Каршэрынгавая дзвіжуха
- 29.08.2018
- 6693
У Менску актывізавалася каршэрынгавая дзвіжуха: на рынак прыходзяць новыя гульцы, а ўжо існыя кампаніі нарошчваюць аўтапарк або зліваюцца з замежнымі калегамі. Чаму каршэрынг заварушыўся ў Менску менавіта цяпер, ці стане гэтая паслуга папулярнай у беларускіх кіроўцаў і каму варта ўспрымаць каршэрынгавыя сэрвісы ў якасці канкурэнта?
«Плануем падвоіць парк да зімы. Зімой холадна гуляць!»
Сам сабе кэбмэн
Па горадзе можна перамяшчацца рознымі спосабамі – на сваіх дваіх, за штурвалам асабістага аўто, надрывацца ў грамадскім транспарце, пасопваць у таксі або знаходзіцца ў салоне чагосьці арандаванага. Пад апошні пункт трапляе каршэрынг – від кароткатэрміновай арэнды аўтамабіля са штохвіліннай або пасутачнай аплатай. Кампанія, у якой ты арандуеш машыну, аплачвае ўсе выдаткі, звязаныя з аўтамабілем, – ад паркоўкі да тэхагляду, – а з цябе патрабуе толькі плату за час, праведзены ў аўто. Таксама ў тваім пашпарце павінна стаяць пазнака пра тое, што ты ўжо пражыў(-ла) 20 гадоў, а твой вадзіцельскі стаж павінен «пераваліць» за адзін год, – пры выкананні гэтых умоў ты зможаш заскочыць у салон каршэрынгавага аўтамабіля.
Усё зроблена даволі проста: запампоўваеш на мабільны тэлефон прыладу каршэрынгавай кампаніі, рэгіструешся ў сістэме (для гэтага спатрэбіцца вадзіцельскае пасведчанне, пашпарт і банкаўская карта), знаходзіш з дапамогай апкі бліжэйшы да цябе аўтамабіль і браніруеш яго. З гэтага моманту ў цябе ёсць 20 хвілін для таго, каб дабрацца да машыны і адкрыць яе з дапамогай усталяванай прылады. Ацэньваеш знешні і ўнутраны выгляд аўтамабіля, правяраеш дакументы, якія павінны знаходзіцца ў бардачку машыны, наладжваеш маршрут і паварочваеш ключ, які чакае цябе ў замку запальвання, – можна адпраўляцца ў шлях.
Пасля таго як ты дабярэшся да патрэбнага табе пункту, пакінь машыну ў любым дазволеным ПДР месцы і зачыні аўтамабіль з дапамогай тычка ў мабільнаю прыладу, – усё, місія выканана. Грошы спішуцца з тваёй банкаўскай карткі пасля завяршэння паездкі.
Пры гэтым сумы не павінны трапляць пад катэгорыю «астранамічных»: як кажа Максім Горбікаў, кіраўнік каршэрынгавай кампаніі «Везуха», каршэрынг шматфункцыянальны, і калі паездка на таксі ўздоўж умоўнага МКАДа лясне па кішэні, такі ж трып на арандаваным аўто будзе каштаваць усяго 6 BYN.
Там, дзе жыве каршэрынг
Еўрапейскім лідарам па колькасці машын каршэрынгу лічыцца Масква: цяпер у горадзе працуюць 14 сэрвісаў, якія прадстаўляюць падобныя паслугі, а агульная колькасць аўтамабіляў пераваліла за 8 тыс. Па статыстыцы, каля 25 тысяч жыхароў Масквы выкарыстоўваюць каршэрынг кожны дзень, а з пачатку 2018-га ў расійскай сталіцы было здзейснена паўтара мільёна паездак – гэта ў разы больш, чым у любым з гарадоў Еўропы.
Калі зірнуць на сусветную карціну, каршэрынг папулярны ў тых гарадах, дзе ёсць праблемы з паркоўкай. Там, дзе ёсць пакупніцкая здольнасць і гатоўнасць мясцовых уладаў ісці на сустрэчу, рынак каршэрынгу ўзрастае – у Маскве каршэрынгам карыстаюцца нават тыя, у каго ёсць уласны аўтамабіль, бо паркоўка ў цэнтры горада абыходзіцца ў кругленькую суму, а каршэрынг у такім выпадку дазваляе эканоміць самавітыя грошы.
