«У лічбавага качэўніцтва ёсць тэрмін прыдатнасці»: як адчуваецца дом пасля паўгода ў шасці краінах?
- 28.04.2025
- 101
Беларуска Лена Радзевіч, маркетолаг з Менска, 5 гадоў таму пераехала ў Нідэрланды, а пасля паспрабавала «качавое» жыццё ў Еўропе. Цяпер яна абжываецца ў ціхай французскай правінцыі на беразе самага буйнога возера Альп Леман, даследуе мясцовыя пякарні і спрабуе знайсці ідэальны баланс паміж рухам і аселасцю. Лена вядзе тэлеграм-канал «Унесённая заграницами», у якім дзеліцца асабістым досведам пераездаў і культурных назіранняў. І ўпэўненая, што дом – гэта не геаграфія, а ўнутраны стан (ды хуткі Wi-Fi).
– Я заходжу ў бар албанскай правінцыі Саранда на беразе Міжземнага мора. Унутры невялікага памяшкання шмат людзей самага рознага ўзросту – ад 30 да 75. Усе гавораць па-англійску, нехта махае рукой, нехта працягвае мікрафон і пытаецца: «Якую песню ўключыць?» Сёння тут вечар караоке і такас па спецыяльнай цане. Усе людзі ў гэтым бары – лічбавыя качэўнікі, на гэты вечар іх дом Албанія, але ўжо праз тыдзень яны зноў вырушаць далей. Я адчуваю сябе сярод «сваіх», бо гэты вечар я таксама жыву ў фармаце digital nomad.
Як я тут аказалася
У коле эмігрантаў большасць прывязаныя да канкрэтнай краіны праз легалізацыю: хтосьці чакае «карту побыту», хтосьці яе ўжо атрымаў і выбудоўвае ціхія руціны ў офісе, куды рэлакавала кампанія, хтосьці інтэгруе сябе і дзяцей.
Маё пытанне да сябе «А што далей?» з'явілася пасля пяці гадоў у Нідэрландах, калі я атрымала мясцовы пашпарт, а разам з ім легальную магчымасць падарожжаў практычна па ўсім свеце без віз. У мяне пакуль няма дзяцей, няма нажытай маёмасці, а праца на той момант адчувалася выключна як крыніца грошай. Да таго ж за гады жыцця ў Амстэрдаме назапасілася стомленасць ад жыцця ў рытме турыстычнага горада: пастаянны грукат і варушэнне вуліц, роварная мітусня, рэгулярнае падвышэнне коштаў і выдаткаў. Я задавалася пытаннем «А як жывуць людзі ў іншых краінах?» і хацела праверыць магчымасць быцця недзе яшчэ. І каб не на адзін-два тыдні адпачынку, а мінімум на два месяцы: параўнаць адчуванні, выдаткі, плюсы і мінусы, адрозныя ад маіх галандскіх руцін.
Я дамовілася наконт дыстанцыйнага супрацоўніцтва і вырашыла правесці наступныя паўгода ў падарожжах па Еўропе: Польшча, Албанія, Швецыя, Боснія і Герцагавіна, Грэцыя, Францыя.
«Я задавалася пытаннем “А як людзі жывуць у іншых краінах?” і хацела праверыць магчымасць быцця недзе яшчэ»
«У нас быў план»
Перш чым «кінуць усё і з'ехаць куды далей», я вырашыла падрахаваць, у колькі выльецца мне такая забаўка, як качэўніцтва. Склала табліцу з планам расходаў па катэгорыях: арэнда жылля, машыны, выдаткі на прадукты, б'юці-працэдуры, рэстараны, спорт, адзенне, падпіскі. Асобным пунктам у мяне ішоў раздзел «чорная дзірка» – на выпадак незапланаваных трат.
Маёй мэтай было не выйсці за межы бюджэтаў, да якіх я прызвычаілася ў Нідэрландах. Таксама я не ставіла мэтай зэканоміць за кошт жыцця ў больш танных краінах, але дакладна разлічвала павысіць якасць жыцця. Напрыклад, у Нідэрландах я магла сабе дазволіць есці ў кавярнях ці рэстаранах толькі два-тры разы на месяц, і дасягненнем плана было б пашырэнне такой магчымасці. І вось у Сараеве за тую ж суму я магла хадзіць у кавярні ледзь не тройчы на дзень, а на Корфу ежа па-за домам увогуле стала спосабам завесці знаёмствы: афіцыянты цябе запамінаюць, а суседзі па століках з задавальненнем абмяркоўваюць надвор’е і выбар алівак.
