Англійская хвароба: пра што казаў Дугі Брымсан у Берасці?

  • 01.08.2017
  • Аўтар: 34mag
  • 4320

У мінулую пятніцу ФК «Дынама-Брэст» зладзіў у сваім фан-шопе сустрэчу з англійскім пісьменнікам Дугі Брымсанам, галоўным літаратарам футбольнага хуліганізму. Так, гэта ён напісаў сцэнар да фільма Green Street Hooligans і гэта яго лысіна перыядычна мільгала на старонках часопіса «Хуліган». Дугі Брымсан – пра каляфутбольную літаратуру, азлобленасць брытанскіх рабочых і пра тое, чаму зборная Англіі ніколі не стане чэмпіёнам свету.

 

Пра літаратуру

Калі мы напісалі з братам першую кнігу ў 1996 годзе [«Куды б мы ні ехалі». – 34mag.], мы былі проста хлопцамі, якія не збіраліся станавіцца пісьменнікамі. Аднак яна мела велізарны поспех. Як і наступныя тры кнігі.

Многія выдавецтвы зарабілі на нас, але мы так і не атрымалі належнага прызнання. Людзі, якія прадалі кніг у 10-20 разоў менш, дасягнулі большага поспеху. Мяне раздражняе, што хуліганская літаратура ігнаруецца ў літаратурным свеце. Аднак я пішу не для выдаўцоў, а для тых, хто мяне чытае.

Пра фанатаў Усходняй Еўропы я пісаць пакуль не збіраюся, таму што пісаць немастацкую літаратуру даволі складана: трэба праводзіць вялікія даследаванні, падарожнічаць па гэтых краінах. Гэта даволі затратна. Пра свой клуб я не пішу, таму што ў нас няма моцнага хуліганскага руху, «Уотфард» – маленькі клуб [уладальнікам якога, дарэчы, доўгі час быў Элтан Джон. – 34mag.].

«Пра карупцыю ў FIFA і UEFA я б напісаў, толькі калі хацеў бы сесці ў турму»

Зараз я працую над двума фільмамі, але яны не заснаваныя на маіх кнігах. Калі скончу працу з імі, то, магчыма, напішу пра гэта кнігу. Пра карупцыю ў FIFA і UEFA я б напісаў, толькі калі хацеў бы сесці ў турму.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

«Футболу патрэбныя грошы. І яны прыходзяць звычайна з-за мяжы: з Расіі, Кітая, Саудаўскай Аравіі»

 

Пра рух

Людзі называюць мяне спецыялістам па хуліганскіх рухах. Але сам бы я так не сказаў. У мяне ёсць вопыт у футбольных бойках. Вядома ж, за «Уотфард» і за Англію.

Англійскія хуліганы – гэта культура, у якой я вырас. Усё, што я спрабую зрабіць, – гэта растлумачыць тым, хто ў яе ўцягнуты або хоча быць уцягнутым, што ў гэтага ёсць пэўныя наступствы. А таксама растлумачыць уладам, навошта людзі гэта робяць. Нянавісць фанатаў адной каманды да іншай вельмі сур'ёзная. Але гэта частка гульні.

Футбол – гэта свайго роду ўцёкі з паўсядзённасці. Калі ты ўцягнуты ў футбольную групоўку, гэта дазваляе табе быць тым, кім ты не з'яўляешся ў паўсядзённым жыцці. Гэта не толькі бойкі, дакладней, гэта зусім не бойкі. Я кажу пра баўленне часу: калі можна пасядзець у кампаніі сяброў, пагаварыць, выпіць, пасмяяцца, атрымаць новыя ўражанні.

Ёсць шмат відаў фанатызму. Ёсць тыя, хто заўзеюць на выязных матчах, ёсць тыя, хто ходзяць толькі на хатнія выступы. А на вяршыні, калі так можна сказаць, – хуліганы. «Кузьмічы» [пастаянныя заўзятары, не-фанаты. – 34mag.] дзесьці пасярэдзіне.

Футболу патрэбныя грошы. І яны прыходзяць звычайна з-за мяжы: з Расіі, Кітая, Саудаўскай Аравіі. Маім клубам валодаюць італьянцы. Калі яны толькі прыйшлі, я быў супраць. Але яны цудоўныя, яны выратавалі яго. Калі вы хочаце спаборнічаць, вам патрэбныя грошы.

Зборная Англіі ніколі не стане чэмпіёнам свету. У нас шмат легіянераў, моладзь не развіваецца, а тыя, хто ёсць, – не на лепшым узроўні. На вялікі жаль.

У «Уотфардзе» новы трэнер. Таму ніхто не ведае, што цяпер будзе. За гэта мы і любім футбол. У футболе магчыма ўсё.

Усе фанаты вельмі грозныя. Калі прыляціць хук у галаву – усё роўна, якой нацыянальнасці біў чалавек. Турэцкія фанаты, напэўна, – самыя страшныя.

Я люблю Расію. Мне здаецца, што там будзе выдатны чэмпіянат свету. Але фанацкі рух у гэтай краіне выходзіць за межы футбола, на мой погляд. Для англійскіх фанатаў самае галоўнае – гэта дзень матчу. Для некаторых расійскіх заўзятараў – гэта кожны дзень.

Я нічога не чуў пра беларускія клубы. Цяпер ведаю толькі, што берасцейскае «Дынама» – найлепшы футбольны клуб у гэтай краіне. Так, прынамсі, усю дарогу з Менска казаў Віктар Радзькоў [піяршчык клуба. – 34mag.].

 

 

 

 

 

 

Пра вандроўкі і палітыку

Для большасці брытанцаў Беларусь, Расія – загадкавыя краіны, гэта пачалося яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Калі я сюды прыязджаю, мне хочацца распавесці ў Англіі, якія тут людзі насамрэч. І натхніць іншых прыехаць сюды.

Я за Brexit, гэта добры крок. З першага дня я падтрымліваў гэты рух. Палітыка мультыкультуралізму забівае маю краіну. Я заўсёды задаю пытанне: што даў мне мультыкультуралізм? Нічога. Ён сцёр маю культуру. Аднак у Англіі няма расізму – і гэта, напэўна, адзіны плюс мультыкультуралізму.

«Берасцейскае “Дынама” – найлепшы футбольны клуб у Беларусі. Так, прынамсі, усю дарогу з Менска казаў Віктар Радзькоў.

Пасля крывавых тэрактаў у Лондане футбольныя фанаты ствараюць рух, які, магчыма, аформіцца ў партыю. Яны ўжо правялі шэсце ў Лондане, 4 кастрычніка будзе другі марш. Чакаецца, што прыйдзе каля чвэрці мільёна чалавек. Яны пройдуць мірнай дэманстрацыяй і выкажуць такім чынам пратэст існаму стану рэчаў. Англійскі рабочы раззлаваны. Што з гэтага выйдзе – ніхто не ведае.

 

 

 

 

Тэкст і фота by Кацярына Каваленка