Еўропа таксама не адстае ад Расіі: па прагнозах кампаніі Deloitte, да 2020 года колькасць карыстальнікаў каршэрынгу ў ЕС перавысіць 15 млн чалавек, а лік даступных машын дойдзе да 150 тыс. Па стане на 2018 год, колькасць еўрапейскіх карыстальнікаў каршэрынгавых сэрвісаў ацэньваецца ў 9 млн чалавек, а колькасць машын – у 100 тыс. адзінак.
У Менску на момант публікацыі гэтага матэрыялу паслугі каршэрынгу падаюць у поўнай меры дзве кампаніі – нядаўна запушчаная «Везуха» і Drivetime, якая з 16 жніўня пачала працаваць пад брэндам расійскай кампаніі Anytime. Акрамя таго, у медыя актыўна анансаваўся запуск каршэрынг-сэрвісу WestGroup, што мусіў стартаваць летам, аднак на афіцыйным сайце кампаніі пакуль няма дакладнай інфармацыі пра дату запуску.
«Разам з бюджэтнымі варыянтамі ў той жа Маскве і Вільні ўжо ёсць опцыі ўзяць штохвілінна Porsche, BMW і Jaguar»
Заяўлена таксама і аб прыходзе ў Менск кампаніі «Делимобиль», аднаго з найбуйнейшых гульцоў на расійскім рынку. Працаваць у Беларусі яны, праўда, плануюць пад іншым брэндам. Для працы ў Менску «Делимобиль» ужо нібыта закупіў 100 аўтамабіляў Volkswagen Polo.
Для параўнання: «Везуха» мае ў распараджэнні 45 аўтамабіляў (Ravon R2 і Nissan Almera), Anytime – 50 (Volkswagen Polo, Skoda Rapid і Renault Logan), а WestGroup плануе «стартаваць» з 30-цю аўтамабілямі (Skoda Rapid, Volkswagen Polo, Hyundai Solaris і Kia Rio).
З коштамі справы ідуць так: хвілінныя тарыфы ва ўсіх аднолькавыя – 0,29 BYN/хв. падчас паездкі і 0,06 BYN/хв. у рэжыме чакання, а пасутачна арэнда прадстаўлена ў розных варыянтах: «Везуха» просіць 79 рублёў за 200 км у суткі, Anytime – 79 рублёў за 300 км, а WestGroup плануе браць 99 рублёў за 350 км. Але да коштаў за карыстанне аўтамабілем могуць дадацца рознакаліберныя штрафы: адключэнне тэлеметрычнага абсталявання, забруджванне салона і перадача аўтамабіля ў рукі трэцім асобам караецца самавітымі санкцыямі, так што ў арандаваным аўто лепш не паскудзіць.
Колькі людзей ужо рэгулярна карыстаецца паслугамі сэрвісу ў Менску, дакладна не вядома: кампаніі не спяшаюцца раскрываць сваю статыстыку.
«У нас ужо пад 2000 карыстальнікаў з завершанай рэгістрацыяй, пад 5000 паездак. Пакуль кожны дзень прыносіць нам новыя нечаканыя кейсы, але мы вельмі хутка вучымся, вучымся вучыцца і плануем падвоіць парк да зімы. Зімой холадна гуляць!» – пісаў 9 жніўня на сваёй старонцы ў Facebook кіраўнік каршэрынгу «Везуха» Максім Горбікаў.
«Людзі зразумеюць, што асабісты аўтамабіль – гэта наогул рудымент»
Новы гулец на старым полі
У кампаніі Anytime упэўненыя, што каршэрынг – гэта не праціўнік, а альтэрнатыва таксі, асабістаму аўтамабілю і гарадскому транспарту. Людзі, якія не маюць правоў, будуць працягваць раз'язджаць на метро ці аўтобусе, а гулякі, якія вяртаюцца з пятнічнай тусоўкі, выклічуць Uber або таксі – усе застануцца задаволеныя.
«Адзін аўтамабіль каршэрынгу можа замяніць асабісты транспарт дзясятку людзей, бо вадзіцелі, якія ацанілі гэтую паслугу, адмаўляюцца ад карыстання асабістымі аўтамабілямі», – запэўнілі нас у прэс-службе сэрвісу Anytime, намякнуўшы на тое, што каршэрынг разгружае транспартную сетку і нясе карысць для навакольнага асяроддзя.
