Мастакам і мастачкам прапануюць стварыць арт-аб’екты для Новай Баравой

У Новай Баравой хутка з’явяцца два арт-аб’екты. Дарэчы, прапанаваць іх канцэпт можаш і ты. Кампанія «А-100 Дэвелапмент» запускае конкурс на лепшую ідэю. Тэма артаў – «Адзінства ў разнастайнасці» – якраз адпавядае духу раёна.

 

 

«Разнастайнасць – соль свету, а без згуртаванасці і ўзаемаразумення немагчымыя зносіны паміж людзьмі. Наша задача – падкрэсліць агульнасць думак і інтарэсаў, дазволіць жыхарам адчуць сябе часткай чагосьці большага без страты індывідуальнасці», – пішуць арганізатары.

Прымаць працы ўжо пачалі. На першым этапе ад мастакоў, у якіх ёсць годныя ідэі, чакаюць партфоліа і CV. Даслаць апошнія трэба да 8 чэрвеня. Зрабіць гэта можна праз форму на сайце (шукай яе тут).

Удзельнікі, чые партфоліа адбяруць, адправяцца на тыднёвы інтэнсіў, дзе разам з экспертамі будуць працаваць над канцэптамі і праектамі. Арганізатары абяцаюць кансультацыі ад прафесіяналаў у галіне паблік-арту з Беларусі, Расіі і Італіі. Дадаткова ў праграме – лекцыі і дыскусіі па ўрбаністыцы і мастацтве. Дарэчы, не толькі для канкурсантаў – для ўсіх зацікаўленых.

Фінал – прэзентацыі дапрацаваных праектаў, ацэньваць якія будзе журы конкурсу. Пераможцы (а іх будзе два) атрымаюць па $ 1000 і дапамогу ў рэалізацыі арт-аб’ектаў.