Менскае лета працягваецца, пакуль наш таемны госць сочыць за яго праявамі. Гэтым разам пісьменнік Альгерд Бахарэвіч назірае за ўдзельнікамі і саўдзельнікамі менскага паўмарафона, у якім змяшалася ўсё: свабода і няволя, старыя пер... і студэнткі педа, лайкі і сардэчкі – нейкая нават утопія выйшла!
«А все бегут, бегут, бегут, бегут, бегут, бегут, бегут, бегут…»
Вось колькі сучасных маладых людзей змогуць адказаць, адкуль гэтыя несмяротныя радкі?
А вось адкуль: з песні Валерыя Лявонцьева пра светлафор. Што? Хто такі Валерый Лявонцьеў? Добра, праехалі. Прабеглі. Усе бягуць, і мы за імі.
Begood, Менск.
Будзь добрым.
Бяжы.
У мінулыя выходныя Менск і сапраўды бег. Даганяў лета. Не дагнаў, праўда: у беларускага лета хуткасць гепарда, мільганула – і няма. Куды ўжо за ім угнацца разамлеламу чалавеку, на плячах якога вісіць восень, і нікуды яе не скінеш, яна ёсць, яна тут, яна будзе – і кропка.
Назіраючы за нядаўнім менскім паўмарафонам, я задумаўся: куды і навошта бягуць усе гэтыя людзі, – і найперш падумаў пра свабоду.
«Чалавек, які бяжыць, на нейкі час робіцца вольны. Сабакі несвабоды брэшуць яму ўслед, але чалавек не спыняецца. Немагчыма прабегчы марафон чужымі нагамі»
Вядома, у кожным відзе спорту, калі гэта не футбол, ёсць нешта паўночнакарэйскае, але менскі забег – з’ява асобная. Ён калектыўны і індывідуальны адначасова: свабода і няволя бягуць у адным натоўпе, судакранаючыся лакцямі. І на абедзвюх аднолькавыя потныя майкі.
Яшчэ калі менскі марафон толькі рэкламаваўся, мяне прыцягнула адна заваблівая фраза. Маўляў, удзельнікі забегу будуць мець унікальную магчымасць зірнуць на свой горад з нечаканага ракурсу, то-бок з праезджай часткі вуліц.
І адразу прыгадалася, што шмат хто з менчукоў і гасцей сталіцы такую магчымасць меў і без усялякіх марафонаў. Я пра вулічныя пратэсты, пра палітычныя шэсці, пра мітынгі і заблакаваны вулічны рух. Мой азадак памятае цёплы асфальт праспекта Пераможцаў (у тыя часы яшчэ Машэрава), і душа яшчэ не забыла, што гэта такое – ісці проста па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы гэтай самай Незалежнасці, а потым бегчы назад, не азіраючыся. У мінулае, ва ўчора, бо, як казалі савецкія міліцыянты, ад сябе не ўцячэш.
Паўмарафон у паўсвабоднай краіне – гэта не проста «пабег-прыбег-не дабег», што б там ні казалі розныя арганізацыі. Гэта яшчэ адзін спосаб самавыяўлення і самасцвярджэння. Чалавек, які бяжыць, на нейкі час робіцца вольны. Сабакі несвабоды брэшуць яму ўслед, але чалавек не спыняецца. Немагчыма прабегчы марафон чужымі нагамі. Для тысяч людзей марафон – гэта індывідуальны выбар, нават калі таго марафону толькі палавінка і сам выбар таксама няхітры: стаяць або бегчы. Бегчы ўсё ж можна толькі наперад, нават калі бяжыш назад, – як гэтая дзяржава ні імкнецца давесці адваротнае, мы, беларусы, рухаемся так, як усе іншыя людзі. Рухаемся, нават калі адстаем.
А яшчэ бег – адказнасць. За сябе. Наогул менчукі не надта любяць за сябе адказваць – а трэба: дык хаця б у марафоне ўсё залежыць ад цябе.
