Нашы брэнды не вельмі заклапочаныя тым, каб стаць sustainable. У нас нават слова такога няма – каб у ім адразу і «ўстойлівы», і «экалагічны», і «свядомы». Гэта як з грэцкім словам meraki, якое азначае ўсе душэўныя рэсурсы, што ўкладаюцца ў любімую справу. Слова няма – няма і з'явы? Мы разабраліся ў тэме «этычнага адзення» і зрабілі мануал для тых, хто хацеў бы шыць адзенне з аглядкай на карму.
Попыт на sustainable fashion, «устойлівую моду», дакладна існуе: людзі ўсё часцей задумваюцца пра рэчы крыху больш глабальныя, чым сённяшняя вячэра і зніжкі ў ЦУМе. І сапраўды, насіць прыгожы світшот прыемна, калі ведаеш, што яго шыла не змораная голадам кітайская дзяўчынка і што матэрыял, з якога ён зроблены, не стане ракавай радзімкай на торсе акіяна.
Увогуле, калі ты ўжо нешта шыеш або плануеш за гэтую справу ўзяцца, вось табе інструкцыя, як вырабляць такое адзенне, што ўхваліла б нават Эма Уотсан (а яна вельмі пераборлівая).
Ствараць неўміручыя рэчы
Ключавы прынцып «павольнай моды»: «купляй менш, але лепш». З боку брэнда гэты прынцып працуе на стварэнне якаснага адзення, якое застаецца з пакупніком(-цай) некалькі сезонаў і ўсё ніяк не перавандруе на дачу – такое ўжо яно цудоўнае: сядзіць як улітое, глядзіцца, што на зорцы Tumblr, грэе цела, грэе душу, ах! І няхай швэдар абыдзецца ў 200 еўра, а не ў 70, як прапануе мас-маркет. Лаяльнаму(-ай) пакупніку(-цы) зразумела, што ў гэтых 130 розніцы – бездань усяго.
Жыццёвы цыкл адзення можна і трэба падаўжаць на ўсіх этапах. Некаторае прадаецца на ўмовах безлімітнага сэрвісу: схуднеў – ушылі, захацеў памяняць даўжыню – падрэзалі. Зручна!
Наймаць прадстаўнікоў(-іц) слабых сацыяльных груп
Напрыклад, брэнд прыгожых вязаных рэчаў з Літвы The Knotty Ones дае надомную працу пераважна жанчынам у дэкрэтным адпачынку, якія жывуць у вёсках і маленькіх мястэчках, дзе працу не адшукаць днём з агнём.
Падумай, каму можа дапамагчы твой бізнэс: людзям з інваліднасцю, мігрантам, былым зняволеным?
Выкарыстоўваць экалагічныя тканіны
Eco-friendly адзенне можа быць арганічным, але гэта не абавязкова. Каб лічыцца sustainable, брэнду трэба імкнуцца да таго, каб менш смуродзіць гэтую Зямлю. Адны выкарыстоўваюць толькі арганічную бавоўну, вырашчаную без пестыцыдаў. Іншыя вырабляюць красоўкі з пластыкавага смецця. Трэція адмаўляюцца ад валокнаў жывёльнага паходжання, шыюць веганскія чаравікі і пуловеры і па праве лічаць сябе cruelty free. У кожнага свая планачка.
Карыстацца мясцовай сыравінай
У гэтым выпадку на цябе не падае грэх за выхлапы самалёта, што вязе твае футры з сонечнай Камбоджы. Да таго ж ты падтрымліваеш фермера-суайчынніка ў яго няпростым бізнэсе. І ведаеш: гэты чалавек не апрацоўвае зямлю пякельным пеклам, толькі б не замарочвацца з пустазеллем, а ягоныя авечкі жывуць шчаслівей за некаторых людзей.
І не трэба думаць, быццам на радзіме ўсё «абы-што». Так, стваральніцы брэнда жаночага адзення The Young Clothes аднойчы адмовіліся ад італьянскіх і турэцкіх тканін на карысць прадукцыі «Камволя» – і не пашкадавалі.
Падтрымліваць лакальных спецыялістаў(-ак)
Нашы швейныя прадпрыемствы дыхаюць на ладан, а людзям па-ранейшаму трэба карміць сем'і. Калі ты даеш працу мясцовым, твая карма ўзбагачаецца на тоўсты плюс, а твае пакупнікі ведаюць, што іх пінжак швачка краіла з непадробным задавальненнем, можа, нават муркала пад нос штосьці з Ніны Сімон, бо працавала яна ў камфортнай абстаноўцы і ведала, што атрымае за працу нармалёвыя грошы.
