«Карані лезуць»: гісторыя Дыяны, якая паехала на радзіму бацькі – у іракскі Курдыстан
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 07.05.2025
- 305
Дыяна нарадзілася і вырасла ў Беларусі. Яе бацька – курд, і дзяўчынка з дзяцінства ўпадабала арабскую музыку ды курдскую ежу, але выхоўвалася пераважна як беларуска – гэтак жа сябе ідэнтыфікавала. Толькі ў 27 гадоў Дыяна раптоўна прачнулася з жаданнем даведацца пра курдаў і Курдыстан – і гэтак жа раптоўна вырашыла з'ездзіць на радзіму бацькі, у іракскую частку Курдыстана. Дзяўчына распавяла 34mag.net пра гэтую паездку ў пошуках сваёй ідэнтычнасці, пра знаёмства з роднай бабуляй, пра назіранні, якія ўсцешылі, здзівілі ці шакавалі.
Дзяцінства пад Al Jazeera і арабскую музыку
– Мой бацька – курд па нацыянальнасці. Ён прыехаў у Беларусь на вучобу каля 50 гадоў таму і пазнаёміўся тут з маёй мамай. З ранняга дзяцінства я візуальна магла адрозніць сябе ад сяброў у садку: разумела, што мой бацька іншаземец, і таму я так выглядаю. Але да дарослых гадоў я хацела быць як усё, не выдзяляцца, і таму ў свае карані не паглыблялася.
Мой тата вельмі талерантны і не навязваў сваю культуру, але некаторыя моманты я ўбірала. Бацька вельмі любіць гатаваць, і ў нас заўсёды быў рыс – гэта да сёння мае любімая крупы, гатовая есці рыс кожны дзень. Яшчэ бацька па-асабліваму гатуе мяса і гародніну.
У 90-я ў нас па тэлевізары ішлі толькі арабскія навіны: тата глядзеў канал Al Jazeera – хоць у курдаў ёсць свая мова, бацька разумее і арабскую. Яшчэ ў нас часта грала ўсходняя музыка – яе я любіла роўна гэтак жа, як і песні Брытні Спірс. Паняцця не мела, пра што спяваюць, але любіла выканаць танец жывата.
«У нас часта грала ўсходняя музыка – яе я любіла роўна гэтак жа, як і песні Брытні Спірс»
Тое ж з кнігамі. Я яшчэ не навучылася пісаць па-руску, а ўжо брала татавы кнігі і проста перапісвала словы на арабскай – як быццам адчувала сваю набліжанасць, і мне гэта падабалася.
Потым бацькі развяліся, і мы з мамай з'ехалі жыць да бабулі – у іншую абстаноўку і культуру, і там ужо я спрабавала нашу беларускую кухню. Але калі вярталася да таты, то трапляла ў свой прыемны маленькі свет.
Нацыя без дзяржавы
– Сёння курды – самая вялікая ў свеце нацыя без сваёй дзяржавы. Яны раскіданыя па ўсім свеце, але больш за ўсё іх пражывае на тэрыторыях Турцыі, Сірыі, Ірана і Ірака. У іх вельмі багатая культура і свая мова з дыялектамі, свае рэлігійныя групы, музыка, ежа, нацыянальнае адзенне і традыцыі.
Мае продкі па бацьку – з іракскай часткі Курдыстана, каля горада Эрбіль. Толькі ў Іраку зямля, населеная курдамі, мае афіцыйны статус. На пячатцы, якую ставяць у пашпарце, напісана «Republic of Iraq Kurdistan Region». Цікава, што ў мяне амаль пусты пашпарт, але пячатку паставілі акурат каля прапіскі – як быццам знак памятаць аб сваіх каранях.
Паездка ў Курдыстан: разблакавана
– У адзін дзень я прачнулася і падумала: хачу пачытаць пра Курдыстан, паглядзець дакументалкі на YouTube. Калі бачыла людзей і вуліцы, чула музыку – мурашы беглі па ўсім целе. Я вельмі натхнілася і адразу патэлефанавала тату, проста пагаварыць. А аднойчы ў чарговай размове ён сказаў, што збіраецца на радзіму, – і я нечакана для сябе спытала: «А можна з табой?» Ён пагадзіўся, і мы сталі рыхтаваць візу.