Можна было б загаварыць аб тым, што каршэрынг можа спрыяць падзенню продажаў аўтамабіляў для асабістага карыстання, але самі вытворцы і імпарцёры не бачаць у ім пагрозы. Нават наадварот – падаюць сэрвісам свае паслугі. Так, маскоўскі сэрвіс «Делимобиль» заключыў з аўтадылерскай групай «Авилон» кантракт на пастаўку 3 тыс. аўтамабіляў Volkswagen Polo – такі саюз не толькі ўдвая павялічыў аўтапарк сэрвісу, але і дазволіў карыстальнікам каршэрынгу бліжэй пазнаёміцца з закупленымі мадэлямі: гэта, як мяркуюць эксперты, можа падштурхнуць кліентаў «Делимобиль» да куплі ўласных аўто.
Кароткі рэцэпт ідэальнага сэрвісу
Галоўная ўмова для плённага развіцця каршэрынгавага сэрвісу – наяўнасць дастатковай колькасці аўтамабіляў. У 620-тысячнай Вільні каршэрынг прадстаўлены ў выглядзе 350 аўтамабіляў, а па вуліцах 2-мільённага Менска калясіць пакуль нешта каля сотні экзэмпляраў – 1/10 ад колькасці, неабходнай, каб задаволіць каршэрынгавую патрэбу сталіцы.
Але пытанне – ці ёсць гэтая патрэба? У гэтым сумняваецца журналіст аўтамабільнага партала ABW.BY Іван Крышкевіч: «Каршэрынг цікавы для гарадоў, дзе валоданне асабістым аўтамабілем – гэта пастаянны пошук паркоўкі і бясконцая кіроўчая марока. У Менску ж такіх праблем няма: горад прасторны, месца хапае, і знайсці бясплатную або недарагую паркоўку можна нават у цэнтры». Да таго ж, адзначае Крышкевіч, цяпер кошт каршэрынгу супастаўны з коштам таксі – пры такіх умовах выбіраць менавіта паслугі каршэрынгу не вельмі цікава.
Яшчэ адна ўмова папулярнасці сэрвісу – магчымасць пракаціцца на цікавай мадэлі, прайсці свайго роду тэст-драйв. Таму разам з бюджэтнымі варыянтамі ў той жа Маскве і Вільні ўжо ёсць опцыі ўзяць штохвілінна Porsche, BMW і Jaguar.
«Да 2020 года колькасць карыстальнікаў каршэрынгу ў ЕС перавысіць 15 млн чалавек»
Замест вынікаў
Дзмітрый Навіцкі, галоўны рэдактар часопіса «Большой» і вялікі аматар аўтавандровак, упэўнены, што каршэрынг – гэта будучыня: «Гадоў праз 15 у развітых краінах не застанецца нічога, акрамя каршэрынгу. Магчыма, у тым жа Менску праз пяць гадоў многія прыйдуць да гэтай тэмы, таму што ўласная машына – гэта ў любым выпадку дорага».
Тым, хто ездзіць асабістым аўтамабілем кожны дзень, каршэрынг не вельмі падыходзіць, лічыць Навіцкі, але пры гэтым ёсць маса сем'яў, якія ў будні ездзяць грамадскім транспартам, а на выходных карыстаюцца машынай, – гэта якраз той выпадак, калі каршэрынг будзе да месца .
«Ці заб'е каршэрынг іншыя віды транспарту? Калі прыйшоў Uber, усе крычалі, што ён заб'е таксі, – прайшоў час, і не зусім зразумела, хто каго забіў. А з каршэрынгам усё ідзе так: галоўнае патрабаванне гэтага сэрвісу ў тым, што ты павінен знаходзіцца за рулём, – не ўсе людзі, якія ездзяць тым жа таксі, маюць пасведчанне кіроўцы, – адзначае Навіцкі. – Хутчэй за ўсё, каршэрынг заб'е культ “прыватнага аўтамабіля”: беларусы яшчэ не наеліся фактам валодання, але гэта пройдзе. Прыйдзе працверазенне, і людзі зразумеюць, што камусьці не патрэбная машына, і асабісты аўтамабіль – гэта наогул рудымент. Будучыня будзе выглядаць зусім інакш: націснуў на кнопку, абраў машыну, яна па цябе прыехала, ты ў яе сеў, і яна сама цябе вязе – вось і ўся гісторыя».
Дзе можна сачыць за каршэрынгам?
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Фота: www.nationmultimedia.com, www.drive-now.com, car2go.com