«Я не ставіла мэтай зэканоміць за кошт жыцця ў больш танных краінах, але дакладна разлічвала павысіць якасць жыцця»
Той жа прынцып з арэндай машыны: у Галандыі ўтрымліваць яе цяжка і дорага, а грамадскі транспарт абыходзіцца ў € 300–500 у месяц. Значыцца, арэнда аўто на тых жа ўмовах у іншай краіне – гэта апгрэйд.
Неверагодна, але факт: свет да качэўнікаў не гатовы
Здавалася б, якія праблемы: арандуй жыллё на першы месяц праз Airbnb, а далей – праз асабістую дамоўленасць з уласнікам кватэры або шукай па аб’явах у тэлеграме. Знайсці круг зносін на вечар таксама не складана: у інтэрнэце поўна экспацкіх чатаў з тусоўкамі самага рознага фармату ў любым кутку свету. Але на справе аказалася, што ўсё не так проста.
У Польшчы, напрыклад, ты не можаш аформіць ІП з мінімальным падаткам, калі ў цябе няма мясцовай прапіскі хоць дзе, а ў Францыі аформіць часовую рэгістрацыю без ведання французскай у прынцыпе немагчыма: ні арэндадаўца, ні мясцовыя органы не спяшаюцца дапамагаць «на пару месяцаў». Аплаты Apple pay праходзяць нават у глухой вёсцы Босніі, але адкрыць рахунак у мясцовым банку – задача не з простых.
Свет лёгка прымае твае грошы, але не заўсёды – цябе самога. Усё таму, што лічбавы качэўнік – гэта не зусім «нармальны чалавек» з пункту гледжання сістэм. Урады розных краін не разлічваюць на качэўнікаў, якія будуць бадзяцца то тут, то там па два-тры месяцы: як правіла, праграмы па digital nomad візах зробленыя так, каб чалавек заставаўся на адным месцы мінімум год.
«Свет лёгка прымае твае грошы, але не заўсёды – цябе самога»
Першыя праблемы паўстаюць літаральна назаўтра пасля прыезду ў новую краіну. Хочаце адкрыць банкаўскі рахунак? Пакажыце прапіску. Хочаце зарэгістраваць ІП? Без праблем, а дзе падаткі плаціць будзеце? Тамака ж, дзе прапіска?
Тут качэўнік і наторкваецца на камень спатыкнення: ты не можаш быць бадзяжным хоба, ты павінен мець «базу», з якой рушыш у свой свет падарожжаў. Інакш ты, са сваімі двухмесячнымі планамі, аказваешся недзе паміж турыстам, мігрантам і кімсьці нявызначаным. Цябе вітаюць у барах, але не ў афіцыйных ўстановах.
Статус: усё складана
З аднаго боку, фраза «я качэўнік» ужо не асацыюецца з чымсьці маргінальным. Сёння нават існуюць рэйтынгі краін для лічбавых качэўнікаў – напрыклад, гэты, дзе ўлічваюцца інтэрнэт, візы, арэнда, ежа і нават узровень шчасця мясцовых. Некаторыя краіны запускаюць новыя візавыя рэжымы спецыяльна пад digital nomads: Італія, Турцыя, Кенія, Уругвай.
Але з іншага боку, калі ты не застаешся на год, ты ў шэрай зоне. І гэта акрамя вонкавых канфліктаў спараджае яшчэ і ўнутраныя.
«На колькі купляць абанемент у трэнажорку?», «Ці трэба мне вывучыць хоць пару фраз на мясцовай мове, калі я хутка з'еду?», «Ці заводзіць мне тут сяброў, калі яны ўсяго на пару месяцаў?», «Як будаваць кар'еру, калі я пазбаўлюся выдаленага заробку?». Усё гэта дадае маналогаў для разважанняў і забівае асалоду ад моманту.
Тэрмін прыдатнасці свабоды
Мая выснова: качавое жыццё – выдатны спосаб разабрацца ў сабе і зразумець, што сапраўды для цябе важна, а што навязана сацыяльнымі сеткамі і чужымі жаданнямі.
Ты вучышся хутка адрозніваць «сваё» ад «выпадковага»: кавярня, куды хочаш вяртацца, рэчы, якія носіш больш за тры тыдні, людзі, з якімі лёгка маўчаць. Дэталі, якія ў аселым жыцці лічацца звычнымі, у качэўніцтве раптам становяцца якарамі: знаёмы барыста, дыванок ля ложка, мясцовы піражок па раніцах.