Мысліць не калекцыямі, а асобнымі пазіцыямі
Засяроджвацца на асобных дэталях, прыдумляць універсальны стыль, рабіць вопратку, якую будуць пазнаваць у горадзе, хоць на ёй і не напісана ва ўсю спіну стразамі прозвішча дызайнера(-кі).
Тут варта прыгледзецца да падыходу скандынаўскіх дызайнераў. Датчане ці шведы заўсёды бездакорныя не таму, што ў іх ёсць грошы, каб экстранна «пераабуцца» ў новую калекцыю fall/winter і начапіць на сябе рэчы ў «колеры года». Грошы ў іх, вядома, ёсць. Але бездакорныя яны таму, што носяць універсальную, часцяком нават мінімалістычную вопратку. Швэдар буйной вязкі і самага правільнага чорнага колеру жыве быццам па-над трэндамі, а яго ўладальнік(-ніца) – заўсёды «на стылі».
Будаваць асабістыя адносіны
Цудоўна, калі ты ведаеш, як завуць чалавека, які вырошчвае твой лён, чалавека, які шые тваю вопратку, чалавека, які развозіць твае замовы. Асабістыя адносіны з пастаўшчыкамі і вытворцамі робяць усіх часткай гісторыі брэнда. Знікае праблема цякучкі кадраў. Брэнд становіцца па-сапраўднаму трывалым.
Перапрацоўваць
Нават некаторыя акулы мас-маркета кажуць, што пара. Гэта сапраўды цудоўна, калі вопратка пражывае не адно жыццё.
Менскі чэрыці-шоп KaliLaska – усім прыкладам прыклад: удзельнікі(-цы) дабрачыннага праекта самааддана збіраюць тоны адзення і перадаюць яго тым, каму яно патрэбнае. А некаторыя маленькія брэнды часткова вырабляюць рэчы з абрэзкаў тканін, што трапляюць у той жа KaliLaska ад добрых людзей.
Думаць пра людзей
Каця Цікота магла б проста шыць раскошныя сукенкі для ўрачыстых выхадаў, але ёй гэтага недастаткова. У рамках backside-праектаў дызайнерка і яе каманда ствараюць зручную вопратку для вазочнікаў, цяжарных жанчын і кормячых мам. Да таго ж Tikota адгукаецца на патрэбы беларускамоўных пакупнікоў: здаецца, на рэдкай вечарыне ў Менску не сустрэнеш чалавека ў цішотцы пра «Лёс склаўся так».
Паважаць асобу мадэлі
Ніякіх разведзеных ног і нязручных прызыўных поз! У лукбуках этычнай вопраткі чалавек паўстае самім сабою: з маленькімі хібамі і ўсёабдымнай унікальнасцю. Не сэкс-аб’ект, а самакаштоўная персона.
Захоўваць традыцыі
Напрыклад, вязанне – тэхніка зусім алдскульная: колькі Паўночная Еўропа сябе памятае, столькі там вязалі цёплыя, прыемныя да цела рэчы. Добрыя традыцыі вартыя таго, каб іх захоўвалі, а для гэтага дастаткова падключыць сучасныя ўяўленні аб прыгажосці. Глядзі, як гэта атрымліваецца ў The Knotty Ones: іх вязаныя рэчы выглядаюць трэндава, а не як кофта з бабулінай шафы.
Зразумела, што «ўстойлівая мода» – гэта хутчэй не пра вытворчасць (любая вытворчасць шкодзіць прыродзе), а пра персанальную філасофію. Калі дызайнер(-ка) думае не толькі пра маржынальнасць, але і пра тое, каб крышачку павысіць каэфіцыент дабра ў Сусвеце, яго(яе) брэнд становіцца больш чалавечным, а нам – людзям – менавіта гэтага і не хапае.
Тры сяброўкі, стваральніцы брэнда The Knotty Ones, упэўненыя: добра быць крутым, але круцей – добрым. Мы з імі цалкам згодныя.
ООО «Ирвинга группа»
УНП 191751509
Схадзілі на прэзентацыю «Крутога пацана» – беларускага комікса на трасянцы пра вусы, шавуху і панк-рок.
Адзін з заснавальнікаў клуба Student Network Ілья Карусейчык распавядае пра тое, як дапамагаць студэнтам атрымліваць неабходныя веды за межамі ўніверсітэта.
Пра беларускамоўны тык-ток, «Чарку на пасашок» і вывучэнне мовы.
У сетках сядзяць 5,63 мільёна.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».