Cinema Perpetuum Mobile: што глядзець?

  • 26.04.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 7305

З 28 красавіка па 1 траўня ў Менску ўжо ў сёмы раз пройдзе фестываль кароткаметражнага кіно Cinema Perpetuum Mobile. Фестываль робяць даследчыкі і даследчыцы сучаснага кіно, каб паказаць тыя працы, якія могуць прайсці міма масавага гледача: гісторыю пра містычную вандроўку ката разам са сваім спадарожнікам-шаманам, артавыя візуальныя творы з эстэтыкай vaporwave, працы сучасных беларускіх рэжысёраў і, як водзіцца, многае іншае. Каманда падрыхтавала палымяны маніфест, а мы адабралі самыя сакавітыя кароткаметражкі і сцісла распавялі пра іх. І так, уваход на ўсе падзеі бясплатны!

 

 


 Анімацыйная праграма Borderline Cases 
 

Калі: 28 красавіка, 19:00

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 16+

Вызначальная тэма праграмы – памежныя выпадкі і станы, якія нярэдка перарастаюць у абрады ініцыяцыі. Спалучэнне фільмаў атрымалася даволі эклектычным як у плане выкарыстаных тэхнік, так і геаграфіі: тут ёсць працы з Германіі, Грэцыі, Ірландыі, ЗША і Ірана.

Бяжы, Рустам, бяжы / Run Rostam Run

Рэжысёр – Hossein Molayemi (Іран)

 

Іранская анімацыя, у якой персанаж старажытнага персідскага эпасу падарожнічае ў будучыню і адразу ж сутыкаецца з чарадой бюракратычных праблем. Калі сцісла, то гэта аповед пра недарэчнасці героя старога ўзору ў сучасным свеце.

Панічная атака! / Panic Attack!

Рэжысёрка – Eileen O'bil Meara (ЗША)

 

Аніматарцы хацелася зрабіць пераходы паміж рэальнасцю і надуманымі страхамі менш прыкметнымі, таму яна не манціравала малюнак, а выкарыстала адзін бесперапынна зменлівы. Эфект дасягнуты: ніколі раней страхі не здаваліся такімі матэрыяльнымі.

Энігма / Aenigma

Рэжысёры – Antonis Ntoussias, Aris Fatouros (Грэцыя)

 

Гэтая праца – рэквіем па форме, жаночым бостве, вечнай Еве і мастацтве. Сюррэалістычная грэчаская CG-анімацыя, натхнёная працамі мастака Тэадора Пандалеона.

Пачвара / Ugly

Рэжысёр – Nikita Diakur (Германія)

 

Ні да чаго не падобны анімацыйны фільм, зняты па матывах інтэрнэт-апавядання «Пачварны кот». Дарэчы, нядаўна мы распавядалі прыгожую гісторыю пра здымкі гэтага фільма – глядзі інтэрв'ю з рэжысёрам.

 

 Постдакументальнае кіно «У свеце людзей і жывёл» 
 

Калі: 29 красавіка, 17:00

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 18+

У праграме постдакументальнага кіно – даследаванне праўды, постпраўды і іх адлюстравання сродкамі кінематографа.

 

Спектры / Spectrums

Рэжысёры – Zohar Melinek Ezra, Afek Testa Launer (Ізраіль)

 

Дакументальны вэб-серыял пра даследаванне сацыяльнага, палітычнага і духоўнага свету прадстаўнікоў трансгендарнай супольнасці ў Ізраілі. Рэжысёры імкнуліся стварыць іх нетыповыя партрэты і паказаць, што гісторыя трансгендара – гэта гісторыя нашай культуры і нашага грамадства. Фільм дапамагае гледачу ўсталяваць глыбокую эмацыйную сувязь з героямі, трансфармуючы прадстаўленне аб ідэнтычнасці, супольнасці і вопыце трансгендараў. У рамках фестывалю будзе паказана першая серыя вэб-серыяла.