«Ты вучышся хутка адрозніваць “сваё” ад “выпадковага”: кавярня, куды хочаш вяртацца, рэчы, якія носіш больш за тры тыдні, людзі, з якімі лёгка маўчаць»
Але ў нейкі момант назапашваецца стомленасць ад гэтай бясконцай навізны.
Спачатку ты натхнёны: кожны горад – як чыстая старонка. Потым стамляешся пісаць адно і тое ж. Пачынаеш прапускаць музеі, гуляеш у слухаўках, адключаеш камеры на званках. Хочацца не ўражанняў, а цішыні. Пажадана з мяккім пледам і нармальным інтэрнэтам.
Фізічна і эмацыйна ты высільваешся. Першы месяц ідзе на тое, каб агулам разабрацца, як жыць у новай краіне. У Грэцыі, каб патрапіць да стаматолага, я абзвоньвалі клінікі два дні – ніхто не адказваў на лісты. У Албаніі, калі патрапіла ў міні-аварыю, ледзь патлумачыла паліцыянту, што наогул адбылося. У Італіі так і не змагла аплаціць паркоўку, якая патрабавала нейкі мясцовы дадатак.
Кожны паход у супермаркет, запіс да б'юці-спецыяліста ці да лекара, які прыме без страхоўкі, з кароткага дзеяння ператвараецца ў цяжкую задачу на некалькі гадзін: руціны не наладжаныя, і на іх выбудову патрэбныя гадзіны даследаванняў.
У лічбавага качэўніцтва ёсць тэрмін прыдатнасці. Ён індывідуальны: у кагосьці два месяцы, у кагосьці два гады. Але амаль ва ўсіх ён сканчаецца думкай: «А дзе, уласна, мой дом?» Не ў сэнсе маёмасці ці прапіскі, а ў сэнсе апоры.
Можна звыкнуць да змен. Можна нават навучыцца жыць на ручной паклажы. Але не ўсе гатовыя ўвесь час быць у дарозе. Часам дом – гэта проста месца, дзе табе не трэба штодзень тлумачыць, хто ты і адкуль. Дзе можна маўчаць, не губляючы кантакту.
«Часам дом – гэта проста месца, дзе табе не трэба штодзень тлумачыць, хто ты і адкуль»
Не норма і не трэнд
Дык ці нармальна змяняць краіны кожныя два-тры месяцы? Так, калі ты гатовы быць шчырым з сабой. Я не шкадую ні пра адзін дзень, праведзены «ні там і ні тут». Лічу, калі ў цябе ёсць унутраная апора, качэўніцтва – выдатны спосаб аднавіцца ў дарозе і зразумець, чаму ты дарогу абраў.
Ненармальна – калі гэта ўцёкі. Ад горада, ад руціны, ад адносін, ад сябе. Пераезды кожныя пару месяцаў – гэта не турыстычная рамантыка, а дакладны рэжым. Ён патрабуе дысцыпліны, устойлівай псіхікі і беражлівага стаўлення да сябе.
У мяне гэты перыяд стаў найлепшым у маім жыцці і адначасова – самым стамляльным. Ніколі не забуду шумлівы бар албанскіх экспатаў, дзе нехта спявае «Wonderwall», афіцыянт прыносіць такас, і нехта пытаецца ў мяне, адкуль я.
І разам з тым я шчаслівая, што гэты перыяд скончыўся.
Няхай у нейкіх краінах мне было асабліва лёгка: як у Польшчы, дзе я размаўляю на мясцовай мове і дзе вакол куча беларусаў, ці ў Босніі, дзе дастаткова ўсмешкі, каб цябе прынялі за «свайго». Але ўсё адно надыходзіў момант, калі хацелася проста не думаць, як тут працуе транспарт і дзе набыць соль.
«Надыходзіў момант, калі хацелася проста не думаць, як тут працуе транспарт і дзе набыць соль»
Сёння я рада будаваць сваё жыццё ў пастаянным доме і ўпэўненая: лічбавае качэўніцтва – гэта не норма і не трэнд, а проста яшчэ адзін спосаб пажыць крыху інакш. Для кагосьці ён стане этапам перад «сапраўдным жыццём», а для кагосьці – новай пастаяннай рэальнасцю.
Фота аўтаркі