Pornhub і Twitter баняць нейрасеткавае фэйк-порна

  • Рубрыка: УЛОЎ
  • 08.02.2018
  • 13281

 

Нейрасетка, якая ўмее накладваць твары зорак на целы порнаактрыс, стала занадта папулярная. У рэшце рэшт Pornhub і Twitter пачалі бязлітасна баніць відосы, створаныя з яе дапамогай.

У снежні 2017-га ў інтэрнэце актыўна шэрыліся парнаграфічныя ролікі з Джэніфер Лоўрэнс, Галь Гадот, Эмай Уотсан і Мэйс Уільямс «у галоўных ролях». Актрысы, вядома, былі ні пры чым: проста іх зорныя твары дамалёўваліся на целы порнапрацаўніц з дапамогай нейрасеткі deepfakes – ну, just for fun. На хвалі гэткай «весялосці» з'явілася прылага FakeApp, якая дазваляла прыкруціць твар экс-каханай, напрыклад, да цела ўдзельніцы феерычнага гэнгбэнга.

Чалавек слабы, і нічога дзіўнага няма ў тым, што прылагу спампавалі больш за 100 тысяч карыстальнікаў смартфонаў. Вынікамі яе выкарыстання многія з іх ахвотна дзяліліся ў адмысловым раздзеле на Reddit.

 

 

Зразумела, не ўсім гэта спадабалася. І вось Pornhub дае рашучы бой фэйкаваму порна з селебрыці: цяпер карыстальнікі могуць паскардзіцца на такое відэа, і яно будзе тут жа заблакаванае. Віцэ-прэзідэнт Pornhub Коры Прайс заявіў, што падобны кантэнт можна разглядаць як від сэксуальнага гвалту.

У Twitter таксама не збіраюцца цярпець выхадкі deepfake і абяцаюць прымаць меры ў дачыненні да акаўнтаў, якія прадуцыруюць гэтую чэрнь. Так, у сэрвісе мікраблогінгу па-ранейшаму можна публікаваць кантэнт для дарослых з адпаведнай паметай, але порнафэйкі парушаюць правы канкрэтных людзей, а таму зусім непрымальныя.

Адзін з карыстальнікаў Reddit выступіў у абарону свайго хобі, падкрэсліўшы, што юзеры праграмы развіваюць эксперыментальную тэхналогію будучыні. Ну а тое, што гэта прыніжае вядомых і не вельмі жанчын, – справа, маўляў, дзясятая. Аднак адміністрацыя Reddit ужо заблакавала адпаведны раздзел з малюначкамі і відэа, нагадаўшы, што публікаваць матэрыялы, на якіх намаляваныя «асобы ў стане галізны або працэсе сукуплення», без дазволу гэтых асоб як мінімум неэтычна.

 

Крынiца: Independent

Вiзуал Sara Herranz, elle.ru