасць даследаваць свае межы і наогул сябе, бо колькасць новага тут зашкальвае»
Аўтаматычна лепей і прыемней тыя праекты, якія даюць магчымасць дакрануцца да дзейнасці, якой ты хацела б займацца па жыцці далей. Нават калі там узнікаюць праблемы, яны ўспрымаюцца як карысны вопыт.
Бывае, што работа проста нецікавая – нейкая пасіўная дзейнасць ці моманты, калі арганізатары не вельмі прадумалі расклад валанцёраў і не ўлічылі іх патрэбы. Стаіш на якім-небудзь чорным выхадзе па пяць гадзін і асабліва нічога не робіш – не бачыш астатняга працэсу і праз гэта не лічыш сябе яго часткай. Пасля такога валанцёрства ты не адчуваеш, што зрабіла добрую справу ці прынесла грамадству нейкую карысць. Вяртацца да яго жадання няма.
У валанцёрстве важна злавіць адчуванне, што ты рэальна зрабіў унёсак, таму вельмі важна ўдзельнічаць у працэсе цалкам – гэта вопыт, які вельмі змяняе чалавека.
Увогуле валанцёрства шмат чаго мне дало. Гэта файная магчымасць даследаваць свае межы і наогул сябе, бо колькасць новага тут зашкальвае. Пачынаеш рабіць кучу нейкіх штук, пра якія раней нават не задумвалася.
Валанцёрства дае магчымасць навучыцца новаму адразу на практыцы, дапамагае зразумець, што табе падабаецца рабіць, а што – не, якія ўмовы для цябе важныя, а без чаго можна абысціся. Удзел у праектах прыносіць шмат новых класных сяброў, ты атачаеш сябе людзьмі, якім не лянота нешта змяняць. А яшчэ гэта файная магчымасць паспрабаваць сябе ў рэальных умовах, пакуль ты яшчэ вучышся ці не ўпэўненая, што хочаш працаваць у пэўнай сферы.
Фота: palasatka, Таня Капiтонава