Раней паездка ў іракскую частку Курдыстана была для мяне нечым заблакаваным. Я не ведала нікога са сваякоў па татавай лініі, сваю курдскую бабулю я бачыла толькі на фатаграфіях і мімаходам на відэа, калі яны размаўлялі з татам. І я разумела, што ў мяне няшмат часу, каб паспець з ёй сустрэцца.
Праўда, баялася, як мяне прымуць, а яшчэ не ведала, што ўбачу ў Курдыстане. Раптам гэта не супадзе з ролікамі ў YouTube? Да апошняга не верыла, што я вырашылася на паездку. А ў выніку не хацела з'язджаць назад і нават плакала.
«Курдскую бабулю я бачыла толькі на фатаграфіях і мімаходам на відэа, калі яны размаўлялі з татам»
Знаёмства з бабуляй
– Сям'я мяне прыняла вельмі ветліва. Адзінае, казалі, што я вельмі худая, і ўвесь час спрабавалі адкарміць. Калі я ўбачыла бабулю, то ледзь трымалася, каб не расплакацца – нахлынулі эмоцыі, якія я не магла кантраляваць. Бо гэта не проста нейкая бабуля, гэта мая бабуля, якую я ўбачыла ўпершыню.
«Казалі, што я вельмі худая, і ўвесь час спрабавалі адкарміць»
У адрозненне ад Беларусі, у Курдыстане блізкімі сваякамі лічацца нават траюрадныя браты і сёстры. У курдаў усе як адна вялікая сям'я – і мяне прынялі як родную.
Дарэчы, са сваякамі мы спачатку размаўлялі праз тату, а потым дадумаліся карыстацца гугл-перакладчыкам.
Фота: Unsplash
У хустцы ці без?
– Я думала, што большасць курдак будуць пакрытымі, хаця б хусткамі, але ўжо каля гейта ў аэрапорце Стамбула я ўбачыла сучасных жанчын з прыгожымі ўкладкамі і ў модных сукенках. І ў самім Курдыстане яны выглядаюць не так сціпла і закрыта, як я сабе ўяўляла. Вельмі доўга я не разумела, што з вопраткі ўзяць з сабой, бо там спякотна. Але ўбачыла жанчын у майках і джынсах у абліпку – і выдыхнула.
Вядома, большая частка людзей на вуліцах – усё ж мужчыны, але я адчувала сябе ў бяспецы. Жанчыны таксама выходзяць, ніхто ім не забараняе, але іх куды больш у гандлёвых цэнтрах, чым на вуліцах. Ды і агулам звычкі проста шпацыраваць у Курдыстане як быццам няма, як і пешаходных тратуараў. У іх, мне здаецца, як у некаторых рэгіёнах у ЗША, вельмі доўгія адлегласці паміж пунктамі і ўсе ездзяць на машынах ці матацыклах.
З машынамі таксама цікава. У курдаў вельмі вялікія сем'і, па сем-восем дзяцей, а то і больш. Вядома, у звычайную машыну ўсе яны не ўлазяць, таму большая частка аўтамабіляў з адкрытымі кузавамі, і дзяцей возяць прама ў іх. Я была ў шоку, бо ў Беларусі такое немагчыма нават па правілах – а там гэта нармальна і дзеці кайфуюць.
Мой тата на гэта па-чорнаму пажартаваў: «Нічога страшнага, адзін упадзе – яшчэ шэсць застанецца». А калі сур'ёзна, то сапраўдны Усход не такі, якім яго бачыш у фільмах і ў Дубаі, ён даволі жорсткі – і не кожны да яго гатовы.
Фота: Unsplash
Падвышаныя меры бяспекі
– У Эрбілі прымаюць вельмі шмат мер бяспекі, бо некалькі гадоў таму недалёка ад горада знаходзілася ІДІЛ. Мяне здзівіла, што аэрапорт падзелены на дзве часткі. У першую ты прылятаеш, бярэш там багаж, і аўтобус вязе цябе некалькі кіламетраў у іншы будынак, дзе цябе чакаюць тыя, хто сустракае. Гэта зроблена, каб ніхто старонні не змог пракрасціся ў другі будынак, дзе вылеты, прылёты і самалёты.