Ад бегу Менск і праўда робіцца нейкі дабрэйшы.
Людзі, якія ў іншай сітуацыі або праігнаравалі б адно аднога, або паслалі б на тры літары, або наступілі б субраццям на нагу, падчас гэтага паўмарафона ну такія ўжо зычлівыя, такія радасныя і поўныя такой любові да горада і да бліжніх, што мізантропу, як я, хочацца бегчы куды падалей. Проста нейкая Утопія. Ці, хутчэй, Уцёкія. Уцёкія ў чалавекалюбства – хаця б на адзін дзень.
«Менск маладзее, калі бяжыць без прымусу. Хто б мог падумаць, што адзін з самых старых, пенсіянерскіх гарадоў у Еўропе такі жвавы?»
Вось сямідзесяцігадовыя старыя пе… выбачайце, старыя бегуны бадзёра адольваюць менскія адлегласці. Іх ніхто не гнаў, яны самі прыбеглі. І пабеглі прэч ад нямогласці і старасці – і вось ужо брава раздаюць інтэрв’ю: мы прабеглі лепш, чым студэнткі педа! Сівізна ў бараду, пед у рабро…
Вось людзі, якіх у нас і цяпер непаліткарэктна называюць інвалідамі, – яны таксама ўдзельнікі, бегчы можна і на колах, бег – гэта больш, чым перабіранне ног, бег – гэта стан душы.
Вось знаёмыя твары, сябры ў фэйсбуку, няўжо іх нехта прымусіў бегчы? Не, па праспекце добраахвотна бягуць юзэрпікі, лайкі, сардэчкі і дурныя каментары. Людзі з фэйсбуку ажываюць, выбягаюць з афлайну, забягаюць у афсайд, хочацца махнуць ім сцяжком: куды? Вярніцеся, у сацсетках так зручна вас любіць і ненавідзець. Куды цяжэй вызначыцца наконт бягучых людзей.
Менск маладзее, калі бяжыць без прымусу. Хто б мог падумаць, што адзін з самых старых, пенсіянерскіх гарадоў у Еўропе такі жвавы?
Не, мне з імі не па дарозе. Я застануся ўбаку. Калі ўсе бягуць, трэба стаяць, і наадварот. Калі не трымацца гэтага правіла, наўрад ці можна пісаць кніжкі.
Свой менскі паўмарафон я прабягу заўтра.
Калі буду гойсаць па сталічных сэканд-хэндах, шукаючы сабе новы стары пінжак.
За гадзіну я аббягу пяць крамаў, і кашуля на мне змакрэе, хоць выкручвай, і вакол будзе ўсё як заўжды: бухія дзядкі будуць жлукціць чарніла, схаваўшыся за кустамі, і злыя цёткі будуць шчаміцца ў перапоўненыя тралейбусы, з якіх іх пальюць трасянкай і мацюкамі, і абыякавыя грамадзяне зоймуць свае месцы ў чэргах і скаргах, у халодных моргах падземных пераходаў, у торбах штодзённасці. Пінжак я так і не знайду, бо дзе ты знойдзеш прыстойны пінжак у менскім сэкандзе… У Вільню трэба ехаць, у Вільню.
Begood, Менск.
Будзь добрым.
Альгерд Бахарэвіч наведвае D.I.Y.-бар на Зыбіцкай і трапляе на панк-вечарынку.
«Менскае лета – як сад сцяжынак, што разыходзяцца ўва ўсе бакі, і заблукаць у іх – абавязак кожнага культурнага чалавека». Новая калонка Альгерда Бахарэвіча.
Альгерд Бахарэвіч у новым серыяле для 34mag пачынае разбіраць на часткі менскае лета-2016 і пакаленне тых, хто будзе напаўняць яго жыццём.
У свежай серыі рубрыкі «Таемны госць» Альгерд Бахарэвіч ловіць пакемонаў ля Опернага тэатра.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
дзякуй