 

 

 Эксперыментальная праграма Echoes of Chroma 

 

Калі: 29 красавіка, 19:00

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 16+

Эксперыментальным стаў і сам працэс складання праграмы. Echoes of Chroma стваралася з удзелам запрошанай куратаркі – медыяартысткі Ханны Харкес.

 

1080p

Рэжысёры – J. P. Guarnieri, Leandro Lôbo (Бразілія)

 

Эксперыментальны фільм, натхнёны эстэтыкай vaporwave. Калі ты настальгуеш па гэтым мікражанры 2010-х з яго кіслотнымі кветкамі, глітч-эфектамі і антычнымі статуямі, гэтая стужка дакладна для цябе. А сюжэт будуецца вакол абыякавага героя, які ў разгар вечарынкі ў асабняку знаходзіць пісталет.

 

 

 Visual Music «Distortion» 

 

Калі: 29 красавіка, 21:00

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 16+

Ужо трэці год праграма Visual Music знаходзіцца ў пошуках альтэрнатыў тыповым музычным lip sync кліпам, паказвае аўдыявізуальныя працы з анімацыі і гульнявога кіно, рознага роду эксперыменты, якія не могуць упісацца ў тыповыя конкурсныя праграмы. Гэта працы студэнтаў, маладых аўтараў, дызайнераў, аніматараў, рэжысёраў, навукоўцаў, музыкаў, паэтаў, танцораў... Важная толькі формула «audio + visual».

Гэтым разам у праграме атрымаўся невялікі фокус на рэп-працах, якія, вядома ж, адрозніваюцца ад асноўных прадстаўнікоў жанру. Яшчэ будзе відэапаэзія, танцавальныя гісторыі, работы з хвалюючай уяўленне абстракцыяй. Тэма праграмы – скажэнне гуку, жанру, візуальных прыёмаў і ўсяго звыклага.

 

 

 Дзэн-праграма suRRveillance 

 

Калі: 30 красавіка, 16:30

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 16+

suRRveilance – гэта назіранне за навакольным асяроддзем, роздум аб сабе і іншых, лапікавая коўдра з урыўкаў успамінаў, фраз, выпадковых гукаў і поглядаў у акно. Праграма падзелена на тры часткі і абяцае пагрузіць гледачоў у паўтарагадзінны сеанс дзэн-медытацыі.

Назва suRRveilance утварылася з спалучэння слова «сюррэалізм» і англійскага слова «surveillance», якое валодае рамантычным французскім флёрам. Часцей за ўсё яно асацыюецца з халодным наглядам з дапамогай усіх відаў механічных вачэй і вушэй. Праграма вырасла з традыцыйнай для Cinema Perpetuum Mobile секцыі эксперыментальнага і трэшовага дзэн-відэа, у якім можна доўга назіраць спакойную карцінку.

 

Схаваны / Arcane

Рэжысёрка – Malena Martínez Cabrera (Аўстрыя)

 

Слоган: «За парывам ветру, насустрач лёсу»

 

 

Sub Terrae

Рэжысёрка – Nayra Sanz Fuentes (Іспанія)

 

Слоган: «Цені існуюць не толькі пад зямлёй»

 

 

Hich-zen

Рэжысёрка – Кацярына Нарко (Беларусь)

 

Слоган: «А што, калі б Хічкок быў дзэн-будыстам?»

 

 

 Best of the Worst 

 

 

Калі: 30 красавіка, 19:00

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 18+

Партнёрская праграма фестывалю TRASHXPLOITATION – гэта калектыўная тэрапія для пераадолення страху, самацэнзуры, безжыццёва фармалізму і стэрыльнага перфекцыянізму, якія душаць жывую энергію і творчыя здольнасці, выцясняючы спантаннасць.

У рамках партнёрскай праграмы – падборка Best of the Worst: 27 фільмаў, адабраных камандай Cinema Perpetuum Mobile на закрытым праглядзе. Псіхадэлічная інтэрпрэтацыя знакамітай песні Нэнсі Сінатры «These Boots Are Made for Walkin'». Каханне як мілітарызм, кітч у стылі Тэры Рычардсана, фізкультхвілінка пад Du Hast і многае іншае.