У гандлёвы цэнтр на машыне проста так не заехаць, пакуль ахоўнікі некалькі разоў не правераць багажнік. На ўваходзе ў ГЦ правяраюць сумкі металашукальнікам.
Нягледзячы на ўсё гэта, людзі ў Эрбілі вельмі добрыя і спакойныя, усміхаюцца і цешацца – яны ўжо звыкліся жыць так.
Мясцовая культура ежы
– Абеды тут як сапраўднае застолле. Спачатку падумала, гэта нас так сустракаюць, але аказалася, што гэта стандартныя прыёмы ежы. У нас на абед талерка супу, нешта побач яшчэ ды хлеб. У маёй курдскай сям'і ў кожнага стаяла па два віды напою, талеркі з зелянінай, рысам, гароднінай і яшчэ чымсьці.
Яшчэ з дзяцінства ў мяне была звычка садзіцца на крэсла, калі ела, з нагамі, падбіраючы іх, – чамусьці так было зручней, але мама і бабуля прасілі сядзець нармальна і часам адзначалі: «Гэта твае карані лезуць». А дома ў Курдыстане мы не елі за сталом (хоць ён і ёсць): усе сядзелі на прыгожых дыванах на падлозе ў такой жа позе, у якой я звычайна сядзела за сталом. Дарэчы, у курдаў не прынята размаўляць за абедам: яны атрымліваюць асалоду ад ежы, а гутаркі пакідаюць на час чаю.
«У курдаў не прынята размаўляць за абедам: яны атрымліваюць асалоду ад ежы, а гутаркі пакідаюць на час чаю»
Калі я была ў Эрбілі, то заспела Рамадан (месяц посту ў мусульман) – і ў горадзе ў пэўныя гадзіны гучала малітва. Калі чуеш гэта ўпершыню, можна крыху спалохацца ад нечаканасці: ідзеш – і раптоўна нехта гучна напявае малітву. А я атрымала задавальненне, для мяне гэта музыка, якую я даўно люблю (бо слоў малітвы не разумею).
Але быў і шакуючы момант. З мяса ў мусульман у ходзе бараніна, ялавічына і курыца. Калі едзеш за горадам, у дарогі пасуцца шмат баранчыкаў – з імі ўсё добра і яны чыляць. На наступны дзень, калі заканчваўся Рамадан, я ўбачыла, як ля дарогі проста вісяць павешаныя за ногі трупы гэтых баранчыкаў, з іх сцякае кроў – іх разбіралі перад святам. Побач бегаюць дзеці, спакойна ходзяць дарослыя, але я не магла на гэта глядзець.
Фота: Unsplash
Новая ідэнтычнасць
– Я заўсёды сябе асацыявала толькі з Беларуссю і называла нацыянальнасць беларускую, але пасля паездкі нашмат больш свядома ідэнтыфікую сябе роўна як з Беларуссю, так і з Курдыстанам. Цяпер для мяне гэта не проста слова, а рэальная краіна, дзе жыве палова маёй сям'і, і я сапраўды на 50% складаюся з гэтай культуры. Узнікла больш сілы і ўпэўненасці, і як быццам я ўжо не з адным, а з двума крыламі за спінай.
«Узнікла больш сілы і ўпэўненасці, і як быццам я ўжо не з адным, а з двума крыламі за спінай»
Жыць у Курдыстане мне было б цяжка, усё ж гэта іншая культура, іншы свет. Але я была ў шоку ад сваёй рэакцыі: яшчэ не з'ехаўшы з Курдыстана, спытала ў таты, калі прыедзем туды наступным разам, – гэта здзівіла і яго, і ўсю маю сям'ю.
Паездку на «другую радзіму» планую ў кастрычніку. Да гэтага часу пастараюся вывучыць нейкія фразы па-курдску, каб размаўляць са сваякамі і людзьмі на вуліцах і рынках.
Фота прадстаўленыя гераіняй матэрыялу. Фота на галоўнай – Unsplash