Лекцыя Антона Кашлікава пра пошук партнёраў на свае праекты пройдзе анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.03.2020
- 9137
18 сакавіка паблішэр 34travel і 34mag Антон Кашлікаў прачытае ў Менску лекцыю пра тое, як паспяхова супрацоўнічаць з вялікімі брэндамі і знаходзіць грошы на свае праекты. Увага! Фармат лекцыі змененены! Яна пройдзе ў выглядзе анлайн-сустрэчы. Калі ты ўжо набыў ці набыла квіткі, правер пошту – мы выслалі інструкцыю. Калі квіткі былі прыдбаны ў афлайн-кропках продажу, напішы на 34editors@gmail.com, і мы падкажам, як не прапусціць лекцыю.
Што: «Грошы не праблема. Як знаходзіць партнёраў і спонсараў для сваіх праектаў?» Лекцыя Антона Кашлікава.
Калі: 18 сакавіка, 19:00 – 21:00.
Дзе: анлайн.
Фармат: лекцыя + Q&A.
Квіткі: 15 BYN.
Калі ты робіш свой фестываль, вечарынку, лекторый, займаешся мастацкімі праектамі, вырашаеш важныя сацыяльныя праблемы, развіваеш відэаблог ці запісваеш падкаст, настане момант, калі ты выразна адчуеш: энтузіязм на зыходзе і каб ісці далей, трэба запартнёрыцца з моцным гульцом (ці хоць з якім гульцом). Але як зрабіць так, каб гэта было цікава не толькі табе, але і брэнду, да якога ты будзеш грукацца ў дзверы?
«За апошнія 5 гадоў разам з камандай 34 мы зрабілі дзясяткі медыйных праектаў з буйнымі брэндамі, у тым ліку з Uber, Viber, МТС, A1, Life:), Huawei, LG, МТБанк, Прыорбанк, Белгазпрамбанк, Jameson, Beefeater, Chivas, Hennessy, Баржомі, Куфар і шмат якімі іншымі. У гэтай лекцыі я хачу абагульніць вопыт, які мы набылі падчас гэтага супрацоўніцтва. Мне здаецца, ён будзе карысным не толькі медыйшчыкам і блогерам, якія займаюцца рэкламнымі калабарацыямі, але і ўсім, хто шукае спонсараў і партнёраў пад свае праекты», – распавядае Антон Кашлікаў.
Дзе шукаць грошы на свой праект? Як зразумець, якому брэнду можа быць цікава супрацоўніцтва з вамі? Як сфармуляваць прапановы для буйных кампаній? І як зрабіць так, каб брэнд захацеў працаваць з вамі зноў? Пра ўсё гэта і пойдзе гутарка 18 сакавіка а 19:00.
Мерапрыемства разлічана на прадстаўнікоў медыя, блогераў, рэкламістаў, маркетолагаў, арганізатараў мерапрыемстваў, актывістаў, прадпрымальнікаў.
#34events – серыя адукацыйных мерапрыемстваў ад 34mag & 34travel. Каб не прапусціць аніводнага івэнта ад нашай каманды (і наогул аніводнай файнай падзеі ў Менску), падпісвайся на тэлеграм-канал Lost in Minsk. Толькі самае сочыва, толькі хардкор!