Фестываль рэгулярна аб'яўляе прыём заявак, таму, калі твой фільм доўжыцца да трох хвілін і для яго апісання падыходзяць словы іронія / абсурд / лоў-фай / ноў-фай / эстэтыка кітчу / трэш кунг-фу / дылетанцкі / шчырае глупства супраць штучнага інтэлектуалізму / антыкіно – смела адпраўляй.

 

 

 Taboo 

 

Калі: 30 красавіка, 21:00

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 18+

Праграма-даследаванне пазітыўнага боку сэксу, сэксуальнасці і цялеснасці. Гэта кінапаказ пад дэвізам «узаемнасць, бяспека і задавальненне». Цябе чакаюць працы, якія, нягледзячы на смех, самаіронію і весялосць, выконваюць важную ролю асветы, адкрыта распавядаюць пра каханне ў самых розных яго праявах і вучаць нас не баяцца казаць пра сэкс. Здымка такога кіно – у тым ліку своеасаблівы актывізм, таму што яно змагаецца з закасцянелымі стэрэатыпамі і дае магчымасць для іншага погляду на сэкс – без сораму і асуджэння. Дарэчы, тры самыя вясёлыя стужкі забаранілі да паказу – будзем лічыць, што гэта паказчык поспеху.

 

 

 Беларускі дзень на Cinema Perpetuum Mobile 

 

Калі: 1 траўня, 18:00

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 12+

Каманда фестывалю хоча выказаць сваю салідарнасць з працаўнікамі беларускай кінематаграфічнай нівы, абвяшчаючы Дзень беларускага кіно (і Вечнай вясны) на Cinema Perpetuum Mobile 2018.

 

«Гэта не кіно»

Рэжысёр – Іван Коўшык

 

Мянчук Іван Коўшык называе сябе самым невядомым беларускім рэжысёрам. У яго відэапрацах ляпы накладваюцца на ляпсусы, а ляпсусы не праходзяць без фэйлаў, за які жанр без выключэння аўтар ні браўся б. Псеўдадакументалістыку пра бойку скінхэдаў і панкаў даводзіцца агучваць з дапамогай праграмы-гаварылкі з-за адсутнасці мікрафона; у камедыі пра куплю тэлефона ў салоне сувязі раз за разам выкарыстоўваюцца адны і тыя ж рэплікі; у сюжэце пра чыстку коміна камера разраджаецца яшчэ да таго, як герой трывала ўсталюе драбінкі. «Гэта не кіно, а проста недарэчнасць!» – скажуць гледачы. Але ж і наша жыццё – гэта не кіно, а проста недарэчнасць.

 

 

 Utopia Unicorn 18+ 

 

Калі: 1 траўня, 20:00

Дзе: арт-паб «Піцер» (пр-т Незалежнасці, 37)

Узроставае абмежаванне: 18+

Беларуская праграма Utopia Unicorn стала спробай даць адказ на пытанне «Пра што мараць беларусы і наколькі іх мары (анты)утапічныя».

 

ПЛАНЕТА-СЭРЦА

Рэжысёр – Дзяніс Галак

 

Гэта гісторыя пра робата-дзяўчынку на імя ТРЫ-А, якая так жа, як і русалачка, марыла стаць чалавекам. Сутыкнуўшыся са светам неразумення, ТРЫ-А ідзе на ахвяру, каб стаць сабой і здабыць доўгачаканае шчасце. На стварэнне фільма «ПЛАНЕТА-СЭРЦА» рэжысёра натхніла любімая казка Г. Х. Андэрсана «Русалачка», і гэтая праца – яе творчая інтэрпрэтацыя, дзе казачны свет стаў загадкавым і тэхналагічным. У фільме, акрамя жывых акцёраў, выкарыстоўваецца мілая 3D-графіка, якая многім нагадае дзяцінства ў беларускіх нулявых.

 

 Cinema Perpetuum Mobile у сацсетках: 

FB    VK

Тэкст by Яўген Сувораў