Чым адметная трэцяя кавярня «Зерне»?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.01.2021
- 6901
На Леніна, 16, адкрылася трэцяя ў Менску кавярня «Зерне». Пакуль ты яшчэ не дайшоў(-ла) сюды па свой фільтр, прапануем паглядзець на інтэр'ер і даведацца з першых вуснаў аб тым, чым новая ўстанова адрозніваецца ад іншых.
Ганна Громава, стваральніца і ўладальніца «Зерня»
Што новага?
У новай кавярні з'явілася спецыяльная стойка бру-бар для запаркі кавы праз фільтр Hario V60 («японскім спосабам»). «Гады тры таму мы купілі ростар, сталі самі абсмажваць сабе каву, і калі я пачала расці ў абсмажцы, то зразумела, што мне хочацца лепей прадставіць у горадзе бру-бар, больш паказаць яго людзям. Я марыла зрабіць кавярню з асобнай стойкай пад фільтр, як гэта робяць добрыя кававыя кампаніі ў Японіі, Нарвегіі, Даніі ды іншых краінах, дзе добра развітая культура speciality-кавы, на якую я раўняюся».
За эспрэса ў «Зерні» на Леніна адказвае легендарная кавамашына La Marzocco KB-90, якая лічыцца ідэальнай для ўстаноў, што працуюць з кавай speciality. У радыусе 700 кіламетраў такой няма ні ў каго. Бліжэйшая – у Маскве.
Што пакаштаваць?
Зараз у трэцім «Зерне» вараць Эфіопію. Ганна кажа, што Эфіопія Коньё – яе любімае, што ёсць у эспрэса. Дарэчы, эспрэса ў сетцы мяняюць прыкладна раз на пару месяцаў. Згодна з тэхналагічнай логікай, наведнік(-ца) не можа выбіраць зерне з машыны сам(-а). А вось варонкі можна выбіраць і параўноўваць, замовіўшы на кампанію, напрыклад, тую ж Эфіопію, Кенію, Інданэзію, нешта яшчэ. Тут актуальны фаварыт Ганны – Uganda Sipi Falls, са смакам манга, сушанага банана, ананаса: «Калі яго п'еш, здаецца, што ты п'еш усё што заўгодна, толькі не каву».
Хто прыдумаў незвычайны дызайн?
Памяшканне прапанавалі Ганне яшчэ ў траўні. Яна пагадзілася з умовай, што пачне нешта рабіць у верасні. Калі ў Менску стала горача, яна прыняла рашэнне застацца і працягваць рабіць тое, што ёй падабаецца, у прасторы, якая ёй спадабалася. Памяшканне знаходзілася ў самым цэнтры горада, але патрабавала грунтоўнай перапрацоўкі: гэта было месца без прыбіральні, былое атэлье, сумешчанае з гастраномам.
Інтэр’ер рабілі Максім Вавінскі і яго Studio11. «Калі мы з Максімам трапілі туды ў першы раз, усё тут было зашыта гіпсакардонам, і мы наогул не ведалі, што пад ім будзе. Калі прараб зняў гіпсакардон і мы ўбачылі гэтую прыгажосць... Я памятаю момант: стаіць прараб, стаіць Максім, Максім бачыць тынкоўку і ляпніну, кажа: "Клас, пакідаем усё як ёсць!” Трэба бачыць здзіўлены твар прараба».
Папярэднія рамонтнікі фактычна забілі ляпніну, і тое, што ёсць, – гэта своеасаблівая памяць пра добры густ. У канцэпцыю гэтай памяці выдатна ўпісаліся архітэктурныя элементы, якія дызайнеры Studio11 займелі ў сваю калекцыю са старога балтыйскага аквапарку, гэта аўтэнтычныя архітэктурныя формы.
Рамонт агулам заняў каля двух месяцаў. Бюджэт быў мінімальны – «амаль усё сышло на кавамашыну».
Навошта «Зерне» маштабуецца?
«Усё адбываецца абсалютна натуральна: ты любіш каву, ты пачынаеш у ёй разбірацца, ты атрымліваеш доступ да нейкага суперцікавага зялёнага збожжа, табе хочацца абсмажыць больш гатункаў. Увогуле складана абмежавацца адной кавярняй, калі ты ўжо робіш класны прадукт. Магчымасці росту – яны значна большыя за магчымасці адной кавярні. Таксама хочацца даваць рост добрым рабятам. І я бачыла, як загараліся ў іх вочы ад навіны, што будзе трэцяе месца, бо гэта значыць, што будзе рост, будзе навучанне. Так зноў з'яўляецца матывацыя».
Ці пойдзе «Зерне» ў рэгіёны?
Ёсць і запыт, і думкі на гэты конт. Вырашыць час.
Фота: palasatka