У НЦСМ адкрываецца міжнародны праект «Чарнобыль. Эфект спячага»

26 сакавіка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ) адбудзецца адкрыццё міжнароднага мастацкага праекта «Чарнобыль. Эфект спячага», які даследуе поле грамадскай памяці пра чарнобыльскую катастрофу. Аўтары(-кі) праекта па-рознаму ўзаемадзейнічаюць з архіўнымі матэрыяламі, запазычваючы дакументальныя сведчанні мінулага, выкарыстоўваючы ўласныя матэрыялы і канструюючы версіі падзей.

 

Праект «Чарнобыль. Эфект спячага» ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, які ў 2021 годзе адзначае юбілей – 80 гадоў з дня заснавання.

 

Дзіна Даніловіч

фатографка, куратарка, аўтарка ідэі і сукуратарка праекта

«Як куратарка я працую з тэмамі-трыгерамі, так званымі "святымі каровамі" беларускага інфармацыйнага поля. Мне было цікава працаваць з тэмай Чарнобыля, бо з цягам часу яе памятанне і асэнсаванне ў культурнай прасторы стаюць больш і больш фармальнымі – трагедыя пераўтвараецца ў статыстыку. Праглядаючы архівы, я і мае сукуратаркі зразумелі, што многія датычныя да аварыі фотаздымкі з'яўляюцца пастановачнымі. Так, гэта дакументы, яны месцяцца ў архіве, але тое, што на іх выяўлена, – не праўдзівае. І праз гады гэтая інфармацыя ўспрымаецца як рэальная і сапраўдная – адбываецца маніпуляцыя свядомасцю.

У праекце Артура Бондара "Подпісы вайны" гучыць такі выраз: "Новая вайна пачынаецца тады, калі людзі забываюцца на папярэднюю". Заўсёды важна памятаць – каб усведамляць сваю адказнасць за ўчынкі і рашэнні, якія прымае чалавецтва».

Выстава будзе працаваць да 2 траўня ў НЦСМ на Някрасава, 3. Час працы: серада – нядзеля з 12:00 да 20:00. Кошт квітка: 6 рублёў – поўны, 3 рублі – ільготны.