Краўдфандынг дня: форум пра біятэхналогіі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.03.2020
- 5882
15–18 красавіка ў культ. цэнтры «Корпус» пройдзе форум Homo (Im)Perfectus, прысвечаны таму, як біятэхналогіі мяняюць нас, нашу культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы. Падтрымаць гэтую файную задуму можна праз краўдфандынг.
Сэнс форуму – у тым, каб пагаварыць пра здароўе і тэхналогіі не на птушынай мове вучоных, а так, каб было зразумела ўсім, каму гэта цікава. Ключавыя пытанні: «Ці застанецца ў нас хоць нешта чалавечае, калі мы адрэдагуем усё – ад генаў да эмоцый?», «Ці зменіць медычны прагрэс наша грамадства?», «Ці гатовыя мы да зменаў, якія ўжо адбываюцца?».
Што заяўлена ў праграме?
Лекцыя Уладзіміра Мацкевіча пра этычны высілак і культуру, круглы стол пра медычныя і сацыяльныя нормы (хто і як іх мяняе?), круглы стол аб праблемах біяэтыкі і новых уразлівых групах, паблік-ток з сацыёлагам Аксанай Луцкай, выстава «Мяжа чалавечнасці», чытка п’есы (драматург Дзмітрый Багаслаўскі, рэжысёр Аляксандр Марчанка), форум-тэатр ад «Крылаў Халопа» на тэму сурагатнага мацярынства.
На што збіраюць грошы?
На ўсё, што спатрэбіцца для правядзення выставы, на прывоз трупы «Крылы Халопа» з Берасця, на арэнду абсталявання для дыскусій, лекцый і тэатральных паказаў.
Што прапануюць данатарам?
Паштоўкі, блакноты, запрашальнікі на мерапрыемствы форуму, брошкі і экаторбы з выявамі антычных статуй. Таксама можна атрымаць кансультацыі экспертаў у сферы вірусалогіі, акушэрства ці сямейнага права.